Вы тут

Пад маскай ягняці хаваўся леў


Чаму жанчыны даруюць мужчынам і працягваюць верыць у шчырасць іх пачуццяў?

Калі Аляксей пазнаёміўся з Галінай, у яго ўжо быў свой бізнес. Аляксей бачыў, як жанчына пакутуе з мужам-алкаголікам і, у прамым сэнсе, з апошніх сіл стараецца на працы, каб забяспечыць сям'ю. Спачатку былі каштоўныя падарункі, дарэчы, вельмі своечасовыя для Галіны. А потым Аляксей пачаў дапамагаць грашыма. Праз нейкі час жанчына кінула свайго мужа і сышлася з ім. А праз паўгода яны ажаніліся. І толькі тады Галіна пачала заўважаць за новым мужам успышкі агрэсіі, часта нічым не абгрунтаванай…

1374144438994_1

Пасля таго, як Галіна атрымала статус законнай "паловы", яна горш жыць не стала: Аляксей быў такім жа шчодрым, як і да шлюбу. Але жанчына пачала заўважаць, што вымушана яму пастаянна падпарадкоўвацца, у падрабязнасцях расказваць, куды, колькі і як расходуе грошы. Сама Галіна пасля "дэкрэта" так і не выйшла на працу, аддаўшы перавагу спакойнаму жыццю хатняй гаспадыні. Ды і, калі шчыра, ідэя выйсці на працу, не спадабалася Аляксею. Дарэчы, такая ж сітуацыя назіралася ў бацькоўскай сям'і новага мужа Галіны.

— Да таго, як мы з Аляксеем пабраліся шлюбам, я не разумела такіх мужчын, як ён і яго бацька, — горка ўсміхаецца Галіна. — Мяне раздражнялі гісторыі, калі недзе ў магазіне жонка хацела, напрыклад, купіць новую спадніцу, а муж ёй забараняў. Да таго ж я заўсёды лічыла, што на свеце няма нічога такога, што магло б зрабіць жанчыну непрыгожай у вачах мужчыны, калі ён яе кахае. А зараз уявіце, як я павінна была спужацца, калі аднойчы Аляксей раскрытыкаваў і выкінуў у акно (!) сукенку, якую я толькі што прынесла з магазіна!

Тады Галіна праплакала ўсю ноч, бо зразумела, што здарылася нешта дрэннае. Яна спрабавала знайсці тлумачэнне паводзінам мужа і не знаходзіла. Ён не мог не ведаць, што ёй будзе горка і балюча ад такога яго ўчынку! Тым не менш падобныя сітуацыі пачалі здарацца ўсё часцей: то яму не падабаўся колер памады, то цені для павекаў здаваліся занадта яркімі… Сёння яго раздражняе ўсё, што робіць Галіна. Іншым разам ёй здаецца, што яго раздражняе ўжо сам факт яе існавання. Да таго ж, муж пачаў падымаць на яе руку.

— Сяброўкі суцяшаюць, — гаворыць Галіна. Маўляў, ні ты, ні дзеці ні ў чым не маюць патрэбы, таму цярпі. А б'е — значыць, кахае. Характар у яго такі. Я прапаноўвала Аляксею разысціся, але ён не хоча. Адказвае, што ён шчаслівы ў шлюбе. Мабыць, яму прыносяць задавальненне мае пакуты, — падводзіць рысу Галіна.

Ёсць сярод сябровак Галіны і тыя, хто не згодны са сцвярджэннем, што пабоі з'яўляюцца прыкметай кахання.

— Яблык ад яблыні далёка не падае, — гаворыць пра мужа Галіны яе сяброўка Маргарыта, — Галі трэба з ім разыходзіцца, пакуль не забіў ці не давёў да самагубства. Да рэвалюцыі дзяўчыну, напрыклад, не аддавалі замуж у сям'ю, дзе бацька злоўжываў алкаголем, дрэнна абыходзіўся са сваімі хатнімі, біў жонку ці здраджваў ёй з палюбоўніцамі. І нашы продкі ведалі, што рабілі. Гэта мы чамусьці сёння лічым, што падымаць руку на жонку — звычайная з'ява. А жанчыны таксама чамусьці спадзяюцца, што іх абраннік не будзе такім, як яго бацька. Мяне таксама біў муж, я таксама лічыла, што б'е — значыць, кахае. А потым аднойчы зразумела, што калі мужчына кахае, то ён руку не падыме, ён будзе пра жанчыну клапаціцца, імкнуцца, каб яна была шчаслівай. А калі муж б'е, прыніжае — гэта не каханне. З такім мужчынам трэба развітвацца.

Прычым Маргарыта не проста сышла ад мужа, але была вымушана пераехаць у іншы раён з дзецьмі. "Як гарэлкі недзе вып'е, дык і ломіцца ў кватэру, зневажае рознымі словамі, пагражае, што заб'е, — узгадвае Маргарыта. — Вось і вымушаны былі пераехаць на новае месца жыхарства". Цяжка, вядома, было: дзецям прыйшлося да новай школы прызвычайвацца, ды і яна вымушана пайсці працаваць не па прафесіі.

— Крыўдна, — гаворыць Маргарыта, — магла б у свой час удала выйсці замуж: да мяне заляцаўся вельмі добры хлопец, а я носам круціла. А мой былы муж быў нахабны і настойлівы, нідзе мне праходу не даваў. Думала, раз так кахае, то цаніць і берагчы будзе. Але выйшла ўсё інакш…

У Мінчанкі Таццяны крыху іншая гісторыя.

— Збіралася замуж, ды пакуль не адважылася зарэгістраваць адносіны афіцыйна, — расказвае дзяўчына. — Міхаіл — гаспадарлівы, упэўнены, адказны, добры, але раўнівы. Гэта вельмі не падабаецца маім бацькам. Ён заўсёды чакае мяне каля пад'езда, прыслухоўваецца, аб чым і з кім размаўляю па тэлефоне, спрабуе падглядзець, хто і што мне піша ў СМС-паведамленнях. І вельмі крыўдзіцца, калі я не расказваю ў падрабязнасцях, як прайшоў мой дзень. Мае бацькі жартуюць, што я ім такую дакладную справаздачу не прадастаўляю, як Міхаілу. І часта ў мяне пытаюць: ці ўпэўнена я ў тым, што ён мяне кахае? Маўляў, таму, каго кахаюць, вераць, а не бегаюць і не правяраюць кожны крок.

Вось і не ведае Таццяна, што ёй рабіць: пайсці замуж ці пачакаць каго-небудзь спакайнейшага. Ёй усяго 21 год, і час яшчэ ёсць.

Маргарыта і Галіна нешта раіць ёй не бяруцца: няхай вырашае сэрцам.

— Мы, жанчыны, заўсёды хочам разумення, пяшчоты, увагі, — гаворыць Галіна, — марым аб сям'і, каханым чалавеку, дзецях. Нават самыя моцныя жанчыны спадзяюцца на тое, што знойдуць надзейнага, добрага мужчыну. Бо хочацца, калі прыйдзеш з работы, каб цябе пашкадавалі, выслухалі, паспачувалі. А калі захварэеш, каб нехта схадзіў у аптэку ці зварыў булён. Таму, калі, нарэшце, сустракаем моцнага мужчыну, мы паддаёмся яго знешняй мужнасці і надзейнасці і не хочам заўважаць у паводзінах каханага прыкметы хатняга дэспата.

Алена КАВАЛЁВА.

1374144438606_2

Невыносная сіла кахання

— Спачатку адкажам на пытанне, хто такі дэспат?.. Найперш, гэта чалавек, які валодае неабмежаванай уладай і з задавальненнем ёю карыстаецца, — тлумачыць псіхолаг Лілія Ахрэмчык. — Такая ўлада над іншым чалавекам прадугледжвае ваяўнічы захоп чужой асабістай тэрыторыі, таптанне чужых псіхалагічных межаў і знішчэнне ўсіх нязгодных. Прычым рабіцца ўсё гэта можа са шчырай упэўненасцю ў неабходнасці такіх дзеянняў для ахвяры. Прагляд без дазволу электроннай пошты, чытанне паведамленняў на мабільным тэлефоне, асабістай перапіскі ў сацыяльных сетках, навязванне густаў у адзенні, пры праглядзе кінастужак, праслухоўванні музыкі і гэтак далей — усё гэта і ёсць таптанне асабістых межаў іншага чалавека, прыкметы ціску на жанчыну ў будучыні, пасля рэгістрацыі шлюбу. Але ёсць нюанс, на які я хацела б звярнуць увагу прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Практычна ўсе мужчыны ведаюць, "як трэба" і нейкія парады могуць даваць каханай шчыра — без імкнення навязваць свой пункт гледжання. Пры гэтым яны могуць звяртаць вашу ўвагу на тое, што лепш апранаць, як карыстацца касметыкай (напрыклад, ад якой памады для вуснаў вам лепш пазбавіцца), што можа лічыцца добрым кіно, а што — дарэмнай тратай часу. Нават могуць крытыкаваць вашу тэлефонную перапіску, але і гэта не будзе з'яўляцца паталогіяй да таго часу, пакуль мужчына пытаецца вашага дазволу ўваходзіць у вашу асабістую прастору, і вы яму гэта дазваляеце.

Распазнаць будучага сямейнага дэспата складана, але магчыма. Для гэтага жанчыне неабходна вельмі ўважліва слухаць мужчыну. Неабходна звяртаць асаблівую увагу на тое, што ён лічыць для сябе каштоўным, значным, што ўяўляюць сабой яго погляды на розныя рэчы. Калі мужчына кажа вам: "Я лічу, што жанчына павінна ведаць сваё месца" ці "Я — мужчына і лепш ведаю, што трэба", задумайцеся. Наўрад ці вы будзеце чымсьці значным у яго жыцці. Хутчэй за ўсё, вам у шлюбе будуць адведзены толькі другасныя ролі.

Калі "светлы бок" сямейнага дэспата — гэта вобраз Гаспадара (які, дарэчы, прываблівае многіх жанчын), то "цёмны бок" — гэта вобраз людаеда-разбуральніка. Так, такі мужчына забяспечвае сям'ю, захоўвае і паляпшае дабрабыт, нясе адказнасць за ўсё, што адбываецца ў доме і з хатнімі. Ён нібы "каменная сцяна", за якую не пранікаюць ніякія турботы вонкавага свету. Жанчына побач з ім адчувае сябе ўпэўненай у заўтрашнім дні. Але плата за такую ўпэўненасць часам вельмі дарагая — сямейны дэспат непазбежна імкнецца ўсталяваць сваю перавагу над хатнімі ўсімі сродкамі, якія яму прыйдуць у галаву, кантралюе жонку і дзяцей ва ўсім і дастаткова жорстка. І радасць ад знаходжання за "каменнай сцяной" знікае, а каляровы свет жанчыны цямнее.

На што яшчэ трэба звярнуць увагу пры знаёмстве з мужчынам, каб пазбегнуць у шлюбе такога сцэнарыя?.. На месца маці ў сям'і жаніха і нявесты. Калі насілле над жанчынай, знявага яе годнасці — звычайная з'ява ў сям'і жаніха, то вельмі верагодна, што малады муж будзе лічыць гэта нармальным і капіраваць паводзіны свайго бацькі. Калі ў сям'і нявесты маці заўсёды на другасных ролях, забітая і зняважаная, то і маладая жонка ў шлюбе, хутчэй за ўсё, будзе паводзіць сябе, як "чалавек другога сорту". Да таго ж дзяўчына можа на ўзроўні падсвядомасці шукаць сабе такога ж мужа, як яе бацька — гэта значыць, сямейнага дэспата.

Але, зразумела, ёсць і выключэнні. Калі тое, што адбывалася ў бацькоўскіх сем'ях, жанчыне і мужчыне не падабаецца, яны могуць паводзіць сябе ў сваім шлюбе "ад праціўнага". Тады, калі мужчыну пачне "заносіць", то на яго можна будзе ўздзейнічаць шэрагам пытанняў. Напрыклад: "А памятаеш, твой бацька менавіта так гаварыў з тваёй маці! Табе гэта падабалася?".

Ці павінна жанчына мірыцца з жыццём пад уціскам і страхам?.. Не! Калі ў яе з'яўляюцца нейкія сумненні ("Ён столькі для мяне зрабіў, вывучыў, выцягнуў на новы ўзровень, даў новы статус, дабрабыт"), то неабходна задумацца: а ці свае думкі я рэтранслюю? Ці не навязаны гэтыя сумненні мужам-дэспатам? Насамрэч жанчына нічым не абавязана мужчыну. Ён павінен клапаціцца аб сям'і, забяспечваць дабрабыт, а жанчына — імкнуцца рабіць дом утульным, напоўненым пяшчотай і любоўю. Клопаты, пяшчота і любоў — ужо дастатковая плата з боку жанчыны за тое, што робіць для яе і для дзяцей мужчына. Неабмежаваная ўлада над хатнімі — гэта ўжо занадта. Удзячнасць — справа добрая, але толькі ў тым выпадку, калі не пераходзіць у сляпое пакланенне. Трываць насілле над сабой толькі з удзячнасці нельга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».