Вы тут

"Нас аб'яднала песня"


Мусіць, нішто не збліжае, не яднае народы так, як песні. Да таго ж у нас яны часта агульныя. І варта толькі пачаць — астатнія падхопяць.

Гэта я да таго, што ў Рагачове не так даўно адбыўся чарговы — шосты — міжрэгіянальны фестываль народнай песні "Зоры над Дняпром", у якім прымалі ўдзел творчыя калектывы з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі і, вядома ж, нашы, беларускія... Што цікава, на канцэрты ў рамках фестывалю пашчасціла патрапіць і многім вяскоўцам, нікуды не выязджаючы. Бо, напрыклад, да нас, у Лучын, завітаў фальклорны народны калектыў "Руская песня" з г. Кацельнікі Любярэцкага раёна.

Варта адзначыць, што ўдзельнікі яго не толькі спявалі, яны, што называецца, неслі культуру: вядучая спадарыня Алена Жукава, прадстаўляючы кожны твор, расказвала пра яго паходжанне, пра манеру выканання, пра распаўсюджанасць і г.д.

Канцэрт пачынаўся з самых старажытных славянскіх песень, і падчас яго высветлілася, што нашы, усім вядомыя "Ой рана на Івана", "Купалінка" ды іншыя спяваюць у многіх рэгіёнах Расіі і таксама лічаць сваімі.

Гучалі і казацкія песні (кіруе калектывам Сяргей Аляксандравіч Марозаў, які мае і рускія, і ўкраінскія карані...). Адна з іх — "Не для меня весна придёт..." — выклікала сапраўдныя авацыі перапоўненай залы! Бо, па-першае, яе здаўна любілі ў нашай вёсцы, а па-другое, уразіла выкананне і, у прыватнасці, сам голас былой салісткі мардоўскай філармоніі Надзеі Кліх...

Вядучая нязмушана заклікала не саромецца — падпяваць, выходзіць у карагод. Але ж спачатку вяскоўцы, так бы мовіць, тупалі на месцы, саромеліся. Іншая справа, калі загучала "Варонежская танцавальная"... Яна была настолькі падобная на ўсімі любімую тут "Барыню", што ўсядзець стала проста немагчыма!

Не, не сапсавалі мы карагод!

Але ж паказалі сябе не толькі ў танцы. Пасля канцэрта гасцей заспявалі і гаспадары — адзін з лепшых у раёне гурт "Надзея". Загучалі (і як жа спадабаліся!) беларускія "Прымакі", беларускія і мясцовыя, лучынскія, прыпеўкі! Як заўсёды, хораша спявалі нашы салісткі Іна Анатольеўна Правалоцкая і Алена Уладзіміраўна Малюкова, Галіна Мікалаеўна Тамашкова, віртуозная барабаншчыца Алена Міхайлаўна Чабатар. І, вядома ж, галоўны гарманіст і мастацкі кіраўнік калектыву Віктар Леанардавіч Чабатар...

Але час наступіў і развітвацца. Ну вядома ж, з "Чаркай на пасашок" і традыцыйнай "Бывайце здаровы, жывіце багата".

Калі збудуцца гэтыя пажаданні, то налета мы сустрэнемся зноў — як сябры, якіх аб'ядналі песні.

Соф'я КУСЯНКОВА,

в. Лучын, Рагачоўскі раён

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.