Вы тут

З ЧАГО ПАЧЫНАЕЦЦА ІМІДЖ КРАІНЫ?


Каб любіць Беларусь нашу мілую, я ўпэўнены, неабавязкова бываць у розных краях. А каб па-новаму паглядзець на сябе, на нашу культуру і на прадукцыю нашых вытворцаў, на стаўленне да нас з боку іншых, дастаткова наведаць месцы, дзе часта бываюць турысты. Замежны турыст, магчыма, і не надта дакладны індыкатар нашага побыту і культуры, але ўбачаная чужымі вачыма наша рэчаіснасць дае падставу і для гонару, і для роздуму.

1373986390912_9--41

Нясвіж — адна з культурных сталіц краіны — ніколі не скардзіўся на недахоп увагі айчынных і замежных гасцей. Гарадок дагледжаны, зайздроснай прыгажосці замак, касцёл і цэрквы, азёры і паркі, мноства гістарычных помнікаў — гэта вабіць. Апошнім часам заварушыўся нарэшце гасцінічны бізнес — у горадзе падрастае паверхамі гасцініца, істотна пабольшала прыватных пансіянатаў-сядзіб для гасцей. Найбольшы наплыў турыстаў — з пятніцы да нядзелі. На аўтастаянцы непадалёк ад славутага замка па нумарах аўто вывучаем геаграфію: Расія, Польшча, Літва, Украіна, Германія... Хто дасведчаны ў мовах, пачуе і італьянскую, англійскую, румынскую ды яшчэ шмат іншых. Прыемна, што нас наведвае так багата гасцей. Калі едуць — значыць, ёсць дзеля чаго, але паназіраць за турыстамі ў іх вольны ад экскурсій час таксама цікава, асабліва калі прыгледзецца, што яны вязуць з Беларусі "на памяць".

"Зайздросцім якасці вашых тавараў..."

Найпрасцей вызначыць турыста ў гастраноме: свае, дзякуй Богу, па столькі не купляюць. Маладая пара са Смаленска, якая наведвае Нясвіж на сваім аўто, відавочна, вялікія аматары нашых мясных далікатэсаў:

— Калі мы першы раз прывезлі з Беларусі і пачаставалі сяброў беларускімі каўбасамі, адразу атрымалі заказ другім разам прывезці і ім. Цана, зразумела, вельмі даступная, але галоўнае — якасць прадуктаў. Вось паглядзіце, сёння мы купілі 10 кілаграмаў сыравэнджанай каўбасы, 4 кілаграмы сыру, 30 бляшанак тушонкі з ялавічыны і свініны, 10 пачак сметанковага масла... Вось яшчэ скрыначка ёгуртаў... Усё гэта можна доўга захоўваць, таму так багата "затаварваемся" для сябе і бацькоў. Зайздросцім якасці вашых тавараў, іх прыгожай упакоўцы. Ведаем мы беларускія магазіны і ў нас у Смаленску: ёсць прадуктовы, абутковы, бялізнавы.

Дзве масквічкі, якія наведалі мясцовую прывакзальную краму, напакавалі паўнюткі вазок цукеркамі і шампунямі.

— Такія цукеркі ў нас прадаваліся вельмі даўно, а ў вас яны захавалі натуральны смак шакаладу. І сам шакалад добры — і гомельскі, і мінскі... Шампуні беларускія таксама якасныя. Мы яшчэ хацелі б набыць нешта льняное — вопратку, сталовыя наборы і пасцельную бялізну.

Высокія бардзюры і маленькія кавярні

Кіроўца турыстычнага аўтобуса з Падмаскоў'я пачуваецца ў Нясвіжы як свой:

— Прыкладна з год бываю ў Нясвіжы кожныя два-тры тыдні. Бываем таксама ў Віцебску, Мінску, Дудутках, у Мірскім замку. Прыгожыя дарогі, кіроўцы на трасе ветлівыя. Адзінае, што часам раздражняе — маленькія прыдарожныя кавярні і невялікі асартымент страў у іх. Я вязу чалавек 30-40, так што часам на кароткі "перакус" выпадае каля гадзіны. А тут, у Нясвіжы, на вуліцах вельмі многа "спячых паліцэйскіх", але гэта не крытычна, бо многа пешаходаў і веласіпедыстаў. І яшчэ як кіроўца, адзначу надта высокія бардзюрныя камяні ў беларускіх гарадах і тут, у Нясвіжы — гэта нязручна. У вас жа з гор патокі вады не льюцца?

Дзе дзяржаўны гандаль?

Слухаючы ўражанні турыстаў пра Нясвіж, трэба памятаць і пра тое, што кожны з іх — патрыёт і сваіх мясцін, таму павінен бачыць і ў нас не толькі адно добрае. Як вядома, у чужым воку вялікае бачым, якім бы малым яно не было. Хаця крытычных заўваг ад тых, хто гасцюе ў нас, дабіцца няпроста. Вось тры кабеты, назваліся ленінградкамі:

— Не, крытычна пра Беларусь мы ніколі нічога не скажам. Як жанчын нас яшчэ цікавяць вашы беларускія тканіны льняныя, бялізна. Шкада, што на вашых рынках амаль не прадаюць, а толькі імпартнае ўсё. Нам крыху смешна, што ў сувенірных крамах многа расійскіх матрошак і таннай замежнай біжутэрыі. Матрошак мы і дома купім, ды і гэтай біжутэрыяй у нас таксама ўсё завалена... Вось і ў Нясвіжы мы абышлі некалькі крам, набралі многа чаго, але ручной работы кераміку, вышыванкі, карункі, саломку толькі вось тут набылі, у народных майстрых... І вельмі нам было прыемна ўбачыць, што на Беларусі ў вас усё ў зеляніне, усе палі апрацаваная. Такія помнікі дагледжаныя, нават у райцэнтры мы бачылі, што на брацкай магіле гарыць Вечны агонь.

Наконт матрошак у дзяржаўных крамах — слушна. І насамрэч, смешнавата — няўжо бракуе беларускіх сувеніраў? Прадаюць матрошак, вядома, і прыватнікі. Але, акрамя прыватнікаў, ні каля Нясвіжскага, ні каля Мірскага замка не відаць дзяржаўнага гандлю — цікавяцца ж госці льнянымі тканінамі і вырабамі з іх, кандытарскімі вырабамі. Упэўнены, што бралі б госці і згушчонку, і якасныя алкагольныя напоі — "Белавежскую", славутыя нашы бальзамы. Але нейкі, відаць, існуе стэрэатып, што каля месцаў, дзе бывае багата замежных турыстаў, абавязкова прадаюцца толькі сувенірныя вырабы і работы майстроў народнай творчасці. А можа, час і "афіцыйнаму гандлю" зрабіць крокі насустрач турысту?

Мы адрозніваемся

Успомнілася, як аднойчы перад Вялікаднем пабываў на нясвіжскіх могілках разам з госцем з Краснадарскага краю, які прыехаў у Беларусь упершыню. Рухаемся па сцяжынцы, чытаем прозвішчы і эпітафіі: Зяньковіч, Гінзбург, Шыманскі, Гетнер, нешта па-польску, зноў па-нашаму, зноў лацінкай. Я тлумачу, што ў нас хаваюць на адных могілках усіх. Госць спыняецца і кажа:

— Могілкі ў вас не па нацыянальным прынцыпе, гэта правільна... Не ведаў, што вы так ад многіх адрозніваецеся...

...Вось і думаецца, як і з чаго складаецца імідж краіны. Аказваецца, і з наяўнасці менавіта беларускіх сувеніраў і тавараў пры нашых гістарычных і культурных аб'ектах, з якасці нашых каўбас і са стану могілак, з вышыні бардзюраў на вуліцах і якасці саміх вуліц... І гэта не вялікая палітыка, якую вядуць тыя, каму гэта належыць і ў каго гэта атрымліваецца. Вось тут, у Нясвіжы і Міры, ды і ў іншых падобных мясцінах, у кожнай краме ад райцэнтра да сталіцы і на кожнай вуліцы мы павінны ведаць, што на нас глядзяць людзі з усяго свету. Дык давайма будзем адпавядаць таму, што мы, беларусы, маем так багата адметнага і свайго ўласнага. І давайце вучыцца годна яго паказваць.

Пятро РАМАНЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?