Вы тут

Людміла Барадзіна: "Не хацелася б, каб дзіцячы конкурс ператварыўся ў спаборніцтва бацькоўскіх амбіцый"


Праз некалькі месяцаў Беларусь выбера свайго чарговага прадстаўніка на дзіцячае "Еўрабачанне-2013". Здавалася б, за 10 з лішнім гадоў, што наша краіна выступае ў гэтым конкурсе, працэс мусіць быць адладжаным да апошняй шрубкі. Пра тое, з каго і як выбіраюць "пасланцаў", на якім месцы стаяць грошы і хто павінен несці адказнасць за няўдачы — у інтэрв'ю з нязменным куратарам Рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання", прадзюсарам тэлеканала "Беларусь-2" Людмілай Барадзіной.

1373983198324_1

Пра таленты і амбіцыі

Сёлета журы нацыянальнага адбору разглядала 48 заявак. Многа гэта ці мала? Людміла Барадзіна лічыць, што зусім мала. І адной з прычын называе тое, што пры значнай колькасці дзіцячых конкурсаў у краіне няма маштабнага, сапраўды ўсеагульнага праекта, якімі былі раней "Усе мы родам з дзяцінства" і "Сузор'е надзей". Тады кожная вобласць прадстаўляла па 25 нумароў — танцавальных, вакальных, інструментальных. А перш чым рабіць выніковыя шоу у Мінску, арганізатары выязджалі ў кожны рэгіён і праглядалі, праслухоўвалі да 300 (!) удзельнікаў не толькі з абласных і раённых гарадоў, але і з невялікіх пасёлкаў і вёсак. Цяпер сітуацыя істотна змянілася, і ў адбор на дзіцячае "Еўрабачанне" трапляюць нямногія.

— Палова фіналістаў сёлетняга адбору — мінчане. Яны сапраўды мацнейшыя за канкурэнтаў?

— Тлумачэнне не з вясёлых: для таго, каб добра прадставіць песню, трэба мець, мякка кажучы, не пусты кашалёк. Аранжыроўка, касцюмы, нават сама песня (у правілах абумоўлена, што дарослыя кампазітары могуць аказваць дапамогу дзецям) — усё гэта каштуе немалых грошай. А грошай і магчымасцяў сапраўды больш у Мінску. Мне здаецца, абласным упраўленням культуры і адукацыі варта было б аб'яднаць і скаардынаваць намаганні, каб дапамагчы таленавітым дзецям, чые бацькі не могуць пацягнуць такія сур'ёзныя выдаткі, запісаць хоць бы фанаграму. Касцюмы і ўсё астатняе — гэта потым, перадусім важна выявіць таленты і паспрыяць іх прасоўванню. Бо вельмі не хочацца, каб наш конкурс — як і ўсякі іншы дзіцячы конкурс — ператварыўся ў спаборніцтва амбіцый заможных бацькоў і бацькоў, якія займаюць сур'ёзныя пасады.

— Былі прэцэдэнты?

— Званкі такога кшталту былі. Яшчэ да падвядзення вынікаў адбору маці аднаго з удзельнікаў запісалася на прыём да міністра культуры, каб паскардзіцца, што яе дзіця "не прапусцілі". Гэта, безумоўна, непрыемна. Але штогод у нас засядае прадстаўнічае журы — у яго ўваходзяць кампазітары, музыканты, папулярныя выканаўцы, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі — і "купіць" яго ці націснуць на кожнага паасобку немагчыма. Да таго ж у кожнага з нас свае густы, свае сімпатыі і падыходы да ацэнак — у нейкіх момантах мы пагаджаемся, у нейкіх, наадварот, спрачаемся...

Я разумею, што заўжды будуць пакрыўджаныя і тыя, хто не прайшоў адбор. Трэба не адчайвацца, а працаваць далей, удзельнічаць у іншых конкурсах... Хоць і ў гэтым ведаць меру. Некаторыя бацькі накіроўваюць сваіх дзяцей з аднаго конкурсу на другі так часта, што ўзнікае пытанне: ці паспяваюць дзеці вучыцца, ці застаецца ў іх час яшчэ хоць на што-небудзь? І другі момант: выпраўляючы дзіця на той ці іншы конкурс, варта дакладна ўсведамляць, нашто гэта робіцца: каб тата з мамай убачылі сваю "крывінку" на экране, альбо насамрэч дзіця настолькі артыстычнае, сцэнічнае і вакальна адоранае? У мяне дагэтуль перад вачыма стаіць карцінка з аднаго праслухоўвання. Дзяўчынка не прайшла адбор. Бачылі б вы, як плакала мама!

Пра "дарослы след" у дзіцячай творчасці

— Тэмы конкурсных песень для "Еўрабачання" дзіўныя: кветачкі, аблокі, зоркі... І гэта ў ХХІ стагоддзі. Сучасных дзяцей сапраўды ўсё гэта хвалюе, альбо яны спяваюць пра тое, што ад іх хочуць пачуць, што ім падказваюць дарослыя?

— Нам заўжды хочацца пачуць песню цікавую, яркую, запамінальную і не падобную на іншыя. Неардынарная песня можа выклікаць і абсалютна вар'яцкую цікавасць, і незразумела нізкую ацэнку, як гэта было з "Чароўным трусам". На самім дзіцячым "Еўрабачанні" песня гучыць у эфіры ўсяго аднойчы. Значыць, яна адразу мусіць прыцягваць увагу тэлегледача, "чапляць" ад пачатку да канца. Другі важны момант: конкурс змяніўся ва ўзроставым плане. Арганізатары, якія ад пачатку настройваліся на ўдзел дзяцей ад 10 да 15 гадоў, цяпер скіраваны ў большай ступені на дзесяцігадовых. Так, летась перамагла маленькая ўкраінка Насця Петрык — але, прыгадайце, не з дзіцячай песняй, зусім не пра рамонкі і зорачкі! У нас, на жаль, бывае гэтаксама: альбо песня старэйшая за дзіця, альбо 12-13-гадовы падлетак спявае нешта з рэпертуару малодшых класаў. Не праходзіць цяпер і бадзёрае піянерскае гучанне, да якога дагэтуль схільныя многія музычныя педагогі. Наогул, песня мусіць адпавядаць характару і здольнасцям дзіцяці. Калі ёсць гэтае супадзенне, як было з Лідай Заблоцкай (уладальніца 3-га месца на дзіцячым "Еўрабачанні-2011". — Аўт.), то нумар атрымліваецца цалкам гарманічны, і ў выніку ёсць удача. Яшчэ адна праблема з дапамогай дарослых кампазітараў — мы часта адзначаем другаснасць дасланых песень. Кампазіцыя нагадвае і гэту, і тую, і яшчэ нейкую. Мне могуць запярэчыць, што сёння ці не ўсе песні нагадваюць іншыя. Доля праўды ў гэтым ёсць, і тым не менш, калі ў 9 членаў журы алюзіі засланяюць арыгінальную ідэю — гэта адназначна няўдача.

Пра адказнасць і ўменне трымаць адказ

— Бацькі і педагогі, хто прайшоў праз наш конкурс, пацвердзяць, што далося гэта вельмі няпроста. Чаму? Дзіця перамагае ў фінале рэспубліканскага конкурсу. І на наступны ж дзень, а то і адразу, на яго абвальваецца прэс агульнай увагі. Пераможца адбору разрываецца паміж школай, рэпетыцыямі, тэлевізійнымі здымкамі, шэрагам арганізацыйных пытанняў. Ён абавязаны даваць інтэрв'ю, нават калі гэтага не хочацца і калі пытанні бясконца паўтараюцца. Самае непрыемнае пытанне, супраць якога я выступаю катэгарычна: "Ці хочаш ты перамагчы? Ці адчуваеш ты сваю адказнасць?". Адкажу за ўсіх удзельнікаў: гэтыя дзеці, натуральна, хочуць перамагчы, а сваю адказнасць часам адчуваюць больш сур'ёзна і глыбока, чым удзельнікі дарослага "Еўрабачання"! Груз адказнасці, на якой акцэнтуюць увагу дарослыя, душыць кволыя дзіцячыя плечы... Дагэтуль памятаю, як мы з Юрам Дземідовічам у Кіеве ехалі на фінальнае шоу. Пасля перанесенай траўмы (на адной з рэпетыцый Юра ўпаў і зламаў палец. — Аўт.) ён адчуваўся сябе не вельмі добра, але ўсё адно збіраўся з сіламі для таго, каб даць "апошні бой". І раптам спытаў у мяне: "Калі я не патраплю ў тройку лепшых — падвяду краіну?". Я адказала: "Ведаеш, Юра, незалежна ад таго, якое месца ты сёння зоймеш, ты зрабіў ужо вельмі шмат. Усе забудуцца, хто перамог на конкурсе ў 2009 годзе, і будуць памятаць яго толькі таму, што там быў "Чароўны трус".

— Дарэчы, так яно і атрымалася.

— Але для таго, каб усё выйшла менавіта так, была праведзена вялікая праца. Падчас самога конкурсу публіка бачыць вонкавы, святочны бок: экскурсіі для ўдзельнікаў, крыху дыскатэк, крыху забаўляльных падзей — але асноўны час усё адно займаюць рэпетыцыі. Першая рэпетыцыя — 40-45 хвілін, або 5-6 прагонаў песні жыўцом. Ды яшчэ стасункі з прэсай, у тым ліку замежнай. А гэта значыць, што ўдзельнік, якога адпраўляюць на конкурс, мусіць не толькі мець вельмі добрыя вакальныя здольнасці, але і быць стрэсаўстойлівым і фізічна моцным, загартаваным.

Пра тое, хто на што вучыўся

— Асабіста мяне ўсё больш непакоіць іншае, — уздыхае Людміла Барадзіна. — Урокі спеваў у школе завяршаюцца калі? Пасля 4 класа. А потым дзеці, якія хочуць спяваць, ідуць займацца ў пазашкольныя эстрадныя студыі. Іх, на мой погляд, у нас сёння вельмі шмат. Празмерна. На жаль, бацькі адораных дзяцей часта вядуць іх не ў музычную школу, дзе ігра на інструменце, сальфеджыа, хор — усё тое, што дазваляе развіваць слых, у тым ліку ўнутраны, і працаваць з голасам. Пераважная большасць такіх дзяцей займаецца ў студыях. Не ведаю, хто атэстоўвае і ці атэстоўвае ўвогуле кіраўнікоў гэтых незлічоных студый. Затое ведаю, што ў некаторых з іх выхаванцы проста спяваюць пад фанаграму, без распеўкі, без нічога, з месца ў кар'ер. На які вынік можна разлічваць з такім падыходам? Некаторыя так і не раскрываюць свой патэнцыял, іншыя дзеці эксплуатуюцца кіраўнікамі студый, не вельмі кампетэнтнымі ў сваёй справе. Далёка не кожнаму педагогу можна дазволіць працаваць з дзіцячым голасам... Ёсць і іншы бок медаля. У запрашальным білеце на адзін канцэрт я бачыла фота ўдзельніка дзіцячага "Еўрабачання" і назву студыі, у якой дзіця займалася. Гэткая рэклама: прыходзьце да нас, і вы можаце трапіць на дзіцячае "Еўрабачанне". Бацькі прыводзяць дзіця, плацяць грошы за заняткі, а потым не атрымліваюць выніку, на які разлічвалі, і вінаватым робіцца хто заўгодна: гледачы, бо не ацанілі; журы, бо "засудзіла". Але толькі не людзі, якія, мабыць, недастаткова прафесіянальна падышлі да падрыхтоўкі. Таму заклікаю бацькоў: не забывайцеся на музычныя школы! На адных толькі прыродных даных далёка не выедзеш. Ад педагогаў, у сваю чаргу, хочацца большай адказнасці і шчырасці: калі ў чарговага вучня дастаткова сціплыя музычныя здольнасці, трэба даць зразумець бацькам, што іх дзіця можа спяваць у школе, на аматарскай сцэне, але ніколі не выйграе вялікі конкурс і не стане "суперстар".

1373983198854_2

— Але, дапусцім, юны артыст выйграе: "Славянскі базар у Віцебску", потым дзіцячае "Еўрабачанне". А далей, за рэдкім выключэннем — цішыня... Вы сочыце за лёсам сваіх былых канкурсантаў?

Пра поспехі і паражэнні

Беларусам грэх скардзіцца на вынікі дзіцячага "Еўрабачання": у нас дзве перамогі — Ксеніі Сітнік у 2005-м і Аляксея Жыгалковіча ў 2007-м, "серабро" Андрэя Кунца ў 2006-м і "бронза" Лідзіі Заблоцкай у 2011-м. Нашу краіну вельмі ўхвалялі за арганізацыю дзіцячага "Еўрабачання-2010". Але пра ўсё гэта з цягам часу мы забываемся, і любое іншае месца, акрамя першага, успрымаем як пройгрыш.

— Як нам навучыцца прайграваць, каб пасля конкурсу не выплёсквалася на "непераможных" удзельнікаў хваля агульнага негатыву?

— Я звычайна назіраю за ўдзельнікамі пасля абвяшчэння вынікаў і здзіўляюся: прадстаўнікі, напрыклад, Нідэрландаў, Бельгіі, Нарвегіі заўжды ўсміхаюцца і шчаслівыя, якое месца ні занялі б. А мы празмерна зацыкленыя на перамозе. Давайце ўсвядомім: ніхто з беларусаў на дзіцячым "Еўрабачанні" не прайграў! Незалежна ад атрыманых ацэнак і занятага месца. Прайграць — значыць выйсці на сцэну непадрыхтаваным, "даць пеўня", дрэнна праспяваць. А калі той жа Юра Дземідовіч папрасіў зняць гіпс і трымаў мікрафон абязболеным зламаным пальцам, каб толькі гледачы не паставілі яму балаў з-за шкадавання; калі нашы дзеці гатовыя былі скочыць вышэй галавы, каб толькі не падвесці сваіх педагогаў, бацькоў, сяброў, усю краіну — хіба гэта можна назваць пройгрышам?

Гутарыла
Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».