Чырвоная ліса, сіні воўк і дзед-беларус з'явіліся на вуліцы Ціміразеўскай у Магілёве. Яркія стыльныя малюнкі ўпрыгожылі звычайную цагляную сцяну аднаго з прадпрыемстваў і адразу сталі славутасцю горада. Людзі падыходзяць, фатаграфуюцца на фоне маляўнічай сцяны і дзякуюць мастаку, які завяршае сваю працу.
Стварыў гэтую прыгажосць Максім Самасевіч, 20-гадовы студэнт з Віцебска, будучы дызайнер. Гэта адбылося па ініцыятывекампаніі "Будзьма беларусамі!
" і пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама.
Даўжыня твора — больш за 50 метраў. Ліса і воўк, на спінах якіх трымаецца паселішча і яго жыхары, — гэта гістарычнае палатно, якое абазначае рух жыцця.
— Паводле старажытнага славянскага календара, — тлумачыць мастак, — мы з "пакоя лісы" пераходзім да "пакоя ваўка". Так што жывём у эпоху перамен. І спадзяёмся, што гэта да лепшага.
Дзед у вышыванай кашулі з'яўляецца ахоўнікам Магілёва, ён абдымае і зберагае горад. Працяг малюнка — арнамент, у які ўплецены словы: "радасць", "жыццё", "кола", "развіццё", "дастатак" і іншыя. І вянчае кампазіцыю актуальны слоган: "З павагай да мінулага, з гонарам у будучыню. Магілёў — культурная сталіца СНД і Беларусі 2013".
Гарадскія ўлады абяцаюць не спыняцца на адным творчым эксперыменце. У апошнія месяцы горад літаральна захліснула хуліганства ў стылі графіці: сцены будынкаў бязлітасна размалёўваюцца невыразнымі надпісамі. Гараджане незадаволены знешнім выглядам дамоў, камунальныя службы скардзяцца на выдаткі па прыбіранні і рамонце, міліцыя ловіць "мастакоў" і штрафуе, а сродкі масавай інфармацыі ўгаворваюць паводзіць сябе прыстойна і паважаць людзей і горад.
У гарвыканкаме ж вырашылі накіраваць творчую энергію графіцістаў у пазітыўнае рэчышча. "Палатно гісторыі ў стылі графіці" — першая спроба, а бліжэйшым часам абяцаюць правесці магілёўскі фэст па стрыт-арце. Сумных сцен у горадзе яшчэ дастаткова, а хочацца радасных фарбаў.
Ілона Іванова.
Фота аўтара
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.