Вы тут

Рэйдарства: высокаінтэлектуальны бізнес ці злачынства?


Як часта мы чуем сёння словы "рэйдар", "рэйдарскі захоп". Асабліва па папулярным у нас расійскім тэлебачанні. І ў грамадства фарміруецца вобраз дзядзькі-злачынцы, які пачкамі "прыхватызуе" заводы ды фабрыкі. Аднак складваецца ўражанне, што гэта недзе там, а ў Беларусі такой праблемы няма. Сапраўды, такіх маштабаў рэйдарства ў нас быць не можа: і краіна не такая вялікая, і дзяржаўны сектар у эканоміцы па-ранейшаму буйны. У той жа час, аказваецца, і мы маем падобных "умельцаў" па адборы чужой маёмасці. Афіцыйна даказаць факт рэйдарскага захопу вельмі складана, і статыстыкі па такіх злачынствах у нас няма. Але прыклады падобных да рэйдарства дзеянняў ёсць. Яшчэ больш насцярожвае гэта, калі ўлічыць, што Расія з дзесяццю тысячамі "захопаў" у год цяпер знаходзіцца з намі ў Адзінай эканамічнай прасторы. Наіўна спадзявацца, што да нас гэтая "зараза" не прыйдзе. Аб тым, як ад гэтага абараняцца і ці ёсць увогуле ў Беларусі рэйдарства, ішла гутарка на пасяджэнні "круглага стала" ў Мінскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

Што такое рэйдарства?

"Я, як юрыст, магу сказаць, што слова рэйдарства ў нас даўно фігуруе на тэлебачанні, па радыё, у прэсе, аднак у заканадаўстве такое паняцце адсутнічае, — распавядае Вадзім Барадуля, начальнік юрыдычнага аддзела грамадскага аб'яднання "МССПіП". — Увогуле рэйдарства — гэта шматузроўневая паэтапная схема законных і незаконных дзеянняў, накіраваных на палягчэнне захопу прадпрыемства, яго варожага паглынання, якое прадугледжвае ўсталяванне кантролю над кампаніяй насуперак волі ўласнікаў. Спецыялісты вылучаюць крымінальнае і "законнае" рэйдарства. Першае, зразумела, звязана са злачынцамі.
А вось у апошнім выпадку прымяняецца праца высокакваліфікаваных юрыстаў, эканамістаў, якія знаходзяць законныя, напаўзаконныя спосабы адбірання маёмасці, добра ведаюць драбніцы і нюансы прававога рэгулявання бізнесу. Гэта высокаінтэлектуальны і высокарызыкоўны бізнес". Юрыст канстатуе, што ў нашай краіне нашмат менш рэйдарскіх захопаў, чым у Расіі

: "Гэта звязана з захаваннем значнага дзяржаўнага рэгулявання ў розных аспектах і наяўнасцю разгалінаванай сістэмы кантролю, а таксама з тым, што ў большасці выпадкаў буйныя прадпрыемствы з'яўляюцца дзяржаўнымі, у адрозненне ад Расіі ці Украіны. Але, тым не менш, мы атрымліваем сігналы аб спробах захопаў". Дарэчы, для захопу лепш за ўсё падыходзяць адкрытыя акцыянерныя таварыствы, акцыі якіх знаходзяцца ў вялікай колькасці людзей. Аднак і прадпрыемствы іншых формаў уласнасці таксама становяцца ахвярамі рэйдараў.

Падобна да рэйдарства

У якасці прыкладу на пасяджэнні "круглага стала" была ўзята сітуацыя, у якой аказалася закрытае акцыянернае таварыства "Магазін "Талін". Былы дырэктар універсама Віктар Янушкоў і яго памочнік Аляксандр Паўлаў праінфармавалі ўдзельнікаў пасяджэння аб тым, што, па іх меркаванні, яны сутыкнуліся з рэйдарскім захопам, які распачаўся яшчэ ў 2010 годзе. Згодна з іх інфармацыяй, група асоб, узначаленая пэўным грамадзянінам, ужо зрабіла захопы некалькіх іншых універсамаў, а зараз ажыццяўляе тое самае з "Магазінам "Талін". Віктар Янушкоў сцвярджае, што "незаконным шляхам захоплены акцыі магазіна, звольнены кіраўнічы састаў і шэраг ключавых супрацоўнікаў праз пагрозы і неправамерныя дзеянні, а таксама без згоды акцыянераў праводзіцца незаконная рэарганізацыя прадпрыемства і здача ў наём трэцім асобам". А пачыналася ўсё з таго, што група асоб пад відам інвестараў увайшла ў склад акцыянернага таварыства. Потым паступова былі скуплены акцыі з мэтай авалодаць кантрольным пакетам.

Былы дырэктар спрабуе змагацца з такімі дзеяннямі праз суд, але пакуль гэта не прыносіць ніякіх вынікаў. "Фактычна нічога незаконнага ў скупцы акцый няма", — гаворыць Аляксандр Міранічэнка, дырэктар Дэпартамента па санацыі і банкроцтве Міністэрства эканомікі Беларусі. У той жа час, ён задаецца пытаннем, наколькі гатовы суды да разгляду падобных спраў — напрыклад, аб банкруцтве: "Я лічу, што сёння нагрузка на суддзяў, якія разглядаюць справы аб банкруцтве (а гэта складаныя справы), надзвычай высокая. Напрыклад, у Гаспадарчым судзе горада Мінска суддзя разглядае каля 800-900 агульных спраў і плюс яшчэ 50-100 спраў аб банкруцтве. Я б назваў актуальнай тэму стварэння сістэмы спецыялізаваных судоў".

Ад карыснага да шкоднага — адзін крок

Уладзімір Карагінстаршыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, старшыня прэзідыўма Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, сцвярджае, што "мы адзіная краіна ў Еўропе і ЕўрАзЭС, якая не мае незалежнага антыманапольнага камітэта. У нас не праводзяцца даследаванні рынкаў. Мы зараз знаходзімся ў адзінай прасторы з Расіяй і Казахстанам. У Расіі штогод адбываецца 10 тысяч рэйдарскіх захопаў, і аб гэтай праблеме гаворыцца на ўзроўні прэм'ер-міністра і прэзідэнта. Калі ў нашых суседзяў гэта ёсць, хто гарантуе, што рэйдары не прыйдуць да нас?" Пытанне і непакой Уладзіміра Карагіна можна зразумець: перад тварам пагрозы мы не маем амаль ніякай зброі для супрацьстаяння. "Наша Міністэрства эканомікі актыўна працавала па гэтай тэме, каб супрацьстаяць негатыўным аспектам рэйдарства. Бо бывае карысна, калі слабыя знікаюць, а на іх месца прыходзяць моцныя. Карысна, калі з рынку сыходзяць непрафесіяналы, неканкурэнтаздольныя кампаніі. Гэта закон рынкавай эканомікі. Аднак у нашай краіне ў сувязі з тым, што не завершана фарміраванне рынкавага заканадаўства, правапрымяняльная практыка адстае, у рэйдараў ёсць магчымасці для эфектыўнай працы, — лічыць кіраўнік саюза. — Мы разумеем, што праз наш саюз мы бачым толькі частку сітуацыі, але нават толькі ў нашу арганізацыю паступаюць скаргі аб спробах рэйдарскіх захопаў. І лік іх ідзе на сотні".

Адна з галоўных прычын спрыяльных умоў для рэйдараў, на думку Уладзіміра Карагіна, заключаецца ў тым, што ў нас няма інстытуту карпаратыўнага кіравання (узаемадзеяння паміж акцыянерамі і кіраўніцтвам кампаніі). У выніку атрымліваецца, што гатоўнасць прадаць свае акцыі любому, хто прапануе грошы, у нашым грамадстве вельмі вялікая. Людзі не здольныя ацаніць наступствы: "Мы павінны рыхтаваць грамадства.
У нас сёння мільён уладальнікаў акцый", — рэзюмуе старшыня саюза.

Складана рэйдарам — складана і інвестарам

"На шчасце, мы гэтай тэмай (рэйдарствам. — Аўт.) валодаем у асноўным па вопыце нашых суседзяў. Аднак, безумоўна, такая праблема сёння існуе, — кажа Аляксандр Міранічэнка. — "Чорнае" рэйдарства ў нас не мае распаўсюджвання. У любым выпадку не было ніводнай падобнай справы. А "белае" рэйдарства — гэта недасканаласць заканадаўства. А калі казаць у цэлым аб гэтай з'яве, то рэйдарства — гэта карупцыя. Паколькі ўзровень карупцыі ў Беларусі нізкі, заканадаўства (няхай у чымсьці і недасканалае) у сэнсе антырэйдарства даволі жорсткае, рэйдарам у нас цяжка. Ёсць, вядома, і праблемы антыманапольнага рэгулявання. Таму гэтая тэма вельмі актуальная". А каб заканадаўства было больш дасканалым, прадстаўнік Міністэрства эканомікі заклікае бізнес і грамадскасць далучацца да працы яшчэ на стадыі распрацоўкі законапраектаў: "Калі ёсць нейкія "прабелы", праблемы, то гэта трэба абмяркоўваць, і, я думаю, можна будзе своечасова ўнесці змяненні. Тым больш што ў нас у Беларусі, у адрозненне ад многіх краін, ёсць аператыўная магчымасць прыняцця актаў кіраўніком краіны".

У Расіі часта захоп прадпрыемстваў адбываецца праз працэдуру банкруцтва. "У нас вельмі складана гэта зрабіць. Ёсць "абарончы перыяд", калі ідуць праверкі, ці сапраўды прадпрыемства банкрут. Гэта выключае выпадкі лжывага банкруцтва. На будучыню, зразумела, разлядаецца перспектыва больш адкрытай працэдуры".

А вось Леанід Фрыдкін, эканаміст, галоўны рэдактар "Эканамічнай газеты", кажа, што "ў нас часта ўспрымаецца як рэйдарства любая спроба штосьці купіць. Пакуль дзяржава займае такое гіпертрафіраванае месца ў эканоміцы, рэйдарам застаецца вельмі мала месца для манёўру. З аднаго боку, гэта добра. З іншага, гэта кепска ўплывае на інвестыцыйны клімат краіны".

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Культура

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Мы правялі ў кампаніі опернай дзівы ўсяго толькі адзін дзень, але так і не змаглі разгадаць яе таямніцу: дзе ж хаваецца ў яе сутках 25-я гадзіна?

Грамадства

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Сваім вопытам з чытачамі «Звязды» дзеліцца вядомая беларуская тэлевядучая Марыя Лемешава

Грамадства

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я.