Вы тут

Гэты графічны свет


Канец чэрвеня — час гарачы. Але не толькі таму, што на вуліцы спёка, беларускія тропікі. Але і таму, што канец чэрвеня — час абароны дыпломаў. І Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, адна з галоўных кузняў творчых кадраў краіны, не выключэнне.

Днямі я патрапіла ў адну з галерэй Акадэміі мастацтваў на абарону дыпломаў графікаў. Усяго іх на сёлетнім выпускным курсе вучылася шэсць чалавек: Глеб Кульбін, Ганна Булатава, Алеся Пархоменка, Кацярына Дубовік, Яўген Кайкоў, Павел Статкевіч. З аднаго боку, цудоўна, што такія творчыя спецыялісты вузкай накіраванасці эксклюзіўна рыхтуюцца ў такім маленькім складзе — якасць павінна быць вышэйшай, майстры маюць магчымасць больш увагі надаваць кожнай індывідуальнасці. А з іншага — ці запатрабаваны мастакі-графікі нават у такой мізэрнай колькасці? Вядома, не. Задаю гэтае пытанне і даю такі адказ зусім не таму, што заклікаю наогул адмовіцца ад падрыхтоўкі мастакоў-графікаў. Наадварот! Я заклікаю перагледзець стаўленне да творчых прафесій наогул.

Неаднойчы я пісала пра тое, што быць мастаком, паэтам, рэжысёрам, музыкантам ці іншым служыцелем муз абсалютна маральна і фінансава нявыгадна. Напрыклад, узровень кніжнай графікі ўсё падае і падае ў тым ліку і з-за таго, што добрыя мастакі-ілюстратары не хочуць працаваць на выдавецтвы па розных прычынах: ганарары маленькія, выплачваюць іх некаторыя з вялікімі затрымкамі, дрэнная рэклама фінальнай прадукцыі, маленькі рынак. Карацей, выгод бадай ніякіх. Таму многія выдавецтвы практыкуюць замаўляць афармленне кніжак студэнтам творчых ВНУ

, якасць і ўзровень працы якіх не заўжды адпавядае "некалькітысячнаму" тыражу кнігі...

А што ж чакае, напрыклад, сённяшніх выпускнікоў? У дыпломе ў іх будзе пазначана "мастак-графік, выкладчык". Прычым першае, вядома, гучыць абстрактна, і падобнае ў нашых умовах проста на прызванне, лад жыцця або хобі, якое чамусьці запісалі ў дыплом. А вось "выкладчык" гучыць больш рэалістычна. Так, менавіта выкладчыкамі творчых дысцыплін у школах і вучылішчах стануць гэтыя шасцёра сёлетніх выпускнікоў. Прынамсі, на два гады працы па размеркаванні. А пасля ўжо — як Бог пашле. Нехта, можа быць, цалкам кіне займацца графікай і адкрые ў сабе прыроджанага педагога. А нехта з іх, магчыма, даб'ецца нечага большага, як некалі мастак Павел Татарнікаў. Між іншым, адзін з выкладчыкаў Акадэміі мастацтваў. Сёлетні курс графікаў — і яго навучэнцы таксама.

У агульным абарона дыпломаў мастакоў-графікаў выклікала ў мяне неадназначныя ўражанні. Спачатку здаецца, што не ўсё так і дрэнна. Вунь жа, ёсць маладыя мастакі, пераемнасць, школа. Школа ў работах маладых графікаў адчуваецца, дарэчы, лепш за ўсё. Пабудова кампазіцыі, праца з колерам і плямамі — усё гэта настолькі патыхае беларускімі традыцыямі кніжнай ілюстрацыі, што здаецца — ажно занадта. Здаецца, што яна нібыта спынілася ў сваім развіцці. Некаторыя малюнкі выглядаюць не больш не менш, як проста тыповай працай студэнта БДАМ. А гэта ўжо штамп. Зразумела, гэта працы вучэбныя, і далей, хочацца верыць, аўтар распрацуе ўласны стыль. А нехта проста працягвае наследаваць манеру і стыль сваіх настаўнікаў, якія ўжо з'яўляюцца іншым, папярэднім пакаленнем. Маладое пакаленне нібыта і мовы сваёй — новай, маладой — не выпрацавала...

Потым пачынаеш задумвацца не над формай і выкананнем (дарэчы, сярод твораў была як друкаваная графіка — афорты, так і малюнак алоўкам ды акварэллю), а над сэнсам, зместам і канцэпцыяй. Напрыклад, тры чалавекі з усяго нешматлікага курса прысвяцілі свае дыпломы менавіта кніжнай ілюстрацыі. І якія ж кнігі яны абралі? Вось гэта сапраўды прымусіла мяне моцна задумацца. "Стары і мора" Хэмінгуэя, "Шахматная навела" Стэфана Цвейга і італьянская народная казка "Шасцёра братоў". Выбар зусім не дрэнны, з аднаго боку. Класіка, імёны, традыцыі. І сапраўды ж гавораць, што таленавіты мастак можа нечакана раскрыць нават самы банальны зацяганы сюжэт. Але... Дзе ж бунтарскі юнацкі максімалізм, дзе жаданне адкрыць новае і нязведанае? Дзе студэнцкая прага да эксперыментаў і жаданне знайсці і намаляваць менавіта сваіх літаратурных персанажаў або праілюстраваць кнігу, якую ніхто ніколі не ілюстраваў? І нарэшце — дзе беларуская літаратура?..

А некалі мастакі-графікі Акадэміі мастацтваў былі перадавымі, неабыякавымі і невыпадковымі людзьмі ў беларускай культуры. Сёння ўсе сталі мысліць больш глабальна. Зразумела, гэта агульнае ўражанне. Таму што каб рабіць канчатковыя высновы трэба як мінімум падрабязна пазнаёміцца з усёй творчасцю выпускнікоў-графікаў. А раптам сярод усіх іх малюнкаў знойдзецца ілюстрацыя для рамана Джэка Керуака, аповесці або верша якога-кольвек беларускага аўтара.

Да таго ж, чым раней заўжды была абарона ў Акадэміі мастацтваў? Гэта было свята, гэта былі сустрэчы, на якія збіралася вельмі шмат беларускіх мастакоў (калі гаворка пра абарону спецыяльнасцяў выяўленчага мастацтва, а ёсць жа яшчэ тэатралы і кіношнікі, напрыклад!). Ім таксама ўсім было неабыякава, хто прыйдзе на змену, што наогул адбываецца ў сучасным арт-працэсе.

Сёння ўсё інакш. Хаця не-не ды хто-небудзь з выпускнікоў Акадэміі сярэдняга пакалення выкладзе фоткі ў фэйсбук з праглядаў ды абарон. Маўляў, глядзіце, вось прагляд у Акадэміі, напрыклад, нічога не змянілася. Паўстае рытарычнае пытанне: а можа, у нас усё заўжды з-за таго, што нічога не мяняецца?..

Мастак і паэт Рыгор Сітніца ходзіць па калідорах з нейкай троху самотнай засяроджанасцю на твары. Мастак Павел Татарнікаў бегае вясёлы і не супраць сказаць колькі слоў у абарону самых удалых дыпломаў. Мастацтвазнаўца Галіна Багданава "з пачуццём, з толкам, з расстаноўкай" распавядае пра найвыдатнейшыя дыпломы і анансуе абарону манументалістаў, Валерый Славук расказвае пра маладое пакаленне, разглядае дыпломную экспазіцыю скульптар Уладзімір Слабодчыкаў. Вось, уласна кажучы, усе, каго мне ўдалося прыкмеціць... Але гэта ўсё выкладчыкі Акадэміі. А дзе ж зацікаўленая грамадскасць?..

Вядома, выпускнікі ў гэтым не вінаватыя. Або, прынамсі, не яны адны. Агульная арт-сітуацыя ў Беларусі такая, што Акадэмія страчвае манаполію на падрыхтоўку творчых спецыялістаў, ды і самі гэтыя творчыя спецыялісты не вельмі зараз і патрэбны. Ёй, здаецца, больш неабходныя менеджары, абслуговы персанал, трактарысты, аператары сувязі. А вось творчыя супрацоўнікі не асабліва патрэбныя. Таму і на абароны яны больш не прыходзяць. Бо многія банальна паз'язджалі за мяжу. А той, хто застаўся, малюе для замежных выдавецтваў і перамагае ў замежных конкурсах.
І толькі калі ён атрымлівае там дастатковую колькасць медалёў і грамат, у нас пра яго таксама, можа быць, узгадваюць... Цалкам верагодна, што лёс сёлетніх выпускнікоў можа скласціся падобным чынам.
І дай Бог.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Каментарый
1373969174873_29-5
Юрый ХІЛЬКО, загадчык кафедры графікі БДАМ, сябар Саюза мастакоў Беларусі, дацэнт:

— Калі я вучыўся, спартзала Акадэміі, дзе тады ладзіліся абароны дыпломаў мастакоў, была поўная. А што тычыцца графікі — там увогуле няможна было праціснуцца! Шкада, што цяпер грамадскасць не так цікавіцца нашымі творчымі абаронамі. Наконт узроўню сённяшніх выпускнікоў. Адзнакі дзяржаўнай камісіі мяне вельмі цешаць: усе "дзясяткі", адна "дзявятка" і адна "васьмёрка". Так што ў цэлым я лічу: кафедра абаранілася на высокім узроўні. Што тычыцца далейшага творчага лёсу маладых творцаў... Тут мне цяжкавата сказаць і прадбачыць, але мне думаецца, што ўсё-такі калі з курса адзін ці два чалавекі становяцца мастакамі, якіх ведаюць — гэта ўжо добры курс. Я некалі праводзіў такое даследаванне, пачынаючы з 1959 года: на якіх курсах хто стаў мастаком. Дык, ведаеце, з 300 чалавек толькі каля 60 сталі сапраўднымі прафесійнымі мастакамі. Калі адзін з сёлетняга курса стане мастаком — гэта ўжо добра.

Безумоўна, у савецкі час мы бяды не ведалі, былі заказы, дзяржава неяк давала зарабіць выпускнікам. Сёння чалавек будзе вымушаны сам сабе зарабляць на жыццё, адпрацаваўшы абавязковыя два гады размеркавання.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».