Вы тут

На калясцы — да перамог!


Нягледзячы на трыццаціградусную спёку на стадыёне сталічнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Серабранка" было шматлюдна. Там праходзіў штогадовы мемарыял імя Мікалая Каўбаскі. Пад гукі ваеннага аркестра інваліды-калясачнікі практыкаваліся ў фігурнай яздзе, цалялі дроцікамі ў мішэнь для дартса, рабілі заезд на некалькі тысяч метраў, гулялі ў настольны тэніс і новус — латвійскую разнавіднасць більярда... А на ўваходзе людзей сустракала фотавыстава "Багіня жаноцкасці". Словам, інваліды-калясачнікі паказвалі на ўласным прыкладзе, што жыць актыўна ім нішто не перашкаджае.

Сваю назву мемарыял носіць не дарэмна. На рахунку Мікалая Каўбаскі — стварэнне першага беларускага таварыства інвалідаў. Пазней ён жа быў першым чалавекам, прыкаваным да каляскі, якога абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Карацей, гэты чалавек не пасаваў перад узнікшымі на яго шляху цяжкасцямі. А змагаўся з імі. Перамагаў.

— Мы арганізуем гэтае свята не дзеля выключна спартыўных спаборніцтваў. Хочам паказаць усім ахвотным, што тыя, хто не можа рухацца без каляскі, аб'яднаны адной ідэяй, маюць моцны дух, — разважае старшыня савета грамадскага аб'яднання "Рэспубліканская—асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў" Валянціна Гапон. — Гісторыя мемарыяла адлічвае ўжо пяць гадоў. Што адметна, з кожным разам удзельнікаў становіцца ўсё больш. Так, сёлета да нас прыехала амаль паўтары сотні гасцей з усіх рэгіёнаў краіны.

Больш за тое, мемарыял даўно перасягнуў беларускія межы. Па традыцыі, на мерапрыемства завіталі госці з Літвы. Кіраўніком дэлегацыі на гэты раз стаў прадстаўнік горада Алітуса Раландас Баранаўскас. Там ён узначальвае мясцовы спартыўны клуб інвалідаў "Алітупіс", які рэгулярна ўдзельнічае ў агульналітоўскіх спаборніцтвах.

— Сюды прыехалі ўчатырох, — гаворыць капітан літоўскай каманды. — Удзельнічаем ва ўсіх відах спартыўных спаборніцтваў. На радзіме ж арганізоўваем разнастайныя турніры сярод інвалідаў-калясачнікаў. Ёсць у нас спартсмены, якія ўдзельнічаюць нават у сусветных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, баскетболе... На жаль, пакуль праблемы адаптацыі інвалідаў да навакольнага асяроддзя існуюць паўсюль — як у Беларусі, так і ў Літве. Але яны паступова вырашаюцца. Так, за дзесяць апошніх гадоў зроблена шмат чаго: на многіх ганках з'явіліся пандусы, стала лягчэй карыстацца грамадскім транспартам.

Тон святу задавалі вядомыя прафесійныя спартсмены-паралімпійцы. Сярод іх — двухразовая чэмпіёнка свету ў лыжных гонках Людміла Ваўчок. На яе думку, для спартсмена не можа быць дрэннага надвор'я:

— Трыццаць градусаў у цені мяне не палохаюць. Наадварот, я заўжды стараюся трэніравацца ў крыху экстрэмальных умовах — снег, дождж, спякота... І нават удзел у сённяшнім свяце я разглядаю як адну з трэніровак. Здавацца не трэба ніколі, нягледзячы ні на якія абставіны.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.