Вы тут

Нельга "без грошай на гаспадарку садзіцца!",або Пасаг як сімвал сямейнага дабрабыту


Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму падчас падрыхтоўкі вяселля вялікая ўвага надавалася абмеркаванню пасагу. Уласна кажучы, ён быў тым зыходным капіталам, з якога пачыналася самастойнае жыццё маладой сям'і, таму павінен быў складацца з розных прадметаў побыту.

Беларускія этнографы схільныя лічыць, што пасаг складаўся з трох асноўных частак. Па-першае, у яго павінны былі ўваходзіць прадметы паўсядзённага ўжытку: падушкі, пасцельныя рэчы, адзенне нявесты, адзенне жаніха. Па-другое, пасаг служыў пачаткам фарміравання ўласнай гаспадаркі, таму ў яго склад уваходзіла свойская жывёла. Па-трэцяе, бацькі нявесты павінны былі паказаць памеры зямельнага надзелу, які пераходзіў ва ўласнасць маладой сям'і. У другой палове ХІХ ст. і першай палове ХХ ст. эквівалентам гэтай часткі пасагу сталі грошы: "Каб ажаніць сына па-старым, дагэтуль захаваным звычаі, трэба пабудаваць яму асобны двор — гэта значыць, дом з усімі дваровымі будынкамі; даць агарод і дзялянку сенажаці, а таксама і грошай, каб было за што зачапіць рукі, іншымі словамі — каб было з чым пачаць гаспадарнічаць. Каб выдаць дачку замуж, трэба даць ёй пасагу — агарод, сенажаць, грошы і добрую вопратку, таму што голую ніхто не возьме". Абмеркаванне пасагу жаніха і нявесты адбывалася падчас сватаўства, запоін і заручын:

— Дасцё кароўку, свінку, авечку і кацярынку (сто рублёў)!

— Ай, сватко, ужо кароўку ды свінку, а нашто ж кацярынку?

— Тваёй дачцэ ў чужых людзях удзвёх весялей будзе — яна ды кацярынка!

Нярэдка бацькі з аднаго і з другога боку так і не прыходзілі да згоды наконт пасагу — тады сваякі маладых прызначалі адмысловую сустрэчу, якая звалася "на дагавор". Перамовы такога характару маглі доўжыцца не адну гадзіну і нават не адзін дзень. Лічылася вельмі непаважлівым, калі бацькі нявесты па якіх-небудзь прычынах спрабавалі "падкарэктаваць" склад пасагу ці зусім адмовіцца ад яго падчас вяселля.

Бывала і так: бацька сватаў свайго сына адразу ж у некалькіх сем'ях. У гэтым выпадку перавага магла быць аддадзена той дзяўчыне, чый "пасаг" аказваўся больш важкім. А каб потым ніхто з бацькоў не пайшоў "у адказ", складалі адмысловую паперу, якая называлася "перадшлюбная". У гэтым "дакуменце" падрабязна прапісвалася, што будзе дадзена за нявестай, а што за жаніхом:

— Ну, напішыце перадшлюбную, няхай ужэ дзелу канец.

— Ці вы маім словам не верыце?

— Словы — вецер, а папера — грунт...

У некаторых месцах "шлюбныя запісы", ці "перапіс", складаў святар.

На Гарадзеншчыне перамовы пра пасаг звалі "лад". На "лад" ішлі ў чацвер у хату да нявесты, чужых не запрашалі, збіраліся цесным сямейным колам. Гэты этап перадвясельнага перыяду меў памежны характар. Кожны з бакоў мог яшчэ прыняць любое рашэнне, хоць, вядома, перавага была на баку радні жаніха. Акрамя таго, і сам жаніх меў магчымасць адмовіцца ад засватанай нявесты. Па папярэдняй дамоўленасці з жаніхом сват прасіў у бацькоў нявесты ўключыць у пасаг даволі вялікую суму грошай. І калі бацька не мог даць за дачкой такі "пасаг", жаніх вяртаў дзяўчыне яе падарункі і абавязкова — бутэльку з жытам, абвязаную палатном і поясам. Калі хлопец не верне гэты самы галоўны атрыбут сватаўства, то будзе пракляты дзяўчынай. Гэта тлумачылася так: "Не аддаў жыта, не будзе жыцця". Лічылася, што гэты атрыбут перадвясельных абрадавых дзеянняў напрамую звязаны з будучым сямейным шчасцем дзяўчыны.

Так што сучасная шлюбная дамова (або "шлюбны кантракт") паміж жаніхом і нявестай — зусім не навацыя нашага прагматычнага часу. З даўніх часоў лічылася, што надзейнай асновай удалага шлюбу з'яўляецца не толькі ўзаемная сімпатыя жаніха і нявесты, але і трывалы гаспадарча-эканамічны падмурак.

Аксана КАТОВІЧ,
Янка КРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»