Вы тут

Нясвіжскія «залатыя апосталы»: не знайсці, дык уявіць


Інтэрактыўная экспазіцыя павінна з'явіцца ў музеі-запаведніку

Пра гэта паведаміў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Клімаў у дзень адкрыцця вечароў Вялікага тэатра, што прайшлі ў выхадныя ў палацава-замкавым комплексе. Прынамсі, прыватная кампанія з Бельгіі прапаноўвае зрабіць "пад ключ" экспазіцыю пад назвай "Легенды Нясвіжа: 12 апосталаў" з новымі інтэрактыўнымі формамі.

— Існуюць кампаніі, якія робяць экспазіцыі "пад ключ". Нам удалося выйсці на кампанію, якая займаецца шклом з 1826 года, прыкладна 30 працэнтаў іх прадукцыі — музейныя вітрыны і абсталяванне (асвятленне, сігналізацыя, супрацьпажарныя меры), — патлумачыў Сяргей Клімаў. — Яны ўжо паставілі свае вітрыны ў 1200 музеяў свету, сярод якіх "Метрапалітэн", "Луўр", "Эрмітаж". Нас зацікавіла тое, што яны атрымліваюць ідэю і пачынаюць з ёй працаваць, каб ажыццявіць пры дапамозе сучасных сродкаў. Безумоўна, канцэпцыю і тэхнічнае заданне пішам мы. Яны прапаноўваюць варыянт, як гэта прадставіць гледачу. Зараз мы ў стадыі перагавораў па гэтым праекце. Гэта кампанія найбольш значная з усіх кандыдатаў. Але, тым не менш, мы абвесцім тэндар і выберам лепшых.

У бліжэйшы час у Нясвіжскім палацава-замкавым комплексе павінны з'явіцца 3 новыя экспазіцыі. Ужо ажыццявілі рэканструкцыю калекцыі ў ратушы — дзеля гэтага набылі калекцыю бытавых прадметаў у прыватнага калекцыянера. Паводле слоў дырэктара, музей не стаіць на месцы, развіваецца, зарабляе сам і атрымлівае фінансаванне з дзяржаўных крыніц:

— Былі размовы пра тое, каб мы захавалі 50 працэнтаў фінансавання дзяржавай і яшчэ 50 працэнтаў зараблялі самі, як некаторыя музеі за мяжой. Зараз фактычна так і атрымліваецца. У нас добры заробак. Але да тых грошай, якія выдаткоўвае дзяржава, мы яшчэ столькі ж укладваем у развіццё музея самі. Купляем абсталяванне — напрыклад, музейныя вітрыны. Фактычна мы выйшлі на 70 працэнтаў акупляльнасці — гэта ў сусветных маштабах на ўзроўні "Луўра", "Эрмітажа". Пакуль нам выдаткоўваюць фінансаванне з тым, каб захаваць калектыў і даць магчымасць музею развівацца. У нас вялікі паток турыстаў (больш за 10 тысяч наведвальнікаў), хоць мы і думалі, што гэта будзе толькі напачатку пасля адкрыцця. Але ажыятаж захоўваецца, увесь час у нас экскурсійныя групы, асабліва шмат іх у выхадныя дні. На жаль, людзі не хочуць слухаць нашых парад, каб больш прыязджалі сярод тыдня. Але ж і ў будныя дні ў нас ёсць турысты.

Цяпер у музеі "Нясвіж" акрамя экскурсій праходзіць шмат розных мерапрыемстваў. Кожную суботу і нядзелю ў палацы Радзівілаў гучыць жывая музыка — дапамагаюць партнёры з ансамбля "Кантабіле". Іх можна паслухаць у капліцы і сталовай зале, і гэта ўключана ў кошт квітка. Дарэчы, капліцу не так даўно асвяцілі, і цяпер у ёй могуць праходзіць набажэнствы. І калі хто плануе шлюбную цырымонію ў тэатральнай зале палаца, то могуць дамовіцца і пра вянчанне. Але пакуль такіх замоў яшчэ не было.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. 

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.