Вы тут

Зарэчны гай і бор


Адна з адметнасцяў нашага беларускага края — наяўнасць вялікіх, сярэдніх і малых вёсак. Вялікія вёскі — гэта мястэчкі, якія налічвалі больш як сто двароў, сярэднія — палову таго. А малыя вёскі часам называлі хутарамі — тры-пяць дворышчаў. Памяць пра такую малую вёску не пакідае і аўтара радкоў.

Вясковыя хаты не дабеглі да цёмнага, высокага, безназоўнага лесу літаральна паўста метраў. Спыніліся на раўнінным пляцы, перад невысокім схілам да прылеснага лугу. На тым лужку навязвалі на ланцугу кароў. З раніцы, калі трава зіхацела россыпам дыяментаў расы, кожны гаспадар вёў карову да лугу, прымяраў на вока адлегласць ад жалезнага кала, які трэба было ўбіць у дол, да бліжэйшага куста, каб карова не зачапілася ланцугом. Малатком убіваў кол, звон, як з царкоўнай званарні, ляцеў далёка. Густа зелянеліся астравы нявыедзенай травы. Каровы іх звычайна нюхалі і не скублі. Чаму? Выраслі тыя астравы травы на ляпёхах тых жа кароў і пэўна ад іх падымаўся непрыемны пах...

Ядранае ранішняе паветра падавалася густым, настоеным на начной цішыні, пахах лесу, лугавых кветак, свежай салодкай травы. Скублі каровы траву між гэтых астравоў, выгрызалі, як казалі дарослыя, да самай зямлі, — хоць гэтыя міжастраўныя крывыя дарожкі мелі дробную толькі-толькі выраслую травіцу. Гэта мог быць крыху падрослы, неакрэплы дзяцельнік, з трыма зялёнымі лісцікамі на бела-зялёнай кароткай ножцы. Над ім звычайна высіліся ягоныя белыя галоўкі. У іх было мноства белых варсінак, у якія ўпіваліся джалам руплівыя пчолы: торкне свой нос у белую варсінку, нечага смактане, і тады ўжо турбуе другую. І так гэта малая пчала была занята сваёй працай, клопатам, што не звяртала ні на каго ўвагі. Нечым нагадвала такую ж руплівую, старэнькую, прыгорбленую кабету, якую можна было бачыць у полі на праполцы лёну ці буракоў.

Хаты вёскі былі крытыя саломай, і сваю залацістасць салома захавала толькі спадыспаду. Залезеш на гарышча, зірнеш уверх — салома свежая, прыгожая, нібы яе толькі ўчора зжалі жнеі сярпамі.

Зверху ж саламяны дах — блякла-жоўты, даволі невясёлы. Чорныя штрыхі падгнілай, сшэрхлай саломы надавалі самабытнасці, але не ўсцешвалі вока. Страха, як і ўсё жывое, існае таксама старэла.

Безназоўны лес жыў сваім жыццём. Не меў падлеска, пачынаўся адразу са строю высокіх, калматых, з цяжкімі калючымі лапкамі хвой. Хвоі загадкава маўчалі, нібы ўпотай аб нечым думалі. І ні з кім думамі не дзяліліся. Калі ветрыла і вецер то ападаў да лугавой дарогі, то ўзлятаў уверх пад цёмныя хмары, цяжкія хвоі калыхаліся, нібы ківалі галовамі, наракаючы на шаленства ветру. Тут дарэчы сказаць, што луг з двух бакоў справа-злева абступалі так званыя хмызы. Трымцела там пад ветрам зялёнае, з бляскам, як памазанае алеем, лісце бяроз. Паблісквала разлапістая дурманліва-духмяная лістота алешын, якія вельмі ўжо жадалі блізкага суседства з ручаінай, нечым падобнай на спрамлены і неглыбокі меліярацыйны канал з акруглымі берагамі. І хмызы абапал яго былі як бы флігелямі цёмнага палаца безназоўнага лесу. Калі вечар накідваў на прыроду чорную апратку, ён падаваўся пахмурным, насупленым, падобным на сярдзітага мядзведзя. І ўсё гэта мне было бачна з акна другой палавіны нашай хаты, дзе стаялі ложкі, шафа, стол на куце.

Сям'я суседзяў была вялікая: бацька, маці, шасцёра дзяцей. Двое старэйшых сыноў жылі самастойна ў горадзе, які называлі — Паўночная Пальміра Расіі

.

У безназоўным лесе ягаднікаў амаль не было, найбольш туды хадзілі па грыбы. Праўда, у лясных нізінах з зялёнай, густой, тонкай, як іголка, травіцай, стаялі невысокімі парасонамі кусты чарніцаў. Іх збор пачынаўся звычайна ў пачатку ліпеня. І дзеці з вялікай сям'і суседзяў роснай раніцай без асаблівага гоману ішлі ў лес па чарніцы. Вярталіся адтуль пад абед, неслі ў слоіках круглыя, буйныя, з бляскам на дымчатых шчоках ягады. Ад іх падымаўся салодкі пах, як ад сырадою. Убачыўшы ў слоіках суседзяў так багата чарніц, здавалася, што ўвесь лес повен імі.

У чарніцы мне даводзілася хадзіць са старэйшай сястрой. Яна збірала іх адразу ў трохлітровы бітончык, а я ў кубак. Назбіраўшы, высыпаў у бітончык. Сястра хваліла маю стараннасць і ўсё казала: "Давай-давай, збірай... Хутчэй дадому пойдзем!". Тут, у чарнічніку, сонца не было. Ляжалі цёмныя лапікі ценяў, на той жа густой, зялёнай травіцы, падобнай на мох, толькі іншага выгляду і якасці. Шызыя чарніцы не вельмі ахвотна зрываліся з галінкі. Патрэбна было цярпенне. Ягада да ягады — вось і дно закрыта! Яшчэ крыху пазбіраў — вось ужо і палова кубка. А там трэба і да завяршэння — дазбіраць. Збіранне ішло як бы ў тры этапы. Праўда, перш чым падступіцца да новага вострава чарнічніку, глядзіш на мшасты дол, а мо там дзе цёмна-жоўтая з чорнымі крапінамі змяя затаілася? Сустрэча зусім непажаданая. Аднак страх дарэмны, у чарнічніку змяя не жыве і не хаваецца. А сярод высокага зялёнага папаратніку ўбачыш яе на сонечным лапіку — любіць змяя сонца, як і ўсё жывое.

У лесе без назвы не мог знайсці сабе разгону свавольны вецер, блытаўся ля ног высокіх хвой і ў калючых лапках. Ён спрабаваў, і гэта яму ўдавалася з цяжкасцю — выгнаць з лесу ранішнюю прахалоду і начныя чорныя цені. Праўда, яны так і заставаліся між хвой, асабліва любілі схавацца ля долу.

Вяртаючыся з ягад, ідучы па лясной, з квёлай травой дарозе, бачыў тыя начныя цені. І глядзелі яны на людзей спадылба, недаверліва, падазрона, як пакрыўджаны бадзяга.

За лесам без назвы за нешырокім падоллем, што прасціралася на паўвярсту па гарбе ўзвышша, тулілася ўжо да другога лесу цёмная лясная рэчка Восліўка. І ад таго вада цёмная, што такія ж калматыя хвоі стаялі па яе правым беразе і не прапускалі да вады сонечнага святла. Мірылася з гэтым лясная рэчка — бегла вада, спяшалася да прылеснай лукі, да лугу, дзе святла ўдосталь! Шырыні тая рэчка мела якіх пяць метраў, але гледзячы дзе і ў якім месцы. Па вірах рэчышча яе шырыцца, выкругляецца... І кружляла там вада, як зачараваная рачным бажком — Вадзянікам. Віры мелі свае нябачныя крыніцы — прыліў дадатковай вады. Ямы і паглыбленні ўтваралі віратокі. Часам, бачыў, вада ў вірах кружыцца, як плыта грамафона, і ўтварае варонку. Зразумела, гэта ідзе адток вады ў нябачную падземную артэрыю. Водныя артэрыі праходзілі пад паверхняй зямлі. Непажадана трапляць у такія "варонкі", бо можа зацягнуць у прадонне...

У сям'і суседзяў была старэйшая дачка Ева. Стройная, высокая, з няспешнай хадой і гаворкай. Насуперак сваім крэўным, у якіх гаворка была хуткая, як і хада, вось такая спакойная дзяўчына. Чорныя валасы не заплятала ў касу, звязвала ў хвосцік. На галаве бялеў прабор паміж расчасаных валасоў. Спакойныя зеленаватыя вочы Евы глядзелі на суразмоўцу ўважліва, светла. Праўда, хаваўся ў іх дзявочы сум. Мо па прыгажосці жыцця, па бязбеднасці, а мо па каханаму? Ева была старэйшая за нас усіх — на тры, пяць гадоў. Простай падавалася яе хада, размова, але здавалася ўсё гэта вонкавае, а ў ёй самой жыве анікому невядомая тайна!.. Мо гэта яе мары, жаданні? Ці няўпэўненасць, што яны здзейсняцца? Пасля заканчэння дзесяці класаў, лічы, уся местачковая моладзь кінулася абжывацца ў сталіцы. А Ева паехала паступаць у малавядомы правінцыйны гарадок у сельскагаспадарчы тэхнікум! Але не паступіла, стомленая, крыху асамотненая, вярнулася да бацькоў. Потым яна ўсё ж, як і ўсе, падалася ў сталіцу, у вучылішча будаўнікоў. Рашыла займець спецыяльнасць тынкоўшчыцы.

І вось улетку, у ліпені, у добрым настроі, Ева нам усім прапанавала: "Давайце сходзім па маліны! За раку-у!". У яе пявучым голасе адчувалася жаданне пабываць менавіта там, за ракой, дзе я, напрыклад, ні разу не быў. І гэты наш паход па маліны, у лес за раку, быў у пасляабедзенны час! На памянёным узвышшы пасвіліся каровы, у сонечным жоўтым, як мёд, святле, уверх-уніз ляталі мошкі. Мядовае святло стаяла ў прасторы над гарой — залатым цыліндрам. Зарэчны лес дыхаў на нас са сваіх нетраў цёплым, мяккім, крыху вільготным духам. Гушчэча шараватай зеляніны па краі лесу святлела ад сонца.

Дзве жэрдкі, пакладзеныя праз раку, служылі кладкай. Па іх мы лёгка прайшлі на другі бераг. Сцяжына між зялёнай невысокай травы клікала ў гушчар. Дол быў лёгкі, здавалася, яшчэ крыху, і ён падкіне цябе ўверх і паляціш над ім, як птушка. Паветра таксама было лёгкае, з пахам сасны і ледзь улоўным водарам маліны. Белыя-белыя бярозы, як вымытыя, да таго ж тоўстыя, спакойна высіліся над дарогай і намі. Глядзелі на нас паблажліва і па-сяброўску. Сэрца заходзілася ад радасці і захаплення! Хочаш бегчы па дарозе — бяжы, крычаць — крычы!.. Чамусьці гэты Зарэчны лес скідваў з душы прыгнечанасць. Ствалы бяроз — мяккія, цёплыя, за іх чарадой пачынаўся сасновы бор. Сосны стаялі вольна, праз тры метры адна ад адной. І кусціўся між іх папаратнік. Вярхі папаратніку сышліся і ўтварылі адзіную цэлую зялёную коўдру...

Кожнае нашае слова гулка ляцела па бары і нехта нябачны, зводдаль ад нас, паўтараў яго. Крыкнеш: "Гоў!" і праз імгненне нехта здаля паўторыць: "Гоў!".

Ева тупала па лясной дарозе няспешна і ўсміхалася. Несумненна, ёй тут падабалася. Пэўна, яна яшчэ раней пабывала тут, упадабала зарэчны лес і рашыла нам, малодшым, паказаць цудоўны бярозавы гай, за якім адразу ж пачынаўся бор!

У тыя гадзіны ў лесе панавала асаблівае хараство і спакой. Вершаліны сосен трымалі на галінах лёгкія аблокі. І аблокі заспакоена, з вышыні, глядзелі на нас. Залацістае святло ляжала на ствалах сосен, траве і на прасцірадле з папаратніку.

На дзялянцы густа рос маліннік, дзе мы вельмі хутка назбіралі маліны, бо ягада — буйная. І спяшаючыся, каб ноч не заспела, вярнуліся дамоў. І праз гады зарэчны гай і бор глядзіць мне ў вочы — золатам святла на ствалах сосен, папаратніку і травы на лясной дарозе.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.