Вы тут

Хутчэй на "Пятровіцу"!


Жыхар Любані Сяргей Выскварка і яго дачка Арына спяшаюцца на "Пятровіцу" — летнюю школу традыцыйных танцаў, якая праходзіць гэтымі днямі ў вёсцы Шыпілавічы. Шмат гадоў Сяргей загадвае арганізацыйна-творчым аддзелам Любанскага раённага Цэнтра культуры, з'яўляецца кіраўніком узорнага фальклорнага ансамбля "Верабейкі", у якім танцуе і яго 8-гадовая дачушка. Шыпілавіцкая танцавальная школа з рэгіянальнай ператварылася сёлета ў сапраўдны міжнародны пленэр, на якім майстар-класы па танцах даюць мясцовыя бабулі-доўгажыхаркі.

1373988521949_1

Час праваслаўнага Пятроўскага посту на Любаншчыне называюць Пятровіцай. А само свята завецца "Пятрок". За тыдзень перад ім ладзіцца Купалле. Таму не памылімся, сказаўшы, што адно свята пераходзіць у другое, што ад Купалля да Пятра ўсяго паўкрока.

Традыцыйна ў гэты летні перыяд вясковыя жанчыны збіралі лекавыя зёлкі, рыхтаваліся да блізкага жніва, спявалі купальскія і пятроўскія песні, якія часта нават не адрозніваюцца. Час прыгожай прыроды і багатай разнастайнасці традыцый і звычаяў. А ўжо песень, гульняў, танцаў! Менавіта на Пятровіцу работнікі культуры Любаншчыны ўжо трэці год запар ладзяць своеасаблівы пленэр — летнюю школу традыцыйнага танца "Пятровіца"

. У вёску Шыпілавічы прыехалі студэнты факультэта этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, іншая моладзь, якая імкнецца вывучаць і захоўваць беларускі фальклор. Адгукнуліся на запрашэнне пазнаёміцца з нашай народнай культурай госці з Літвы і Расіі. Наогул удзел у гэтым культуралагічным праекце сёлета бяруць каля 60 чалавек. Ля купальскага вогнішча на беразе Арэсы і пачалася гэтая незвычайная моладзевая школа, мэта якой — навучыцца рэгіянальным танцам і правесці шэраг экспедыцый па вёсках у пошуках крыніц традыцыйнай народнай культуры Любаншчыны.

1373988521134_2

Куратар рэгіянальнага, а па сутнасці, міжнароднага праекта — фалькларыст, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля "Верабейкі" Сяргей Выскварка кажа: "Таксама адна з мэт школы навучыцца адпачываць традыцыйна, па-беларуску, без камп'ютараў і тэлевізараў, а з песнямі, танцамі, гульнямі".

1373988522310_3

Што цікава, некалькі беларускіх сем'яў замест адпачынку ў Турцыі і Егіпце вырашылі правесці свой адпачынак менавіта ў вёсцы Шыпілавічы.

Фіналам гэтай школы стане рэканструкцыя народнага абрада "Пятрок", які бытуе на Любаншчыне з даўніх часоў.

Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.

Любанскі раён.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.