Вы тут

Дыягназ: "Адзін, без сям'і"


Круглы стол "Звязды"

Чужой бяды не бывае. Мы ўсе адказныя адно за аднаго. Наш свет такі, якім мы яго ствараем. Ён можа быць халодным або пранізаным любоўю, пустым або перапоўненым падзеямі, жорсткім або цудоўным. Усё залежыць ад нас. Дзеці — самае яскравае таму пацвярджэнне. Яны вырастаюць такімі, які свет мы ствараем вакол сябе і вакол іх. Яны могуць вырасці бяздушнымі або спагадлівымі, уважлівымі ці абыякавымі... Чужых дзяцей не бывае. Мы адказныя за ўсіх. І за тых, што гінуць з-за недагляду, і за тых, што ціха плачуць у свае падушкі, нікому не патрэбныя ў гэтым халодным, пустым свеце... Але гэта наш свет. І нашы дзеці.

Пра нашых адзінокіх дзяцей, пра тое, як можна змяніць іх жыццё да лепшага — размова за "круглым сталом" "Звязды". У размове прынялі ўдзел: Віктар ЛІСКОВІЧ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы; Наталля ШЭХ, педагог-псіхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення; Ірына МІРОНАВА, дырэктар прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь; Аксана ПАЧАСУЙ, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маскоўскага раёна г. Мінска; Алег ЛЕПЕШАНКОЎ, прадзюсар праекта АНТ "У вас будзе дзіця"; Людміла БУСЬКО, вядучая тэлепраграмы АНТ "У вас будзе дзіця"; Таццяна ЮРАН, прыёмная маці, усынавіцель; Наталля ТАЛІВІНСКАЯ, выпускніца школы-інтэрната для дзяцей-сірот, усынавіцель.

Дах над галавой, ды не той

Наталля ШЭХ: Свет так уладкаваны, што дзіця павінна нараджацца ў сям'і, яго з'яўленне немагчымае без наяўнасці маці і таты. Пастаянная прысутнасць бацькоў побач — натуральнае асяроддзе для дзіцяці. Больш за тое, без сям'і чалавечае дзіця выжыць не здольнае. Таму, калі з бацькамі нешта здараецца, чалавечая суполка — сваякі, абшчына або дзяржава, — шукае альтэрнатыву. Доўгі час альтэрнатывай пражывання дзіцяці ў сям'і былі, і ў многіх краінах цяпер яшчэ застаюцца, дзяржаўныя інтэрнатныя ўстановы.

Аднак ужо ў 40-я гады ХХ стагоддзя было заўважана: нягледзячы на добры догляд, спецыяльныя заняткі, дзеці ў дзіцячых дамах, асабліва малыя, адстаюць у фізічным і псіхалагічным развіцці, часта хварэюць. Было праведзена шмат даследаванняў у розных краінах па гэтай тэме. І прафесіяналы прыйшлі да высновы, што біялагічная патрэба першых трох гадоў жыцця чалавека — гэта ўласны індывідуальны дарослы. І тут не так важна, ці нарадзіў ён гэтае дзіця. Галоўнае, каб гэта быў адзін і той жа чалавек, які сфакусіраваны на дзіцяці, падладжваецца пад яго. Гэта ёсць неабходная ўмова для фарміравання прывязанасці, без якой немагчыма нармальнае развіццё чалавека. Дзіцячы дом, якім бы камфортным, добра абсталяваным ні быў, па самой сваёй прыродзе не можа забяспечыць фарміраванне прывязанасці ў сваіх гадаванцаў. У выніку дзіця знаходзіцца ў пастаянным стрэсе, і гэта — абавязкова! — не лепшым чынам адбіваецца і на яго арганізме, і на яго асобе.

У медыцынскіх картках дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзіцячым доме, можна заўважыць адны і тыя ж дыягназы: "затрымка псіхічнага развіцця", "затрымка фізічнага развіцця", "затрымка псіхамоўнага развіцця"... Гэтую затрымку забяспечвае менавіта сама сістэма інтэрнатнага выхавання. Па сутнасці, гэты дыягназ павінен гучаць так: "Адзін, без сям'і".

Амерыканскія даследчыкі прыйшлі да высновы, што адмоўны дзіцячы вопыт — жорсткія адносіны, гвалт і пражыванне па-за сям'ёй — уплывае на ўсё далейшае жыццё чалавека. А ў глабальным сэнсе ад гэтага ў значнай ступені залежыць сацыяльнае і фізічнае здароўе нацыі. Былыя дзетдомаўцы часцей маюць сур'ёзныя хранічныя хваробы, псіхічныя і псіхалагічныя адхіленні і нават на 20 гадоў менш жывуць. Выпускнікам інтэрнатаў вельмі складана кантактаваць у працоўным калектыве, сябраваць, будаваць сям'ю, любіць і прымаць любоў. Вядома, што не больш за 15 працэнтаў выпускнікоў дзіцячых дамоў уладкоўваюцца ў дарослым жыцці. Астатнія церпяць сацыяльнае фіяска.

Аксана ПАЧАСУЙ:

Прывязанасць нараджае эмацыянальную блізкасць, якая, у сваю чаргу, нараджае адказнасць за блізкіх. Выхаванцы інтэрнатаў не маюць уяўлення ні пра першае, ні пра другое. Таму ў іх і не атрымліваецца потым ні з працай, ні з асабістым жыццём.

Таццяна ЮРАН: Дзеці, якія растуць без сям'і, адстаюць ад сваіх равеснікаў гады на 2-3 як у фізічным, так і псіхалагічным плане. Але, патрапіўшы ў сям'ю, яны паступова выпраўляюцца. Першаму нашаму сыну на момант, калі ён да нас патрапіў, было 10 гадоў. Ён ледзь умеў чытаць... Вялікай праблемай для яго было проста сядзець на ўроку. Але праз год сітуацыя пачала мяняцца, а яшчэ праз год ён зраўняўся з аднагодкамі. Цяпер гэта вельмі добры, клапатлівы і спагадлівы юнак, якому мы з мужам можам многае даверыць.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ: Дзеці, патрапіўшы ў сям'ю, мяняюцца нават знешне. Прапорцыі іх цела становяцца больш гарманічнымі, рухі — ладнымі, а твары — прыгожымі. Але справа не толькі ў гэтым. Выпускнікі інтэрнатаў для дзяцей-сірот часта не ведаюць тых жыццёвых радасцяў, якія ёсць у іншых людзей. Радасцяў, якія дае любоў, асабістыя дасягненні, зносіны паміж блізкімі. Дзіця, якое знаходзіцца ў дзіцячым доме, вымушана абмяжоўвацца вельмі небагатым наборам задавальненняў, якія носяць прымітыўны характар і часта абумоўлены фізіялогіяй. Калі я прыйшла ў дом дзіцяці знаёміцца са сваёй будучай дачкой, то першае, што мне кінулася ў вочы, — вялікія, нібы ў хамячка, шчокі і, разам з тым, — вельмі хударлявая, мініяцюрная фігурка. Справа ў тым, што адзіная радасць для гэтых дзяцей — ежа, таму яны за сталом набіваюць поўны рот. Але гэтая ежа з-за ненармальных для дзіцяці ўмоў дрэнна засвойваецца...

Выпускнікам інтэрната надзвычай цяжка навучыцца нешта пераадольваць, нават уласную ляноту, жаданне проста ляжаць і нічога не рабіць. Яны не разумеюць, навошта прымушаць сябе кожны дзень хадзіць на працу, навошта імкнуцца зарабляць больш, чым хапіла б на тое, каб задаволіць голад, і як, акрамя вядомых лёгкіх і згубных спосабаў, можна атрымаць задавальненне ад жыцця. Мне пашчасціла ў тым, што я толькі 4 гады жыла ў інтэрнаце, і тое мне было вельмі цяжка перш за ўсё змагацца з самой сабой. А вось мае малодшыя браты... Яны павольна гібеюць. І з гэтым нічога не магчыма зрабіць.

Дзе нарадзіўся, там і... застаўся

Алег ЛЕПЕШАНКОЎ: Калі інтэрнатная сістэма, пры самым бездакорным доглядзе, не лепшым чынам уплывае на развіццё чалавека як асобы, тады ўзнікае пытанне: а ці з таго кута мы танцуем? Можа, варта больш намаганняў накіроўваць на тое, каб захаваць дзіцяці тую яго сям'ю, у якой яно нарадзілася? Ці дастаткова мы робім, каб выправіць сітуацыю, калі ў біялагічнай сям'і не ўсё добра?

Ірына МІРОНАВА: Наша сістэма дазваляе ўбачыць сем'і ў сацыяльна небяспечным стане. Пэўная работа з такімі сем'ямі праводзіцца, аднак па-за ўвагай пакуль застаецца вялікі пласт сямей, якія знаходзяцца ў памежным стане. Яны падобныя на хранічна хворага чалавека, у якога хвароба то абвастраецца, то знаходзіцца ў стане рэмісіі. Такія сем'і вельмі балюча рэагуюць на жыццёвыя стрэсы — такія, як страта працы, блізкага чалавека, развод. Яны шукаюць суцішэння ў кампаніях, алкаголі, наркотыках, і дзеці пры гэтым пакутуюць.

І вось узнікае пытанне: што з такімі сем'ямі рабіць? Ёсць цікавы вопыт у блізкай нам Літве, дзе амаль не забіраюць дзяцей з біялагічных сем'яў. Там дзейнічаюць групы дзённага знаходжання, якія нагадваюць нашы сацыяльна-педагагічныя прытулкі. Аднак па сваёй сутнасці дзённае знаходжанне — штосьці іншае. Дзіця трапляе ў такую групу, калі ў сям'і ўзнікае складаная сітуацыя. Яму аказваюць тэрапеўтычную і педагагічную дапамогу, яго кормяць... Адначасова спецыяліст выходзіць непасрэдна ў сям'ю і вызначае праблему, каб аказаць неадкладную дапамогу па вывадзе сям'і з крызісу. Ніхто не кажа, што ў выніку такой падтрымкі сем'і становяцца ідэальнымі. Аднак яны ў стане забяспечваць базавыя патрэбы дзіцяці да наступлення паўналецця.

Ёсць спецыялісты, якія спрабуюць рэалізаваць падобныя ідэі і ў нас. Найбольш актыўна такая работа вядзецца ў дзённым аддзяленні прытулку ў Жодзіне. Усяго за год у горадзе прыкметна знізілася колькасць дзяцей, якіх забралі з сацыяльна неўладкаваных сем'яў. Развіваецца падобная практыка і ў Рагачове, Полацку, Салігорску. Каб такая форма прыжывалася больш шырока, неабходны пэўныя змены ў заканадаўстве. Палажэнне аб сацыяльна-педагагічным цэнтры павінна прадугледжваць магчымасць развіцця новых формаў падтрымкі сям'і. Каб у нас не ўзнікалі пытанні з тым жа харчаваннем дзяцей. Мясцовыя органы ўлады гатовы выдзеліць неабходныя для гэтага грошы, але ў іх няма юрыдычных падстаў.

Наталля ШЭХ: Самая "складаная" сям'я лепш за самы лепшы дом дзіцяці. Больш за тое, лепшая сям'я для дзіцяці — родная. Нам патрэбна служба, здольная дапамагчы там, дзе гэта "родная" сям'я не спраўляецца. Не варта адразу забіраць дзіця і спрабаваць пакараць бацькоў, мала карысці дапамагаць бацькам і дзіцяці паасобку, бо ў гэтых выпадках могуць пацярпець інтарэсы дзіцяці, а шанцы выратаваць сям'ю рэзка змяншаюцца. Дзённы прытулак, часовая прыёмная сям'я, сацыяльны патранат маглі б быць выйсцем з гэтай сітуацыі.

Аксана ПАЧАСУЙ: Вельмі важна пры гэтым бачыць мяжу паміж дапамогай і перакладваннем адказнасці за дзяцей на плечы псіхолага, сацыяльнага работніка, працадаўцы, інспектара па справах непаўналетніх... Нельга страціць бацькоўскую адказнасць. Усебаковая падтрымка сям'і ў крызіснай сітуацыі патрэбная, але наша вялікая праблема — адсутнасць дастатковай колькасці высокапрафесійных спецыялістаў. У нас дзейнічае неблагая сістэма падтрымкі неўладкаваных сем'яў у тых жа садках і школах. Аднак толькі аднаго псіхолага і сацыяльнага педагога на вялікую колькасць дзяцей недастаткова. Павінна стварацца асобная служба па-за межамі вучэбных устаноў.

Людміла БУСЬКО: Ведаю прыклад такога перакладвання адказнасці за дзяцей на іншых людзей. Маці пакінула адно сваё дзіця ў радзільным доме, другое — у школе-інтэрнаце. Дзяржава ўладкавала яе на буйное прадпрыемства, куды трапіць не так проста і дзе плацяць добры заробак... Жанчына ўзяла некалькі крэдытаў і... тры месяцы не з'яўлялася на працы! Прадпрыемства яе шукала, разлічвалася з банкам, а яна за гэты час нават сваіх дзяцей ні разу не наведала...

Ірына МІРОНАВА: Так, у гэтым выпадку адказнасць за дзяцей пераклалі на прадпрыемства. Але якая работа была праведзена з маці? Толькі фармальная. У нас, на жаль, лічыцца, што калі бацькі працуюць, то яны апрыёры змогуць клапаціцца пра сваіх дзяцей. Ніхто не разбіраецца, што адбылося са свядомасцю гэтых людзей, якім чынам можна аднавіць прывязанасць маці да дзяцей. Неабходна прафесійна выбудоўваць камунікацыю з такімі бацькамі, праводзіць даследаванне прычын бяды. Можа, спатрэбіцца навучаць іх той самай прывязанасці, пра якую мы тут ужо казалі.

Дарэчы, праблема адсутнасці прывязанасці і адказнасці характэрная не толькі для выпускнікоў дзіцячых дамоў — яна характарная для ўсяго сучаснага свету. Сусветная арганізацыя аховы здароўя даследавала гэтую праблему і прыйшла да высновы, што для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей ад нуля да трох гадоў, самы эфектыўны спосаб дапамогі — праграма сямейнага візітавання. Гэта вельмі падобна на кантроль службы аховы дзяцінства, які існуе ў нас, аднак змест іншы. Мэта візітавання — дапамагчы выпрацаваць навык бацькоўства, навучыць гэтаму. Раз на тыдзень падрыхтаваны спецыяліст наведвае сям'ю, тлумачыць нейкія рэчы, пакідае "хатняе" заданне, а праз тыдзень правярае, як атрымалася. У аснове тут — не кантроль сам па сабе, а падтрымка, іншы характар узаемадзеяння. Мы зараз пачынаем укараняць гэтыя праграмы ў Беларусі, паколькі на прыкладзе іншых краін вядома, што пасля хатняга візітавання да 80 працэнтаў сем'яў не трапляюць у поле зроку сістэмы абароны дзяцінства.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ: Думаю, зараз кожнай сям'і неабходны падобныя праграмы. Нам усім не хапае навыку добрага бацькоўства, не ўсе мы ўмеем любіць дзяцей. Не забывайце, што выпускнікі інтэрнатаў нарадзіліся ў звычайных сем'ях, аднак іх бацькі ў свой час не справіліся са сваімі абавязкамі. Сучасныя маладыя людзі наогул матываваныя "жыць для сябе" — спажываць. Іх ніхто не вучыць жыць для іншых — аддаваць.

Адначасова з гэтым у маладых сямей зараз ёсць запыт на падобнага роду інфармацыю і навучанне. І гэты запыт нараджае масу сумнеўных прапаноў: ад моды на дамашнія роды да прыватных сямейных цэнтраў, кваліфікацыю спецыялістаў якіх ніхто не правяраў. Добра было б усё-такі мець нейкую агульную праграму дапамогі маладым сем'ям.

Ірына МІРОНАВА: Дапамагаць усім аднолькава? Гэта не прынясе плёну. Ёсць тыя, хто павінен быць пад пільнай увагай, як, напрыклад, выпускнікі дзіцячых дамоў. Хтосьці можа атрымаць падтрымку пры ўласным жаданні, а нехта і сам справіцца. Калі ўзнікае праблема, спецыяліст павінен ацаніць ступень яе запушчанасці, узровень рызыкі — высокі, сярэдні або нізкі... І згодна з гэтым прыняць рашэнне аб неабходнасці ўмяшання. Большасць сем'яў мае дастатковыя ўнутраныя рэсурсы для вырашэння складаных сітуацый. Умешвацца звонку ва ўнутраныя справы сям'і варта толькі тады, калі такое ўмяшанне неабходнае, калі інакш — ніяк.

Не чужое... Любімае

Алег ЛЕПЕШАНКОЎ: Мы з пачатку нашага праекта спрабуем павярнуць грамадскасць да важнай думкі: усім дзецям неабходны бацькі. Нават падлеткі ў дзіцячым доме мараць пра сям'ю. Калі біялагічная сям'я распалася, важна знайсці дзіцяці іншую сям'ю. Практыка паказу міні-сюжэтаў пра дзяцей з дзіцячага дома пераканала мяне, што ўсынаўленню вельмі спрыяе магчымасць убачыць дзіця "жыўцом". Нават калі патэнцыйны ўсынавіцель прыняў рашэнне, сухая анкета можа не дазволіць зрабіць наступны крок. І вось яшчэ што цікава. Рубрыка "У вас будзе дзіця" на тэлебачанні стала адной з самых пазітыўных і любімых у гледачоў. Справа ў тым, што у людзей самадастатковых нярэдка ўзнікае жаданне нечым падзяліцца, аднак і ім неабходна падтрымка, каб гэтае жаданне рэалізаваць.

Людміла БУСЬКО: Адна сямейная пара нам неяк прызналася: "Калі мы вырашылі ўзяць дзіця, то думалі, што адны такія, што робім нешта незвычайнае..." Боязь аказацца не такімі, як усе, стрымлівала іх. Аднак калі яны даведаліся, што такіх людзей шмат, то зразумелі, што робяць правільна. Многія людзі ўсынаўляюць дзяцей, яшчэ больш хацелі б усынавіць. Гэта цалкам натуральнае жаданне. Праграма "У вас будзе дзіця" развейвае многія страхі і часам спрыяе ўзнікненню рашэння аб усынаўленні нават у тых, хто пра гэта ніколі не думаў.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ: Усынавіцелі самі не павінны баяцца гаварыць пра свой вопыт. Удалы вопыт усынаўлення — узор для пераймання. Я вырашылася ўдачарыць дзіця, бо на асабістым вопыце ведала, як гэта горка — не дачакацца, калі нехта цябе забярэ з дзіцячага дома. Праз паўгода дакументы на ўсынаўленне падала сям'я маіх сваякоў. Цяпер пра ўсынаўленне задумваюцца нашы сябры.

Ірына МІРОНАВА: Прыёмнае бацькоўства існуе ва ўсім свеце, і фактычна нідзе за гэта не плацяць заробак. Вылучаецца толькі субсідыя на догляд дзіцяці. Але размова не ідзе аб "прафесіі". Зразумела, што гэта з'ява нарадзілася ў нас напрыканцы 1990-х, калі мы жылі ў складаных эканамічных умовах. Аднак неабходна адыходзіць ад гэтага. Гэта не праца на даму. Рэкламная кампанія павінна будавацца на тым, што ёсць дзіця, якому патрэбна сям'я. І калі такі чалавек прыйдзе ў органы апекі і папячыцельства, першае, што яму там павінны рэкамендаваць, — гэта ўсынаўленне. А ў нас, як высвятляецца, спачатку прапануецца прыёмная сям'я. Самі спецыялісты негатыўна выказваюцца аб усынаўленні, што недапушчальна!

Таццяна ЮРАН: Вельмі складана ісці ў адзіночку гэтым шляхам. Хацелася б, каб дзяржава дапамагала ўсынавіцелям і прыёмным бацькам, калі ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы са здароўем дзяцей. Так, у нас бясплатная медыцына, але часам неабходна звярнуцца ў платныя цэнтры, аздаравіць дзіця на курорце, вывезці яго на мора. Не заўсёды магчыма самому справіцца.

Мне здаецца яшчэ не заўсёды апраўданай практыка стварэння прыёмнай сям'і па месцы адабрання дзіцяці. Калі прыёмная сям'я і біялагічныя бацькі пражываюць у адным, невялікім па памеры, населеным пункце, то дзіцяці пастаянна наносіцца псіхалагічная траўма: яму непрыемна сустракаць п'яных бацькоў на вуліцы.

Яшчэ адна праблема — неабходнасць вяртання дзяцей біялагічным бацькам насуперак жаданню дзіцяці ва ўзросце да 10 гадоў, нават калі ёсць сур'ёзныя падставы сумнявацца, што біялагічныя бацькі справяцца са сваімі абавязкамі. Не выключана, што пасля выхаду з турмы некаторыя бацькі "жадаюць" вярнуць дзяцей толькі дзеля пагашэння пазыкі перад дзяржавай. Дзіця, душэўныя траўмы якога ледзь зацягнуліся, зноў можа аказацца ахвярай эксперыменту...

Маёй прыёмнай дачцэ было 9 месяцаў, калі яе маці асудзілі. Першая цяжкасць, з якой я сутыкнулася, — дзяўчынка шукала матчыны грудзі... Гэта было самае складанае. Другая праблема — мне так і не ўдалося наладзіць цесны кантакт з яе сёстрамі, якія выхоўваюцца ў іншых прыёмных сем'ях. Нарэшце, калі дзяўчынцы споўніцца чатыры з паловай гады, я павінна буду аддаць яе маці, якая вызваліцца. І я не ведаю, як мне падрыхтаваць малечу да гэтага. Тая жанчына, што яе нарадзіла, для яе зараз — чужы чалавек. Я паказваю дачцэ фатаграфіі, яна ў свае тры гады ведае імёны біялагічных сясцёр. Але для яе пакуль пустой фразай гучаць словы, якія я ёй часта паўтараю, пра тое, што ў яе ёсць яшчэ адна маці, якая зараз далёка, але потым прыедзе...

Гэта псіхалагічны бок. Ёсць яшчэ і іншы. Два гады я аднаўляю вельмі кволае здароўе дзяўчынкі, і аддаць яе ў тыя ўмовы, з якіх яна прыйшла — значыць зноў нанесці ўдар па яе здароўі...

Аксана ПАЧАСУЙ: Наша сістэма аховы дзяцінства прадугледжвае абавязковы перыяд адаптацыі дзіцяці да вяртання ў біялагічную сям'ю. Колькі спатрэбіцца часу, столькі дзіця і будзе прывыкаць да роднай маці. Гэта можа доўжыцца і год, і два гады, на працягу якіх тая жанчына павінна аднавіць сувязі з дзіцем, наведваць яго, наладжваць кантакт, каб змякчыць яшчэ адну перамену ў жыцці.

Ірына МІРОНАВА: Праблема сацыяльнага сіроцтва па-ранейшаму застаецца актуальнай у Беларусі. Наша дзяржава агучыла неабходнасць закрыцця інтэрнатных устаноў, аднак ніякага плана па рэалізацыі гэтага рашэння няма. Розныя меры і спосабы, раскіданыя па розных праграмах, часам нават не стасуюцца адно з адным. На мой погляд, гэты стратэгічны план павінен складацца з трох кірункаў. Першы — падтрымка біялагічнай сям'і. Другі — развіццё альтэрнатыўных формаў уладкавання дзяцей у сем'і. І самае важнае тут — усынаўленне. Трэба як мага больш шырока выкарыстоўваць інфармацыйныя рэсурсы. Трэці момант — прадухіленне новых хваляў сацыяльнага сіроцтва. У сірот павінна быць магчымасць навучыцца станоўчаму вопыту бацькоўства. Размова не толькі пра забеспячэнне кватэрамі, але і пра ўкараненне спецыяльных праграм, пра якія гаварылася вышэй.

Што да стратэгіі непасрэдна закрыцця дзіцячых дамоў, то гэта нельга прывязваць да канкрэтнай даты. Нельга дзяцей, як крэслы, перамяшчаць з аднаго інтэрната ў другі. Гэта вялікая траўма для дзіцяці. У ЗША наогул забараняецца перамяшчаць дзіця больш за два разы на працягу ўсяго перыяду дзяцінства.

Наталля ШЭХ: Грамадства павінна разумець: кожнае дзіця мае патрэбу ў сям'і і не павінна жыць у інтэрнатных установах. Патрэбна і асобная служба дапамогі сям'і — любой, якая сутыкаецца з любымі праблемамі. У першую чаргу размова аб псіхалагічнай дапамозе.
І дзяржава павінна больш падтрымліваць не інтэрнатныя ўстановы, а менавіта сем'і.

Кожны на сваім месцы што-небудзь здольны зрабіць для таго, каб сіроцтва не было. Дарэчы, зараз Нацыянальны цэнтр усынаўлення стварае агульнадаступны інтэрнэт-банк сірот. Калі некага зацікавіла магчымасць уласнага ўкладу ў гэтую справу, я раіла б пачаць з пошуку патрэбнай інфармацыі аб тым, што такое ўсынаўленне, прыёмная сям'я. Такая інфармацыя даступная ў інтэрнэце. Знайсці адказы на пытанні — не праблема.

Віктар ЛІСКОВІЧ: Я 10 гадоў працаваў галоўным урачом Гродзенскага абласнога раддома. Штогод там нараджалася каля 4 тысяч дзяцей. Да 2006 года, калі быў прыняты Дэкрэт Прэзідэнта №18 аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей, кожны год ад 20-25 нованароджаных адмаўляліся маці. На шчасце, большасць з гэтых дзяцей усынаўлялі.

У мяне была магчымасць прасачыць лёс некаторых усыноўленых дзяцей, і я заўважыў вось што: усыноўленыя становяцца падобнымі на сваіх усынавіцеляў не толькі па характары, тэмпераменце, але і знешне. Мяркуючы па ўсім, гэта ўжо шчаслівыя дзеці шчаслівых бацькоў.

Што тычыцца дзіцячых інтэрнатных устаноў, то ў свой час яны годна выканалі сваю ролю. Дзецям, якія засталіся без бацькоў, быў забяспечаны догляд, і гэта — не мала. Цяпер, калі матэрыяльнае становішча беларусаў стала лепшым, дзяцей з дзіцячых дамоў разбіраюць — прычым не толькі маленькіх, але і больш дарослых; не толькі здаровых, але і з сур'ёзнымі хваробамі або асаблівасцямі развіцця. Хочацца спадзявацца: не далёкі той час, калі ў Беларусі не застанецца сірот.

Святлана БАРЫСЕНКА, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».