Вы тут

"Галоўнае — не перашкаджаць"


Сфера малога бізнесу ў сучаснай эканоміцы займае важнае месца. Наколькі лёгка пачаць сваю справу ў Беларусі чалавеку "без сувязяў" і стартавага капіталу? "Звязда" вырашыла даведацца пра гэта ў тых, хто ўжо "ўвайшоў у раку" і больш-менш упэўнена стаіць на нагах. У серыі матэрыялаў мы паспрабуем даведацца пра асаблівасці беларускага бізнес-асяроддзя і "падводныя камяні", якія чакаюць тых, хто ўласнаручна стварае сабе працоўнае месца. Звышзадача — знайсці шляхі вырашэння звязаных з малым бізнесам праблем.

Герой першага матэрыялу — Дзмітрый — пераехаў жыць у сталіцу, калі яму яшчэ не было дваццаці. У хуткім часе ён адкрыў свой уласны магазін адзення. Сёння яго крама досыць папулярная сярод сталічнай моладзі, а ўладальнік можа пахваліцца аўтографамі такіх вядомых людзей, як пяціразовы чэмпіён свету і трохразовы чэмпіён Еўропы па К‑1 і тайландскім боксе Чынгіз Алазаў і саліст гурта "Ляпіс Трубяцкой" Сяргей Міхалок…

Зараз магазін Дзмітрыя знаходзіцца ў адным з буйных гандлёвых цэнтраў Мінска. Прасторнае памяшканне займаюць боты, джынсы, кашулі, футболкі... Апрануцца тут можна з нуля — нават бялізна ёсць. Усё ад папулярных і вядомых у моладзі брэндаў.

"Гэта цяпер дастаткова прасторы, — расказвае гаспадар магазіна. — Раней усё было інакш. Плошча першага магазіна была шэсць з паловай квадратных метраў. Нават прымерачнай не было. Як там нешта атрымлівалася прадаваць — сам не разумею. На вітрыне стаяла 15 пар ботаў, вісела 20 пар джынсаў, 3 сумкі, 20 кофт і 10 футболак — усё! А ў куточку стаяў маленечкі столік з касавым апаратам, міні-камп'ютарам і мной (смяецца) . Ідэя адкрыць уласны магазін з'явілася сама сабой. Атрымаў візу ў Польшчу (выбар адзення там значна шырэйшы), пачаў купляць там рэчы. Частку прадаваў знаёмым. А потым вырашыў зрабіць з гэтага бізнес. Ужо калі пераехаў у Мінск, пазнаёміўся з чалавекам, які мяне падтрымаў, у тым ліку грашыма. Ідэйным цэнтрам быў я, а мой новы сябра выконваў ролю правадніка ў складаным свеце прадпрымальніцтва.

Аднак потым нашы шляхі разышліся. Сумяшчаць сяброўства і бізнес — вельмі цяжка. Мяне ўражваюць людзі, у якіх гэта атрымалася, як, напрыклад, у Віталя і Юрыя, заснавальнікаў сеткі магазінаў "Віталюр". Зараз у майго былога сябра свой магазін, у мяне — свой".

Размаўляючы са мной, Дзмітрый увесь час перарываецца на тое, каб адказаць наведвальнікам на іх пытанні. Ён імкнецца першым пачаць размову з кліентам.

"Не думаю, што мая роля ў магазіне павінна зводзіцца да нейкага робата, які адказвае, ці ёсць патрэбны памер, і кожны раз гаворыць кліентам, што ім усё пасуе. З самага першага дня працы я пачаў знаёміцца з пакупнікамі. Праз некалькі месяцаў ведаў многіх па імені, ведаў, хто дзе вучыцца, чым цікавіцца. Яны прыходзілі не толькі па вопратку, але і для таго, каб пагаварыць. Пачыналі мы працаваць з аўдыторыяй 14-16-гадовых падлеткаў, якія ідуць у краму з бацькамі альбо з бацькоўскімі грашыма. Ім трэба набыць нешта сапраўды якаснае і прыгожае. Прычым звычайна такім пакупнікам не хапае... смеласці. Яны прыходзяць каб набыць пэўную рэч, якую ўжо прыглядзелі, і баяцца паспрабаваць нешта новае. Я заўжды намагаўся спачатку пагаварыць з чалавекам, зразумець, што яму цікава. А потым нешта прапанаваць. Гэта дапамагала ім фарміраваць густ. Думаю, мой стыль зносін з кліентамі адыграў важную ролю ў развіцці бізнесу".

Каб даказаць, што яго крама сапраўды вядомая, Дзмітрый дэманструе, як пошукавыя інтэрнэт-сістэмы выдаюць спасылкі на яе ў ліку першых па самых розных запытах, накшталт "топсайдары (ад англ. "на палубе" — адзін з відаў туфляў, што з'явіліся на пачатку 1980-х гадоў і выкарыстоўваліся яхтсменамі, здабылі папулярнасць у шырокай публікі ў сярэдзіне 2000-х) у Мінску", альбо "набыць футболку ў Мінску". У суполцы магазіна ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" зараз больш за дванаццаць з паловай тысяч чалавек. Аўдыторыя, праўда, трохі змянілася. Цяпер па вопратку сюды прыходзяць тыя, каму 14—16 было тады, калі магазін толькі адкрыўся.

Дзмітрый зрабіў спробу арганізаваць і ўласную вытворчасць. "Мне хацелася даказаць перш за ўсё самому сабе, што і ў нас можна рабіць нешта цікавае, незвычайнае і якаснае", — кажа ён. Зараз у магазіне прадаюцца футболкі, пашытыя ў Беларусі (праўда, з імпартнай тканіны), дызайн якіх — так званы "прынт" (малюнак на тканіне), Дзмітрый распрацаваў разам з папулярным беларускім тэлевядучым. Форма продажу таксама адмысловая: футболка заварочваецца ў металічны цыліндр з заглушкамі з двух бакоў. На паверхні цыліндру надрукаваны каляровы арнамент. Такім чынам яе можна падарыць сябру, і той да апошняга моманту не здагадаецца, што ж там за падарунак.

Вытворчасць футболак — першы крок. Дзмітрый збіраецца працягваць стварэнне ўласнага прадукту, нягледзячы на тое, што гэта больш складана, чым просты перапродаж. Напрыклад, у першы раз яго падвялі выканаўцы працы: футболкі "спазніліся" на пачатак сезона, а значыць, і прадаць іх ужо было цяжэй.

Яшчэ адзін важны крок для таго, хто займаецца ўласнай справай, — прасоўванне магазіна ў сеціве. Дзмітрый лічыць, што інтэрнэт — неабходны складнік развіцця сучаснага бізнесу. Шматлікія рэкламныя відэаролікі, паведамленне пра новы прывоз тавару праз сацыяльныя сеткі і SMS, зніжкі пры веданні пэўнага пароля, апублікаванага ў інтэрнэце, — усё гэта дапамагала магазіну набыць вядомасць.

"Усе свае "фішкі" (у тым ліку і цыліндры з футболкамі) я падгледзеў у замежных прадаўцоў. Нічога незвычайнага сам не выдумляў. Проста адчуваў, што гэта можа спрацаваць. Ніякай канцэпцыі магазіна першапачаткова ў мяне таксама не было. Хацеў проста зарабіць грошай і знайсці месца, дзе мне будзе цікава праводзіць свой працоўны дзень. Заўжды сачыў за сваімі канкурэнтамі. Былі людзі, якія доўга думалі над канцэпцыяй, стваралі нешта такое, чаго яшчэ не было ў Беларусі, але праз некаторы час, звычайна, праз 3-4 месяцы яны знікалі, магазіны закрываліся. Ведаў тых, хто рабіў нешта падобнае на мой магазін. Некаторыя знікалі праз паўгода, а некаторыя паспяхова працуюць і зараз на маім ці вышэйшым узроўні. Заўжды трэба вучыцца на памылках. У тым ліку і на чужых.

Якая самая вялікая памылка "навічкоў"? Прага вялікіх грошай. Некаторыя пачаткоўцы-прадпрымальнікі ўпэўнены ў тым, што калі яны набылі рэч, умоўна кажучы, за 200 тысяч рублёў, то прадаць павінны не менш чым за 400 тысяч. Гэта глупства! Калі рэч не прадаецца, лепш спрацаваць сабе ў мінус, прадаць танней, чым дазволіць ёй ляжаць на прылаўку. А ў некаторых крамах рэчы ляжаць гадамі па адным і тым жа кошце. У мяне хапае тавару, які я сам ніколі б у жыцці не набыў і нікому б не параіў. Але ён ідзе нарасхват, і мне нічога не застаецца, акрамя як завозіць яшчэ і яшчэ. Іншая тактыка прывяла б да таго, што мне не было б чаго есці. Таму мае ўласныя густы не з'яўляюцца вызначальнымі".

Трэба сказаць, што ў Дзмітрыя няма вышэйшай адукацыі. Па яго словах, вучоба ў ВНУ яму не давалася з-за недахопу стараннасці. Паўтара года ён вучыўся на юрыста. Потым — не з'явіўся не сесію. "Зараз я разумею, што памыліўся з выбарам спецыяльнасці. Цяпер для вучобы цяжка знайсці час".

Напэўна, яшчэ і таму, што, акрамя бізнесу, у Дзмітрыя ёсць сям'я. Ён ажаніўся ў 21 год. "Жонка — адзіны сапраўдны сябар. Не шкадую, што ажаніўся рана. Калі адчуеш, што сустрэў чалавека, з якім варта пражыць жыццё, не трэба баяцца фінансавых ці іншых праблем. Усё вырашыцца і стане на сваё месца. Зараз мае планы ў асноўным датычацца сям'і. У бізнесе далёка наперад не планую, 2-3 месяцы — максімальны тэрмін пралічвання новых крокаў, бо ў гэтай сферы ўсё вельмі хутка змяняецца. Дарэчы, павялічваць свой магазін я таксама не збіраюся: тут утульна, і мне ўсё падабаецца".

Пытаюся ў Дзмітрыя, ці бачыць ён нейкія хібы ў беларускай сістэме, якія замінаюць маладым быць паспяховымі бізнесоўцамі.

"У мяне на гэты конт, магчыма, не самае распаўсюджанае меркаванне. Некаторыя новыя законы робяць бізнес больш складаным, аднак яны маюць правільны сэнс. Напрыклад, знакамітае абмежаванне на прыцягненне да дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў іншых асоб. Зразумела, рабіць усё аднаму цяжка. Але калі твой бізнес значна вырас — можна зарэгістравацца як таварыства і плаціць адпаведныя падаткі. Незадаволенымі застаюцца тыя, хто хоча шмат атрымліваць і нічога не аддаваць. Гэта няправільна.

Упэўнены, што ў нас цалкам магчыма быць паспяховым індывідуальным прадпрымальнікам, і ў гэтай сферы з боку дзяржавы галоўнае — не перашкаджаць. Беларуская праблема — у людзях, а не ў законах. Многія думаюць, што ім усё павінны прынесці і ўсё зрабіць за іх, але так не бывае. Мяне ўражваюць сітуацыі, калі, напрыклад, у банку за якой-небудзь бабуляй збіраецца вялізная чарга і ўсе пачынаюць шыпець, злавацца. Замест таго, каб проста падысці і дапамагчы ёй разабрацца ў яе квітанцыі ці чэку. Тое самае і ў бізнесе. Я ўжо казаў пра чаканне вялікіх грошай ні за што. Гэта — міф. Займаючыся малым бізнесам, можна жыць добра, шыкаваць — наўрад ці. Ды і навошта?"

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?