Вы тут

Яны не скардзяцца. Яны працуюць


Калі бізнес у Беларусі толькі пачынаў сваё развіццё, да яго ставіліся хутчэй варожа і з недаверам, чым з тым адценнем прэстыжнасці, з якім многія сёння вымаўляюць слова "бізнесмен". І маладыя зараз хочуць быць бізнесменамі. Але не ўсе пры гэтым разумеюць, што бізнес — гэта не толькі шмат грошай, прыгожая машына і рэспектабельны выгляд, а і вялікая адказнасць, рызыка. Ён патрабуе лідарскіх якасцяў, цвёрдага характару, сапраўднай харызмы, умення не здавацца нават тады, калі шанцаў на перамогу амаль няма. І сёння такіх людзей у Беларусі шмат. Падведзены вынікі конкурсу "Чалавек Справы", які штогод праводзіць грамадская рэдакцыйная рада часопіса "Дело (Восток+Запад)", куды ўваходзяць найбольш аўтарытэтныя беларускія прадпрымальнікі, эканамісты, грамадскія дзеячы. Як ацэньваюць стан беларускай эканомікі тыя, хто сам яе і стварае, пацікавіўся карэспандэнт "Звязды".

Жыві сваім розумам

Акадэмік, доктар эканамічных навук, прафесар, саветнік Нацыянальнай акадэміі навук Пётр Нікіценка, які ўзначальвае рэдакцыйную раду, лічыць, што ў цяперашніх няпростых умовах у бізнесе перамагае той, хто абапіраецца на асабістыя сілы і рынкавую філасофію: "Хто жыве сваім розумам, і ў складанай эканамічнай сітуацыі знаходзіць нестандартныя рашэнні. Тыя, для каго прынцыпы самаарганізацыі і асобаснага росту з'яўляюцца фактарамі поспеху". Дарэчы, на конкурс было вылучана 140 кандыдатаў. Па традыцыі з іх адабралі 12 лаўрэатаў. "Але колькасць тых, хто быў рэкамендаваны міністэрствамі эканамічнага блока, аблвыканкамамі, Мінгарвыканкамам і прадпрымальніцкімі саюзамі, абнадзейвае. Гэта значыць, што філасофія вядзення бізнесу ў Беларусі змяняецца да лепшага", — заявіў акадэмік.

Склады і (бяс)платны інтэрнэт

Віталь Воўк, генеральны дырэктар Мінскага завода колавых цягачоў, лаўрэат конкурсу ў намінацыі "За павышэнне прэстыжу маркі "Зроблена ў Беларусі", на пытанне журналістаў, ці будуць зніжацца складскія запасы на нашых прадпрыемствах, адказаў: "За свой завод магу сказаць, што ў нас працэнт запасаў нават меншы, чым патрэбен пры такой вытворчасці. У нас заказаў шмат, таму прадукцыя не затрымліваецца".

А Сяргей Папкоў, генеральны дырэктар РУП "Белтэлекам", лаўрэат конкурсу ў намінацыі "За высокую якасць бізнес-паслуг", паабяцаў зрабіць да чэмпіянату свету па хакеі столькі пунктаў доступу да інтэрнэту Wі-Fі, колькі трэба. "Іншая справа, што некаторыя з іх не выкарыстоўваюцца, — паскардзіўся кіраўнік. — У аэрапорце ўсталявана 20 пунктаў, але прадукцыйнасць іх выкарыстання толькі 2-3 працэнты. Мы і так працуем практычна на імідж кампаніі і краіны". Сяргей Папкоў запэўніў, што Wі-Fі будзе працаваць на высокіх хуткасцях, але наконт платнасці ці бясплатнасці гэтай паслугі нічога не сказаў: "Гэтае пытанне вырашыцца да канца года".

$164 тыс. на аднаго работніка

Кіраўніцтва краіны патрабуе ад прадпрыемстваў выхад на выпрацоўку 60 тысяч долараў за год на аднаго работніка. На якім узроўні гэты паказчык у лепшых? "Летась у нас было 164 тысячы долараў на аднаго работніка. Сёлета чакаем на 20-25 працэнтаў вышэй", — адказаў Пётр Катульскі, генеральны дырэктар СТАА "ЛЛК-Нафтан", лаўрэат конкурсу ў намінацыі "За асабісты ўнёсак у дасягненне сусветнага ўзроўню якасці прадукцыі, якая выпускаецца". "Да 2015-га мы ставім сабе задачу дасягнуць 60 тысяч долараў на чалавека, якія патрабуюцца. За паўгоддзе гэтая лічба прыкладна роўная 22 тысячам", — падзяліўся Віталь Воўк. Віталь Саладуха, генеральны дырэктар ААТ "Інтэграл", лаўрэат конкурсу ў намінацыі "За важкі ўнёсак у развіццё знешнеэканамічных сувязяў Беларусі", быў больш шматслоўным. Ён перасцярог, што прывязвацца толькі да аднаго паказчыка таксама няправільна: "Я ведаю, што расійскія калегі, каб былі добрыя лічбы, вывелі ўсе няпрофільныя актывы са сваіх прадпрыемстваў — ахову, механаапрацоўку і гэтак далей. Гэта цяпер асобныя прадпрыемствы. Вось і атрымліваецца выпрацоўка на аднаго работніка вышэйшай. Але такое размеркаванне дзейнасці ўскладняе вытворчасць. Трэба ў вытворчасці дамагацца такіх значэнняў выручкі, каб не трэба было адсякаць няпрофільныя актывы. У нас сёлета будзе 30 тысяч долараў".

Інвестары любяць Беларусь

Камбіз Бешкардана, дырэктар Лагістычнага цэнтра "Прылессе", лаўрэат конкурсу ў намінацыі "За актыўнае прыцягненне і эфектыўнае выкарыстанне замежных інвестыцый", заявіў, што "Беларусь — вельмі прывабная краіна для замежных інвестыцый. Тыя даследаванні, якія мы правялі перад тым, як пачаць інвеставанне, даказалі гэта". Тым больш доказам з'яўляецца тое, што лагістычны цэнтр — гэта не той аб'ект, які прынясе хуткую выручку. "Гэта доўгатэрміновы праект, накіраваны на эканамічнае развіццё краіны", — упэўнены Камбіз Бешкардана.

Па словах арганізатараў конкурсу, ніхто з пераможцаў-замежнікаў не сказаў аб праблемах. Невядома, гэта сціпласць і выхаванасць ці проста жаданне працаваць замест галашэння аб цяжкасцях. Добры прыклад сумленных бізнесменаў, якія гатовы працаваць, нягледзячы на перашкоды.

У крызіс развіваюцца інавацыі

"Вытворчасць высокатэхналагічнай прадукцыі з'яўляецца, на маю думку, найбольш эфектыўным відам бізнесу ва ўмовах крызісу, — распавядае Уладзімір Лінеў, дырэктар прадпрыемства "Адані", лаўрэат конкурсу ў намінацыі "За стварэнне прадпрыемства, якое падае прыклад пераходу на інавацыйны шлях развіцця". — Мы працуем без складоў, выконваем заказы як мага хутчэй. Я лічу, што ў краіне павінна з'яўляцца больш высокатэхналагічных прадпрыемстваў. На гэтым будуецца развіццё эканомікі. Не разумею, чаму думаюць, што навука ў бізнесе не можа быць паспяховай. Яна павінна быць паспяховай. Калі вы займаецеся толькі даследаваннямі і не даяце ім практычнага прымянення, то, зразумела, прыбытку ад гэтага не будзе. А калі вырашаць усё комплексна, то праблем няма. Мы робім чыстае імпартазамяшчэнне і прапануем тэхніку, якую раней куплялі толькі за мяжой". Дарэчы, прадпрыемства стала выпускаць унікальнае медыцынскае абсталяванне для ранняга дыягнаставання раку малочнай залозы ў жанчын. А ўвогуле 90% прадукцыі ідзе на экспарт.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.