Вы тут

"Крыніца" запрашае на экскурсіі. І чакае буйных інвестараў


Ужо ў жніўні любы ахвотны зможа наведаць адно са старэйшых нашых прадпрыемстваў піваварнай галіны. Адкрытае акцыянернае таварыства "Крыніца", падобна чэшскім піваварням, плануе наладзіць у сябе на прадпрыемстве платныя экскурсіі з дэгустацыяй.

— Любы, хто пажадае, павінен мець магчымасць убачыць вытворчы працэс аднаго з буйнейшых, кансерватыўных, старэйшых прадпрыемстваў Беларусі, — кажа генеральны дырэктар таварыства "Крыніца" Рыгор ПЯТКЕВІЧ. — Сёння мы пастаянна вядзём работу па нарошчванні магутнасцяў. Попыт унутры нашай краіны абмежаваны, і сёння, на жаль, не расце. У тым ліку з-за пастаяннага росту акцызаў. А вось попыт на замежных рынках расце пастаянна. Таму да наступнага летняга сезона мы плануем прыцягнуць замежныя інвестыцыі і ўсталяваць яшчэ адну лінію па вырабе піва. Для ўнутранага рынку ўжо ў гэтым цёплым сезоне прапануем новы гатунак больш шчыльнага квасу браджэння "Лета 988". Згодна з легендай, гэта год нараджэння напою, які супаў з часам хрышчэння Русі

. Выпускаем з чэрвеня і безалкагольны прадукт з сокам чарніц, лясной маліны і журавін...

Апошнія гадоў дзесяць таварыства "Крыніца" развівалася толькі за кошт крэдытаў, а таму ўсе заробленыя сродкі ішлі на іх пагашэнне. Зараз жа, як адзначаюць на прадпрыемстве, ёсць патрэба ў прамых уліваннях — дзяржаўных або замежных інвестараў. Гэтыя ўліванні не прападуць задарма, паколькі такія гатункі, як "Крыніца светлае", "Крыніца класіка", "Александрыя", "Kult Пшанічнае", высока адзначаны на міжнародных конкурсах. Найбольш актыўна піўная прадукцыя адгружаецца ў Расію, Казахстан, Прыбалтыку, ва Украіну. Вядуцца перамовы нават з Польшчай, куды сёння складана прабіцца беларускім піваварам.

Спадар Пяткевіч перакананы, што валодае лепшым патэнцыялам у галіне па забеспячэнні якасці прадукцыі. А начальнік упраўлення вытворча-тэхнічнай дзейнасці Ірына КАРЧЭЎСКАЯ нагадвае, што піва на "Крыніцы" вырабляецца паводле класічных традыцый: "У піўным ячмені павінна быць не больш за 12 працэнтаў бялку. Чым менш, тым, вядома, лепш, паколькі бялок пазней неабходна выдаліць — падчас гатавання, адстойвання... Зерне, якое мы набываем, — беларускае, прычым як дзяржаўнае прадпрыемства мы маем пэўныя прэферэнцыі па адборы ўраджаю падчас уборачнай. Намочаны, прарошчаны і высушаны ячмень — гэта солад. Ячменны солад — класіка для вытворчасці піва. Хоць сёння вытворцы імкнуцца пашыраць колькасць гатункаў піва і дадаюць іншыя зернепрадукты, дазволеныя для вырабу напою. Гэта можа быць рыс. Мы працуем толькі на соладзе. Адзін гатунак вырабляем з соладу пшанічнага. Апошнім часам удаецца атрымліваць свой дастойны пшанічны солад".

Святлана БАРЫСЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.