Вы тут

Праца чалавека не застаецца незаўважанай


Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўручыў учора дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У спісе ўзнагароджаных больш як 100 чалавек. Гэта прадстаўнікі прамысловага комплексу, транспарту, будаўнічай галіны, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, навукі, адукацыі, спорту і культуры. Яны ўдастоены высокіх узнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, асабісты ўклад у дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў уклад узнагароджаных у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. "Цудоўна, што сёння ў гэтай зале, што ўжо стала добрай традыцыяй, прысутнічаюць прадстаўнікі практычна ўсіх прафесій, усіх відаў дзейнасці. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас на любым участку праца чалавека, яго ініцыятыва і добрасумленныя адносіны да справы не застаюцца незаўважанымі", — падкрэсліў прэм'ер-міністр. Высокімі ўзнагародамі адзначаюцца людзі, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё эканомікі краіны і яе сацыяльнай сферы. Такія людзі з'яўляюцца і своеасаблівымі маякамі, на якія павінны раўняцца астатнія члены калектыву, звярнуў увагу Міхал Мясніковіч.

"Глыбокая мадэрнізацыя, якая ідзе ў нашай краіне, патрабуе, безумоўна, ініцыятывы, творчасці ад кожнага, няхай гэта будзе кіраўнік прадпрыемства або радавы работнік", — адзначыў прэм'ер-міністр. Неабходна сур'ёзная работа над рацыяналізацыяй вытворчасці, зніжэннем матэрыяла- і энергаёмістасці выпускаемых тавараў. Гэта дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, вырашыць пытанні матэрыяльнага ўзнагароджання людзей, якія ствараюць гэты тавар, у цэлым збалансаваць і аптымізаваць эканоміку.

Міхаіл Мясніковіч выказаў словы ўдзячнасці ўзнагароджаным. Звяртаючыся да вучоных, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, выкладчыкаў, настаўнікаў, прэм'ер адзначыў іх вялікі ўклад у развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу беларускай нацыі. "Чалавек адбудзецца як асоба, толькі калі ён гарманічна развіты", — падкрэсліў ён.

На сацыяльную сферу ў сувязі з падрыхтоўкай да самастойнага жыцця падрастаючага пакалення ўскладаецца вялікая адказнасць, адзначыў Міхаіл Мясніковіч. "Трэба зрабіць усё, каб нашы дзеці выраслі дастойнымі грамадзянамі, сапраўднымі патрыётамі, законапаслухмянымі, якія любяць і паважаюць нашу краіну, яе традыцыі і, безумоўна, тымі людзьмі, якія глядзяць у будучыню і ўнясуць за кошт сваёй адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі ўклад у развіццё Беларусі", — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Сярод узнагароджаных людзі адной з самых гуманных прафесій — медыцынскія работнікі. "Вы, паважаныя медыкі, ведаеце, што такое каштоўнасць чалавечага жыцця, і дзякуй вам за тое, што вы дастойна стаіце на варце здароўя нашых грамадзян", — звярнуўся прэм'ер-міністр да прадстаўнікоў медыцыны.

Звяртаючыся да работнікаў сферы культуры, Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў: "Цудоўна, што майстрам нашай сцэны апладзіруюць многія гарады свету, і гэта сапраўды сведчыць аб тым, што ў нас высокаінтэлектуальная, багатая духоўна беларуская нацыя. Ваш уклад у развіццё нацыянальнага мастацтва, духоўнае, эстэтычнае выхаванне нашых грамадзян вельмі вялікі і заслугоўвае асаблівай удзячнасці".

Сярод работнікаў, удастоеных дзяржаўных узнагарод за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, ёсць і супрацоўнікі органаў, якія забяспечваюць законнасць і правапарадак. "У многім дзякуючы вашым намаганням спыняюцца спробы парушэння закону, раскрываюцца многія злачынствы", — звярнуўся прэм'ер-міністр да ўзнагароджаных.

"Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што вы ўвасабляеце сабой сапраўды працавітую, стабільную Беларусь і сваім асабістым прыкладам пацвярджаеце, што добрасумленная праца — гэта залог дабрабыту нашай Айчыны, крыніца шчасця кожнага чалавека. Вялікі дзякуй за вашу працу, прафесіяналізм, ініцыятыву!" — сказаў Міхаіл Мясніковіч і пажадаў узнагароджаным моцнага здароўя і новых поспехаў у працы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».