Вы тут

Галоўны "аргумент" — рэальнае жыццё


Некалькі поглядаў на пытанні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання

Старшыні раённых і Гродзенскага гарадскога Саветаў дэпутатаў пабывалі ў Мастах, дзе азнаёміліся з вопытам работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання. У прыватнасці, наведалі Курыловіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, дзе адкрыта сацыяльная гасціная для людзей, што трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, Дубненскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, паглядзелі, як наладжана сістэма раздзельнага збору і перапрацоўкі камунальных адходаў, як наводзіцца парадак на могілках... А падводзячы вынікі семінара, абмеркавалі актуальную цяпер тэму адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання.

Да прыкладу, у Мастоўскім раёне нядаўна ліквідаваны Галубоўскі і Глядавіцкі сельсаветы з уключэннем іх тэрыторый і размешчаных там населеных пунктаў у склад Курыловіцкага і Лунненскага сельсаветаў. Мясцовыя ўлады лічаць узбуйненне сельсаветаў вымушаным крокам, які дыктуецца самім жыццём, паколькі з кожным годам, на жаль, людзей у вёсках застаецца ўсё менш. Да таго ж, ці правільна, калі на адной тэрыторыі знаходзяцца два або нават тры сельсаветы і толькі адзін сельскагаспадарчы кааператыў, ад якога залежыць вырашэнне многіх пытанняў жыццезабеспячэння людзей? Незразумела, напрыклад, з кім са старшынь сельскіх Саветаў трэба ўзгадняць прызначэнне кіраўніка гаспадаркі.
1372240196771_1

Разам з тым, у пытаннях аптымізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу не павінна быць кампанейшчыны.

 

— Калі вы сабраліся гэта зрабіць без падрабязнага асабістага кантакту з кожным жыхаром таго ці іншага населенага пункта, які збіраецеся далучаць да іншага сельсавета, — нічога не атрымаецца. Абмеркавання толькі праз інтэрнэт, праз сайт райвыканкама недастаткова. Трэба сустракацца з мясцовымі жыхарамі на месцах, вочы ў вочы. Мы так і зрабілі. Напрыклад, у Стральцах чатыры разы сходы збіралі. Прычым улада павінна людзям шчыра сказаць: "Грамадзяне, калі мы ў сувязі з рэарганізацыяй сельсаветаў будзем вас горш абслугоўваць і нас закідаюць скаргамі, то гэтыя кіраўнікі працаваць не будуць", — адзначае старшыня Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў Валерый ТАБАЛА.

 

Менавіта з такіх пазіцый падыходзілі да адміністрацыйна-тэрытарыяльных змяненняў і ў Астравецкім раёне. У выніку рэарганізацыі сельсаветаў засталося пяць пярвічных органаў мясцовай улады, межы якіх супадаюць з тэрыторыяй сельгаспрадпрыемстваў. Прычым падыходы ў канкрэтных сітуацыях былі свае. Пасля аб'яднання Спондаўскага і Міхалішкаўскага, Трокеніцкага і Варнянскага сельсаветаў цэнтрамі новаўтвораных сельсаветаў сталі адпаведна Міхалішкі і Варняны. Населеныя пункты ўжо былога Астравецкага сельсавета ўвайшлі ў склад Гудагайскага і Гервяцкага сельсаветаў. А Падольскі і Кямелішкаўскі сельсаветы пасля аб'яднання сталі Рытаньскім сельсаветам, бо менавіта ў Рытані знаходзіцца цэнтр.

Пры гэтым усе ўчастковыя інспектары міліцыі пакуль застаюцца замацаванымі за сваімі тэрытарыяльнымі ўчасткамі. У далейшым жа плануецца замацаваць за аб'яднанымі сельсаветамі па двое ўчастковых.

Праўда, няма яшчэ яснасці, за якой сістэмай пярвічных органаў улады будучыня: за сельскімі Саветамі і выканкамамі, як і цяпер, альбо за адміністрацыямі?

— Сапраўды, калі праводзяцца выбары ў сельскі Савет, то кандыдаты ў дэпутаты знаходзяцца не так проста. Аднак трэба мець на ўвазе, што калі не будзе сельскага Савета і дэпутатаў, то, значыць, у гэтага органа ўлады не будзе і свайго бюджэту. А будзе толькі тое, што райвыканкам дасць кіраўніку пярвічнага звяна ўлады: маўляў, вось табе грошы, і зрабі гэта і гэта. Аднак ён павінен не проста хадзіць "з працягнутай рукой", а мець бюджэт, дзе ёсць сродкі на выкананне канкрэтных мерапрыемстваў, магчымасці для іх павелічэння. Тады і патрабаваць з кіраўніка можна. Таму будзе добра, калі сельскія Саветы застануцца, — перакананы старшыня Гродзенскага раённага Савета дэпутатаў Сцяпан АБУХОЎСКІ.

Дарэчы, каля дзесяці гадоў таму ў Гродзенскім раёне былі скарочаны два сельсаветы і, на думку Сцяпана Абухоўскага, гэтае скарачэнне сябе не апраўдала. Асноўная задача сельскага Савета — праца з людзьмі. Але што можна зрабіць, як дайсці да кожнага чалавека, калі ў сельсавеце 3 работнікі на 7 тысяч жыхароў?

З іншага боку, калі на тэрыторыі сельсавета застаецца 700, 600 ці нават 500 чалавек, то яго трэба аб'ядноўваць з іншым. Мы павінны зыходзіць з рэальнага жыцця, лічыць старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей РАГОЗІК.

— Безумоўна, няма нічога пастаяннага, у тым ліку гэта датычыцца адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Аднак не павінна быць аднолькавых падыходаў. Практычна ўсюды ёсць свае асаблівасці, якія трэба ўлічваць. У прыватнасці, магчыма, не заўсёды прымальны варыянт "адзін сельсавет — адзін СВК". Таму ў раёне трэба самім выпрацоўваць умовы функцыяніравання адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і прымаць свае рашэнні, — лічыць намеснік старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Барыс БАГДАНЕЦ.

Ці заўсёды гэтыя рэаліі і пэўныя нюансы, што хвалююць мясцовых жыхароў, улічваюцца ў прапановах па адміністрацыйна-тэрытарыяльных змяненнях?

Напрыклад, жыхары Макаравецкага сельсавета Бераставіцкага раёна накіравалі ў Гродзенскі аблвыканкам калектыўны зварот. Яны не супраць аб'яднання гэтага сельсавета з Канюхоўскім. Але не згодны з прапанаваным варыянтам — ліквідаваць Макаравецкі сельсавет і далучыць яго населеныя пункты да Канюхоўскага сельсавета з цэнтрам у аграгарадку Канюхі, бо першы ў параўнанні з другім займае большую плошчу, там больш жыхароў. Цэнтр новаўтворанага сельсавета будзе знаходзіцца на адлегласці 25 кіламетраў ад крайняй вёскі, а транспарт ходзіць рэдка: дабраўся да Канюхоў — а назад вярнуцца няма чым. Калі ж цэнтрам аб'яднанага сельсавета стане аграгарадок Макараўцы, то адлегласць да яго ад крайняй вёскі будзе максімум 14 кіламетраў. Акрамя таго, у звароце ў аблвыканкам ставіцца і пытанне эканамічнага кшталту. Нядаўна ў будынку Макаравецкага сельвыканкама быў завершаны рамонт, добраўпарадкавана тэрыторыя. Дык ці варта было траціць бюджэтныя сродкі, калі сельсавет скасоўваецца?

Так, інфармацыя аб планах аб'яднання двух сельсаветаў была змешчана ў раённай газеце, на сайце райвыканкама — можна было выказацца кожнаму. А на сходзе жыхароў Макаравецкага сельсавета людзей пераконвалі, што адміністрацыйна-тэрытарыяльныя змяненні не закрануць існуючую інфраструктуру і не пагоршаць сітуацыю з выкананнем адпаведных сацыяльных стандартаў. У прыватнасці, у будынку цяперашняга сельвыканкама ў Макараўцах паабяцалі арганізаваць выязны прыём грамадзян — па графіку альбо па меры паступлення заявак.

Тым не менш, пытанні наконт гэтага варыянта аб'яднання дзвюх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак застаюцца. Прычым не толькі ў мясцовых жыхароў. Зварот разгледжаны першым намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іванам Жуком і намеснікам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Барысам Багданцом, якія лічаць, што гэтыя сельсаветы цяпер аб'ядноўваць немэтазгодна. Час пакажа, як будзе ў далейшым.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.