Вы тут

Будні выратавальнікаў: конь з бочкай і аўтамабіль з дзесяцітоннай цыстэрнай


Незвычайную парадную калону ўбачаць гродзенцы сёння: у гонар 160-годдзя пажарнай службы Беларусі аб'ядналіся конь з бочкай вады, невядомая нашым продкам, але цяпер ужо рарытэтная тэхніка і самыя сучасныя аўтамабілі. Акрамя таго, для жыхароў і гасцей горада над Нёманам падрыхтавалі канцэрт з удзелам эстрадна-духавога аркестра абласнога ўпраўлення МНС, дэманстрацыю майстэрства ў карыстанні аварыйна-выратавальным абсталяваннем, розныя конкурсы і віктарыны, а ўвечары — салют з воднымі фантанамі.

Майстэрства, мужнасць, узаемавыручка

У 1885 годзе літаральна за чатыры дні горад над Нёманам на тры чвэрці ператварыўся ў попел, жыхары 512 дамоў засталіся без даху над галавой. Пажар, што ўзнік ад загарання сухіх габлюшак у павеці дома на Малой Траецкай, распаўсюдзіўся на суседнюю і іншыя драўляныя пабудовы. Вогненная стыхія набыла такія маштабы, што на дапамогу мясцовым пажарным прыбылі іх калегі з Беластока. Далучыўся і атрад віленскай пажарнай каманды, змагаліся з агнём салдаты ...

А зусім нядаўна, 18 снежня мінулага года, як ўжо расказвала "Звязда", правяраліся не на вучэннях, а ў рэальным жыцці прафесійнае майстэрства і мужнасць сучасных гродзенскіх выратавальнікаў. Уначы здарылася аварыя на цеплатрасе, і дзясяткі тон гарачай вады рынуліся ў прыватныя дамы па вуліцы Татарскай. Ратуючы людзей, старшы пажарны Гродзенскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Янушкевіч атрымаў моцныя апёкі, аднак таварышы па службе, а потым медыкі яму дапамаглі. Нядаўна 22-гадовы Павел стаў самым маладым з жыхароў рэгіёна, звесткі пра якіх занесены ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці.

Што падобнага ў такіх, здавалася б, неаднолькавых сітуацыях, у розных гістарычных умовах? Наконт аснашчанасці выратавальнікаў — вядома, нічога агульнага. У 1885 годзе вышэйзгаданыя беластоцкія пажарныя на чале з брандмейстарам, якія прыбылі ў Гродна надзвычайным цягніком, мелі з сабой чатырох коней, дзве помпы і дзве бочкі для вады. А зараз, як паказалі журналістам на прэс-канферэнцыі ў пажарным аварыйна-выратавальным атрадзе Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, у распараджэнні ёсць самая сучасная тэхніка для рэагавання на самыя розныя здарэнні.

1374656027951_1

Аднак што яднае агняборцаў розных эпох, дык гэта, пэўна, майстэрства, мужнасць і ўзаемавыручка.

— Для кожнага з выратавальнікаў надыходзяць гадзіны, хвіліны, секунды, калі трэба праявіць гэтыя якасці і, мажліва, нават пераадолець сябе, — кажа начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Пётр КОРЖЫК.

Таму для навічкоў, каб не памыліліся з выбарам прафесіі, пры працаўладкаванні ёсць год выпрабавальнага тэрміну. Большасць застаецца, а тым, хто не вытрымлівае (каля дзесяці працэнтаў) зычаць поспеху ў іншай рабоце.

Усё нармальна, горад!

Пасля жудаснага пажару 1885 года ў Гродне былі створаны два камітэты па зборы ахвяраванняў для пагарэльцаў. Паводле гістарычных звестак, дабрачынны фонд склаў 190 тысяч рублёў (карова тады каштавала тры рублі): гэтых сродкаў хапіла на тое, каб за дзесяць гадоў практычна цалкам адбудаваць горад.

Акрамя таго, трагічныя падзеі прымусілі палепшыць назіранне за ўзгараннямі, для чаго пабудавалі пажарную каланчу. Цяпер у гэтым гістарычным будынку на вуліцы Замкавай размяшчаюцца аварыйна-выратавальная часць № 1 гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях і музей гісторыі пажарнай службы, дзе пра трагічныя падзеі 1885 года нагадвае дыярама са святлогукавой візуалізацыяй. Арыгінальныя прадметы, дакументы, фотаздымкі і нават гравюры знаёмяць з усімі этапамі развіцця айчыннай пажарна-выратавальнай справы. Прычым музейная калекцыя папаўняецца ўсё новымі экспанатамі з Гродзеншчыны, іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама дзякуючы супрацоўніцтву з калегамі з Расіі, Польшчы і іншых краін. Многія турфірмы ўжо ўключылі наведванне музея ў свае маршруты, тут штомесяц бывае каля сарака толькі школьных груп.

Дарэчы, у Гродне ўжо склалася такая "фішка": штодзённа ў 11 гадзін 58 хвілін турысты і мінакі збіраюцца каля будынка пажарнай каланчы, каб пачуць паўдзённую фанфару. Трубач у старажытным пажарным адзенні і касцы з вышыні агляднай пляцоўкі быццам сігналізуе: "Усё нармальна, горад!". Так адрадзілася традыцыя, якая здаўна была ў беларускіх пажарных.

Ад Альфы не схаваешся

Пажарная каланча цяпер мае найперш музейнае значэнне, а ў выяўленні пажараў дапамагаюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Дзякуючы ім сёлета на Гродзеншчыне засталіся ў жывых 19 чалавек. Прычым зараз праводзіцца работа па аб'яднанні гэтых прыбораў, што знаходзяцца ў розных домаўладаннях, у адзіную сетку альбо з вывадам святлогукавога сігнала на фасад будынка. Такімі сістэмамі абсталяваны ўсе дамы, дзе пражываюць дзеці ў "цяжкіх" сем'ях.

1374656027612_2

Зрэшты, выратавальнікам дапамагаюць не толькі сучасныя аўтамабілі і тэхналогіі. Начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Віктар КЕСО знаёміць з трыма сваімі "калегамі", якіх нядаўна ўзялі на службу ў сувязі са стварэннем кіналагічнага аддзялення. Гэта лабрадоры Альфа і Рамэа ды аўчарка Сімона. Усе яны з радаслоўнай і па розных прычынах бясплатна перададзены ў атрад гродзенцамі. Напрыклад, жанчына зацяжарала і ў бальніцы зрабілі выснову, што ў яе алергія на сабачую поўсць. І каб захаваць дзіця, трэба было пазбаўляцца ад сабакі.

Спецыялізацыя ў службовых сабак залежыць ад іх пароды. Лабрадораў старшы прапаршчык Міхаіл ГАТОЎЧЫЦ трэніруе для пошуку людзей у завалах, а аўчарку — у лясных масівах. Відаць, што кінолаг знайшоў агульную мову са сваімі выхаванцаміі і яго ўрокі даюць плён.

У гэтым можна пераканацца на прыкладзе Альфы, найбольш вопытнай і кемлівай, якая без праблем адшукала дзвюх маладых журналістак, што схаваліся ў імправізаваных завалах.

Аднак даводзіцца дапамагаць і жывёлам. Як мы ўжо паведамлялі, 15 ліпеня ў цэнтр аператыўнага кіравання Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС паступіла паведамленне аб неабходнасці дапамагчы... ласю. Ён заграз у меліярацыйным канале каля вёскі Новая Руда Гродзенскага раёна. З дапамогай выратавальнай вяроўкі і падручных матэрыялаў небараку прыкладна за паўгадзіны выцягнулі з вады. Пасля агляду ветэрынарам (сур'ёзных траўмаў выяўлена не было) лось крыху адляжаўся, стаў на ногі і накіраваўся ў лес...

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».