Вы тут

Сродак супраць суму


Для даведкі:

Яўген Бушкоў, заслужаны артыст Расіі. Нарадзіўся ў Маскве ў сям'і скрыпачоў. У 8-гадовым узросце ўпершыню саліраваў на скрыпцы разам з сімфанічным аркестрам. Стаў лаўрэатам І-й прэміі на міжнародным конкурсе імя Веняўскага ў Познані, ІІІ-й прэміі на конкурсе каралевы Елізаветы ў Бруселі, лаўрэат Сусветнага конкурсу імя Шэрынга ў Монтэ-Карла. З пачатку 1990-х гадоў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць як саліст, выступае ў розных краінах па ўсім свеце. Узначальваў ансамбль салістаў "Канцэрціна". Як дырыжор выступае з 1999 года. У 2002 годзе па запрашэнні Юрыя Башмета стаў дырыжорам Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра "Новая Расія". З 2009 года галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь.

1373984139270_1

Навошта імя гэта? Яны свой 45-ы год адзначылі ўсім калектывам: Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі меў святочны канцэрт на галоўнай сцэне краіны. Віншаванні, шаноўныя госці, падарункі. Што яшчэ трэба? "Трэба ісці да людзей", — вырашыў мастацкі кіраўнік аркестра, заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў. Да людзей, якія жывуць не толькі ў сталіцы. Да людзей, якія, можа быць, не мелі магчымасцяў паслухаць філарманічныя канцэрты і могуць не мець іх далей. Але ж аркестр — беларускі, значыць, пра яго павінны ведаць ва ўсёй нашай краіне як мага больш людзей. Аркестр дзяржаўны — значыць, ствараўся для ўсіх грамадзян нашай краіны і дзеля іх павінен працаваць. Без абмежаванняў. Без зніжак на тое, што значыць "свая" публіка. Яна ўся можа стаць "сваёй", упэўнены дырыжор, калі людзям яе менавіта так і прадставіць. Таму — углыб, у раёны, аграгарадкі... Вырашыў чалавек, які сам бачыў лепшыя сцэны Еўропы, дзе выступаў, перамагаў у конкурсах. І такое адчуванне, што са сваім цяперашнім кіраўніком камерны аркестр спрабуе здабыць сабе перамогу ў самым галоўным — у заваяванні слухача. Першыя вынікі гастрольнага тура даюць падставы рабіць нейкія высновы. Кіраўнік Дзяржаўнага камернага аркестра, заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў разважае:

Што значыць, калі ідэя да месца

— Любы праект, калі ён толькі задумваецца ў галаве, не мае нейкіх канкрэтных абрысаў. Але калі ёсць ідэя, якая пачынае настойліва і моцна гучаць у галаве, то яна ў стане зварочваць горы. А калі пачынаецца яе практычная рэалізацыя (аркестр збіраецца, рэпеціруе, замаўляецца аўтобус, ад'язджаем, прыязджаем), вось з гэтага моманту пачынаецца карэкцыя той ідэі. І ператварэнне яе ў досвед. Мы вырашылі ў год 45-годдзя Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь арганізаваць тур — 45 канцэртаў па краіне. Мы гэты гастрольны тур прыгожа назвалі "Музычныя сады краіны Беларусь" — такая назва вельмі адпавядае той ідэі, якую я першапачаткова даносіў да сваіх калег. Яна ў тым, што мы павінны паехаць і выступіць дзеля таго, каб больш шырокія колы людзей, далёкія ў прамым і пераносным сэнсе ад музыкі і ад музычных цэнтраў, маглі адчуць, што значыць музычнае мастацтва, атрымалі задавальненне і прасякнуліся тым, чым мы займаемся.

Самы першы наш выезд у горад Гомель, які адкрываў гэтую маштабную акцыю, прынёс нам абсалютна нечаканыя адчуванні: месца аказалася адпаведным ідэі, якую мы нясём. Больш за тое, настолькі адпаведным, што зрабіла моцнае ўражанне на мяне як на музыканта, які аб'ездзіў шмат краін, бачыў шмат гарадоў, даў шмат канцэртаў. Я маю на ўвазе залу, ці калі правільна, то "Канцэртна-спартыўны комплекс "Гомель", дзе нам выпала выступаць. Гэта цудоўная зала, у якой больш за 2000 месцаў, з выдатнейшай акустыкай, пра якую мы нават не марылі. Але ж уразіла і тое, якога ўзроўню былі нам прапанаваны грымёрныя, усё тое, што так важна для артыстаў, якія прыязджаюць з гастролямі, каб пачувацца нармальна. Нават у заходніх краінах я сустракаў такое, што пры цудоўнай зале, якая можа знаходзіцца ў гістарычным будынку, побач усё вельмі сціпленька. Таму, калі мы патрапілі ў гэтую залу ў Гомелі, было адчуванне, што гэта нейкая асобная краіна. Я пра гэта сказаў пры знаёмстве дырэктару залы, на што пачуў адказ: "Такое ж уражанне гэта зрабіла на вашага калегу Співакова. Калі ён быў, то заўважыў, што адзінае, чаго можа быць тут не хапае, каб быў найвышэйшы ўзровень, — канцэртнага раяля "Stеіnwау" ці інструмента падобнага ўзроўню. Але гэта справа нажыўная — патрэбны толькі грошы, прычым не супастаўляльныя з рамонтам гэтага памяшкання. Але гэтая зала не адна так уражвае. Яна яшчэ і акружана вялікай прасторай, якую я абышоў, паглядзеў выключнай прыгажосці камерныя залы — здаецца, іх 4. Гэта ідэальнае месца для правядзення свята музыкі, калі 24 гадзіны ў суткі могуць ісці канцэрты ў розных памяшканнях. У такіх месцах трэба праводзіць Дзень музыкі... Нас уразіла не толькі сама зала: нас уразілі поўная зала на канцэрце. І тое, як гэтыя людзі слухалі музыку. Мы ігралі сур'ёзную праграму, без зніжак на рэгіён: ігралі музыку Моцарта, Чайкоўскага, паўтаралі прэм'еру цымбальнага канцэрта Міхаіла Бронэра, які гучаў на нашым юбілейным канцэрце ў Мінску. Поспех быў уразлівы.

Што значыць "сеяць насенне"

— Менавіта так я ўяўляў у ідэале адкрыццё тура "45 канцэртаў па краіне". Марыў. І мара рэалізавалася. Далей усё будзе развівацца, таму што наперадзе яшчэ шмат канцэртаў — наогул наш тур можа расцягнецца і больш, чым на год. Мы ўжо ахапілі 3 вобласці: Гомель, і нават заехалі ў адзін з аграгарадкоў у Гомельскай, былі 3 канцэрты ў Магілёўскай вобласці; у Віцебскай — заязджалі на фестываль у Паставы, ігралі ў Полацку, у Сафійскім саборы.

У нас за плячыма засталіся 7 канцэртаў. І ўражанні разнастайныя. Ёсць уражанні чыста нашы. Мне вельмі падабаецца магчымасць сфатаграфавацца разам з аркестрам, напрыклад, побач з курамі. Калі і дзе яшчэ яна можа здарыцца, як не ў такім туры? Яшчэ я марыў зрабіць фотакартку з каровамі, але, на жаль, гэта не атрымалася, таму што, пакуль мы ігралі, каровы ўжо пайшлі адпачываць. Сама атмасфера мястэчак, куды мы прыязджаем, дае вельмі яркія ўражанні. Але і людзі.

Напрыклад, калі мы прыехалі ў маленькі гарадок Асіповічы, у якім мы некалькі гадоў таму выступалі. Там ужо была пэўная аўдыторыя, якая нас чакала і хацела слухаць. У Асіповічах у мяне адбылася абсалютна цудоўная сустрэча: кароценькая размова, якая выклікала вір эмоцый і адчуванне таго, што наш тур задуманы не дарэмна. Калі я пасля канцэрта складваў рэчы (гэта адбываецца доўга, таму што памочнікаў у мяне няма, фрак і іншыя атрыбуты я складваю сам), я выходзіў апошні з будынка, дзе мы выступалі. Аркестр ужо быў у аўтобусе, уся публіка сышла. Два хлопчыкі дачакаліся мяне каля дзвярэй, папрасілі аўтограф. Я спытаў, як імя кожнага з іх, падпісаў імянныя пажаданні, і, калі мы зусім развіталіся, яны выйшлі на вуліцу, адзін з іх вярнуўся і спытаў: "А вы да нас яшчэ прыедзеце?" Хлопчыкам было гадоў па 10—11. Памятаю шчырыя вочы, для якіх не важныя ніякія рэгаліі, але ў іх было пачуццё. Я заўсёды паўтараю сабе, што ніякія званні, вядомасць, рэгаліі не маюць значэння для дзяцей. Для іх значыць толькі адно: ці спадабалася тое, што яны ўбачылі і пачулі. І калі дзіця з такімі шчырымі вачыма вяртаецца і задае такое пытанне незнаёмаму дзядзьку, то гэта сведчыць пра тое, што ім сапраўды спадабалася. Уласна кажучы, гэта і ёсць мэта нашай паездкі. Таму што калі мы кажам прыгожыя словы пра музычныя сады, то маецца на ўвазе, што мы будзем сеяць насенне. Насенне інтарэсу да музыкі.

Што значыць, падарожжа ў музыку

— Былі і іншыя ўражанні, былі канцэрты, дзе мы ігралі праграму, якую ў Мінску іграем... на дзіцячых канцэртах. Але гэтую праграму можна іграць і для дарослых, таму што яна не толькі захапляльная, але яшчэ і адукацыйная: людзі слухаюць музыку кампазітараў, якіх ніколі наогул не чулі. Напрыклад, праз музыку ідзе расповед на тэму падарожжа вакол свету. Мы зрабілі падборку на гадзінную праграму, іграем маленькія аркестравыя мініяцюры, і з боку ў бок перамяшчаючыся, я распавядаю... У наша музычнае падарожжа мы са слухачамі адпраўляліся з Беларусі і прыязджалі ў Беларусь. Мы спецыяльна вазілі з сабой цымбалы, якія сімвалізавалі кропку ад'езда і кропку прыезду, ігралі музыку беларускага кампазітара Уладзіміра Кур'яна, якая выконваецца заўсёды на "ўра". Ён цудоўны майстар, выдатна ведае цымбалы і шыкоўна з імі працуе ў сваіх творах. І вось такія выступленні выклікалі фантастычны фурор у абедзвюх аўдыторый — у дарослых і ў дзяцей. Напрыклад, у клубе аднаго з аграгарадкоў сабраліся вучні школы. Дырэктар школы потым сказаў: "Мы здзіўлены, таму што дзяцей складана прымусіць прасядзець 45 хвілін урока. А тут гадзіна праляцела, і яны слухалі з цікавасцю. Мы зайздросцім, як вы можаце ўпраўляцца з нашымі дзецьмі, што яны ціха слухаюць". Я не стаў яму тлумачыць, што шмат гадоў я вяду дзіцячыя абанементы і ведаю пра тое, чаго дзеці баяцца больш за ўсё. Больш за ўсё дзеці баяцца суму. Дарэчы, і дарослыя таксама, проста яны саромеюцца ў гэтым прызнацца.

1373984140732_2

Яшчэ быў цікавы момант, калі мы павінны былі ў адзін дзець іграць канцэрт у адным з аграгарадкоў, а вечарам выступалі ў горадзе Быхаў — даволі буйным цэнтры. Мяне вельмі пацешыла адказнасць, з якой чыноўнікі горада Быхава паставіліся да справы. Яны патэлефанавалі ў той аграгарадок, дзе мы былі дагэтуль, і цікавіліся: ці добра гэта было? Яны не ведалі, што такое Дзяржаўны камерны аркестр, таму хваляваліся, што ім прапанавалі нешта не тое. Калі мы прыехалі, то выступалі ў напалову пустой зале, якая па акустыцы аказалася вельмі прыемным месцам. Потым у мяне адбылася размова з прадстаўніцай аддзела культуры, якая была зачаравана ўсімі кампанентамі нашай працы: ігрой, рэпертуарам, маімі расповедамі. Яна шкадавала аб тым, што раней яны мала ведалі наш аркестр. Але абяцала, што калі яшчэ мы прыедзем, то дакладна будзе аншлаг. Гэта праблема. Гэта гаворыць толькі пра тое, што мы не заўсёды можам арганізаваць і падаць інфармацыю пра саміх сябе. Можа быць, ёсць пэўная насцярожанасць і адасобленасць кіраўнікоў, якія часам задаюць пытанне: а навошта гэта патрэбна?.. Я мог бы кожнаму патлумачыць: навошта гэта людзям, якімі ён кіруе — для іх гэта іншы, нязведаны свет, які яны адкрываюць. Мне хочацца спадзявацца, што інфармацыя пра тур Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі будзе перадавацца далей і да канца нашых паездак нас будуць чакаць так, як таго вартае мастацтва, якім мы займаемся.

Ірына АКУЛОВІЧ,

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.