Быў цёплы ліпеньскі дзень. На пляжы санаторыя "Аксакаўшчына" адпачывала шмат людзей. Хто загараў, хто купаўся, хто веславаў на лодцы. І толькі адзін чалавек, мой сусед, вылучаўся сярод гэтага бесклапотна-вясёлага люду. Ён сядзеў у цені рэдзенькай вярбы, засяроджана ўзіраючыся ў вялікі, аб'ёмісты сшытак, які трымаў перад сабою і лісты якога час ад часу акуратна перагортваў. Пры гэтым яго твар увесь час быў надзвычай рухома-выразны: то прамяніўся светлай усмешкай, то нечакана хмурыўся, то раптам бровы здзіўлена падскоквалі ўгору... Я падсунуўся крыху бліжэй і асцярожна зазірнуў у загадкавы сшытак: чалавек чытаў ноты! Паглыблены ў таямнічы свет музыкі, ён нікога вакол не заўважаў і нічога не чуў.
Мая журналісцкая цікаўнасць у рэшце рэшт узяла верх над маёй далікатнасцю. І калі чалавек зрабіў перапынак, перавёўшы позірк на люстраную паверхню возера, я не вытрымаў, запытаўся:
— Прабачце, калі ласка, а што гэта вы так захоплена чытаеце?
Чалавек ніякавата ўсміхнуўся:
— Вось бачыце, усе нармальныя людзі адпачываюць, а мне, дурню, і тут спакою няма... — І ўжо сур'ёзна патлумачыў: — Чытаю партытуру. Хутка ў нас вельмі адказны канцэрт, а часу засталося няшмат.
Мы разгаварыліся і пазнаёміліся бліжэй. Маім суседам па пляжы аказаўся галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік праслаўленага ў рэспубліцы народнага аркестра імя Жыновіча Міхась Антонавіч Казінец.
Вечарам мы вырашылі разам пайсці на прагулку па ваколіцах санаторыя. Паблукалі крыху па баравых сцежках, з прыемнасцю ўдыхаючы густы смалісты водар, пастаялі на плаціне, любуючыся шумным вадаспадам, і нарэшце выйшлі да невялічкага жылога гарадка, заглянулі ў магазін, які яшчэ быў адкрыты, здзівіліся багатаму выбару прыстойных спіртных напіткаў. Не памятаю ўжо, хто з нас першы прапанаваў узяць чаго-небудзь для замацавання знаёмства, але ідэя была аднадушна падтрымана. Мы выбралі пляшку добрага грузінскага віна і пакіравалі да рэчкі. Там селі на хісткім драўляным мастку, звесіўшы ногі над вадою, і, папіваючы віно (шклянку нам дала з сабою спагадлівая прадаўшчыца), прагаварылі да глыбокай ночы. І калі вярталіся назад у санаторый, мы ўжо былі на "ты" і мне здавалася, што я ведаю Міхася Антонавіча даўным-даўно...
Было гэта больш за трыццаць гадоў таму. Казінец яшчэ толькі пачынаў узыходжанне да сваёй папулярнасці. Хаця ўжо меў званне заслужанага дзеяча мастацтваў. Астатнія, як ён кажа, "пагоны" — званні народнага артыста, прафесара кансерваторыі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне" — прыйшлі да яго пазней, значна пазней.
Усе гэтыя гады я ўважліва сачыў за творчым ростам Міхася Антонавіча, радаваўся таму, як прафесійна сталее, атрымлівае ўсё больш шырокае грамадзянскае і дзяржаўнае прызнанне вядомы музычны калектыў пад яго кіраўніцтвам. Спачатку аркестру было нададзена званне "акадэмічнага", а пасля — і "нацыянальнага". Стала зразумелым, што ў рэспубліцы, акрамя Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча, вырас яшчэ адзін магутны асяродак прапаганды і развіцця народнай культуры — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча. Калектыў, які сёння, на думку спецыялістаў, стаў сапраўднай музычнай візітоўкай Беларусі. У яго выкананні гучыць і сусветная класіка, і прэм'еры айчынных кампазітараў, і наша традыцыйная нацыянальная музыка ў свежых каларытных аранжыроўках.
І вось я ў рабочым кабінеце Міхася Казінца. Невялічкі пакой ён дзеліць разам са сваім дырэктарам Барысам Ліўшыцам. Абстаноўка ў кабінеце спартанская: два сталы, на адным з якіх, дырэктарскім, стаіць састарэлая мадэль камп'ютара; уздоўж сцяны некалькі просценькіх крэслаў, а пры ўваходзе, у тарцы, гэткая ж просценькая шафа, запоўненая кнігамі, нотамі, дыскамі. І, вядома ж, гаворка наша пачалася з пытання пра музыку.
І. Саграваць душу чалавека
— Музыка, здавалася б, самая абстрактная форма мастацтва. І тым не менш яна мае сваю нацыянальную афарбоўку. Праз што, якім чынам гэта перадаецца?
— Так, ноты ва ўсім свеце аднолькавыя. Але ў кожнага народа ёсць свая інтэрваліка, свой перапеў (я гэта называю ферманта голасу), што ўласціва толькі гэтаму народу. Музыка, як гэта ні дзіўна, пры ўсёй яе абстрактнасці нясе адбітак, адметнасць, своеасаблівы "водар" той зямлі, на якой яна нарадзілася.
Узяць, скажам, славянскія песні — рускія, беларускія, украінскія. Па сваім меласе яны вельмі блізкія, аднак наскую, родную мы пазнаём беспамылкова — сэрцам адчуваем. Нашы песні больш мілагучныя, душэўныя, часцей за ўсё журботныя, ціхія. І гэта вельмі важна, бо ў ціхай песні ёсць думка, ёсць пачуццё. Беларус, калі спявае, ён думае, суперажывае.
Нацыянальны каларыт музыкі ўгадваецца без асаблівай цяжкасці нават мала падрыхтаваным слухачом. Угадваецца па яе стылістыцы, танальнасці, рытміцы.
Наогул, народнай музыкі дрэннай няма. У кожнага народа — выдатнейшая музыка. Таму што музыка — гэта душа народа. Яго гісторыя. Яго культура. Праўда, акрамя народнай, ёсць музыка аўтарская, і яна можа быць не зусім прафесійная, не надта цікавая. Гэта іншая справа. Але народная мелодыя, тая, што стваралася многімі людзьмі, шліфавалася, удасканальвалася на працягу многіх стагоддзяў, — такая мелодыя заўсёды выдатная.
— Думаю, што тваю пазіцыю падзяляюць далёка не ўсе. Ва ўсякім разе, ёсць людзі (я б іх назваў разбуральнікамі нацыянальнага, народнага меласу), якія выступаюць за нейкую ўніверсальную, касмапалітычную мову музыкі. Маўляў, век складаны, бурны. Змянілася псіхалогія слухача, які чакае новых формаў, новых рашэнняў. Але, як мне здаецца, жыццё такіх сачыненняў недаўгавечнае, таму што сапраўдная музыка заўсёды цесна звязана з народнай асновай, народнымі традыцыямі. Мы маем багаты нацыянальны матэрыял такога хараства і духоўнай сілы, што нам нічога больш і не трэба выдумляць. Што ты скажаш на гэты конт?
— Дык ты ўжо практычна і адказаў на сваё пытанне. Так, сучасныя сродкі масавай інфармацыі, асабліва аўдыявізуальныя, не з'яўляюцца, мякка кажучы, прыхільнікамі народнай музыкі. Наша сучаснае тэлебачанне нагадвае адну бясконцую рэкламу. А дзе ў якой рэкламе можна знайсці хоць бы прыкмету духоўнасці? Там падаюцца простыя, часам прымітыўныя рэчы, каб толькі чалавека здзівіць, захапіць у палон, убіць яму ў галаву неабходную ідэю.
І нават тыя вялікія шоу-праграмы, якія ідуць на расійскім тэлебачанні, яны таксама, у прынцыпе, маюць гэткую ж мэту — здзівіць, захапіць. А дзеля гэтага патрэбен гром, шум, дым, святло...
Такое, з дазволу сказаць, "мастацтва" апускае чалавека да адчуванняў чыста фізіялагічнага характару. Ніякага мыслення, ніякага перажывання. Глядзі, спажывай, атрымлівай асалоду. А што застаецца ў душы? Нічога.
Я згодзен з табою: разбуральны працэс становіцца ўсё больш відавочным. Цяпер натуральнае спяванне, без мікрафона, ужо амаль паўсюдна не прымаецца. Правілам добрага тону лічыцца выступленне з мікрафонам. Гэта значыць, акадэмічнае спяванне выцясняецца.
Я разумею: трэба карыстацца і дасягненнямі тэхнічнага характару. Але калі эталонам майстэрства спеваў становіцца "Еўрабачанне", то мне застаецца толькі развесці рукамі. Там жа ад мастацтва нічога няма. Ёсць толькі шоу, у якое ўкладзены вялізныя грошы. У гэтую прыгожую карцінку і даволі простую мелодыю. Дарэчы, чым прасцей песня па мелодыі, тым яна лягчэй успрымаецца і тым больш падабаецца масаваму гледачу.
Здавалася б, ну і што? Каму ад гэтага кепска? Уся бяда ў тым, што такім чынам фарміруецца ў тысячаў, мільёнаў тэлегледачоў кепскі музычны густ, а яркая, але бесталентная пасрэднасць становіцца эталонам.
— А становіцца яна эталонам яшчэ і таму, што ў грамадстве, на мой погляд, страчана іерархія музычных каштоўнасцяў. На першы план выйшла поп-музыка, а класіка, якая так высока ставілася ў савецкія часы, адсунута кудысьці ўбок. Ці гэта маё памылковае ўспрыняцце?
— І так, і не. У савецкія часы сапраўды класічнае мастацтва (сімфанічнае, опернае) мела грунтоўную дзяржаўную падтрымку. Перш за ўсё — матэрыяльную. Паралельна з гэтым вялася шырокая прапаганда класікі, асабліва сярод моладзі. Практыкавалася (і трэба сказаць, была вельмі папулярнай) сістэма філарманічных абанементаў. Сімфанічная музыка пастаянна гучала на радыё, на тэлебачанні.
Так, усё гэта было. Але я не скажу, што цяпер у нас ад гэтага нічога не засталося. У нас, дзякуй Богу, яшчэ ходзяць і на сімфанічную музыку, і ў оперу. Дзяржава клапоціцца аб развіцці класічнага мастацтва ў меру сваіх магчымасцяў. Мы маем нармальныя, добра адрамантаваныя філармонію, оперны тэатр. Укладваюцца грашовыя сродкі ў падтрыманне ў належным стане ўсёй матэрыяльнай базы музычнага мастацтва. У Беларусі, у абласных цэнтрах, працуе некалькі сімфанічных аркестраў. Цяпер вось створаны яшчэ адзін — у Маладзечне.
І гэта няпраўда, што класічная музыка цяпер людзям нецікавая. Спашлюся на прыклад фестывалю "Звіняць цымбалы..." Там у нас на працягу трох дзён побач з народнай музыкай цудоўна суседнічае класічная. Выдатна прымаецца музыка духоўная, харавая, музыка, якая стваралася ў Беларусі ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях. І пастаўскім слухачам гэта цікава — а яны ж збіраюцца на нашыя канцэрты не толькі з горада, але і з навакольных вёсак.
Ведаеш, Зіновій, каб успрымаць музыку, яе трэба слухаць. Іншага выйсця няма. Для таго, каб любіць музыку, яе трэба ведаць. А гэта значыць, яна павінна пастаянна прысутнічаць у нашым паўсядзённым жыцці. Калі гэтага гучання не будзе — адкуль што прыйдзе?
— Міхась Антонавіч, мы гаворым з табою пра музыку сапраўдную, таленавітую. Але, пагадзіся, ёсць і адваротны бок медаля. Паўсюль — на дыскатэках, на пляжах, у рэстаранах і нават у канцэртных залах — на нас абрушваецца вадаспад ілжэмузыкі. Між тым, забруджванне гукавога асяроддзя — справа далёка не бяскрыўдная. Выдатны рускі спявак Аляксандр Вядзернікаў, напрыклад, лічыць, што музыка — тая ж ідэалогія. Што будзе гучаць з падмосткаў оперных тэатраў, эстрадных пляцовак, тэлеэкранаў, вызначыць не толькі фарміраванне музычных густаў моладзі, але іх эстэтычныя і этычныя ідэалы. У выніку музыка трансфармуецца ў светапогляд.
І таму кожны з тых, хто мае дачыненне да музыкі, у адказе за тое, якім стане новае пакаленне, што ў яго будзе за душою. Гэта я вяду да таго, што справа музычнага выхавання ў краіне павінна быць пастаўлена на дзяржаўную аснову. Ці ёсць у нас сёння праграма такога выхавання?
— Павінен сказаць, што асновы класічнай музычнай адукацыі былі закладзены на Беларусі менавіта ў савецкія часы. Тады склалася трохзвенная сістэма: музычная школа — музычнае вучылішча — кансерваторыя. І гэта сістэма давала выдатныя вынікі. Дзякуючы ёй сотні, тысячы талентаў з народа змаглі атрымаць грунтоўнае музычнае выхаванне. Зрэшты, чаму маглі — могуць і цяпер!
— Гэта добра. Але я не пра падрыхтоўку спецыялістаў, хаця гэта і надзвычай важны кірунак дзейнасці. Мяне цікавіць, як у нас арганізавана масавае музычнае выхаванне — у дзіцячых садках, агульнаадукацыйных школах, вышэйшых навучальных установах. У свой час, помніш, гэтым вельмі быў заклапочаны кампазітар Дзмітрый Кабалеўскі. Ён не толькі выкладаў урокі музыкі ў школе, але і напісаў спецыяльны падручнік. Яго сістэма спачатку была падхоплена з вялікім энтузіязмам, а пасля чамусьці паступова заглухла. Чаму?
— Па-першае, перашкодзілі сацыяльныя прычыны. Пачалася перабудова, якая прывяла да развалу краіны і страшэннага палітычнага і эканамічнага крызісу. Стала не да тонкасцяў музычнага выхавання. Па-другое, я не лічу, што сістэма Кабалеўскагане была на сто працэнтаў правільная. Таму што яна арыентавалася, галоўным чынам, на тэорыю, на аповед.
А вось у Прыбалтыцы пайшлі сваім шляхам — у іх былі проста ўрокі спеваў.
Безумоўна, сёння ўсё гэта вярнуць цяжка. Але праграма музычнага выхавання (і тут я цалкам падзяляю клопат Дзмітрыя Кабалеўскага) абавязкова павінна быць. Якой яна мне ўяўляецца? Магчыма, да чацвёртага-пятага класа — гэта ўрокі спеваў. Але каб іх вёў спецыяліст, з якім дзеткам было б цікава. А далей, у старэйшых класах, разам са спевамі вучням трэба даваць ужо і тэорыю — расказваць аб асноўных музычных інструментах, знаёміць з рознымі відамі музычнага мастацтва і іх лепшымі ўзорамі. Неацэнную карысць для духоўнага выхавання даюць хоры — і класныя, і агульнашкольныя. І галоўнае — музыку слухаць.
Цяпер жа наша школа выбрала чамусьці вузкія кірункі: гуманітарны, прыродазнаўчы.
А дзе ж духоўны, эстэтычны пачатак? Што для душы? Малады чалавек павінен развівацца. Як мага больш цесна далучацца да музыкі, да мастацтва, да літаратуры. І не толькі малады. Кожны з нас павінен развівацца — увесь час, да апошняга дыхання. Так нас стварыў Гасподзь. Калі толькі мы палічым, што з намі ўсё "а'кей", мы застынем, закасцянеем. Працэс самавыхавання, самапазнання павінен быць закладзены, выхаваны з дзяцінства.
ІІ. Як Міхаська бацьку ўратаваў
— Бацькоўскі парог... Вымавіш гэта — і душа сапраўды адгукаецца цёплымі, шчымлівымі ўспамінамі маленства. Раскажы крыху пра сваіх бацькоў, пра свае дзіцячыя гады.
— Маё маленства, на жаль, прыпала на гады вайны. Таму і ўспаміны мае не зусім тыповыя. Прыгадваецца зіма сорак другога года. Я хачу зайсці ў лазню, а мяне чамусьці туды не пускаюць. І нават не тлумачаць чаму. Пасля ўжо сказалі, што там хаваўся два тыдні наш блізкі сваяк, мамін брат, Андрэй Валынец. Ён перайшоў лінію фронту для таго, каб дапамагчы арганізаваць у нашай мясцовасці партызанскі рух. Пазней ён кіраваў партызанскім атрадам "Савецкая Беларусь" і быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Помніцца і такі эпізод. Было гэта летам. Якраз цвіла бульба. У нас гасцяваў другі мамін брат, меншы. Баявы, зухаваты хлопец, партызанскі разведчык. І толькі мы з ім распачалі нейкую гульню, як у хату ўбягае спалатнелая маці і спалохана кажа: "Немцы!" Хлопец — у акно і праз агарод да лесу. Немец, які стаяў ужо на двары, наўздагон яму даў аўтаматную чаргу. Але не па ім, а паўзверх. Пастраляў, пастраляў і пайшоў. А мог бы і забіць... І бацькоў, дарэчы, не зачапіў.
А было і такое. Увесну сорак чацвёртага нашу вёску нечакана акружылі гітлераўцы і загадалі ўсім выходзіць на поплаў, што каля школы. Сабраліся і старыя, і малыя. Стараста абвясціў, што непадалёку ад вёскі партызаны забілі немца, і таму ўсе яе жыхары будуць расстраляны. Жанчыны галасілі, дзеці плакалі. Мяне дзед засланіў сабою, каб я нават не бачыў, як гітлераўцы будуць страляць. Дзякаваць Богу, усё абышлося: стараста змог угаварыць каменданта не чапаць ні жыхароў, ні хат. Забілі толькі адну сям'ю, сын якой быў падпольшчыкам.
Побач з трагічным усплывае ў памяці і камічнае. Немцы вырашылі стварыць у нашай вёсцы самаахову. Але ўступаць у яе шэрагі ніхто не хацеў, бо трэба было даносіць у камендатуру пра партызан, хто з аднавяскоўцаў з імі звязаны. Прычапіліся і да майго бацькі: маўляў, уступай! А ён катэгарычна адмаўляўся. Тады яго паклалі на лаву і давай лупіць бізуном. А я якраз сядзеў за сталом і сёрбаў саладуху. Калі бацька закрычаў, я схапіў міску, кінуўся да немца і выплюхнуў саладуху яму ў твар. На нейкі момант той знерухомеў, а тады ўзяў мяне за каршэнь і ўрэзаў ручкаю бізуна па мяккім месцы. Але бацьку больш не біў. Пасля гэта было любімаю згадкаю ў сям'і: як Міхаська ўратаваў бацьку.
— Дарэчы, а хто былі твае продкі?
— Звычайныя земляробы. Тутэйшыя, з Віленшчыны. Бацька, Антон Іванавіч, родам з Цынцавічаў, а маці, Людміла Антонаўна, — з суседняй вёскі Жаўткі. Мелі неблагую па тым часе гаспадарку: каня, тры каровы, некалькі свіней. Двор заўсёды быў запоўнены курамі, гусямі. У прынцыпе, мы падлягалі раскулачванню. Калі прыйшлі, як бацька казаў, "другія Саветы" і сталі арганізоўвацца калгасы, то мы маглі загрымець у высылку. Але нас абараніў Валынец. Ён ужо быў сур'ёзным начальнікам у вобласці.
Мая беларускасць — ад маці. І ўсе маральныя, духоўныя каштоўнасці таксама. З дзяцінства вучыла мяне: "Гэтага не рабі — грэх, так не кажы — сорамна..." Малапісьменная вясковая жанчына, яна была сапраўдным інтэлігентам. Старалася не пакрыўдзіць чалавека, дапамагчы яму. Клапацілася не толькі пра сваё, але і пра грамадскае дабро. Вельмі перажывала, калі дзе што рабілася не так, не па-людску.
Бацька ж быў чалавек крыху іншы. Паслужыўшы пэўны час у польскім войску жаўнерам, ён на ўсё жыццё захаваў сімпатыю да ўсяго польскага. Нават гаспадарчая тэхніка ў нас была толькі польская. Любіў слухаць па радыё Варшаву і кожнай добрай вестцы адтуль радаваўся як сваёй уласнай. Таму калі я аднойчы, вярнуўшыся з гастрольнага тура па Польшчы, стаў расказваць, што нашы суседзі жывуць яшчэ беднавата, скрозь палоскі аднаасобнікаў, бацька пакрыўдзіўся і тыдні два не размаўляў са мною.
І да выхавання дзяцей яны ставіліся па-рознаму. Маці ніколі не павышала на нас з братам голасу, заўсёды была ласкавая, спагадлівая. Бацька ж меў характар суровы, часам нават жорсткі. Па праўдзе кажучы, мы яго пабойваліся.
— Міхась Антонавіч, калі бацькі твае — звычайныя земляробы, то ад каго ў цябе гэтая незвычайная музыкальнасць?
— Ад дзеда. Іван Антонавіч — ці, як яго называлі ў вёсцы, Янук — выдатна іграў на скрыпцы. Ніводнае вяселле ў акрузе не абыходзілася без яго ўдзелу. А маці цудоўна спявала. У нашай хаце, колькі я сябе помню, заўсёды жыла матчына песня і дзедава музыка. Валынец, які даволі часта ў нас гасцяваў, любіў казаць: "Янук! Давай ярзоліцу на дваццаць чатыры калены і без ператыку!"
Таму зусім не дзіўна, што я ўжо недзе гадоў з шасці стаў уяўляць сябе музыкам. Браў дошку, набіваў два рады цвікоў і бегаў па іх пальцамі: тува-тува, тува-тува... Бачачы такую маю цягу да музыкі, маці ўгаварыла бацьку купіць для мяне гармонік. Між іншым, гэта была для сям'і немалая ахвяра — ажно пуд жыта. На той час — цэлае багацце.
Гармонік я асвойваў самавукам. Падбіраў мелодыі на слых і ў дзесяць гадоў ужо мог выконваць увесь вясковы рэпертуар — вальсы, полькі, прыпеўкі... І, відаць, іграў някепска, таму што ўзялі ў мясцовы ансамбль.
Аднак даволі хутка я зразумеў, што на гэтым, вясковым, набытку далёка не заедзеш — трэба вучыцца. І калі мае бацькі ў 1957 годзе пераехалі ў Вілейку, я пайшоў там у восьмы клас сярэдняй школы і паралельна — у першы клас музычнай.
Пасля дзесяцігодкі я ўжо цвёрда вырашыў для сябе: буду толькі музыкантам. Паступаў у Мінскае музычнае вучылішча, але не хапіла балаў. Добрыя людзі падказалі мне: маўляў, едзь у Віцебск, там, здаецца, яшчэ працягваецца набор. І праўда, мяне праслухалі і прынялі без экзаменаў, залічыўшы мінскія адзнакі.
Ну а далейшы мой шлях ты ўжо ведаеш: з вучылішча — у кансерваторыю, з кансерваторыі — у аркестр народных інструментаў...
— Расказваючы пра гэта, ты некалькі разоў падкрэсліваў, што табе ў жыцці шанцавала на добрых, спагадлівых людзей. Хто яны былі, твае дабрадзеі, твае настаўнікі?
— Першым сапраўдным настаўнікам у маім дырыжорскім лёсе быў Іосіф Абраміс, выкладчык кансерваторыі. Нейкія азы гэтай прафесіі я атрымаў яшчэ ў музычным вучылішчы. Іосіф Самуілавіч павёў далей: паказаў усе глыбіні і складанасці оперна-сімфанічнага дырыжыравання, прывіў неабходныя навыкі, якіх гэтая справа вымагае.
Не магу не сказаць словы глыбокай удзячнасці Георгію Іванавічу Жыхараву. Я паказваў яму свае інструментоўкі, ён вельмі падтрымліваў, заахвочваў мяне ў гэтым. І ў рэшце рэшт адыграў ключавую ролю ў тым, што мяне пасля заканчэння кансерваторыі пакінулі ў Мінску, што я стаў дырыжорам.
Асобна хачу сказаць пра Віталя Вітальевіча Катаева, бліскучага дырыжора і цудоўнейшага чалавека. У канцы шасцідзясятых ён прыехаў з Масквы ў Мінск і ўзначаліў Дзяржаўны сімфанічны аркестр БССР. Галоўная заслуга Віталя Вітальевіча ў маім станаўленні як дырыжора ў тым, што ён раскрываў сутнасць прафесіі, яе музычны характар, бытавы характар.
ІІІ. Каб змагацца і перамагаць, трэба ўмець і ведаць
— Некалі Максім Горкі сказаў, што ў Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала — вельмі цікавыя хлопцы! Так па-народнаму проста пішуць, так ласкава, журботна, шчыра. Нашым бы трохі такіх якасцяў. Гэтыя словы класіка рускай літаратуры мне часам хочацца перайначыць і сказаць: ёсць у нас два цікавыя, цудоўныя хлопцы — Міхась Казінец і Міхась Дрынеўскі, якія так па-народнаму проста і глыбока мысляць, так таленавіта і шчыра слугуюць беларускай песні, роднай культуры. Ведаю, што вы з Міхасём Паўлавічам даўно і вельмі хораша сябруеце, крочыце па жыцці, што называецца, нага ў нагу. У вас нават усе ўзнагароды і званні аднолькавыя...
— Так, мы адным указам у 1978 годзе атрымалі званне заслужанага дзеяча мастацтваў. Народнымі артыстамі мы таксама сталі адначасова. А вось Дзяржаўную прэмію БССР Дрынеўскі атрымаў на два гады раней. І нам не хапіла двух тыдняў (разваліўсяСавецкі Саюз) — і мы атрымалі б званне народных артыстаў СССР.
— У вас, як мне здаецца, ёсць не толькі зайздросныя сяброўскія адносіны, але і добрае творчае спаборніцтва.
— Ёсць, ёсць. І гэта натуральна. Але ў мяне ніколі не было чорнай зайздрасці, калі ў Міхася Паўлавіча атрымлівалася нешта цікавае, добрае. Я заўсёды радуюся любому поспеху Нацыянальнага хору. Аднак сам сабе думаю: трэба і мне нечым парадаваць, здзівіць гледача.
— А як вы з Дрынеўскім парадавалі і глыбока ўразілі гледачоў, калі сумесна падрыхтавалі цыкл праграм "Галасы Бацькаўшчыны". Гэта быў сапраўдны трыумф двух праслаўленых калектываў — Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча. У чым, на твой погляд, ашаламляльны поспех гэтых канцэртаў?
— Напэўна, у спалучэнні дзвюх магутных стыхій — народнай песні і народнага меласу. Магчыма, у тым, што мы змаглі абудзіць у слухачоў нешта глыбіннае, прыродна-геннае, закрануць запаветныя струны душы. А яшчэ, можа, у тым, што асяроддзе ў лельчыцкім Тонежы і ў вілейскіх Цынцавічах было аднолькавае...
— Дарэчы, пра Цынцавічы. Ты часта бываеш у роднай вёсцы? Як яна "пачувае" сябе цяпер?
— Як пачувае? Прывяду адзін прыклад. У свой час у вёсцы дзейнічала школа-сямігодка і былі нават паралельныя класы. Цяпер жа ўсяго шэсць вучняў. А чаму? Вёска, што мела некалі сто сорак двароў, вымірае. Моладзь з'язджае, застаюцца дажываць свой век толькі старыя. У некаторых дамах — ні душы.
— Вымірае вёска — значыць, знікаюць і носьбіты беларускай мовы. Ужо і вясковыя жыхары часцей за ўсё размаўляюць па-руску ці ў лепшым выпадку на вядомай трасянцы. Цябе гэта не трывожыць?
— Ведаеш што, пакуль будзе гэтая зямля, гэтыя людзі, на генетычным узроўні знішчыць беларускую мову немагчыма. Нашу вёску, магчыма, можна і папракнуць у тым, што яна адварочваецца ад свайго, роднага, але ёй жа трэба і падзякаваць за тое, што вытрымала страшэнны ціск савецкіх ідэолагаў на знішчэнне ўсяго нацыянальнага і ўсё ж захавала сваю ідэнтычнасць, няхай сабе і не ў такой ступені, як нашы суседзі-ўкраінцы.
— Міхась Антонавіч, ты ўжо больш за паўстагоддзя жывеш у горадзе. Ці застаецца якая сувязь з вёскаю?
— Сялянская закваска засталася ў мяне на ўсё жыццё. Я магу і каня запрэгчы, і за плугам, калі трэба, пахадзіць. Не магу бачыць, калі нейкі кавалак зямлі пустуе, зарастае пустазеллем. Грэх і сорам! Таму, атрымаўшы ў свой час дачны ўчастак, мы паставілі невялічкі садовы домік, а ўсе астатнія соткі былі старанна апрацаваны. На жаль, падтрымліваць такі парадак цяпер не хапае часу. Я з'яўляюся там раз у тыдзень, а то і ў два тыдні раз. Пад агарод пакінулі недзе соткі паўтары. Але калі бываю, то ўжо з шасці раніцы шчырую на градах. Мне гэта ў радасць. Люблю глядзець, як усё падымаецца, расце — бульбачка, цыбуля, агуркі... Гэта грэе мне душу.
— А чым яшчэ цешыш сваю душу? На чытанне застаецца час?
— Ну, па-першае, пасля таго, як я пакінуў пасаду рэктара Беларускай акадэміі музыкі, вольнага часу ў мяне крыху прыбавілася.
А па-другое, кніга для мяне — гэта святое. Можна недаесці, недаспаць, але застацца без кнігі — немагчыма. Люблю літаратуру класічную, рэалістычную. Яна мацней бярэ за душу. Помню, калі чытаў "Людзі на балоце" Мележа — плакаў. Лічу, што гэты раман нават мацнейшы за "Ціхі Дон". Ва ўсякім разе для мяне. А "Новая зямля" Коласа! Гэта сапраўды энцыклапедыя народнага жыцця, якую можна чытаць і перачытваць бясконца. Асабліва лірычныя, філасофскія адступленні. Захапляюся твораміШамякіна, Караткевіча, Быкава. З цікавасцю прачытаў нядаўна трылогію Гніламёдава пра заходнебеларускую вёску. Магчыма, твор напісаны крыху традыцыйна, але ў ім ёсць новы паварот у разуменні нашай гісторыі на пачатку ХХ стагоддзя.
Ведаеш, мы часам любім прыбядняцца, займацца самапрыніжэннем. Дык вось, калі гаварыць пра беларускую літаратуру, то мы з поўным правам можам ёю ганарыцца. На мой погляд, яна — адна з магутнейшых у Еўропе.
І наогул, не такія ўжо мы бедныя ў плане культуры. У нас вельмі і вельмі цікавы жывапіс. Узяць тую ж Віцебскую школу. Цудоўныя мастакі еўрапейскага маштабу! Плюс Бялыніцкі-Біруля, Хруцкі, Рушчыц, Шчамялёў, Савіцкі, Паплаўскі...
Што датычыцца музыкі, то прафесійна яна стала развівацца не так даўно, гадоў 70—80 таму. А раней усё, што ў нас стваралася, вывозілася ў Еўропу і там заставалася. І ўсё ж, нягледзячы на сваю маладосць, беларуская музыка мае значныя дасягненні, годна глядзіцца на еўрапейскім фоне. Асабліва сімфанічная музыка. Кожны раз, калі мы яе ігралі за мяжою, яна цудоўна прымалася.
— Што б ты назваў сваёй самай вялікай творчай і наогул жыццёвай удачай?
— У творчым плане — тое, што трапіў у выдатны калектыў народнага аркестра, да выдатнага дырыжора і цудоўнага чалавекаІосіфа Жыновіча. Самая вялікая жыццёвая ўдача — тое, што сустрэў сваю цяперашнюю жонку, Галіну Сяргееўну, з якой мы жывём ужо больш за 45 гадоў у ладзе і згодзе.
— Раскажы крыху пра сваіх сямейнікаў.
— У мяне цудоўная дачка Віка. Яна скончыла музычнае вучылішча, музычна-педагагічны факультэт Мінскага педінстытута. Піяністка. Працуе выкладчыкам у 9-й музычнай школе сталіцы. Сын Юрый — мой сябар, мая надзея. Скончыў музычную школу і мог бы ісці далей — здольнасцяў хапае. Але не захацеў — паступіў у радыётэхнічны. Цяпер працуе ў адной прыватнай фірме. А музыка засталася як хобі: іграе на гітары.
Маю траіх унукаў. Старэйшы, Аляксандр, ужо скончыў школу і пакуль шукае сябе. Сярэдні, Глеб, яшчэ вучыцца. А самая мая вялікая ўцеха — меншанькі, Міхаська, якому толькі год.
— І апошняе пытанне. Кажуць, што трэба служыць не музыцы, а музыкай служыць людзям. Ці згодны ты з гэтай формулай?
— Абсалютна згодны. Яно так і ёсць на самой справе. Музыка — гэта адно з самых дзівосных цудаў, створаных чалавецтвам. Бо хіба ж гэта не цуд, што тая ці іншая мелодыя можа абудзіць у чалавеку добрыя, светлыя пачуцці, выклікаць адчуванне радасці, замілавання альбо, наадварот, стварыць атмасферу смутку, тугі, прывесці ў стан раздражнення і гневу? Усё залежыць ад таго, якую музыку мы выбіраем. У народзе кажуць: "Хлеб ёсць траякі — белы, чорны і ніякі". Так і ў нашым выпадку. Музыка можа быць добрай, кепскай і ніякай. Мы імкнёмся несці людзям музыку добрую — тую, якая абуджае ў чалавеку імкненне да хараства, выхоўвае ў ім мастака, творцу, дае адчуванне вышэйшай духоўнай сферы. Самыя тонкія, самыя патаемныя пачуцці, самыя няўлоўныя рухі душы, якія непадуладныя часам звычайнаму слову, можна перадаць музычнымі гукамі. Невыпадкова П.І.Чайкоўскі любіў паўтараць: "Там, дзе канчаецца слова, — пачынаецца музыка".
А вось А.С. Пушкін быў перакананы, што з усіх асалод жыцця аднаму толькі каханню саступае музыка, але і каханне — мелодыя.
Служыць гэтай высакароднай справе — сапраўднае шчасце.
Гутарку вёў
Зіновій ПРЫГОДЗІЧ.
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.