Вы тут

Сёлета прагназуецца неблагі ўраджай грыбоў і ягад


Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя апублікавала прагнозы адносна ўраджайнасці сёлета грыбоў і ягад у лясах краіны. Яны былі зроблены на падставе маніторынгу, што праводзіўся ўвесну і ў пачатку лета лабараторыяй харчовых і лекавых рэсурсаў лесу Інстытута лесу НАН Беларусі на 7 пастаянных пунктах і 35 часовых пробных пляцоўках.
1373968589549_28-33
Даследаванні паказалі, што на поўначы і ў цэнтральных рэгіёнах краіны ўраджай чарніц прагназуецца вышэй за сярэдні (3 балы па пяцібальнай шкале). У Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях ён будзе, верагодна, добрым (4 балы). Што датычыцца ўраджайнасці брусніц, дык яна паўсюдна чакаецца некалькі ніжэй за сярэднешматгадовы паказчык (2 балы). У Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях пры спрыяльных умовах надвор'я ўраджай гэтай ягады прагназуецца больш высокім (3 балы).

Прадуктыўнасць буякоў, што мяркуецца, вар'іруецца ў залежнасці ад вобласці: сярэдняя (3 балы) — на поўначы і ў цэнтральнай частцы краіны, добрая
(4 балы) — у паўднёва-заходніх абласцях. Добрая (4 балы) ураджайнасць журавін чакаецца ў Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцях. Менш (3 балы) гэтай ягады будзе, верагодна, у Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.

Увогуле, адзначаюць спецыялісты, сёлета ўраджайнасць рэсурсаўтваральных ягад і грыбоў, згодна з папярэднімі (май — чэрвень) данымі даследаванняў, будзе не меншай за папярэдні. Для гэтага існуюць усе перадумовы: высокі і ўстойлівы снегавы покрыў 2012/2013 гадоў, шмат ападкаў у шэрагу рэгіёнаў, адсутнасць позневеснавых замаразкаў і туманаў. "Можна нават выказаць меркаванне, што адбудзецца павялічэнне ягаднай прадуктыўнасці за кошт павышэння ўраджайнасці журавін, брусніц, буякоў".

З-за добрай колькасці вільгаці вясной і магутных ліўневых дажджоў у маі — пачатку чэрвеня намячаецца неблагі ўраджай грыбоў. Гэта, у першую чаргу, датычыцца Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей. У пачатку чэрвеня тут адзначана першая хваля баравікоў, абабкаў, падасінавікаў, маслякоў, лісічак. У далейшым, вядома, шмат што будзе залежаць ад умоў надвор'я. Пакуль жа спецыялісты мяркуюць, што ўраджай баравікоў, абабкаў і падасінавікаў па ўсіх абласцях чакаецца сярэднім (2 балы па трохбальнай шкале), а вось лісічак і восеньскіх апенек — высокі (3 балы). Пры дастатковай колькасці вільгаці летам (асабліва ў жніўні) ураджай усіх відаў грыбоў можа быць больш высокім.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.