Вы тут

Даўжыня — не галоўнае?


У старажытнасці лічылася, што галоўны складнік прыгажосці жанчыны — яе валасы. Пры гэтым мужчыны заўважалі, што "валасы доўгія — розум кароткі", нібы падкрэсліваючы выключна "жаночую ролю" прадстаўніц прыгожай паловы ў грамадстве. З таго часу шмат чаго змянілася, у тым ліку погляды на месца жанчыны ў свеце. Але па-ранейшаму доўгія валасы застаюцца асаблівай прыкметай жаночай прывабнасці. Ці не?..

1374144439705_13-16

Першай "ахвярай" нашага апытання стала Эла Ткачук-Скаруліс. Яна піша казкі для дарослых, якія друкуюцца адным з буйных украінскіх выдавецтваў. З Элай мы знаёмыя даўно, і, колькі памятаю, яна заўсёды аддавала перавагу... стрыжцы.

— Стрыжка для мяне — гэта таямніца, надзея надзей, самазачараванне, — расказвае Эла, — і мужу майму кароткія валасы падабаюцца. Калі мужчына кахае жанчыну, яна яму будзе падабацца ўсялякай.
Я была і бландзінкай, і рыжай, і з кароткай стрыжкай, і з крыху даўжэйшымі валасамі, і ні разу мне муж не сказаў, што я непрыгожая, што мне нешта не пасуе. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо я заўсёды імкнулася заставацца сабой. І гэта было для майго мужчыны галоўным.

З выказваннем пра "кароткі розум" Эла катэгарычна не згодна:

— Што за глупства! Жаночы розум не мае дачынення да даўжыні валасоў!

Элу падтрымлівае Людміла Салдзіна, рэдактар на тэлебачанні:

— Сустракала ў жыцці шмат разумных і адукаваных жанчын як з доўгімі валасамі, так і са стрыжкамі. І дурніцы таксама трапляліся і сярод адных, і сярод другіх.

Сама Людміла аддае перавагу доўгім валасам. З імі, упэўнена яна, жанчына выглядае больш пяшчотнай і прывабнай.

— Але, з іншага боку, — расказвае Люда, — кароткія валасы лягчэй даглядаць, асабліва летам.

Людміла насіла доўгія валасы і ў школьныя, і ў студэнцкія гады. Упершыню зрабіла стрыжку, калі спатрэбілася змяніць імідж. У яе прафесійным жыцці быў вопыт працы тэлевядучай — і вось тады і давялося развітацца з доўгімі валасамі.

— Са стрыжкай у кадры я стала выглядаць больш сур'ёзна. А так была дзяўчынка-дзяўчынкай!

Эксперымент са стрыжкай, дарэчы, спадабаўся тады не толькі кіраўніцтву, але і знаёмым мужчынам. Аднак на такія кардынальныя змены яна больш не адважвалася — выбрала "залатую сярэдзіну", прычым у прамым сэнсе. І вось амаль ужо дзесяць гадоў носіць валасы сярэдняй даўжыні.

— Хаця сама я — за доўгія валасы. Гэта прыгожа і па-жаноцку, — настальгічна ўздыхае Людміла.

А вось для Вольгі Сярожнікавай — тытулаванай беларускай прыгажуні, мадэлі і экс-кіраўніка Нацыянальнай школы прыгажосці — доўгія валасы працяглы час былі толькі марай.

— У дзяцінстве маці мяне вельмі коратка стрыгла, "пад хлопчыка", — узгадвае Вольга, — нягледзячы на тое, што я заўсёды прасіла пакінуць мне хоць нейкі "хвосцік", як у іншых дзяўчынак.

Адрасціць доўгія валасы будучай мадэлі дазволілі толькі ў 14 гадоў. З таго часу яна эксперыментавала з даўжынёй валасоў толькі два разы, і кожны раз няўдала. Пасля гэтага рабіць стрыжкі проста баіцца:

— Да таго ж кароткія валасы, як ні дзіўна, патрабуюць пастаяннага догляду. У маім выпадку гэта тоны розных касметычных сродкаў і гадзіны працы спецыяльнымі інструментамі. З доўгімі валасамі прасцей: вымыла, высушыла і — прыгажуня!

Вольга Сярожнікава не за доўгія і не за кароткія валасы. Яна за тое, каб і першыя, і другія былі заўсёды дагледжанымі, а прычоска была да твару. Валасы, упэўнена Вольга, вельмі значны складнік жаночай прыгажосці.

Спявачка Вольга Вронская лічыць, што справа не ў даўжыні валасоў, а ў вобразе жанчыны.

— Усё павінна быць арганічна, — гаворыць Вольга, — незалежна ад таго, што выбірае жанчына — стрыжку ці доўгія валасы. Неабходна, каб гэта ў цэлым адпавядала яе вобразу.

На пытанне, ці есць у яе нейкія сакрэты па доглядзе валасоў, спавячка адказала, што да ўсяго ставіцца вельмі спакойна: ні за якімі навамоднымі рэчамі не ганяецца, проста мые валасы і ўкладвае.

А што ж мужчыны?.. Яны таксама не згодны з выказваннем пра сувязь даўжыні валасоў і розуму.

— У наш час, калі доўгія валасы сталі элементам моды, гэты выраз ужо страціў сэнс. Ды я з ім наогул не згодзен. Даўжыня валасоў, калі шчыра, увогуле не мае для мяне значэння, — гаворыць прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. — Для мяне важная дагледжанасць валасоў, іх адпаведнасць вобразу. Але калі спяшаешся на цягнік, а твая спадарожніца занадта доўга робіць прычоску, гэта ўжо можа стаць праблемай.

Яшчэ прасцей да сітуацыі з даўжынёй валасоў ставіцца выдавец Аляксандр Аляскоўцаў. Нягледзячы на тое, што яму ўсё ж такі больш падабаюцца доўгія валасы ў жанчын, сваіх спадарожніц ён выбірае па іншых крытэрыях. Проста "неяк так здарылася", што ва ўсіх жанчын, з якімі ён сустракаўся, былі... доўгія валасы.

А каб гэтыя самыя — кароткія ці доўгія — валасы заўсёды прываблівалі позіркі, раім вам скарыстацца простымі парадамі па доглядзе:

1. Раз на месяц можна рабіць маску для валасоў з хлеба. Любы чорны хлеб крышыцца і заліваецца кіпенем. Пасля чаго крыху астуджаная, але дастаткова цёплая, маска накладаецца на добра вымытыя і падсушаныя валасы. Трымаецца каля дзвюх гадзін, пасля чаго яе трэба асцярожна зняць і вымыць галаву з шампунем. Маска прыдае валасам аб'ём, робіць іх мяккімі і пышнымі.

2. Умацоўваць валасы можна, уціраючы ў скуру галавы настой з рамонку, крапівы ці кары дуба. Карысна таксама апалоскваць валасы гэтымі настоямі: для ўзмацнення іх бляску і паляпшэння здароў'я.

3. Паспрабуйце таксама маску з кефіру. (Той, што з халадзільніка, раім крыху падагрэць.) Кефір трэба размеркаваць па ўсёй даўжыні папярэдне вымытых валасоў, уцерці ў скуру, накрыць поліэтыленам і завязаць хустку. Трымаць 1-2 гадзіны. Пасля чаго валасы дастаткова проста спаласнуць цёплай вадой. Маска робіць валасы гладкімі, дагледжанымі і бліскучымі.

Алена КАВАЛЁВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?