Вы тут

"Дазвольце працаваць і адначасова даглядаць пенсіянераў"


У рэдакцыю "Звязды" прыйшоў ліст ад Дзігалёва Мікалая Іванавіча з Бабруйска. Чытач не задаволены прыняццем дакументаў аб шматдзетных маці і інвалідах. "Я сам са шматдзетнай сям'і, таму выступаю за тое, каб маці, якая нараджала ў СССР, мела такія ж правы, што і сучасная. Маю на ўвазе прысваенне шматдзетным жанчынам дзяржаўных узнагарод і пенсій за асаблівыя заслугі. Ураўнуйце іх у правах, і дэмаграфічнае пытанне вырашыцца". Тут жа ён скардзіцца на тое, што "маці, якая нарадзіла дзіця ў Бабруйску, у адрозненні ад мінскіх маці, не мае права бясплатна атрымліваць памперсы". Таксама Мікалай Іванавіч просіць дазволіць людзям, якія абслугоўваюць інваліда 1 групы, альбо пенсіянера, якому больш за 80 гадоў, працаваць па сумяшчальніцтве. "За догляд плацяць невялікую дапамогу, на якую нерэальна пражыць аднаму, не кажучы ўжо пра сям'ю. Таму чалавек вымушаны ісці падпрацоўваць нелегальна..."

З лістом азнаёміўся намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ.

Ён патлумачыў, што пенсія за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь можа быць устаноўлена: "жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей і ўзнагароджаным адной з наступных дзяржаўных узнагарод СССР ці Рэспублікі Беларусь: ордэнам Маці, "Медалём мацярынства", ордэнам "Мацярынская слава", ордэнам "Маці-гераіня", згодна з пунктам 3 Палажэння аб пенсіях за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 30 сакавіка 1993 года №185 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў ад 13 кастрычніка 2011 года №1367).

У Савецкім Саюзе была прадугледжана сістэма ўзнагароджвання жанчын за шматдзетнасць і выхаванне дзяцей. Яна ўключала медалі "Медаль мацярынства" ІІ і І ступеняў, якімі жанчыны ўзнагароджваліся за нараджэнне пяці і шасці дзяцей адпаведна, ордэн "Мацярынская слава" трох ступеняў за нараджэнне і выхаванне сямі, васьмі і дзевяці дзяцей і ордэн "Маці-гераіня" для ўзнагароджвання маці за нараджэнне і выхаванне дзесяці дзяцей. У Рэспубліцы Беларусь устаноўлены толькі ордэн Маці, якім жанчыны ўзнагароджваюцца за нараджэнне і выхаванне пяці дзяцей.

— Рэдакцыя Палажэння, якая дзейнічала раней, прадугледжвала ўстанаўленне пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь толькі ўзнагароджаным трыма і больш ордэнамі Рэспублікі Беларусь і(ці) СССР, — працягвае Валерый Кавалькоў. — Гэта паставіла ў няроўныя ўмовы жанчын, якія нарадзілі дзевяць і больш дзяцей у перыяд існавання СССР і ўзнагароджаных за гэта трыма-чатырма ордэнамі, і жанчын, якія нарадзілі такую ж колькасць дзяцей ужо ў сучасны перыяд Рэспублікі Беларусь і ўзнагароджаных за гэта толькі адным ордэнам. Каб забяспечыць роўныя ўмовы для прадастаўлення шматдзетным маці права на пенсію за асаблівыя заслугі ўнесены дапаўненні, якія ўраўноўваюць у правах маці, што нарадзілі і выхавалі аднолькавую колькасць дзяцей, незалежна ад колькасці ўзнагарод, якія ў іх маюцца за шматдзетнасць. У такім выпадку галоўная заслуга жанчыны — гэта годнае выхаванне сваіх дзяцей і ўласная бездакорная рэпутацыя як маці. Калі ёсць звесткі, што сям'я няўдалая, аблвыканкамам (Мінскаму гарвыканкаму) рэкамендавана не прадстаўляць жанчыну да ўстанаўлення пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь.

Калі гаварыць пра бясплатнае атрыманне памперсаў, то раней у Мінску са сродкаў мясцовага бюджэту давалася штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 1 года (у памеры розніцы паміж бюджэтам пражытковага мінімуму і памерам дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў). З 1 студзеня 2010 года такія выплаты не рабіліся ў сувязі з тым, што памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічыўся да бюджэту пражытковага мінімуму.

— А з улікам таго, што з 1 студзеня 2013 года дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў узраслі яшчэ больш істотна, пытанне аб прадастаўленні дадатковых выплат сем'ям з малалетнімі дзецьмі са сродкаў мясцовых бюджэтаў не разглядаецца, — падкрэсліў намеснік міністра. — Што тычыцца дапамогі па доглядзе інваліда 1 групы або пенсіянера, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту і мае патрэбу ў пастаянным доглядзе, то мэта такой дапамогі — даць працаздольным асобам, вымушаным пакінуць працу з-за неабходнасці пастаяннага догляду непрацаздольнага грамадзяніна, сродкі для існавання. Працуючыя асобы ў вольны ад працы час маюць права займацца любой справай, у тым ліку доглядам дзяцей, непрацаздольных членаў сям'і і г.д, што не можа быць на платнай аснове. Цяпер рыхтуюцца прапановы аб узмацненні патрабаванняў да прэтэндэнтаў на атрыманне ўказанай дапамогі, бо ўсё часцей сталі з'яўляцца выпадкі адкрытай меркантыльнасці пры выкананні сямейных абавязкаў.

Надзея ДРЫЛА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.