Вы тут

Далей,чым сягае зрок


Люблю ехаць у машыне побач з Ім: мая левая рука ў Ягонай правай. І разам пераключаць хуткасці. І каб спяваў Робі Уільямс. Suрrеmе. І каб Робі Уільямса час ад часу перабіваў наш Арчы. Якім-небудзь сваім недарэчным каментарыем. Каментарый гэты на самым цікавым месцы перарываецца Яго трапнасцю. Апошнім часам ледзь не кожная паездка за межамі горада суправаджаецца дасціпнымі спрэчкамі гэтых абодвух. "Дрэнныя ўмовы прыёму", — скардзіцца Арчы, калі наша "Кіа" зварочвае на якую-небудзь сельскую гравейку. "А ты думаў, табе тут лафа будзе?" — чуецца ў адказ.
1373969169631_dz
Навігатар Арчы з'явіўся ў нас мінулым летам. Часопіс "Маладосць" тады якраз пачынаў зводзіць чытача ў бок іранічнай рамантыкі "Чамаданам з кракадзілавай скуры" Алёны Беланожкі. Ну, і Арчыбальду, такім чынам, буйна пашчасціла. Бо атрымаць імя ў гонар плюшавага звярка невядомай пароды, што скакаў з боку ў бок на лабавым шкле ў аўто гераіні аповесці, — гэта, што ні кажы, пачэсна. Наш Арчы, як і той, "маладосцеўскі", толькі-толькі даведаўшыся, што ён Арчы, адразу ж узяў на сябе самую творчую ініцыятыву, якая магчыма ў межах хоць і буйнагабарытнага, але ўсяго толькі аўтамабіля, і пачаў уздзейнічаць на нас самым адпаведным чынам. "Праз трыста метраў вазьміце правей", — даводзіў ён. А калі правей "бралі", абураўся найкрыўднейшым са сваіх тонаў: сышлі, маўляў, з маршрута. Апошнім часам ён, праўда, часцей маўчыць: баіцца, небарака, парушыць сувязь са спадарожнікамі, з якой у яго відавочныя праблемы. Жартоўна сварачыся з Арчыбальдам, мы, вядома, не перастаём разумець, што без яго шмат якія нашы падарожжы былі б або зусім немагчымымі, або не зусім цікавымі.

Успамінаю, як ён дапамагаў нам шукаць сярод косаўскага лесу палац Пуслоўскіх, такі ганарлівы ў рашэнні застацца на самоце і такі безнадзейна мудрагелісты ў апошніх сваіх набытках.
І як лёгка вывеў пасля на карчму "У Тадэвуша", дзе трэба было падсілкавацца як след перад аглядам Сапегаўскіх руін у Ружанах. Бо адна справа — шараговая турыстычная цікаўнасць, якая не заводзіць далей, чым сягае зрок, і зусім іншая — авантурная спроба спусціцца ў сутарэнні. Тут, што ні кажы, патрэбны вынаходлівасць Індыяны Джонса і сіла Лары Крофт, даць якія здольныя, далібог, толькі стравы, прыгатаваныя ў антуражы старых корчмаў.

Люблю старыя корчмы. Замовіць маладзенькай бульбы, запечанай з кропам і рулькай — для Яго і нешта кшталту шпарагаў у сырным соусе — для сябе. Шкада толькі, што корчмаў, дзе падаецца нешта такое (ужо не кажучы пра калдуны графа Тышкевіча, сапраўдныя, з грыбамі і вэнджанай шынкай, ці верашчаку кухмайстарскую, ці які-небудзь млявы радзівілаўскі гуляш з аернымі цукатамі) або не існуе, або мы дрэнна шукалі. Старая добрая сапяжанка ля аднайменных руін не падаецца — гэта я ведаю дакладна. Не ведаю толькі чаму.

Люблю падарожнічаць па Беларусі. Калі начуеш у намёце дзе-небудзь на беразе возера, набадзяўшыся да пакатунку па сходнях фартэцый, краіна, не сказаць каб надта малая, робіцца раптам проста домам — з ігліцай-падлогай, столлю ў зорачкі і калабком-месяцам, што пакорліва стыне на падаконні. Калі сто разоў на ноч цябе будзіць, як табе здаецца, шоргат камышоў, а пад раніцу ад прыхаваных на сняданак гарадзенскіх паштэтаў застаюцца толькі "скарыначкі" і цябе замест крыўды разбірае замілаванне... Калі на свае вочы бачыш, як сонца, прачнуўшыся, патрэсвае ружаваценькім пледам...

Пра тое, што б было, калі б гэтага не было, лепш не думаць. Дрэнна, калі, як сказаў бы наш Арчы, адключана знешняе сілкаванне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.