Вы тут

Жыллёвы крэдыт не павінен быць вельмі дарагім


Зараз мы паспрабуем прааналізаваць існуючую сітуацыю ў сферы жыллёвага будаўніцтва са "званіцы" звычайнай беларускай сям'і. Сёння такая сям'я на льготны крэдыт ад дзяржавы разлічваць ужо не можа, аднак працягвае марыць аб новым і прасторным жыллі.

У ідэале, любое па якасці жыллё магчыма пабудаваць ці купіць, калі ў спажыўца ёсць сур'ёзныя ўласныя зберажэнні. Гэта не наш выпадак. Большасць чаргавікоў цяпер мае ўласныя сродкі, але іх недастаткова. Таму кліенты пачалі шукаць нейкія доўгатэрміновыя механізмы фінансавання, каб вырашыць жыллёвае пытанне.

Найлепшым алгарытмам падобнага фінансавання ў свеце лічыцца іпатэка. Гэта калі вам даюць буйную суму грошай на працяглы час пад заклад маёмасці, якая набываецца ці будуецца. Лепш за ўсё будаўніцтвам па іпатэцы займацца ў той час, калі на рынку існуюць мінімальныя цэны на жыллёвую нерухомасць, а апошняя з цягам часу будзе даражэць. У гэтым выпадку кліент банка застрахаваны тым, што ён зможа цалкам разлічыцца па крэдыце, калі неабходна будзе прадаць такую нерухомасць.

Да апошняга часу ў нашай краіне існавалі мінімальныя валютныя цэны (пазамінулы і мінулы гады) у будаўніцтве жылля і на другасным рынку кватэр. Аднак іпатэчным крэдытаваннем амаль ніхто не займаўся, бо крэдыты былі і застаюцца вельмі дарагімі. А зараз і кошт будаўніцтва пачынае даганяць дакрызісны ўзровень. Няўжо сітуацыя з іпатэчным крэдытаваннем у нашай краіне не мае ўвогуле ніякай перспектывы?

Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры Аляксандр Горваль

упэўнены, што цывілізаваная іпатэка ў нашай краіне не будзе дзейнічаць, пакуль банкі не пачнуць крэдытаваць будучых уласнікаў маёмасці пад істотна меншыя працэнты. А гэтага фактычна не будзе, пакуль у краіне існуюць чаканні інфляцыі, а зніжэнне стаўкі рэфінансавання адбываецца вельмі маруднымі тэмпамі.

Больш за тое, практыкі адзначаюць, што ў айчынным заканадаўстве па лініі выкарыстання іпатэкі застаецца яшчэ даволі шмат белых плям. Зараз неабходна стварыць дзейнае Нацыянальнае агенцтва па іпатэцы. Гэтым цяпер займаюцца спецыялісты Нацыянальнага банка краіны. Потым у структуры гэтага агенцтва трэба спачатку вырашыць усе спрэчныя пытанні па вяртанні доўгатэрміновых праблемных крэдытаў. Спадар Горваль упэўнены, што спецыялісты Нацбанка разам з заканадаўчай уладай павінны стварыць такую сістэму іпатэчнага крэдытавання, якая пры маленькіх працэнтных стаўках пачне працаваць як гадзіннік. А на гэта спатрэбіцца мінімум некалькі гадоў...

Другім па важнасці фінансавым інструментам павінен быў стаць механізм будаўнічых накапляльных зберажэнняў. Ён ужо быў створаны і дзейнічаў у Беларусбанку, аднак... Моцная інфляцыя ў мінулыя гады сур'ёзна нашкодзіла іміджу гэтай сістэмы, таму зараз яна практычна не працуе.

У асобных будаўнічых структур у актыве фінансавых інструментаў прысутнічаюць жыллёвыя аблігацыі. У гэтым выпадку кліент набывае спецыяльную каштоўную паперу, якая адпавядае нейкай плошчы квадратных метраў будучага жылля. Набывае чалавек неабходную колькасць такіх аблігацый пад пэўную плошчу жылля і абменьвае потым іх на пабудаваную новую кватэру.

Існуе яшчэ адзін інструмент фінансавання жыллёвага будаўніцтва. Раней ён ужо існаваў у нашай краіне. Гэта валютнае крэдытаванне, якое ў нас сёння забаронена. Пакуль забаронена...

У той час, калі замежныя валюты ў нашай краіне маюць стабільныя каціроўкі (што мы назіраем зараз), такі крэдыт абслугоўваць значна танней, чым звычайны ў нацыянальнай валюце. Існуе, праўда, рызыка, што калі долар пачне каштаваць больш, то і агульны аб'ём крэдыту ў рублях павялічыцца. Гэта так, але нам абяцаюць, што ў дэвальвацыі нац-
валюты сэнсу зараз няма. Больш за тое, у спажыўцоў фінансавых інструментаў павінен быць максімальны выбар.

Тут можна і наіўна спадзявацца, што ваша прадпрыемства дасць вам беспрацэнтную пазыку пад будаўніцтва жылля...

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?