Вы тут

Будатрад: каб запісацца, трэба было паспяшацца


Уладкавацца ў студэнцкі атрад — значыць, скарыстацца шанцам зарабіць, цікава адпачыць і пашырыць кола сваіх сяброў. Тут кожны сам выбірае справу па душы. За перыяд з 1 мая ў складзе студэнцкіх атрадаў пачалі працаваць 3222 чалавекі, а індывідуальна працаўладкаваліся яшчэ 347, што ў цэлым у параўнанні з мінулым годам больш на 800 чалавек. Пра перспектывы летніх працоўных канікул расказала другі сакратар грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Альбіна Сычэўская.

— Калі казаць пра колькасць запытаў ад працадаўцаў і ахвотных працаваць, то якая тут сітуацыя?
— Па стане на чэрвень у нас ужо заключана 930 дагавораў — а гэта ў параўнанні з мінулым годам на 3 тысячы працоўных месцаў больш. Кампанія па заключэнні працоўных дагавораў пачалася яшчэ ў студзені і зараз уступае ў сваю актыўную фазу. Актыўнасць студэнтаў таксама большая, чым летась, бо нехта ўжо мае вопыт і хоча яго паўтарыць, а хтосьці чуе водгукі сяброў і таксама загараецца жаданнем паспрабаваць. Сёлета наш студатрадаўскі рух адзначае свой 50-гадовы юбілей: у 1963 годзе першыя беларускія будаўнічыя атрады, дзе было 2,5 тысячы студэнтаў, выехалі на будаўніцтва ў Казахстан. З нагоды юбілею мы ў кожнай вобласці аб'явілі моладзевыя будоўлі. Там моладзь будзе працаваць на сацыяльна значных аб'ектах. У Гомелі — гэта падрыхтоўка горада да "Дажынак", у Магілёве — рэканструкцыя Быхаўскага замка, у Гродне — будаўніцтва моладзевага цэнтра. Сёлета мы ўзнаўляем практыку працы зводных беларуска-расійскіх атрадаў: для працы ў такіх атрадах да нас прыедуць 83 расійскія студэнты. Яны прымуць удзел у будаўніцтве Астравецкай АЭС, будуць працаваць на Талачынскім кансервавым заводзе ў Віцебскай вобласці, а таксама на будаўніцтве сацыяльна значных аб'ектаў у Мінску. Са свайго боку мы адпраўляем 129 чалавек на працу ў складзе расійска-беларускіх атрадаў у Расію.
1373541025405_27-18Адпраўка студэнцкай моладзі за межы краіны не з'яўляецца прыярытэтным накірункам працы. Для нас важна знайсці працоўныя месцы для маладых людзей у Беларусі. Заключаючы дагаворы з наймальнікамі за мяжой, мы адсочваем і ўлічваем такія моманты, як умовы пражывання, узровень заработнай платы.
Пакуль працуем пераважна з тымі наймальнікамі, якія добра зарэкамендавалі сябе і з якімі супрацоўнічаем не першы год. З'яўляюцца і новыя. Інфармацыя пра тое, што беларускія студэнты добра працуюць, хутка распаўсюджваецца. І сёння мы маем магчымасць выбіраць тыя прапановы, якія нас цікавяць, а не згаджацца на ўсё, што ёсць.

— Ці адрозніваюцца вашы патрабаванні ў дачыненні да замежных наймальнікаў?


— Патрабаванні да ўсіх аднолькавыя. Тут важна адсочваць усе пытанні, што датычацца нарматыўных дакументаў, тэхнікі бяспекі, бытавых умоў. Арганізацыя, харчаванне, праезд павінны адпавядаць агавораным патрабаванням. Плануючы супрацоўнічаць з новым наймальнікам, мы выязджаем на месца будучай працы і ацэньваем умовы. Наведваем атрады і падчас працы. Таксама збіраем водгукі і прапановы студэнтаў па выніках працоўнага семестра. Існуе шэраг пытанняў, якія патрабуюць дапрацоўкі. Так, напрыклад, узнікаюць праблемы пры падачы дакументаў на падаткаабкладанне. Тут ёсць нюансы нават у тэрмінах падачы. У Беларусі ўдзельнікі студэнцкіх атрадаў вызвалены ад выплаты падаходнага падатку, а на тэрыторыі РФ нашы студэнты плацяць 30% падатку, бо не з'яўляюцца рэзідэнтамі Расійскай Федэрацыі. Расійскія студэнцкія атрады, працуючы ў сябе на радзіме, плацяць 13% падаходнага падатку. Таму нават пры арганізацыі зводных атрадаў стараемся такія пытанні рэгуляваць.

— Якія асноўныя кірункі дзейнасці студэнцкіх атрадаў?
— У нас дзейнічаюць педагагічныя, будаўнічыя, сэрвісныя, экалагічныя і сельскагаспадарчыя атрады. Ёсць таксама добраахвотныя, калі маладыя людзі працуюць на будаўніцтве храмаў, добраўпарадкаванні тэрыторый. Дарэчы, апошнія сёння вельмі папулярныя сярод моладзі. Сярод такіх атрадаў мы сумесна з Міністэрствам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя праводзім конкурс на званне лепшага. Не выключана, што ў перспектыве ў нас з'явяцца і новыя кірункі. Зараз працуем над тым, каб асобным профілем зрабіць ІT-атрады.

— Што неабходна студэнту, каб трапіць у атрад "байцоў"?
— Медыцынскі допуск для выканання таго ці іншага віду работ, адсутнасць акадэмічных запазычанасцяў. Прычым гэта датычыцца як студэнтаў, так і школьнікаў. Пры сабе трэба мець пашпарт і членскі білет. Тыя маладыя людзі, хто актыўна праяўляе сябе ў жыцці БРСМ на працягу ўсяго навучальнага года, маюць магчымасць выбіраць найбольш цікавыя месцы для працы.

— А калі звернуцца навучэнцы з абмежаванымі магчымасцямі?
— Практыкуем індывідуальны падыход, хаця гаварыць пра шырокі кірунак дзейнасці тут не даводзіцца. Калі да нас звяртаюцца такія навучэнцы, то мы падбіраем месца працы ці займаемся пошукам наймальніка, які будзе адпавядаць запытам канкрэтнага чалавека. Нікога не пакідаем без увагі.

— А што можаце сказаць пра памеры заработнай платы?
— Пакуль мы можам толькі прагназаваць, бо лічбы толькі стартавыя. Трэба разумець, што проста за тое, што малады чалавек прыйшоў у студэнцкі атрад ці ўладкаваўся на працу індывідуальна, грошай яму не заплацяць. Павінен быць выкананы замоўлены аб'ём работ. Трэба таксама ўлічваць, што многія наймальнікі забяспечваюць да заработнай платы за свой кошт праезд, харчаванне і пражыванне ўдзельнікаў атрада. Калі, напрыклад, чалавека наймаюць для працы на тры гадзіны ў дзень, то і заробак будзе адпаведны гэтаму. Як вынікае з прапаноў на нашым сайце, зарабіць можна ад 3 да 6 мільё-
наў рублёў.

— Дзе можна даведацца пра вакансіі ў студэнцкіх атрадах?
— Зараз інфармацыю можна знайсці на нашых электронных рэсурсах. Там можна і заяўку пакінуць, і азнаёміцца з прапановамі, якія яшчэ засталіся. Па інфармацыю можна звяртацца таксама ў пярвічныя арганізацыі сваіх навучальных устаноў і раённыя арганізацыі БРСМ. Але найбольш запатрабаваныя вакансіі ўжо даўно занятыя. Бо многія студэнты, адпрацаваўшы ў студэнцкім атрадзе летась, на гэты год паспяшаліся запісацца яшчэ зімой.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.