Вы тут

"Залатое маё Дараганава"


Чалавек нараджаецца на Зямлі на нейкім спецыяльна для яго адведзеным месцы. Хто падбірае гэтае месца "прызямлення" — невядома. Але вось нам асабіста хочацца падзякаваць таму — невядомаму — за наша Дараганава, за тое, што жывём тут — на беразе ціхаплыннай Пцічы.

Здаецца, простая, звычайная вёска, што да 1939 года была мястэчкам, і звычайная рака, якіх шмат на Беларусі. Але гэта толькі здаецца. Не верыце? А вось тады паслухайце:

Калі б змог я жыццё пачаць нанава,
Зноў сяліўся б ля роднай ракі:
Залатое маё Дараганава,
Дарагія мае землякі.

У парыве творчага захаплення гэтыя радкі напісаў беларускі паэт Янка Непачаловіч, які вучыў беларускаму слову ў Дараганаўскай сярэдняй школе. І хоць нарадзіўся ён у вёсцы Мінкавічы Старадарожскага раёна, у бязмернай сваёй любові прызнаўся менавіта Дараганаву, куды прывяла яго жыццёвая дарога і якое палюбіў усім сэрцам. Цуд захаплення гэтай мясцінай прыходзіць ці не адразу і — назаўсёды.

Рака Пціч — гэта своеасаблівы абярэг, амулет для вёскі. У канцы ХІХ стагоддзя гэтае месца для будучага паселішча было выбрана памешчыкамі Дараганамі менавіта таму, што тут Пціч перасякаецца з грунтовай дарогай. Выдатная зямля для пабудовы чыгуначнай станцыі і сплаву лесу па Пцічы, для пагрузкі яго ў вагоны.

Гэта ж толькі ўявіць сабе: за восем месяцаў 1896 года было пабудавана 40 кіламетраў чыгункі ад Асіповічаў да Старых Дарог, дзве мураваныя станцыі, два раз'езды, два масты цераз рэкі, пад'язныя шляхі і інжынерныя канструкцыі. Пабудаваныя без бульдозераў, магутных БелАЗаў, а пры дапамозе конных падвод, кірак, тачак, лома і рыдлёўкі. Як жа ўмелі працаваць нашы дзяды і прадзеды! Чыгунка была прынята без адзінай зачэпкі, і вопыт яе пабудовы быў выкарыстаны па ўсёй тэрыторыі вялікай Расійскай імперыі.

Многае ў нашым Дараганаве падаецца адметным, выключным, не такім, як усюды. Да рэвалюцыі ў маёнтку Лізаветы Дараган была скрыпка славутага італьянскага майстра Страдывары. Гукі незвычайнай скрыпкі зачароўвалі ўсіх, хто праходзіў пад вокнамі панскага маёнтка. Сляды рэдкага інструмента абрываюцца ў Асіповічах у 50-я гады ХХ стагоддзя.

Пасля рэвалюцыі ў былым маёнтку арганізавалі дзіцячы дом. У час Вялікай Айчыннай вайны ён быў разрабаваны фашыстамі і паліцаямі. Пасляваенныя дзеці-сіроты спалі па некалькі чалавек на адным сенніку, накрываючыся посцілкамі, без коўдраў і падушак... А праз дзясятак гадоў дзіцячы дом у Дараганаве стаў адным з лепшых у рэспубліцы. І гэта дзякуючы яго кіраўніку, афіцэру-ардэнаносцу, лётчыку-бортмеханіку Юрыю Яшчаку, які стаў заслужаным настаўнікам БССР.

Калі выхаванцы з дзіцячага дома паступалі вучыцца далей у іншыя месцы, то выкладчыкі гэтых навучальных устаноў дзівіліся рознабаковай адукацыі першакурснікаў: "Дзе і якую школу скончылі?" — аказвалася, што вясковы дзіцячы дом. Але ведалі яны мастакоў, кампазітараў, паэтаў і празаікаў, з многімі сустракаліся на творчых сустрэчах. Умелі шыць сабе адзенне, рабіць мэблю сваімі рукамі, канструяваць мадэлі караблёў і самалётаў, даіць кароў, касіць, хадзіць за плугам, будаваць — і пры гэтым усім мелі высокі ўзровень ведаў!

Юрый Яшчак з кожных курсаў прывозіў два чамаданы кніг, і дзетдомаўцы ішлі сустракаць яго — бацьку! — як адказвалі на пытанне вяскоўцаў: "Каго сустракаеце?" Трыццаць два штомесячныя перыядычныя выданні падпісваў дырэктар за свае ўласныя сродкі і чытаў кожны вечар да глыбокай ночы. Сам — гісторык па спецыяльнасці — іграў на баяне, гітары, піяніна, прыгожа спяваў, дэкламаваў, займаўся авіямадэльным спортам. Перасяліўся ў асобны дом у апошнюю чаргу — пасля ўсіх настаўнікаў.

Аўра такіх незвычайных людзей пануе над Дараганавам. Вёска стала калыскай доктара гістарычных і філасофскіх навук, прафесара Гілера Ліўшыца; доктара філалагічных навук, прафесара Галіны Тварановіч (Сяўрук); вядомага вучонага-мовазнаўцы Яўгеніі Рамановіч; вядомай журналісткі і паэтэсы Валянціны Вараб'ёвай.

Дараганаўскае лясніцтва шырока вядома сваімі вальшчыкамі лесу — прызёрамі і чэмпіёнамі рэспублікі і нават свету. Гэта — Аляксандр Зіхіч, Андрэй Сямёнаў, Ігар Падэра, Руслан Караленя, Дзмітрый Караткевіч. Якраз апошні і стаў чэмпіёнам свету сярод юніёраў.

Такой жа апантанай і ўлюбёнай у свой край была і Зінаіда Верашчака, якая стварыла школьны краязнаўчы музей. Гэтай восенню яму будзе ўжо 30 гадоў. Цяпер тут больш за 3000 экспанатаў, да 1000 чалавек экскурсантаў праходзяць штогод па залах вясковага музея. Якія ні бываюць замежныя госці ў раёне — усіх вязуць у Дараганаўскі музей, які вядомы далёка за межамі рэспублікі сваёй пошукавай работай.

Да Вялікай Айчыннай вайны ў Дараганаве была сінагога, у час вайны — царква. Цяпер царква дабудоўваецца, і кіруе апошнія два гады яе пабудовай цуд-бацюшка, "вясёлы манах" (як празвалі яго вяскоўцы), іераманах айцец Максім (Юндзіл). У свае гады (а яму 31) ён ведае чатыры так званыя "мёртвыя" (лацінскую, грэчаскую, іўрыт, стараславянскую) і тры сучасныя замежныя мовы (польскую, нямецкую і англійскую). Выдатна размаўляе на беларускай мове. На Вадохрышча акунаецца ў ледзяную ваду Пцічы, вядзе службы таксама ў храме ў Прошчы, дзе плануецца заснаванне мужчынскага манастыра. Цяпер на малебны і літургіі ў мясцовую царкву едуць людзі і з Асіповічаў, і са Старых Дарог, і з Бабруйска. Наша царква стала своеасаблівым місіянерскім цэнтрам, куды звяртаюцца людзі, якія хочуць перайсці з іншых веравызнанняў у праваслаўе. І безумоўная заслуга ў гэтым настаяцеля айца Максіма.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны да нас у Дараганава ехалі нават з Мінска, вось толькі не ў царкву (яе тады ўжо не было), а па самагонку. Так-так. Дараганава ў той час уваходзіла ў склад Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Адзін вялікі чыгуначны начальнік (яго іменем, дарэчы, названа вуліца ў Мінску) ездзіў на дрызіне з Мінска ў Дараганава менавіта за старадарожскай самагонкай. Таксама адметнасць. Старадарожскую гарэлку добра ведалі па ўсім Савецкім Саюзе. Што ні кажы — брэнд!

А якое магло быць Дараганава цяпер, калі б не тры брацкія магілы, якія засталіся пасля Вялікай Айчыннай вайны. У іх пахаваны больш за 200 чалавек — больш за 200 сусветаў. А колькі дараганаўцаў ляжыць у іншых месцах, дзе на полі бою застала іх смерць? У пачатку 1940-х гадоў у вёсцы жыло каля тысячы чалавек, цяпер засталося менш за чатырыста. Як і ўся Беларусь, вёска не аднавіла даваенную колькасць сваіх жыхароў.

Але дзякуючы чыгунцы, пабудаванай пад кіраўніцтвам Восіпа і Мацвея Дараганаў, вёска не перайшла ў разрад неперспектыўных. Яна жыве! Нараджаюцца дзеці, унукі, з часам з'явяцца праўнукі.

Паляцяць яны адсюль далёка ў вырай ці застануцца тут, каля векавых дубоў віць сваё гняздо — не так важна. Галоўнае, што ў іх душы будзе адчуванне роднай зямлі, Радзімы, Бацькаўшчыны праз вобраз мілага сэрцу Дараганава.

Жанна КАРАЛЕНЯ,
дырэктар Дараганаўскага школьнага краязнаўчага музея.
Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».