Вы тут

Высокая зацікаўленасць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з афіцыйным візітам ва Украіне, учора правёў перагаворы са сваім украінскім калегам Віктарам Януковічам.

1372240187888_1

Перагаворы прайшлі спачатку ў вузкім, а затым у пашыраным складзе. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Беларусь разглядае Украіну як прыярытэтнага партнёра, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай галіне. Украіна з'яўляецца для Беларусі трэцім па аб'ёмах тавараабароту і экспарту гандлёвым партнёрам у свеце. Беларусь у знешнегандлёвым абароце Украіны займае чацвёртае месца пасля Расіі, Кітая і Германіі. Пры гэтым Беларусь мае стабільна дадатнае сальда двухбаковага гандлю.

Беларусь і Украіна зацікаўлены ў бесперашкодным доступе сваіх тавараў на рынкі адзін аднаго і гатовыя ўстараняць абмежавальныя меры ва ўзаемным гандлі, заявіў учора Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што рэзервам для нарошчвання тавараабароту з'яўляюцца пастаўкі складанатэхнічнай прадукцыі па лізінгу. На яго думку, урады Беларусі і Украіны павінны паскорыць падрыхтоўку да падпісання міжурадавага пагаднення аб стварэнні спрыяльных умоў для актывізацыі лізінгавай дзейнасці. Адпаведнае даручэнне Прэзідэнт Украіны ўжо даў ураду.

Нацыянальныя банкі дзвюх краін у бліжэйшы час маюць намер прыняць сумесныя меры па пашырэнні выкарыстання ва ўзаемным гандлі сучасных фінансавых інструментаў — экспартнага крэдытавання, міжнароднага лізінгу. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць развіцця супрацоўніцтва і па больш выгадным выкарыстанні транзітных магчымасцяў дзвюх краін, каардынаванне сваіх планаў і дзеянняў у гэтай сферы, работы на рэгіянальным і міжнародным узроўнях.

У час перагавораў лідары дзвюх краін дамовіліся актывізаваць гандлёва-эканамічныя сувязі Беларусі і Украіны, і ў першую чаргу ў сферы вытворчай кааперацыі як найбольш прасунутай формы супрацоўніцтва. Найбольшую перспектыву бакі бачаць у развіцці сумесных вытворчасцяў і прадпрыемстваў у галіне сельгасмашынабудавання, асваення і вытворчасці гарадскога пасажырскага транспарту. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што адным з прыярытэтаў з'яўляецца ўзаемадзеянне ў энергетычнай сферы. Бакі дамовіліся яго значна актывізаваць, у тым ліку па падрыхтоўцы кадраў для ядзернай энергетыкі, што для Беларусі сёння з будаўніцтвам першай АЭС асабліва актуальна.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што значны патэнцыял мае пашырэнне міжрэгіянальных кантактаў. На яго думку, неабходна паглыбляць ужо існуючыя партнёрскія сувязі беларускіх рэгіёнаў з усімі 24 абласцямі Украіны, Крымам, Кіевам і Севастопалем.

Важнай тэмай перамоваў прэзідэнтаў з'явілася супрацоўніцтва ў культурнай і гуманітарнай сферах. Плануецца, што ў 2014 годзе ва Украіне пройдуць Дні беларускай культуры, а ў 2015-м — Дні культуры Украіны ў Беларусі.

Беларусь зацікаўлена ва ўмацаванні ўзаемадзеяння з Украінай з улікам актыўнага развіцця еўразійскай інтэграцыі. "Мы гатовыя да правядзення як двухбаковых, так і шматбаковых кансультацый у гэтай сферы для выпрацоўкі ўзгодненых падыходаў. Кіеў можа разлічваць на збалансаваны, зацікаўлены падыход з боку Мінска пры прыняцці рашэнняў па адчувальных для ўкраінскага боку тэмах", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён сказаў, што Беларусь, Казахстан і Расія гатовы бачыць Украіну ўдзельніцай АЭП. "Што датычыцца Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, якая сфарміравана трыма дзяржавамі, вы ведаеце маё стаўленне да гэтага, і яно аналагічнае з пазіцыяй Расіі і Казахстана — мы вельмі хацелі б, каб Украіна не проста супрацоўнічала, а была побач з намі ў Адзінай эканамічнай прасторы", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. На думку Аляксандра Лукашэнкі, "гэта будзе магутнае аб'яднанне". "Я думаю, што з такім аб'яднаннем будзе лічыцца ўвесь свет. І гэта наша агульная пазіцыя", — падкрэсліў ён. "А што датычыцца мяне асабіста, Украіна не чужая мне краіна, і я ўсё буду рабіць як кіраўнік дзяржавы, каб падтрымліваць вельмі цесныя, дружалюбныя, максімальна выгадныя для Украіны адносіны", — дадаў беларускі лідар.

Украіна настроена на больш поўнае выкарыстанне розных магчымасцяў для актывізацыі супрацоўніцтва з Беларуссю, заявіў у сваю чаргу Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч. Ён лічыць, што актывізацыі розных напрамкаў супрацоўніцтва будзе садзейнічаць пашырэнне сувязяў дзелавых колаў. На думку кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, удзельнікам беларуска-ўкраінскіх камісій рознага ўзроўню неабходна даць магчымасць прапанаваць парадак дня, які б актывізаваў адносіны паміж дзвюма краінамі.

Прэзідэнт Украіны звярнуў увагу таксама на неабходнасць развіцця супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, што створыць дадатковыя магчымасці для ўкаранення розных праектаў.

Падчас перамоў кіраўнікі дзяржаў прадметна абмеркавалі перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы навукі і тэхналогій, даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах. Адбылося таксама абмеркаванне сумесных дзеянняў па пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Прэзідэнт Беларусі пасля завяршэння перагавораў адзначыў, што адбыліся канструктыўныя і абсалютна адкрытыя перамовы з украінскім калегам па ўсім спектры двухбаковых адносін. Ён адзначыў задаволенасць беларускага боку пазітыўнай дынамікай супрацоўніцтва. "Мы пацвярджаем высокую зацікаўленасць у актыўным нарошчванні нашага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — За гады незалежнасці мы змаглі не проста захаваць, але і значна ўмацаваць і пашырыць беларуска-ўкраінскія кантакты на ўсіх узроўнях. І сёння нашы краіны выйшлі на ўзровень сістэмнага доўгатэрміновага партнёрства".

Паводле матэрыялаў БелТА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.