Вы тут

Мяняю боцікі на валёнкі


Чаму са Смілавіцкай фабрыкі "шпіёнаў" прагналі

"Мяняю боцікі на валёнкі" — такая аб'ява ў інтэрнэце мяне сапраўды рассмяшыла: мабыць, хтосьці пажартаваў. А нядаўна патэлефанавала стрыечная сястра з Казахстана: "Усю мінулую зіму жонка майго дырэктара фарсіла ў беларускіх валёнках. Знайдзі і мне такія!" І я вымушана была выканаць ці то просьбу, ці то загад сваячкі.

У фірмовай краме Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі выбар абутку аказаўся багатым. "Бярыце некалькі пар", — параіла прадаўшчыца, — восенню ўсё размятуць з паліц. Едуць да нас па валёнкі не толькі беларусы, але і расіяне з бліжэйшых да мяжы рэгіёнаў". Крыху падумаўшы, я купіла аж тры пары — запас бяды не чыніць.

У былым Савецкім Саюзе каля 30 прадпрыемстваў займаліся вырабам валёнкаў. Толькі на адным Казанскім камбінаце іх выпускалася каля 4 мільёнаў пар штогод. У Маскве спецыяльны Інстытут працаваў над новымі тэхналогіямі, абсталяваннем для валюшна-лямцавай галіны. Цяпер на постсавецкай прасторы засталося 5-6 адпаведных прадпрыемстваў. У Беларусі, дарэчы, выпускалі валёнкі тры фабрыкі. У Бабруйску і Наваградку прадпрыемствы разваліліся, а вось у Смілавічах унікальную вытворчасць здолелі захаваць.

1374656026272_1

Смілавіцкія майстры славяцца ўменнем рабіць валёнкі яшчэ з ХІХ стагоддзя. У пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя тут стварылася арцель "Красная звезда": дробныя рамеснікі выпускалі валёнкі і галёшы саматужным спосабам у хатніх умовах. У 1928 годзе на базе арцелі ўзнікла Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка. Працавалі тут амаль адны мужчыны. Яны перабіралі і часалі воўну на машынах, што прыводзіліся ў дзеянне з дапамогай цяглавай сілы. У 30-х узвялі новы будынак фабрыкі і кацельню, завезлі перадавое па тых часах абсталяванне. За сваю багатую гісторыю прадпрыемства перажыло шмат — і ўзлёты, і крызісы...

— Асабліва цяжкімі выдаліся 90-я гады мінулага стагоддзя: над фабрыкай навісла пагроза закрыцця. Такія прадпрыемствы на той час нікога не цікавілі, маўляў, і без валёнак можна пражыць, — згадвае дырэктар Васіль Сабан. — Але мы пераадолелі цяжкасці перш за ўсё дзякуючы нашым работнікам. Яны разумелі, што фабрыка перспектыўная і яе прадукцыя будзе заўжды запатрабавана. Разам з тым, мы пачалі часткова перапрафіляваць вытворчасць. Браліся за ўсё — выпускалі мэблю, вагонку, дошкі для падлогі, шылі пасцельную бялізну, чахлы для аўтамабіляў, махровыя халаты. А заадно перавучвалі людзей. Цяпер нашы работнікі маюць па чатыры спецыяльнасці — з выпуску валёнак могуць без праблем пераключыцца на іншыя аперацыі.

У выніку ўдалося захаваць і рабочыя месцы. І людзі вельмі ўдзячны свайму кіраўніку, які здолеў зберагчы калектыў. Васіль Мікалаевіч на фабрыцы амаль 40 гадоў, прайшоў шлях ад электрыка да механіка і інжынера, і вось ужо каля трыццаці гадоў узначальвае калектыў.

Як паказаў час, цікавасць да валёнкаў з кожным годам павялічваецца. Сапраўды, больш зручнага, цёплага, экалагічна чыстага абутку, што прыдумалі нашы продкі, ніхто ў свеце яшчэ не вынайшаў. Валёнкі патрэбны і вайскоўцам, і сельскім жыхарам, і выратавальнікам, і будаўнікам, і рыбакам, і паляўнічым. З задавальненнем носяць валёнкі і сучасныя модніцы. Макіяж, спаднічка і... валёначкі. Зручна, стыльна і прыгожа.

Валянціна Вальц са сваім мужам у свой час паматаліся па былым Савецкім Саюзе і вырашылі спыніцца ў Смілавічах: больш за 10 гадоў жанчына працуе на фабрыцы.

— Зрухі тут адбыліся значныя, — сцвярджае Валянціна Мікалаеўна. — Калі я толькі ўладкавалася на працу, тут выпускалі непрывабныя стандартныя шэрыя валёнкі. Падчас розных кірмашоў адчувалі мы сябе не зусім утульна, ды і адводзілі нам гаспадары звычайна месцы "на задворках". Разумелі, што так больш нельга працаваць, трэба паляпшаць дызайн, павялічваць асартымент, разнастаіць каляровую гаму. Пачалі эксперыментаваць: зрабілі валёнкі белага колеру. Затым аздобілі іх футрам. Прыгожа, але... непрактычна. Як зрабіць тавар універсальным і адначасова эксклюзіўным, каб дагадзіць усім: і маладым модніцам, і жанчынам сталага ўзросту? Прыдумалі зручную падэшву, каб можна было хадзіць і ў хаце па падлозе, і па вуліцы.

У выніку пошукаў з'яўляліся новыя неардынарныя дызайнерскія рашэнні. Так паступова, дзякуючы намаганням неабыякавых людзей, фабрыка заваявала сваё месца пад сонцам. Зрэшты, ужо з самага пачатку валёнкі нясуць у сабе генетычнае цяпло, сонца. Як жа інакш? Сыравіна завозіцца з цёплых паўднёвых краін, а вырабы прасякнуты любоўю работнікаў, якія ўкладваюць у іх сваю душу. Напрыклад, Хота Канапацкая адпрацавала на фабрыцы 56 гадоў, нядаўна пайшла на пенсію. Начальнік аддзела тэхнічнага кантролю Вольга Дзедавец таксама ветэран, прывяла сюды сваю дачку Аксану. У калектыве ўвогуле шмат моладзі, таму што тут прэстыжна працаваць, ды і заработная плата стабільная — больш за 500 долараў ЗША ў эквіваленце.а

На фабрыцы выпускаюць 17 тысяч валёнак за месяц для дзяцей і дарослых розных памераў і колераў: з банцікамі і пампонамі, аплікацыяй і вышыўкай, з натуральным і штучным футрам. Тут распрацаваны камплекты для ўсёй сям'і, накшталт "тата, мама, я — дружная сям'я".

1374656026392_2

— Я сваім дзяўчатам — жонцы і дзвюм дочкам — ніколі не дару на святы кветкі і духі, — ці то жартуе, ці кажа праўду мужчына сярэдніх гадоў, які прадставіўся Ігарам. — Купляю ім валёнкі. У "адным флаконе", так бы мовіць, некалькі кампанентаў. Падэшва забяспечвае назе сухасць, святлоадбівальная стужка гарантуе бяспеку, аздоба кветкамі, футрам ды рознымі вясёлымі малюнкамі надае шарм і прыгажосць. Акрамя таго, аўчынка, якая шчыльна прылягае да нагі, не дазваляе цяплу выходзіць з валёнка, а халоднаму паветру пранікаць усярэдзіну, як бы стварае эфект тэрмасу. У такім універсальным абутку можна і на работу хадзіць, і па вуліцы, і сабаку вечарам выгуляць, і на рыбалку з'ездзіць.

Дзіцячыя валёнкі, напрыклад, робяцца ў камплекце з лёгкімі празрыстымі галёшамі, а для дарослых — на рыфленай падэшве са светлага поліўрэтану. Дызайнеры працуюць над тым, каб зрабіць валёнкі больш прывабнымі для жанчын — на невялікім абцасіку. Працэс вырабу валёнкаў даволі цяжкі, складаны, уключае 36 у асноўным ручных аперацый. На пачатку працэсу валёнкі выглядаюць вельмі вялікімі, амаль у чалавечы рост! А пасля валення набываюць акрэсленую форму. Пятка, насок, халява фармуюцца ўручную. Таму людзі, якія тут доўга працуюць, маюць вельмі далікатныя і адчувальныя пальцы і могуць вызначыць навобмацак таўшчыню вырабу да таго, як ён будзе гатовы.

У цэлым жа на прадпрыемстве асартымент вырабаў з авечай воўны даходзіць да 30. Гэта не толькі валёнкі, але і падушкі, коўдры з якаснай шэрсці мерыносных авечак, лазневыя камплекты. У асноўным сыравіна завозіцца з Сярэдняй Азіі — Таджыкістана, Узбекістана, Туркменіі, Казахстана. За год прадпрыемству патрабуецца яе 500-600 тон.

— Дастаўка воўны, відаць, няпросты і даволі стратны працэс? — пацікавілася ў дырэктара.

— Але прывазная воўна амаль ўдвая танней, чым айчынная. Да таго ж беларускія вытворцы могуць нам паставіць толькі 5-6 тон воўны за год.

— Атрымліваецца, прывозіце сыравіну з Казахстана і туды ж экспартуеце сваю прадукцыю?

— Не толькі ў Казахстан. У Нарвегію, Канаду, Фінляндыю, Аўстрыю, Украіну, Латвію, Літву, Эстонію. Раней арыентаваліся ў асноўным на Расію, яшчэ ў 2011 годзе пастаўлялі туды 70 працэнтаў прадукцыі. Летась паказчык знізіўся да 30 працэнтаў, затое геаграфія паставак стала даволі шырокай. І гэта для нас не мяжа, — зазначае Васіль Мікалаевіч.

— Пра нас ведаюць нават у Амерыцы, — дадаюць работнікі.

А яшчэ мне расказалі, што неяк на фабрыку прыязджалі прадпрымальныя людзі адной з азіяцкіх краін, і вельмі ж цікавіліся тэхналогіяй вырабу валёнкаў. Вядома, ніхто ім сакрэты не адкрыў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.