Вы тут

Вольга, Альгерд, Аляксандр: што іх яднае?


У Віцебску плануюць паставіць помнікі кіеўскай княгіні Вользе, князю віцебскаму, вялікаму князю літоўскаму і рускаму Альгерду і славутаму рускаму князю Аляксандру Неўскаму. Аднак узнікла шмат спрэчак, ці вартая кожная з гэтых асобаў таго, каб быць увекавечанай у выглядзе помніка паблізу ратушы — сімвала горада.

Карэспандэнт "Звязды" звярнуўся па каментарый да спецыялістаў, выкладчыкаў гісторыі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.

Ці была тут Вольга?

— Апошнім часам у сеціве разгарнуліся ажыўленыя дыскусіі пра ролю княгіні Вольгі ў гісторыі Віцебска, звязаныя з ініцыятывай устаноўкі помніка легендарнай заснавальніцы горада і прысутнасці яе асобы ў тэксце зацверджанага нядаўна гарадскога гімна. Даволі распаўсюджана думка, што паданне — нічым не пацверджаны міф, бо згадка захавалася ў познім Віцебскім летапісе (Dzіеjе mіаstа Wіtеbskа) ХVІІІ стагоддзя і змяшчае шэраг недакладнасцяў. Але ці ўсё тут адназначна? — распавядае Анатоль Дулаў, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. — Паданне пра заснаванне Віцебска княгіняй Вольгай пачынала Віцебскі летапіс і служыла пунктам адліку гісторыі горада: "У год 974 Вольга, пабіўшы яцвягаў і печанегаў, пераправілася з ваярамі цераз раку Дзвіну і заначавала, а ўпадабаўшы гару, заклала драўляны замак, які назвала ад ракі Віцьбы Віцебскам. У Верхнім замку змуравала царкву святога Міхала, а ў Ніжнім — Звеставання. Два гады тут пражыўшы, ад'ехала да Кіева".

1373986396981_9-14

Гэты тэкст сапраўды мае шэраг неадпаведнасцяў, на што звярталі ўвагу вучоныя, пачынаючы з выдатнага даследчыка віцебскай мінуўшчыны Аляксея Сапунова, які першым апублікаваў тэкст летапісу ў 1883 годзе ў першым томе зборніка "Витебская старина". Так, у 974 годзе Вольгі ўжо не было сярод жывых (памерла ў 969-м). Недакладныя і звесткі пра яе прыбыццё на месца будучага горада пасля перамогі над яцвягамі і печанегамі, бо шлях княгіні ў любым выпадку не мог ісці праз Віцебск. Да таго ж Русь яшчэ не стала хрысціянскай, традыцыі мураванага дойлідства адсутнічалі. Замкі з'явіліся ў Віцебску значна пазней. Падобныя факты могуць указваць на тое, што паданне — пазнейшая прыдумка. Але не толькі! Недакладнасці, магчыма, сведчаць пра працяглае бытаванне падання пра заснаванне Віцебска княгіняй Вольгай у вуснай форме перад тым, як яно было запісана.

Сам жа факт наведвання княгіняй паселішча крывічоў у сутоцы Дзвіны і Віцьбы можна датаваць прыкладна 947 годам, пад якім у "Аповесці мінулых часоў" згаданы паход княгіні на поўнач, да Ноўгарада, з мэтай вызначэння пагостаў (цэнтраў збору даніны). Пра гэта пісалі яшчэ на пачатку 1970-х гг., напярэдадні святкавання тысячагоддзя Віцебска, буйныя спецыялісты па гісторыі Старажытнай Русі Барыс Рыбакоў і Леанід Аляксееў

.

Дзяніс Юрчак, намеснік дэкана гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава, лічыць, што княгіня Вольга заслугоўвае таго, каб быць увекавечанай на вуліцах старажытнага Віцебска: "Зразумела, што Вольгу нельга лічыць менавіта заснавальніцай горада. Пасяленне балтаў існавала на месцы ўпадзення Віцьбы ў Дзвіну яшчэ з часоў ранняга жалезнага веку. Потым тут з'явіліся славяне. Факт наведвання Вольгай Віцебска сапраўды мог мець месца ў 947 г., што садзейнічала ператварэнню паселішча ў горад — эканамічны і адміністрацыйны цэнтр на землях крывічоў. На карысць гэтага сведчыць перадача Віцебска ў 1021 годзе кіеўскім князем Яраславам Мудрым свайму пляменніку Брачыславу, князю полацкаму, пасля знакамітай бітвы на рацэ Судамір".

Не адмаўляе магчымасць наведвання племяннога цэнтра віцебскага адгалінавання крывічоў — Віцебска — княгіняй Вольгай і археолаг, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Таццяна Бубенька. Пры гэтым, кажа Таццяна Станіславаўна, вынікі археалагічных даследаванняў сведчаць, што раннефеадальны горад Віцебск стаў складвацца на аснове паселішча крывічоў на мяжы Х—ХІ стагоддзяў. А гэта можна лічыць ускосным пацвярджэннем летапіснай легенды.

Альгерда на пастамент?

Дзяніс Юрчак, разважаючы, ці заслугоўвае Альгерд помніка ў нашым горадзе, сказаў:

— Праўду трэба шукаць, не кідаючыся ў крайнасці, на аснове ўважлівага вывучэння ўсіх наяўных крыніц. Бацькам Альгерда, князя крэўскага і віцебскага, вялікага князя літоўскага (1345—1377), быў вялікі князь літоўскі Гедымін (1316—1341), пры якім Вільня стала прэтэндаваць на ролю цэнтра збірання земляў былой Кіеўскай Русі. Цалкам верагодна, што ў жылах Альгерда цякла і славянская кроў: на думку некаторых гісторыкаў, маці яго была полацкай князёўнай. У такім выпадку з дзяцінства асоба князя фарміравалася пад уплывам культурных і рэлігійных традыцый Русі.

У 1318 годзе Альгерд заключыў шлюб з князёўнай Марыяй, дачкой апошняга віцебскага князя з Рурыкавічаў — Яраслава. У позніх летапісных крыніцах сказана, што Альгерд ахрысціўся напярэдадні шлюбу з Марыяй Яраслаўнай, — расказвае спадар Юрчак. — Праз два гады князь Яраслаў памёр, не пакінуўшы сыноў. Віцебскае княства адышло па спадчыне яго зяцю Альгерду. Гэта пацвярджае, што Альгерд ужо быў ахрышчаны па ўсходнім абрадзе, у адваротным выпадку яго б не прынялі мясцовыя жыхары. Ёсць і непасрэдныя сведчанні дакументальных крыніц аб праваслаўным веравызнанні Альгерда. Так, дамова ВКЛ з Лівонскім ордэнам "1338" замацоўвалася клятвай літоўцаў-язычнікаў на сваіх святынях і крыжацалаваннем праваслаўных князёў. Сярод апошніх названы і князь віцебскі. Калі пскавічы прапанавалі Альгерду стаць іх князем, а дзеля гэтага хрысціцца, атрымалі адказ, што ён ужо хрысціянін...

— Князь шмат зрабіў для Віцебска, — працягвае Таццяна Бубенька. — Менавіта ў перыяд княжання Альгерда ў Віцебску былі збудаваны каменныя Верхні (з княжацкімі палатамі) і Ніжні замкі агульнай працягласцю сцен каля двух кіламетраў. Будаўніцтва замкаў магло пачацца каля 1330 года, а завершана было, як сведчыць "Хроніка Літоўская і Жамойцкая", у 1351 годзе другой жонкай Альгерда, дачкой цвярскога князя Аляксандра Міхайлавіча — Ульянай. Віцебскі замак стаў адным з наймагутнейшых на тэрыторыі Усходняй Еўропы і быў уключаны ў "Спіс гарадоў рускіх дальніх і бліжніх" (канец ХІV—ХV ст.).

Таму найбольш мэтазгодна помнік Альгерду ставіць паблізу ад рэштак Вуглавой вежы ім жа збудаванага замка. Але чамусьці прапануюць паставіць помнік у вельмі нязручным месцы, якое падчас жыцця князя нават горадам не было. Да таго ж узнікае пытанне: у які бок павярнуць постаць князя? У выбраным месцы ёсць толькі адзінае магчымае рашэнне: тварам да Масквы. І ў гэтым некаторыя і могуць убачыць "антырасійскую скіраванасць".

Што датычыцца сцвярджэння, што Альгерд не быў праваслаўным, то нагадаю, што менавіта ён пабудаваў прытворы да Дабравешчанскай царквы ХІІ ст. у Віцебску, спрыяў існаванню праваслаўнай мітраполіі ў Наваградку. Наогул для дзяржавы Альгерд зрабіў шмат. Заслугі яго прызнавалі нават у Расіі, нягледзячы на тры паходы на Маскву! Постаць князя ўшанавана на мануменце "Тысячагоддзе Расіі", усталяваным у 1862 годзе ў Ноўгарадзе.

Сярэднявечча, наогул, жорсткі час, час крывавых міжусобіц. Таму наўрад ці ёсць у тагачаснай гісторыі палітычны дзеяч, які не праліў бы крыві ворагаў, часам нават адзінаверцаў. Аднак гэта не перашкаджае нашчадкам ушаноўваць іх заслугі.

— Альгерд пашыраў межы ВКЛ за кошт усходнеславянскіх зямель, — кажа Анатоль Дулаў. — Далучыў частку Смаленскай зямлі, Чарнігава-Северскага княства. На гэтым напрамку князю давялося сутыкнуцца з мангола-татарамі. У 1362 годзе яго войска, якое складалася, галоўным чынам, з усходніх славян, разбіла ў бітве каля Сініх Вод (рака Сінюха) трох татарскіх ханаў. Дзякуючы гэтаму ўкраінскія землі са сталіцай Старажытнарускай дзяржавы Кіевам апынуліся ў складзе ВКЛ. Быў пакладзены пачатак вызваленню ўсходнеславянскіх зямель ад ардынскага прыгнёту. Князь змагаўся з Польшчай за Валынь і Галіцкую зямлю. Разам з братам Кейстутам Альгерд паспяхова супрацьстаяў крыжацкаму "Drаng nасh Оstеn" ("націску на Усход").

— Пры Альгердзе ўзмацніўся ўсходнеславянскі ўплыў у палітычнай, культурнай, духоўнай сферах Вялікага Княства Літоўскага і Рускага, — дадае Дзяніс Юрчак. — Гэта падкрэслівалі яшчэ дарэвалюцыйныя гісторыкі. У прыватнасці, самы яскравы прадстаўнік заходнерускай школы Міхаіл Каяловіч у дачыненні да перыяду вялікага княжання Альгерда нават выкарыстаў паняцце "праваслаўнае перастварэнне Літвы". У сталіцы ВКЛ Вільні з'явіліся першыя праваслаўныя храмы: св. Мікалая, Пятніцкая і Прачысценская цэрквы. Князь імкнуўся аднавіць (і аднавіў) асобную праваслаўную мітраполію для сваёй дзяржавы (Кіеўскі мітрапаліт знаходзіўся ў Маскве). Праўда, гэта было выклікана, хутчэй палітычнымі прычынамі.

Выклікае сумненне вераадступніцтва Альгерда, вяртанне яго ў язычніцтва ў перыяд вялікага княжання. Князю важна было ўзмацніць свой уплыў на далучаных усходнеславянскіх землях, а для гэтага трэба было быць праваслаўным. Сапраўды, ордэнскі храніст Герман Вартберг паведамляе, што пахаванне Альгерда суправаджалася язычніцкімі абрадамі: "Пры яго пахаванні, згодна з літоўскім паганскім абрадам, было здзейснена ўрачыстае шэсце са спаленнем розных рэчаў і 18 баявых коней". Гэта і зразумела: у апошні шлях князя праводзілі і балцкія арыстакраты-язычнікі. Да таго ж крыжакі былі зацікаўлены прадставіць ВКЛ апорай язычніцтва, каб працягваць перманентны крыжовы паход на балцкія і славянскія землі. Па іншай версіі, Альгерд памёр не проста хрысціянінам, але нават стаў манахам і прыняў схіму.
У выніку князь быў нават занесены ў памяннік Кіева-Пячэрскай лаўры...

Анатоль Дулаў дадаў, што князь Альгерд пакінуў шмат нашчадкаў — 12 сыноў і 9 дачок. Сыны Альгерда былі праваслаўнымі (толькі ў 1386 годзе, пасля Крэўскай уніі з Польшчай, некаторыя з іх перайшлі ў каталіцтва). Альгердавічы адыгрывалі значную ролю ў палітычным жыцці ВКЛ і суседніх зямель. Напрыклад, Андрэй (старэйшы сын) і Дзмітрый Альгердавічы ўнеслі важкі ўклад у перамогу маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча над ардынцамі на Куліковым полі 8 верасня 1380 г. А старэйшы сын ад Ульяны Цвярской Ягайла (у праваслаўі Якаў) стаў каралём польскім Уладзіславам ІІ, заснавальнікам дынастыі Ягелонаў, прадстаўнікі якой займалі пасады ў Польшчы, Венгрыі і Чэхіі...

— За час княжання Альгерда тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага і Рускага пашырылася больш чым у два разы, беларускія землі занялі ў дзяржаве цэнтральнае становішча. Гэта спрыяла развіццю іх эканомікі і культуры, умацаванню статусу "рускай" (старабеларускай) мовы як афіцыйнай, пашырэнню ўплыву ў княстве праваслаўнай царквы, — кажа Дзяніс Юрчак. — Альгерд унёс значны ўклад у развіццё Віцебска, які стаў важным адміністрацыйным цэнтрам і магутнай крэпасцю. Вядома, князь не быў анёлам у плоці, як і любы іншы сярэднявечны манарх. Але ў гісторыі беларускіх зямель, зрэшты, як і ўсходнеславянскіх у цэлым, ён, несумненна, пакінуў яскравы след, пра што сведчыць помнік "Тысячагоддзе Расіі", на якім Альгерд адлюстраваны сярод выдатных дзяржаўных дзеячаў Русі. Думаецца, помнік Альгерду ў нашым горадзе стане годным увекавечаннем дзейнасці князя.

Неўскі прыязджаў па ўнука?

Мае суразмоўцы расказалі і аб сувязі з Віцебскам князя Аляксандра Яраславіча, празванага за перамогу над шведамі на рацэ Няве Неўскім. Адзінае ўпамінанне крыніц аб знаходжанні князя Аляксандра ў горадзе звязана з тым, што ў 1245 годзе ён забраў адсюль сына. Звесткі пра гэта прыведзены ў Наўгародскім першым летапісе. Вядома, летапісная згадка пра тое, што зрабіў князь, неабавязкова сведчыць, што князь здзейсніў гэта і ўласнаручна. Аднак у гэтым выпадку няма падстаў адмаўляць візіту Аляксандра Яраславіча ў Віцебск.

Відавочна, сын князя гасцяваў у сваякоў па матчынай лініі. Справа ў тым, што жонкай Аляксандра была дачка полацкага князя Брачыслава, якую гісторыкі называюць Параскевай, або Аляксандрай. Відавочна, цесць Аляксандра — полацкі князь Брачыслаў, згаданы ў Наў-
гародскім летапісе, — быў нашчадкам віцебскіх князёў і меў вотчынныя правы таксама і на Віцебск. Аляксей Сапуноў выказаў здагадку, што ў Віцебску жыла аўдавелая да таго часу жонка Брачыслава і хлопчык гасцяваў у бабулі.

Легенда ж пра вянчанне князя ў горадзе над Дзвіной была прыдумана ў другой палове ХХ ст. адным з віцебскіх экскурсаводаў, які ўвогуле славіўся арыгінальнымі трактоўкамі падзей з гісторыі Віцебска...

Афіцыйны каментарый

Пётр ПАДГУРСКІ, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама:

— Лічу, што помнік Альгерду павінен быць усталяваны ў Віцебску. Таму што насамрэч гэтая гістарычная асоба шмат зрабіла для станаўлення, фарміравання, развіцця горада ў абаронным, культурным, рэлігійным планах. У тым ліку падчас яго праўлення будаваліся храмы.

Многія чытачы не ведаюць увесь працэс стварэння і ўсталявання помнікаў — гэта займае шмат часу. Напрыклад, вядомы ва ўсім свеце помнік Пятру І у Санкт-Пецярбургу ствараўся 10 гадоў. Знакамітыя скульптуры коней на Анічкавым мосце таксама ў Піцеры — на Неўскім — праспекце таксама з'явіліся не аднахвілінна.

Што тычыцца працэсу ўсталявання помнікаў у нашай краіне, ёсць адпаведнае заканадаўства, якім мы кіруемся. Кіраўнік дзяржавы даў дазвол на стварэнне помніка Альгерду.

Пасля таго як атрымліваецца дазвол Прэзідэнта, робіцца эскіз помніка, які паказваецца для ўзгаднення членам рэспубліканскага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Савет узначальвае Міхаіл Баразна, рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў. Члены савета — знакамітыя архітэктары, скульптары, мастацтвазнаўцы. Яны адказваюць за тое, каб у выніку быў усталяваны высокамастацкі твор. Эскіз быў узгоднены.

Потым наступны этап: робіцца рабочая мадэль, якая зноў павінна ўзгадняцца ў вышэйназваным савеце. Зараз ёсць заўвагі па рабочай мадэлі і яны выпраўляюцца скульптарам Валерыем Магучым. І пасля ўзгаднення выпраўленняў пачынаецца наступная стадыя стварэння помніка: робіцца ўжо мадэль у натуральную велічыню, але з мяккага матэрыялу — гліны або пластыліну... Як толькі зроблена мадэль, зноў члены савета яе ўзгадняюць. Толькі потым робіцца форма і помнік адліваецца з металу. Зараз этап узгаднення рабочай мадэлі.

Паўтараю, дазвол кіраўніка дзяржавы на ўстаноўку помніка Альгерду ў нас ёсць. Потым было прынята адпаведнае рашэнне Віцебскага гарвыканкама аб стварэнні і ўстаноўцы помніка. Ужо вызначаны заказчык, фінансавыя сродкі — пазабюджэтныя грошы, заробленыя гараджанамі падчас суботніка, і грошы ад мецэнатаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».