Вы тут

АЛЁ, Народ на провадзе


Лупаты

Ці не ў кожнай вёсцы так — што ні чалавек, то мянушка. І якіх там толькі няма!.. Збольшага — адпаведных. Але ж бываюць і выключэнні.

У нас вось некалі жыў мужык, якога звалі Лупатым. А чаму — не разабраць, бо вочы як вочы ў яго...

Бацька расказаў, што адбылося гэта ў першыя гады савецкай улады. Вёска тады жыла вельмі бедна, але ж народу ў ёй было шмат: толькі ў нашай хаце больш за дваццаць душ — дзед з бабай, бацька з маці, сем братоў, пяць сясцёр, некаторыя з іх таксама сямейныя...

Карацей, і моладзі ў вёсцы было, і дзяцей, а вось пра клубы ніхто і не чуў: па хатах розныя вячоркі ладзілі, па чарзе. Прычым людзі старэйшыя на іх таксама прыходзілі, каб пачуць якія навіны, пагуляць у карты, падзівіцца на прыгожых хлопцаў і дзяўчат. А ўжо тыя прыдумлялі ўсялякія гульні-забавы, спявалі песні, танцавалі...

Курыць, як бацька расказваў, тады таксама курылі. А вось на алкаголь гэткай моды не было. Адпаведна — і п'яніц... (Не тое, што цяпер: хлопцы часам дзевак на танцах не бачаць — увесь вечар пад плотам валяюцца. Альбо ідуць у клуб, каб з некім пабіцца...).

Зрэшты, бойкі былі і ў тыя гады: то ў крыўду хтось кінецца, то дзяўчыну не падзеліць...

На адну з такіх вячорак хлопцы з суседняй вёскі прыйшлі і з-за нечага счапіліся з мясцовымі. Прычым — на вуліцы. А там холад... І цемра — хоць ты вока выкалі. Дык яны сабе моўчкі б'юцца, а разнімаць ніхто не ідзе, бо людзі ж нічога не чуюць, не бачаць.

Дзяўчына адна, праўда, заўважыла... Згледзела, як дзверы ў адну з хат адчыніліся, як адтуль Васька выскачыў — ды з лапатай, што хлеб у печ садзяць... А гэта ж ужо не жартачкі. Ёй жа і прыбіць каго можна. Таму яна ў хату — і ў крык:

— Людцы, ратуйце! Там Васька з лапатай... Усіх пазабівае...

— Каго забівае? — напужаліся вяскоўцы. — Які такі Васька лупаты?

Распытваюць, а яна ад страху калоціцца і сваё гне:

— Ды там жа... Васька з лапатай... Хутчэй...

Выскачыў народ на вуліцу і бойку разняў.

Потым, вярнуўшыся на вячоркі, "разбор" учынілі, з той дзяўчыны пасмяяліся, падзякавалі ёй за пільнасць. А за Васькам заадно мянушку пакінулі — Лупаты. Той і крыўдзіўся, і не адгукаўся, але ж з ёю так і памёр.

М. Багданаў,

в. Новы Пагост, Мёрскі раён.

"Не вінаватая я..."

Мяняюцца часы, а з імі — бясспрэчна — мяняюцца норавы. Ну вось хоць бы з памінаннем продкаў. Не ведаю, як у вас, а ў нас на Радаўніцу людзі спачатку ў царкву ішлі — там адмысловую службу правілі. Пасля яе кіраваліся на могілкі, і ўжо затым разбрыдаліся — хто па сваяцкіх хатах, а хто і ў карчму, каб тую чарку горкай падняць...

Але ж гэтак было даўней, скажам так, пры дзядах. Пры бацьках — ці не "пагалоўны атэізм" наступіў. Гэта значыць, што людзі (пераважна старэйшага ўзросту) пэўных традыцый яшчэ трымаліся, у царкву і на могілкі хадзілі, а ўжо моладзь — не, бо яна ж заўсёды нос па ветры трымала: пры камуністах ён дзьмуў зусім не туды...

Праўда, наступілі 90-я, і вецер рэзка змяніўся. У краіну вярнулася мова, людзі на ёй не толькі размаўлялі, але і пісалі... Па-беларуску і хораша мы сталі святкаваць Каляды, Вялікдзень, помніць і памінаць продкаў. На Радаўніцу нават выхадны зрабілі. І...

Не ведаю, як у іншых месцах, у нас жа на могілкі стала з'язджацца столькі радні, колькі не з'язджалася на іншыя вяселлі! Нават свайго роду конкурс пачаўся: чым больш сямейнікаў каля магіл збярэцца, тым больш паважаны іх род. А гэта ўжо званне! Хто ж ад такога адмовіцца?! Вось сваякі і сталі загадзя з усімі сазвоньвацца, дамаўляцца, хто і ў колькі прыедзе, што з сабой прывязе. Жанчыны, як ім і належыць, узгаднялі меню, а ўжо гатавалі, не раўнуючы як на Маланніна вяселле, не менш!

Зрэшты, стол — гэта потым. Спачатку, прыехаўшы на малую радзіму, на клады, сямейнікі сваім "кругам" стаялі вакол магіл — вядома ж, плакалі, успаміналі, размаўлялі... І толькі потым ужо, у завяршэнне, маглі добранька пасядзець, як зараз кажуць — за накрытай палянай.

На нейкую з Радаўніц адзін такі і напраўду вялікі, дружны род (магчыма, нават самы ганаровы!) пасядзеў ужо: і выпілі ўсе, і падсілкаваліся. Час дамоў кіравацца, а значыць, з магілак ручнікі ды настольнікі збіраць. Простая справа: каб яе зрабіць, адна кабета (сама на пад'ём цяжкаватая) залвіцу паслала. А той што — адна нага тут, другая там. Адзінае — сама яна, хоць і тутэйшая, але ж пайменна, як той казаў, радню сваю не ведала.

— Ды што яе ведаць? — не зразумелі сваякі. — Там цэлы рад наш. З усіх магілак збірай і сюды.

"Рад" свой залвіца, вядома ж, ведала, асобныя магілкі — таксама, але ж настольнікі, як яе і навучылі, стала збіраць з усіх запар: цэлы абярэмак на тую "паляну" прынесла, паклала...

А там "аглаблёвую" якраз налілі. Да рота не данеслі — як нейкі шум з боку могілак, з боку іх "рада": "Пакралі!..", "З кладаў? Няўжо?..", "Ды быць не можа!", "Во якое сумленне ў людзей...".

Пачуўшы гэтыя словы, жанкі з ганаровага роду, ну вядома ж, пайшлі паглядзець, што ж адбываецца.

І залвіца следам за імі... Глянула на "месца злачынства" і кажа:

— Людцы, дык гэта ж я... Але не крала! Бронь Божа! Мне сказалі пазбіраць, я і сабрала...

У людзей адразу камень з душы: пасмяяліся, усім кагалам да таго "абярэмка" пайшлі — разбіраць, дзе чыё. А заадно і "прыгубіць" чагось — за адзінства "кланаў", за тое, каб не "чужэць", каб помніць радню... І абавязкова з'язджацца...

Аднак пажаданне гэта збыцца не паспела, бо зноўку вецер перамен. У царкве сталі казаць, што спачылым нашы пышныя памінкі зусім не патрэбны, патрэбны толькі малітвы. Мусіць, таму ў мінулае сталі адыходзіць масавыя "з'езды" радні і вялікія бяседы.

Ці прыйшлі на іх месца малітвы — не ведаю.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

"Хто яму капае..."

Не так даўно мы з мужам адзначылі "шкляное" вяселле — пятнаццацігоддзе сямейнага жыцця. За сталом, як заўсёды, па просьбе дзяцей узгадалі знаёмства... Павучальная, між іншым, гісторыя.

У той год я толькі скончыла школу, здала экзамены, і мама адправіла мяне адпачыць да сваёй стрыечнай сястры (а маёй, значыць, цёткі) Марусі. Ехаць да яе, а тым больш да чорта на рогі, у вёску, я вельмі не хацела, бо нікога там не ведала, рабіць нічога не ўмела...

Але ж цётка, дай Бог ёй здароўя, да гэтага не змушала. Яна — хітрая — яшчэ за снеданнем пачынала нейкую размову альбо расказ. Слухаць яе было вельмі цікава, таму я круцілася побач. І такім вось чынам, незаўважна для сябе, апыналася то ў агародзе з матыкай, то ў лузе з граблямі, то ў лесе з бітончыкам для ягад...

Гэта ўсё ўдзень. Але ж падумала цётка і пра мае вечары. Ледзь не назаўтра пасля прыезду яна павяла мяне да суседкі, пазнаёміла з яе дачкой. Сказала той:

— Настачка, ты ж тут завадатарка. Ты на танцы ходзіш. Дык вазьмі з сабой маю госцю, пазнаём там з дзяўчаткамі...

Цётцы Марусі Насця не адмовіла, але згадзілася вельмі неахвотна: я ёй (на твары было напісана) зусім недарэчы была... Бо ў той вечар, як высветлілася, моладзь збіралася на дзень народзінаў, а ўжо потым — на танцы.

Пачуўшы пра гэта, я хацела вярнуцца дамоў, але Насця сказала, што не трэба нічога ўскладняць ды разводзіць тут цырымоніі: "Падумаеш, ніхто не запрашаў, без падарунка... Прасцей трэба быць..."

Вось так, ні села ні пала, я апынулася за святочным сталом, у новай для сябе кампаніі — пераважна з дзяўчат.

Хлопцаў таксама там трохі было, але ж разгледзецца я проста не паспела, бо Насця (мы селі з ёй побач) працягнула руку, каб нешта ўзяць, і... на калені мне перакуліла фужэр з чырвоным віном.

Ад нечаканасці я падскочыла, вядома ж, залілася чырванню, знямела, заплакала, куляй выбегла з хаты.

Чула: ляпнулі дзверы — нехта, значыць, за мной... Думала, Насця. Не...

Я стаяла адна — у мокрай спадніцы, пасярод чужога двара... А самае страшнае — не разумела, у якім баку жыве мая цётка, бо вёска вялікая, а тым часам сцямнела...

— На, накінь маю сарочку, — пачула раптам з-за спіны, — а спадніцу — скінь. Памыць яе трэба, а то высахне — выкінеш. Віно зубамі не аддзярэш. Во тут калонка з вадой...

Казаў гэта хлопец у светлай сарочцы. Казаў спакойна, пераканаўча і нешта пры гэтым робячы: наліваючы ў тазік вады, шукаючы гаспадарчае мыла, распавядаючы, што жыве ў суседнім доме, што завуць яго Мішам...

З хаты між тым выйшла Насця, стала найбольш Мішу клікаць назад, за стол, але ён не пайшоў.

Пакуль сохла спадніца, мы сядзелі з ім на лавачцы, размаўлялі, маўчалі. Потым ён праводзіў мяне да цёткі і сказаў, каб назаўтра я абавязкова прыйшла на танцы. Мне хацелася пайсці, але ж гэтай гісторыі было вельмі няёмка... Таму па вечарах мы сядзелі з цёткай дома, глядзелі тэлевізар.

Ёй, дарэчы, пра маю "прыгоду" нехта з застольнікаў расказаў. Ды яшчэ і дадаў, што Насця ўжо не першы раз пазбаўляецца ад... "канкурэнтак", што яна нават іх спойвае, каб самой заставацца "белай і пушыстай".

Праўда, са мной усё атрымалася якраз наадварот, бо Міша потым прызнаўся, што каб не той фужэр з віном, каб не мая рэакцыя, не звярнуў бы на мяне ўвагі...

Праз год мы распісаліся.

А вось Насця ў дзеўках так і засталася. Мусіць, нездарма людзі кажуць: "Хто яму капае, той сам туды і трапляе".

Л.К., г. Бабруйск.

Рубрыку вядзе
Валянціна ДОЎНАР.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».