Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


На другасным рынку жылля ўзляцелі цэны

Сярэдні кошт 1 кв. м у чэрвені 2013 года на другасным рынку жылой нерухомасці Мінска стаў самым высокім за апошнія чатыры гады і склаў $1512 у кватэрах тыпавых спажывецкіх якасцяў, без мэблі і папярэдняга рамонту. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БелТА начальнік аддзела кансалтынгу і аналітыкі групы кампаній "Твая сталіца" Андрэй Астрэйка.

Паводле слоў спецыяліста, у чэрвені гэтага года сярэдняя цана 1 кв. м у аднапакаёвых кватэрах дасягнула паказчыка $1626, двухпакаёвых — $1430, трохпакаёвых — $1387. "І хоць сярэдняя цана здзелак у чэрвені ў параўнанні з папярэднім месяцам вырасла нязначна — усяго на 1,2%, чэрвеньскі паказчык сярэдняга кошту 1 кв. м гэтай катэгорыі кватэр стаў рэкордным за апошнія чатыры гады", — патлумачыў Андрэй Астрэйка.

Начальнік аддзела паведаміў, што кватэры з мэбляй або папярэднім рамонтам рэалізоўваліся ў чэрвені гэтага года ў сярэднім даражэй на $200—300 за 1 кв. м, чым кватэры тыпавых спажывецкіх якасцяў. Кошт такіх кватэр у апошнія тры месяцы даволі стабільны і знаходзіцца на ўзроўні $1,7—1,8 тыс. за 1кв. м, дадаў спецыяліст.

Што датычыцца рынку арэнды жылой нерухомасці беларускай сталіцы, то, паводле інфармацыі Андрэя Астрэйкі, значных змяненняў з пачатку года не адбылося. "Сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры ў чэрвені 2013-га склаў $337, двух- і трохпакаёвай — $398 і $428 адпаведна. У сегменце трохпакаёвых кватэр за апошнія паўгода цана арэнды не змянілася, а вось арэнда аднапакаёвых кватэр у другім квартале 2013 года ў параўнанні са студзенем падаражэла амаль на 7%", — адзначыў прадстаўнік кампаніі "Твая сталіца".

"Самы лепшы"? Пацвердзі дакументальна

Пры правядзенні рэкламнай акцыі ў Магілёве рэкламадаўца — уладальнік сеткі крам — арганізаваў распаўсюджванне рэкламных лістовак, якія змяшчалі словы ў найвышэйшай ступені "мы прадаем найлепшую садавіну і гародніну", "мы прапануем вам найлепшыя цэны на тавары, што найлепш прадаюцца", "мы гарантуем самы лепшы сэрвіс".

Аднак пацвердзіць дакументальна правамоцнасць выкарыстання гэтых слоў у рэкламе рэкламадаўца не змог, што з'яўляецца парушэннем Закона Рэспублікі Беларусь "Аб рэкламе". Таксама не змог прад'явіць такія дакументы і іншы рэкламадаўца — інтэрнэт-крама па продажы запчастак для аўтамабіляў. На яе сайце распаўсюджвалася рэклама з выкарыстаннем слоў у найвышэйшай ступені і іншых слоў, што стваралі ўражанне аб перавагах тавару, паслуг перад іншымі таварамі і паслугамі. Тут жа змяшчалася параўнанне таго тавару, які рэкламаваўся, з таварамі ад іншых арганізацый: "вы можаце замовіць і набыць аўтазапчасткі па найлепшых цэнах", "самыя лепшыя аўтазапчасткі на нямецкія аўтамабілі", "асартыментны шэраг нашай інтэрнэт-крамы пакрывае ўсе аўтамабільныя сістэмы на ўсе маркі і мадэлі аўтамабіля ад балта да акумулятара на любую машыну", "вы можаце купіць арыгінальныя аўтазапчасткі даных аўтамабільных марак больш танна, чым у афіцыйных дылераў у Беларусі".

Рэклама, якая змяшчае параўнанне тавару з таварамі іншых арганізацый, не дапускаецца, паколькі лічыцца неэтычнай, канстатавалі ў Міністэрстве гандлю. У дачыненні да вышэйназваных рэкламадаўцаў складзены і накіраваны ў суды пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Павялічыліся цэны на цукар, хлеб і моцны алкаголь

Пра гэта стала вядома з пастаноў Міністэрства эканомікі Беларусі № 48, №49 і №50 ад 4 ліпеня 2013, афіцыйна апублікаваных учора на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Гранічныя максімальныя адпускныя цэны па рэгуляваных групах хлеба і хлебабулачных вырабаў павялічацца з сённяшняга дня ў сярэднім на 10%. Так, гранічная максімальная адпускная цана на хлеб жытні, з сумесі жытняй і пшанічнай мукі (акрамя заварных гатункаў) без дадатковай сыравіны ўстаноўлена ў памеры 2576 рублёў за 1 кг; на хлеб жытні, з сумесі жытняй і пшанічнай мукі, заварной без дадатковай сыравіны — 3283 рублі за 1 кг; батоны і перапечкі з пшанічнай мукі вышэйшага гатунку з колькасцю па рэцэптуры цукру і тлушчаў у суме не вышэй за 14% вагой 300 г і больш — 4961 рубель за 1 кг; на батоны і перапечкі з пшанічнай мукі першага гатунку з утрыманнем па рэцэптуры цукру і тлушчаў у суме не вышэй за 14% вагой 300 г і больш — 4315 рублёў за 1 кг. Міністэрства эканомікі сцвярджае, што такое рашэнне прынята "з улікам прапаноў Мінсельгасхарча, у мэтах кампенсацыі падаражэння сыравіны".

Гранічныя максімальныя рознічныя цэны, якія рэгулююцца, на віды цукру-пяску белага без дабавак павялічаны ў сярэднім на 5%. Так, гранічныя максімальныя рознічныя цэны на цукар-пясок белы без дабавак вагавы, упакаваны ў мяшкі ад 25 да 50 кг, вызначаны ў памеры 7900 рублёў за 1 кг; на цукар-пясок белы без дабавак вагавы, упакаваны ў мяшкі ад 2 да 25 кг, — 8400 рублёў за 1 кг; на цукар-пясок белы без дабавак, расфасаваны ў спажывецкую ўпакоўку аб'ёмам ад 500 г да 1 кг, — таксама ў памеры 8400 рублёў за 1 кг. У Міністэрстве эканомікі тлумачаць, што такое рашэнне прынята "з улікам прапаноў канцэрна "Белдзяржхарчпрам", для стабілізацыі фінансавага стану цукраперапрацоўчых арганізацый".

Павышаюцца таксама гранічныя мінімальныя цэны на алкагольную прадукцыю мацункам звыш 28%. Гранічная мінімальная адпускная цана на алкаголь мацункам 40% за 0,5 л павялічана на 25,6% да 27 тысяч рублёў, гранічная мінімальная рознічная цана (з ПДВ) — на 28,4% да 38 тысяч рублёў. Гранічная мінімальная адпускная цана на імпартны алкаголь мацункам 40% павышана на 25,6% — да 54 тысяч рублёў. У Міністэрстве эканомікі патлумачылі, што гэтае рашэнне прынята "ў сувязі з ростам ставак акцызаў". "З увядзеннем у дзеянне ўказанай пастановы вытворцы і імпарцёры алкагольнай прадукцыі, а таксама гандлёвыя арганізацыі павінны рэалізоўваць алкагольную прадукцыю мацункам звыш 28% па цэнах, не ніжэй за ўстаноўленыя", — адзначылі ў міністэрстве.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

На мінскіх могілках плануюць устанавіць электронныя тэрміналы

Электронныя інфармацыйныя тэрміналы, з дапамогай якіх можна атрымаць звесткі пра пахаваных, плануюць усталяваць на 4 сталічных могілках.

Пра гэта карэспандэнту агенцтва "Мінск—Навіны" паведаміў дырэктар спецкамбіната КБА Мікалай Ракевіч.

У прыватнасці, тэрміналы павінны з'явіцца на Кальварыйскіх могілках, а таксама могілках "Чыжоўскія", "Паўночныя" і "Міханавічы". Канкрэтных тэрмінаў рэалізацыі гэтага праекта дырэктар спецкамбіната КБА пакуль не называе: усё залежыць ад фінансавага складніка.

Заўважым, электронныя інфармацыйныя тэрміналы на сталічных некропалях выкарыстоўваюцца з 2008 года. Імі ўжо абсталяваны могілкі "Усходнія", "Вайсковыя", "Заходнія" і "Калодзішчы". Тэхнічныя сродкі ўсталяваны і падтрымліваюцца за кошт уласнага прыбытку спецкамбіната КБА і распрацоўшчыка.

З дапамогай электроннага тэрмінала можна знайсці прозвішча, імя і імя па бацьку нябожчыка, дату яго нараджэння і смерці, а таксама нумар участка, рада і магілы, дзе ён пахаваны.

"Мінск—Навіны".

Як уюн на патэльні...

На рацэ Дабысна паблізу вёскі Вялікія Рогі работнікі Жлобінскай міжрайінспекцыі затрымалі мясцовага жыхара, які пры дапамозе электралавільнага прыстасавання незаконна здабыў 156 асобін розных відаў рыбы агульнай вагой 27 кілаграмаў.

Шкода навакольнаму асяроддзю нанесена ў асабліва буйным памеры — 86,4 мільёна рублёў (864 базавыя велічыні), паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Пры затрыманні парушальнік утапіў электралавільнае прыстасаванне, спрабаваў пазбавіцца ад незаконна здабытай рыбы і ўцячы. За непадпарадкаванне законным патрабаванням дзяржінспектараў пры выкананні імі службовых абавязкаў у дачыненні да грамадзяніна распачаты адміністрацыйны працэс. Таксама вядома, што парушальнік дзейнічаў не адзін. Асоба яго памагатага зараз высвятляецца.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.