Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


У Наваградку адрэстаўрыруюць інтэр'ер Фарнага касцёла

У Наваградку плануюць адрэстаўрыраваць інтэр'ер касцёла Праабражэння Гасподняга (Фарны касцёл), паведамілі ў Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі.

Адпаведны рэстаўрацыйны праект зацверджаны на рэалізацыю Міністэрствам культуры і атрымаў высокую ацэнку ў Ватыкане, дзе яго прадставілі сёстры-назарацянкі. Праект распрацаваны дзвюма выпускніцамі Беларускай акадэміі мастацтваў — Ганнай Радзюк і Наталляй Сталковіч. Абодва дызайнеры раней скончылі мастацка-рэстаўрацыйнае вучылішча ў Міры і даўно займаюцца тэмай Наваградскага касцёла, паведамляе епархія.

У адпаведнасці з канцэпцыяй акцэнт пры рэстаўрацыі будзе зроблены на тым, каб захаваць памяць аб разбураных у савецкія гады касцёлах і ўшанаваць памяць закатаваных гестапаўцамі ў 1943 годзе адзінаццаці манашак-назарацянак, прылічаных да ліку блажэнных. Новы від набудзе іх грабніца, з'явіцца надпіс на беларускай мове, а таксама надпіс з імёнамі манашак, схаваная за адмысловай канструкцыяй.

У адной з капліц, якая цяпер не выкарыстоўваецца, плануецца выставіць знойдзеныя мясцовымі жыхарамі дошкі з часцінкамі мошчаў святых, якія замуроўваліся ў сцены разбураных храмаў. Тут жа можна будзе ўбачыць аб'ёмныя вобразы страчаных культавых збудаванняў, што стане магчымым дзякуючы спецыяльнай падсветцы. Пачаць рэстаўрацыю плануецца ўжо гэтым летам, паведамілі ў епархіі.

БЕЛТА.

Купляць "з зямлі" небяспечна

Гандаль прадуктамі харчавання ў несанкцыяніраваных месцах небяспечны, папярэджвае пакупнікоў Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і распачынае рэйды па яго спыненні.

Апошнім часам стыхійныя рынкі можна назіраць у Гродне каля многіх гандлёвых пунктаў. Прычым самі ж пакупнікі і стымулююць сваімі грашыма абарот патэнцыяльна небяспечнай прадукцыі. Нягледзячы на тое, што набыццё прадуктаў непасрэдна з зямлі альбо з бруднай скрыні, без захавання неабходнага тэмпературнага рэжыму (і, акрамя таго, у людзей без медыцынскага агляду) пагражае харчовым атручэннем, вострымі кішэчнымі інфекцыямі, туберкулёзам і іншымі захворваннямі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Конкурс у Ліцэй БДУ — 5,6 чалавека на месца

У Ліцэі БДУ падвялі вынікі прыёмнай кампаніі. Усяго сёлета пра сваё жаданне стаць ліцэістам заявілі 1407 чалавек (летась было 1358 ахвотных), у тым ліку 35 пераможцаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, якія залічваюцца без уступных іспытаў.

Найбольшая колькасць заяў паступіла ад школьнікаў, якія планавалі паступаць на фізіка-матэматычны профіль, — 635. На паступленне ў хіміка-біялагічныя класы пададзена 366 заяў, у філалагічныя — 277, а грамадазнаўчы кірунак зацікавіў 120 чалавек. Усяго ў Ліцэй было прынята 288 чалавек, з якіх будуць сфарміраваны 12 класаў па 24 чалавекі. Такім чынам, агульны конкурс у Ліцэй склаў 5,6 чалавека на месца.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Дым падаражэе

Максімальныя рознічныя цэны на асобныя віды цыгарэт з фільтрам у ліпені павялічацца ў Беларусі на 0,9-30%. Аб гэтым паведамляецца на сайце Міністэрства па падатках і зборах.

Гаворка ідзе ў асноўным пра цыгарэты, якія вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі. Іх выпускаюць ААТ "Гродзенская тытунёвая фабрыка "Нёман" і ТАА "Тытунь-інвест". Цэны на большасць імпартаваных марак цыгарэт у ліпені застануцца на ўзроўні чэрвеня.

Больш за ўсё ў ліпені падаражэюць цыгарэты Mаgnа Rеd і Mаgnа Bluе — на Br1500 да Br6450 за пачак. Акрамя таго, будуць устаноўлены цэны на шэраг новых відаў цыгарэт такіх марак, як Wіnstоn, Раll Mаll, "Фэст".

Сяргей Куркач.

Машыну, украдзеную ў Віцебску, знайшлі ў Расіі

Міліцыянеры Віцебскай вобласці і паліцэйскія са Смаленскай вобласці Расіі па "гарачых слядах" раскрылі крадзеж аўтамашыны "Аўдзі", якую ўгналі ў Віцебску.

— Аўто ўкралі ў жыхаркі Віцебска, 1984 года нараджэння. Яна расказала ў міліцыі, што машына, 1993 года выпуску стаяла каля дома на праспекце Будаўнікоў. Высветлілася, што дзяўчына правяла вечар у кампаніі знаёмых. А на наступны дзень не знайшла не толькі ключы ад аўто, але і саму машыну, — паведамілі супрацоўнікі аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. —- Аказалася, што трое маладых людзей знайшлі ключы ад аўтамашыны, якія выпалі з кішэні пацярпелай. Уначы яны перагналі "Аўдзі" ў горад Рудню Смаленскай вобласці. Там пакінулі машыну і вярнуліся назад.

Калі стала вядома аб начным ваяжы падазроных, інфармацыя аб крадзяжы транспартнага сродку была неадкладна перададзена расійскім калегам. І да аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў падключыліся супрацоўнікі крымінальнага вышуку Руднянскага аддзела ўнутраных спраў. Машыну знайшлі на адной з вулачак расійскага горада. Асобы ўсіх падазроных ва ўгоне ўстаноўлены. Адзін з іх, жыхар Віцебска, затрыманы. Заведзена крымінальная справа.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Штурм наркапрытона з нябёс

Міліцыі стала вядома, што насельнікі кватэры на пятым паверсе дзевяціпавярховіка ў Гомелі займаюцца вырабам наркотыкаў.

Падчас працэсу грамадзяне заўсёды былі максімальна асцярожнымі і блакіравалі металічныя дзверы. Менавіта таму аперацыю па ліквідацыі гэтага наркапрытона праваахоўнікі рыхтавалі асабліва старанна. Дзеянні ўсіх удзельнікаў аперацыі разлічваліся з матэматычнай дакладнасцю. Для сілавой падтрымкі была выклікана група супрацоўнікаў АМАПа, якія валодаюць навыкамі альпінісцкай падрыхтоўкі і штурму будынкаў. У момант, калі пачаўся выраб з насення маку наркотыкаў, у адчыненыя вокны пятага паверха, нібы з нябёс, уварваліся АМАПаўцы, забяспечыўшы ўваход аператыўнікаў. Уся аперацыя заняла некалькі хвілін. Як паведаміў начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гомельскага аблвыканкама Юрый Маркевіч, сёлета толькі ў Гомелі выяўлена 145 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, у тым ліку 53 факты іх збыту.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Маланка падпаліла газ

У Смалявіцкім раёне паблізу вёскі Пекалін з-за навальнічнага разраду загарэўся газ у зоне выкіду магістральнага газаправода.

— Пра здарэнне стала вядома ў 20.25. На месцы нашы работнікі ўбачылі адкрытае гарэнне паверх дзвюх скідавых свечак трубаправода. Вышыня полымя была каля 40 сантыметраў. Дыяметр свечак складаў 400 міліметраў. Загаранне адбылося на вышыні 6 метраў магістральнага трубаправода ў раёне кранавай пляцоўкі. Брыгада "Мінгаза" пацвердзіла, што адбываецца ўцечка і гарэнне газу, — паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. — Бліжэй да апоўначы пры дапамозе стацыянарнага лафетнага ствала ад аўтацыстэрны МНС полымя было збіта. Потым краны былі загерметызаваныя. Падача газу спажыўцам не спынялася. Зніжэння ціску ў магістральным трубаправодзе не было. Мяркуецца, што прычынай загарання газу стаў навальнічны разрад маланкі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Добры фельчар брала хабар, а генеральны дырэктар "махляваў" з камандзіровачнымі.

Пракурорам Лепельскага раёна заведзена крымінальная справа ў дачыненні да жанчыны, якая, працуючы на пасадзе фельчара амбулаторыі ўрача агульнай практыкі № 1 Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы, брала хабар.

Паводле інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці, мінулай восенню на працягу прыкладна месяца гэты медык атрымала загадзя абумоўленае ўзнагароджанне ад трох грамадзян. Апошнія грашыма дзякавалі за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, звязаных з выдачай фіктыўных лісткоў непрацаздольнасці. Усяго такім чынам фельчар зарабіла 445 тысяч рублёў. А пракурорам Аршанскага раёна заведзена крымінальная справа ў дачыненні да мужчыны, які, працуючы генеральным дырэктарам таварыства "Аршанскі райаграсэрвіс", сумесна з кіроўцам гэтага ж прадпрыемства незаконна атрымаў камандзіровачныя на агульную суму больш за 2,1 мільёна рублёў — у выніку ўнясення фальшывых звестак у камандзіровачныя пасведчанні.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?