Вы тут

Памірыцца праз суд і па відэасувязі


Пагадненнем бакоў у судзе Гомельскай вобласці завяршаецца кожная другая справа. Пра гэта расказаў старшыня гаспадарчага суда вобласці Мікалай Данчанка. Закон аб медыяцыі, які зараз знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, павінен даць магчымасць працаваць і пазасудовым медыятарам, лічыць Мікалай Анатольевіч. Зараз справай пагадненняў займаюцца судовыя прымірыцелі — спецыялісты гаспадарчага суда:

— Мы штодзень мірым суб'ектаў гаспадарання самай рознай формы ўласнасці: і дзяржаўнай, і прыватнай. Урэшце яны знаходзяць кампраміс, заключаюць міравое пагадненне; суд робіць высновы, наколькі яно адпавядае заканадаўству, пасля чаго вытворчасць па справе прыпыняецца. З пачатку 2013 года прымірэнчая працэдура выкарыстоўвалася па кожнай другой з разгледжаных абласным дзяржсудом спраў. Амаль кожная другая спрэчка завяршылася пагадненнем бакоў. Выніковасць адпраўлення прымірэнчых працэдур складае 82% і з'яўляецца самай высокай у рэспубліцы.

Дарэчы, шырокае ўжыванне дасудовага ўрэгулявання спрэчак вызваляе суддзяў ад працы, звязанай з падрыхтоўкай і правядзеннем судовых пасяджэнняў, што, у сваю чаргу, памяншае тэрміны разгляду спраў. Акрамя таго, прымірэнчая працэдура сведчыць пра знойдзены бакамі кампраміс. У любым выпадку гэта лепш, чым суд, пасля якога адзін з бакоў застаецца незадаволеным.

— Здараецца, што два суб'екты дзяржаўнай уласнасці складаюць дагавор, дзе прапісаны вялікія штрафныя санкцыі, — адзначае Мікалай Данчанка. — Атрымліваецца, што кіраўнік не адказвае за тое, якія матэрыяльныя страты панясе потым суб'ект гаспадарання. Ёсць факты, калі такое заключэнне дагавораў прыводзіць да даволі значных страт у выглядзе спагнання працэнтаў за карыстанне грашовымі сродкамі. Цяпер мы амаль выключылі падобныя інцыдэнты.
1373968589966_28-28
Што да трацейскага суда, які створаны на базе Гомельскага абласнога саюза наймальнікаў, ён існуе толькі на паперы — у Гомельскай вобласці не было разгледжана ніводнай справы. Хаця чакалася, што трацейскае правасуддзе разгрузіць афіцыйныя суды. Прынамсі, трацейскія суды не ўваходзяць у судовую сістэму, у іх менш фармальнасцяў, і сама працэдура абыходзіцца танней. Мікалай Данчанка мяркуе, што, магчыма, суб'екты гаспадарання, па традыцыі, больш давяраюць дзяржаўнаму суду.

Дарэчы, гаспадарчы суд Гомельскай вобласці падчас правядзення пасяджэнняў вельмі актыўна карыстаецца відэасувяззю: удзельнікі працэсу бачаць адзін аднаго на экранах манітораў, якія ўсталяваны ў залах. Відэасувязь наладжана з усімі буйнымі гарадамі краіны. Спецыяльная апаратура дазваляе разгледзець у падрабязнасцях не толькі людзей, але і кожны неабходны дакумент.

— З пачатку года праведзена 167 відэапасяджэнняў. Многія просяць менавіта ў такім рэжыме разглядаць іх справу. Пры гэтым судом выкарыстоўваецца ўласнае праграмнае забеспячэнне, сігнал перадаецца па абароненых каналах. Мы чакаем і пераходу на электронны дакументаабарот. Як толькі пачне дзейнічаць закон аб электронным подпісе, дакументаабарот значна павялічыцца. Зараз мы нясём вельмі вялікія паштовыя расходы: штодзень даводзіцца адпраўляць 700-900 заказных лістоў з уведамленнем — як патрабуе заканадаўства.

Рашэнні гаспадарчага суда па многіх справах прымаюцца на падставе заключэння экспертызы. Часта для высвятлення акалічнасцяў патрэбна некалькі месяцаў. Старшыня гаспадарчага суда Гомельскай вобласці Мікалай Данчанка гаворыць, што нярэдка ўзровень правядзення экспертыз вельмі сумніўны, а некаторыя заключэнні можна тлумачыць дваяка. Менавіта таму прыходзіцца прызначаць іншую экспертызу, выклікаць іншых спецыялістаў:

— Мы вельмі спадзяёмся, што створаны ў рэспубліцы адзіны экспертны орган зможа палепшыць стан спраў у гэтай сферы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.