Вы тут

Tах Frее запрацуе праз месяц


Тэхналогію работы аператара сістэмы Tах Frее ў Беларусі плануецца канчаткова дапрацаваць і ўзгадніць на працягу бліжэйшага месяца. Пра гэта расказала карэспандэнту "Звязды" намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч. Нагадаем, што аператарам Tах Frее выбрана рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белмытсэрвіс". Па словах Ірыны Наркевіч, разам з "Белмытсэрвіс" у гэтым праекце будуць таксама задзейнічаны Беларусбанк і "Белпошта", найбуйнейшыя крамы краіны і іншыя зацікаўленыя арганізацыі. "Праблем з вяртаннем грошай па Tах Frее, — лічыць намеснік міністра, — быць не павінна. Ужо сёння на ўсіх асноўных пунктах пропуску ў абодвух кірунках, а таксама ў аэрапорце абсталяваны спецыяльныя пункты вяртання грошай. На працягу 30 дзён будзе канчаткова дапрацавана і ўзгоднена тэхналогія працы аператара, складзены неабходныя дагаворы і пагадненні з усімі ўдзельнікамі праекта". Пасля гэтага на працягу некалькіх месяцаў праект будзе знаходзіцца ў пілотнай стадыі, на якой будуць адпрацаваны нюансы функцыянавання інфармацыйнай сістэмы, што забяспечвае ўзаемадзеянне ўсіх удзельнікаў. "Пасля гэтага любая гандлёвая арганізацыя зможа далучыцца да праекта, і сістэма запрацуе на поўную магутнасць", — падкрэсліла Ірына Наркевіч. Дарэчы, сістэму Tах Frее — механізм вяртання падатку на дабаўленую вартасць з беларускіх тавараў, набытых у рэспубліцы замежнікамі, — у Беларусі ўвялі з 1 студзеня 2013 года. Мінімальны кошт пакупак пры вяртанні ПДВ — Br800 тыс. Тавар павінен быць набыты ў адной краме на працягу аднаго працоўнага дня. Сума падатку не вяртаецца ў выпадках, калі тавар у Беларусі вызвалены ад ПДВ або па ім ужываецца паніжаная стаўка (напрыклад, гэта датычыцца харчовых тавараў). Акрамя таго, не падлягаюць вяртанню ПДВ падакцызныя тавары. Выкарыстанне гэтага механізму ў Беларусі паспрыяе павышэнню іміджу краіны, асабліва пры правядзенні міжнародных культурных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў, і павысіць прывабнасць беларускага гандлю для замежнага пакупніка. Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».