Вы тут

Замену вокнаў на шклопакеты патрэбна ўзгадняць


У рэдакцыі газеты "Звязда" адбылася "прамая лінія" з міністрам ЖКГ Андрэем Шорцам. Хто абавязаны рабіць капрамонт печаў? На што ідуць падаткі на сабак? Які парадак прыватызацыі жыллёвай плошчы з агульнай кухняй? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў наш суразмоўца.

(заканчэнне. Пачатак
у нумары за 17 ліпеня.)

Галіна Францаўна Букша, Гродзенская вобл., Іўеўскі р-н, в Ліпнішкі:

Мне 58 гадоў. Жыву ў 3-пакаёвай кватэры, муж памёр 4 гады таму. Маю 5 дзяцей. Чацвёра з іх адмовіліся ад кватэры як спадчыны на маю карысць, а 5-я дачка стала прэтэндаваць на яе. Дачка пражывае ў Лідзе, у яе сваё жыллё. Яна доўга не афармляла права на спадчыну, але, нарэшце, у жніўні мінулага года аформіла.

З тых часоў яна ні разу не заплаціла за кватэру. ЖКГ падзяліла рахункі папалам паміж мной і дачкой. У яе ўжо запазычанасць 2 млн рублёў (без пені). Ёй дасылаюць лісты, але яна ніяк не рэагуе. Дачка нідзе не працуе, выпівае.

Зараз у кватэры неабходны рамонт. Яна ўдзельнічаць у ім адмаўляецца і да гэтага часу не выбрала пакой, які будзе належаць ёй. Я хачу, каб яна або адмовілася ад спадчыны, або спраўна плаціла сваю частку. Як яе прымусіць да гэтага? Мы звярталіся ў сельсавет, выканкам — ніякага выніку.

— Як я зразумеў з вашых слоў, кватэра належыць на праве долевай уласнасці вам і вашай дачцэ. А кожны з удзельнікаў долевай уласнасці абавязаны суразмерна са сваёй доляй удзельнічаць у выплаце плацяжоў па агульнай маёмасці, а таксама выдатках па яе ўтрыманні і захаванні.

Згодна з жыллёвым заканадаўствам, уласнікі жылых памяшканняў абавязаны ўносіць плату за жыллёва-камунальныя паслугі. Такі абавязак узнік у вашай дачкі з дня афармлення правоў на долю ў праве ўласнасці на кватэру. У выпадку неаплаты жыллёва-камунальных паслуг спагнанне запазычанасці адбываецца на падставе выканаўчых надпісаў натарыусаў або ў судовым парадку. З патрабаваннямі аб спагнанні запазычанасці павінна звярнуцца арганізацыя ЖКГ.

Што тычыцца правядзення рамонту, то заканадаўствам вызначана, што ўдзельнік долевай уласнасці, які ажыццявіў за свой кошт неаддзельныя паляпшэнні маёмасці, мае права на адпаведнае павелічэнне сваёй долі ў праве на агульную маёмасць. Гэтае пытанне можа быць вырашана таксама ў судовым парадку.

Іван Віктаравіч Бойка, г. Ваўкавыск:

У мяне два пытанні па вадзе.

Першае. У нас ёсць ліміт 4 куб. м на чалавека. Перабралі яго — уключаюць вялікую цану. Але калі мы перабяром ліміт па электраэнергіі і газе, то плацім за гэта ў той жа месяц. А вось з вадой — толькі праз месяц. Чаму не адразу, не ў наступным месяцы?

Другое. Цяпер ідзе інтэнсіўны паліў агародаў. Мы плацім за водаспажыванне і водаадвядзенне (каналізацыю). Узімку з гэтым усё зразумела. А летам? Мы палілі агарод — ваду спажылі, а водаадвядзення няма, вада пайшла ў зямлю. Каналізацыя не працавала. Дык чаму мы плацім яшчэ за яе? Людзі абураюцца.

— Адказваю на першае пытанне. У адпаведнасці з п.1 артыкула 31 Жыллёвага кодэкса Беларусі плата за жыллёва-камунальныя паслугі ўносіцца за кожны мінулы месяц не пазней 25 чысла наступнага за ім месяца. Адпаведна, і плата за ваду павінна ажыццяўляцца не праз месяц, а за кожны мінулы месяц у наступным месяцы.

Што да другога пытання, то пры наяўнасці індывідуальных прыбораў уліку расходу вады аплата за ваду, спажытую на паліў агародаў, прысядзібных участкаў, утрыманне жывёлы і на іншыя патрэбы, ажыццяўляецца прапарцыянальна нормам водаспажывання, якія зацвярджаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Аднак з увядзеннем дыферэнцыраванай аплаты за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення (каналізацыі) у залежнасці ад іх аб'ёмаў спажывання (да 140 л у суткі і больш) разлікі ўскладняюцца.

Каб выключыць плату за паслугі водаадвядзення (каналізацыі) у палівальны перыяд, магу вам парэкамендаваць усталяваць асобны прыбор уліку, які будзе адлюстроўваць расход вады, спажытай на паліў агарода.

Вольга Канстанцінаўна,
г. Мінск:

Як быць з сітуацыяй, калі мікрараён не здадзены, у той жа час асобныя дамы заселены. ЖЭСы іх яшчэ не абслугоўваюць, і дамы і пад'езды зарастаюць брудам. Так здарылася, напрыклад, у Чырвоным Бары ў Мінску.

— Такой сітуацыі ў прынцыпе быць не можа. Пры здачы жылога дома ў эксплуатацыю ў працэсе прыёмкі будынка павінна прымаць удзел эксплуатуючая арганізацыя — альбо дзяржаўная служба (ЖЭС), альбо прыватная, якая была вызначана забудоўшчыкам, альбо створанае таварыства ўласнікаў. Само паняцце "здача дома ў эксплуатацыю" прадугледжвае перадачу дома эксплуатуючай арганізацыі альбо ўласнікам.

У выпадку ж неналежнай эксплуатацыі жылых дамоў арганізацыямі, незалежна ад іх формы ўласнасці, неабходна звяртацца ў мясцовы выканкам.

Ганна Бяляцкая, г. Мінск:

Што рабіць тым, хто ДСП замяніў на паркет і вокны на шклопакеты, памяняў батарэі да выхаду пастановы Саўміна № 384? Раней шмат якія работы не трэба было ўзгадняць. Як зараз быць гэтым людзям? Якія могуць быць для іх наступствы?

— У пастанове № 384 змяшчаецца не так ужо шмат новаўвядзенняў. Яшчэ Палажэннем аб парадку перабудовы і перапланіроўкі жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах, зацверджаным 31 снежня 2006 года № 1805, было прадугледжана, што для наладжвання гукаізаляцыі, якая неабходная пры ўкладванні паркету, для дэмантажу і ўстаноўкі інжынернага абсталявання, у тым ліку ацяпляльных прыбораў, патрабуецца дазвол мясцовага выканкама. Замену вокнаў на шклопакеты патрабавалася, як і цяпер, узгадняць з архітэктарам.

Калі вы зрабілі самавольна перабудову і перапланіроўку, вам варта атрымаць дазвол у вызначаным парадку пастфактум. Таму што за самавольны рамонт прадугледжаны штраф ад 10 да 50 базавых велічынь.

Ракіцкая Яўгенія Васільеўна, Мінскі р-н, пас. Лясны:

Дырэктар нашага таварыства ўласнікаў кажа, што не мае права заключаць дагаворы ні з кім. У нас няма сантэхніка, электрыка. У мяне нядаўна "закараціла" разетка ў ванным пакоі. І я павінна была шукаць дзесьці чалавека і наймаць яго. Ну а калі б з-за гэтага здарыўся пажар? Сутнасць майго пытання: чаму ТУ не маюць права мець свайго электрыка, сантэхніка? Чаму мы павінны шукаць спецыялістаў на баку?

— Што такое таварыства ўласнікаў? Гэта арганізацыя, якая ствараецца ўласнікамі жылых альбо нежылых памяшканняў у мэтах захавання і ўтрымання агульнай маёмасці, валодання і карыстання ім. Тэхнічнае абслугоўванне агульнай маёмасці сумеснага домаўладання пры гэтым можа ажыццяўляць альбо само таварыства — прыняўшы на працу спецыялістаў (сантэхнікаў, электрыкаў, дворнікаў) на дагаворнай (кантрактнай) аснове, альбо абслугоўваць ваша таварыства можа эксплуатуючая арганізацыя дзяржаўнай або прыватнай формы ўласнасці, напрыклад, ЖЭС. У штаце такой арганізацыі павінны мецца адпаведныя спецыялісты.

Ніна Леанідаўна, г. Гомель:

Жыву ў цэнтры горада, дом 1961 года пабудовы, на 26 кватэр. Жыхары паставілі новыя газавыя калонкі за свае грошы. Яны не працуюць, таму што вады няма з мая — няма ціску, вельмі слабы напор. Няма чым памыць посуд. Усе пакутуем. Звярталіся ў адміністрацыю свайго раёна, адказу не атрымалі.

— Прадыктуйце мне свой адрас, будзем разбірацца...

Мірановіч Ірына Паўлаўна, Браслаўскі р-н, аграгарадок Опса:

Я пенсіянерка, мне 66 гадоў. Раней працавала ў школе-інтэрнаце. Сёлета яе закрываюць. У нас маецца два настаўніцкія дамы, і мы не ведаем, што з імі будзе. Быццам бы энергетыкі бяруць іх на баланс. Але трэба замяніць лічыльнікі. Гэтыя дамы былі перададзены на баланс ЖКГ у 2005 годзе. Цяпер ЖКГ адмаўляецца замяняць лічыльнікі і прапануе зрабіць гэта за свой кошт. Мы звярталіся з гэтым і раней, але яны не зрабілі замену, дачакаліся Указа Прэзідэнта... Няўжо гэты ўказ распаўсюджваецца на нявыкананую працу? Мы, дарэчы, усё робім самі: мыем пад'езды, абкошваем траву ў двары, зімой прыбіралі снег... І плацім за гэта ў дадатак.
А тыя лічыльнікі нам павінны былі замяніць раней...

— Давайце будзем абапірацца на закон. Артыкулам 97 Жыллёвага Кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначана, што да правядзення капітальнага рамонту наймальнікі, уласнікі жылых памяшканняў абавязаны ажыццявіць за свой кошт устаноўку, замену і рамонт прыбораў індывідуальнага ўліку расходу газу, вады, цеплавой і электрычнай энергіі (у тым ліку тыя, якія знаходзяцца ў дапаможных памяшканнях). Пры правядзенні капітальнага рамонту гэтыя работы праводзяцца за кошт сродкаў уласнікаў жылых памяшканняў.

Валянціна Міхайлаўна, Мінская вобл.:

Калі будзе будавацца арэнднае жыллё ў Бараўлянах? Колькі будзе каштаваць?

— Гэтае пытанне вырашаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Таму для атрымання канкрэтнага адказу вам неабходна звярнуцца непасрэдна ў Мінскі райвыканкам.

Алена Іванаўна, г. Баранавічы:

Няма дзе выгульваць сабак у цэнтры горада. Чаму мясцовыя ўлады не зробяць пляцоўку для выгулу сабак? Ці хаця б не адвядуць для гэтых мэтаў спецыяльнае месца? Мы плацім падаткі на сваіх гадаванцаў, прычым немаленькія. Куды выдаткоўваюцца нашы грошы, на якія мэты? Чаму ўлады перад намі не даюць справаздачу? Дзе няма галоснасці, там з'яўляюцца розныя чуткі і здагадкі (па даручэнні жыхароў вуліц Савецкая, Камсамольская, Горкага, Леніна).

— Вам з гэтай праблемай трэба звяртацца ў мясцовы выканкам. Справа ў тым, што мясцовыя падаткі і зборы, у тым ліку збор за валоданне сабакамі, устанаўліваюцца Саветамі дэпутатаў. Сродкі збору за валоданне сабакамі ў поўным аб'ёме залічваюцца ў бюджэты раёнаў і гарадоў. Парадак іх выкарыстання вызначаецца гаррайвыканкамамі і пераважна гэтыя грашовыя сродкі накіроўваюцца на будаўніцтва і рамонт пляцовак для выгулу сабак, абсталяванне пунктаў для ўтрымання жывёл ці на іншыя мэты, якія датычацца жывёл.

Што да пляцовак для выгулу сабак, то пры існуючай шчыльнасці забудовы сапраўды ў цэнтры горада ёсць праблема з іх размяшчэннем. Разам з тым мясцовыя ўлады абавязаны адшукаць магчымасць і альбо ўладкаваць пляцоўку, альбо вызначыць месца для выгулу сабак.

Васіль Якаўлеў, Шумілінскі р-н:

Пражываю ў васьмікватэрным доме з пячным ацяпленнем 1960 года пабудовы без капітальнага рамонту. Хто абавязаны рабіць капрамонт печаў (выйшлі са строю)? За чый кошт? Кватэра не прыватызавана. Мясцовае начальства кажа: "Няма печніка". А нам трэба цалкам перарабляць печы.

— Павінен вам сказаць, што ў адпаведнасці з Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, якія былі зацверджаны пастановай Саўміна ад
21 мая 2013 года № 399, як уласнікі прыватных дамоў, так і наймальнікі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду абавязаны праводзіць бягучы рамонт жылых памяшканняў, у тым ліку і рамонт печаў, за свой кошт.

Зінаіда Андрэеўна, Барысаўскі р-н:

У нас двухкватэрны дом. Абедзве кватэры прыватызаваныя, паасобку. Дом 1958 года пабудовы, капітальнага рамонту не было. Як у такіх дамах робіцца капрамонт? У ЖЭСе нам сказалі: дом прыватызаваны, ён ваша ўласнасць. Але мы ж прыватызавалі кватэры, а не дом. І плацім адлічэнні на капрамонт у тым ліку.

— У вашым выпадку, калі ўласнікі робяць адлічэнні, капітальны рамонт дома павінен рабіцца ў залежнасці ад тэхнічнага стану яго канструктыўных элементаў і інжынерных сістэм на падставе перспектыўных праграм капітальнага рамонту. Каб даведацца, калі ў вашым доме плануецца капрамонт, звяртайцеся ў мясцовы выканкам.

Наталля, г. Мінск:

У 2002 годзе рашэннем суда пяці выхаванцам інтэрнатнай установы для дзяцей-сірот (сястра і чатыры браты, з якіх толькі сястра была паўналетняй) была выдзелена 4-пакаёвая кватэра дзяржаўнай формы ўласнасці. Праз некалькі гадоў сястра выйшла замуж, нарадзіла дзіця, падзяліла асабісты рахунак, прыватызавала і прадала сваю долю ў гэтай кватэры (самы вялікі пакой), дзякуючы чаму палепшыла жыллёвыя ўмовы для свайго дзіцяці (пабудавала асобную кватэру). Трое братоў нерэгулярна плацілі за камунальныя паслугі (справа даходзіла да суда), адзін з іх і зараз не плаціць. Самы малодшы брат толькі сёлета выпускаецца з установы для сірот і перасяляецца ў гэту кватэру.

Пытанне такое: які парадак прыватызацыі жыллёвай плошчы з агульнай кухняй? Колькі гэта можа каштаваць (дом на вул. Ясеніна ў Мінску)? Што будзе з гэтымі братамі ў выпадку пераводу непрыватызаванай часткі гэтай кватэры ў арэнднае жыллё і нерэгулярнай платы за арэнду хаця б адным з іх? І ці ёсць у выпускнікоў сіроцкіх устаноў магчымасць скарыстацца чэкамі "Жыллё"? Якім чынам і дзе яны павінны гэтыя чэкі шукаць?

— У адпаведнасці з Жыллёвым кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2012 жылыя памяшканні, у якіх пражываюць без паўналетніх членаў сям'і дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, прыватызуюцца на імя дзяцей па іх заяве са згоды папячыцеля, прыёмнага бацькі прыёмнай сям'і, бацькоў-выхавацеляў дзіцячага дома сямейнага тыпу і органаў апекі і папячыцельства. Пры прыватызацыі такіх жылых памяшканняў улічваюцца нявыкарыстаныя імянныя прыватызацыйныя чэкі "Жыллё" памерлых (ці прызнаных судом без вестак адсутнымі) бацькоў, усынавіцеляў (удачарыцеляў).

Але хачу адзначыць, што налічэнне чэкаў "Жыллё" ажыццяўлялася з 1 ліпеня 1992 года па 1 ліпеня 1999 года па асабістай заяве. Чэкі "Жыллё" непаўналетніх падсумоўваліся з такімі ж чэкамі бацькоў. І калі ў тыя тэрміны ад імя непаўналетніх не было пададзена адпаведнай заявы на налічэнне чэкаў "Жыллё", то цяпер іх налічэнне спынена. Аднаўленне налічэння чэкаў "Жыллё" дзейным заканадаўствам не прадугледжана.

Што тычыцца парадку прыватызацыі жылых памяшканняў, то ён аднолькавы як для адзінага наймальніка кватэры, так і для кватэры, заселенай некалькімі наймальнікамі. Пры гэтым ва ўласнасць кожнага наймальніка перадаюцца займаныя жылыя памяшканні, а месцы агульнага карыстання знаходзяцца ў агульнай долевай уласнасці.

Каб атрымаць папярэднюю ацэнку такой кватэры для яе прыватызацыі, вам варта звярнуцца непасрэдна ў раённую адміністрацыю па месцы жыхарства.

У выпадку пераводу непрыватызаваных кватэр у жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання (так званае арэнднае жыллё), у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 512 "Аб некаторых пытаннях выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду" пры наяўнасці без важкіх прычын запазычанасці па аплаце за карыстанне гэтым памяшканнем і (або) за жыллёва-камунальныя паслугі ў памеры двухмесячнай платы, наймальнікі падлягаюць высяленню з усімі членамі сям'і, якія пражываюць з імі, без прадастаўлення іншага жылля. Закон строгі, але гэта закон.

Святлана БУСЬКО,

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».