Вы тут

Гарачы лес кліча... "Мі-2»


Работнікі лесу лічаць перыяд выспявання і збору лясных ягад адным з самых небяспечных у вяснова-летнім сезоне. Тысячы людзей у гэты час выпраўляюцца ў блізкія і далёкія лясныя нетры назапашваць маліны і чарніцы. І хоць лясная ахова звяртаецца да насельніцтва з папярэджаннямі пра пажарную небяспеку, без пажараў лес у гэты час бывае рэдка. Таму без паветранай аховы лясоў, якую ў нас выконвае прадпрыемства "Беллесавія", абысціся немагчыма. Лётчыкам і паветраным пажарным-дэсантнікам сумаваць у гэты час не даводзіцца. Штодня яны здзяйсняюць патрульныя рэйды на бартах самалётаў "Ан-2» і "Іл-103», верталётах "Мі-2», каб своечасова зафіксаваць і нават абясшкодзіць вогненную пагрозу лесу. Ім, як у песні спяваюць, зверху бачна ўсё...

1374237062943_1

На гадзінніку роўна 13.00. З невялікай палянкі на ўскрайку Салігорска ў неба ўзмывае блакітна-белы "Мі-2» і бярэ курс дакладна на захад, у раён Чырвонай Слабады

: гэтак загадзя вызначаны назіральна-пошукавы маршрут экіпажа ў складзе пілота-інструктара Васіля Аўдзеева, лётчыка-назіральніка Андрэя Ганчарэнкі, дэсантнікаў-пажарных Мікалая Бародкі і Уладзіміра Віхора. Але план неўзабаве парушаецца, бо ў поле зроку пілотаў трапляе слупок бела-шэрага дыму над лесам. Бачнасць паветра выключная, і да ўзгарання, па разліках лётчыка-назіральніка, каля дзесяці кіламетраў. Шлях няблізкі. "Мі-2» мяняе курс на паўднёвы кірунак і спяшаецца да небяспекі.

Спякотнае надвор'е і жвавы ветрык зрабілі сваю ганебную справу: агонь пачаў хутка заваёўваць лясную тэрыторыю. Зрабіўшы некалькі кругоў над задымленым участкам лесу, борт "Мі-2» прызямліўся на недалёкай дзялянцы, каб дэсантнікі як мага хутчэй дабраліся да ўзгарання. За плячыма Мікалая і Уладзіміра на рамянях мацуюцца 20-літровыя гумавыя мяхі з вадою. Ноша не з лёгкіх, але без яе спрачацца з агнём — справа марная. Дэсантнікі, не марудзячы ні секунды, спяшаюцца на лясны пажар. Гэткая праца ім не ўпершыню, і яны робяць яе ўпэўнена. А Андрэй Ганчарэнка, дакладна вызначыўшы месца знаходжання, тым часам выклікае на сувязь бліжэйшае лясніцтва і перадае каардынаты ўзгарання, памеры плошчы пашкоджанага лесу. Ліквідаваўшы агонь уласнымі сіламі, можна ляцець далей, але так не прынята. Неабходна, каб служба наземнай аховы таксама прыбыла на месца пажару і ўзяла яго пад поўны кантроль. Для гарантыі, што агонь больш не адновіцца.

1374237062781_2

На гэтым ускрайку леса каля Старобіна, дзе давялося пабыць і мне, дэсантнікі хутка лакалізавалі ўзгаранне, не даўшы полымю зайсці далёка ў лес, перакінуцца на дрэвы і кусты ядлоўцу. Не прымусіла сябе чакаць і пажарна-гаспадарчая служба лясгаса. Стыхія ляснога пажару, які мог нанесці непапраўную шкоду прыродзе і лясной гаспадарцы, была спынена. А нас чакаў працяг маршруту назірання.

Толькі набралі неабходную вышыню — на гарызонце за добрых тры дзясяткі кіламетраў у паўночна-ўсходнім кірунку зноў праглядаецца белы дым: магчыма, гэта вястун зусім не значнай небяспекі, а можа, і вялікай, ужо непапраўнай бяды. Здалёк не разбярэш, не вызначыш усю паўнату пагрозы. Вопытны камандзір борту 14245 Васіль Аўдзееў, у былым ваенны лётчык, паварочвае машыну ў бок, з якога ідзе гэты трывожны сігнал.

Прадчуванні і імкненні пілотаў былі не дарэмнымі, не памылковымі: у вёсцы Палічын Любанскага раёна гарэў жылы дом. Пры падлёце было відаць, што пажарышча тушылі некалькі пажарных машын, і дапамога "Мі-2» была ўжо не патрэбна. Хто ведае, пачніся гэты штодзённы рэйд-аблёт на гадзіну раней, і дапамога "Беллесавія" магла б быць вельмі дарэчы.

Больш за 326 кіламетраў — працягласць ахоўнага маршруту паветранага лесапатруля салігорскага авіяаддзялення. Рэдка калі гэты маршрут па часе палёту бывае меншым за дзве з паловай гадзіны. Бо зусім нечакана можа ўзнікнуць у любым месцы гэты самы прывід небяспекі — слуп бела-шэрага дыму.

1374237063175_3

— З кожным годам мы назіраем, як да лепшага мяняецца псіхалогія людзей, як больш паважна яны ставяцца да захавання лесу і прыроды наогул. Вядома, гэта нас радуе. Цяпер пажараў менш, чым было іх тры-пяць гадоў таму, — кажа лётчык-назіральнік Андрэй Ганчарэнка. — І ўсё ж... Як той казаў, давярай, але правярай. І мы вымушаны заўсёды заставацца напагатове, выконваць свой прафесійны абавязак. Асабліва ў гэты летні час.

А ў той дзень майго палёту з экіпажам было выяўлена ажно чатыры пажары, два з якіх першым зафіксаваў менавіта паветраны лесапатруль. Многа гэта ці мала — пытанне недарэчнае. Звычайны дзень палёту, якіх шмат было ў пілотаў і выратавальнікаў. І будзе, напэўна, таксама нямала.

А ў краіне намаганнямі "Беллесавія", тым не менш, за апошні месяц было выяўлена 32 лясныя ўзгаранні, з якіх 14 былі патушаны паветранымі пажарнымі. А калі выяўлена, значыць, наш прыгожы і велічны лес ацалеў і будзе далей адорваць нас сваімі багаццямі.

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».