Вы тут

ГЛАБАЛЬНАЕ ПАЦЯПЛЕННЕ ці глабальнае ашуканства?


Людзей заўсёды цягнула зазірнуць у будучыню — ад антычных аракулаў да Настрадамуса, ад вульгарных гараскопаў да варажбы на кававай гушчы. Заўсёды карцела даведацца, а што ж будзе, і чым страшнейшымі былі прагнозы — тым большая колькасць у прынцыпе псіхічна здаровых людзей ім верыла... Увесь час нехта прызначаў канцы свету, даты сутыкненняў з метэарытамі, прайшлі фобіі атамных пагроз, перажылі "азонавую" катастрофу і шкоду фрэону, і апакаліпсіс паводле календара майя... Зусім нядаўна казалі пра глабальнае пахаладанне, а цяпер чалавецтва кідае ў дрыжыкі ўжо ад магчымага глабальнага пацяплення, якое пачнецца ці то праз два-тры тыдні, ці то праз дзясятак-іншы гадоў... Ці варта так часта напружваць далікатны механізм чалавечай псіхікі?

1374656028915_20-36

"Страшылкі" заўсёды вабяць мацней, чым пазітыўная інфармацыя. Таму хор прыхільнікаў чарговай катастрофы — глабальнага пацяплення — гучыць усё мацней, тады як галасы тых, хто абгрунтоўвае погляды супрацьлеглыя, чуваць значна цішэй. Натуральна, гаворка павінна весціся і пра магчымае пацяпленне, і пра неабходнасць складаць у сувязі з гэтым эканамічныя, палітычныя і дэмаграфічныя мадэлі развіцця, што, уласна, і робіцца. Аднак усё гэта варта разглядаць абавязкова з улікам думак тых, хто мае свой пункт гледжання.

Змены для сельскай гаспадаркі

Некалькі гадоў таму Расгідраметам быў падрыхтаваны дакумент, што ацэньвае магчымыя наступствы глабальнага пацяплення для нашай Саюзнай дзяржавы на бліжэйшыя 20 гадоў. На думку навукоўцаў, магчыма пацяпленне, павелічэнне колькасці дзён з экстрэмальна высокімі сутачнымі тэмпературамі. Узімку паўсюдна чакаецца рост колькасці ападкаў, летам ападкі будуць павялічвацца толькі ў сярэдняй паласе і на поўначы Расіі. У Беларусі можна чакаць неістотнага павелічэння ападкаў толькі ў асобныя летнія месяцы. Для сельскай і лясной гаспадаркі, гаворыцца ў дакуменце, "чаканыя кліматычныя змены для тэрыторыі Беларусі і нечарназёмной зоны еўрапейскай часткі Расіі ў цэлым з'яўляюцца станоўчымі. Прагназаваны рост цеплазабеспячэння і працягласці вегетацыйнага перыяду пры дастатковым увільгатненні паспрыяе пашырэнню і паляпшэнню структуры раслінаводства, прасоўванні на поўнач традыцыйных агракліматычных зон". У прыватнасці, на поўдні Палесся ўжо ўтварылася больш цёплая агракліматычная вобласць. Як рэкамендуе Расгідрамет, "з мэтай выкарыстання дадатковых рэсурсаў цяпла мэтазгодна павелічэнне ўдзельнай вагі больш цеплалюбных і засухаўстойлівых культур (кукуруза, проса, сорга, сланечнік і інш); укараненне больш познеспелых гатункаў, якія лепш выкарыстаюць цеплавыя рэсурсы; пашырэнне пажніўных пасеваў, пашырэнне аб'ёмаў ірыгацыйных работ і ўкараненне сістэм кропельнага арашэння". Прызнаюся, такі доўгатэрміновы "прагноз надвор'я" выклікае ўсмешку, калі тут часам і на тры дні сіноптыкі трапляюць "пальцам у неба"...

Застанемся без лёну і бульбы?

Тым часам, гаворыцца ў дакуменце, змены клімату пагражаюць сельскай гаспадарцы і ўраджайнасці некаторых традыцыйных культур у паўднёвых рэгіёнах. З-за пацяплення і недахопу вады ў чарназем'і Расія можа ўжо ў бліжэйшыя пяць-дзесяць гадоў штогод губляць да 20% ураджаю збажыны. Калі пацяпленне пагражае ў Расіі збожжавай гаспадарцы, то ў Беларусі і некаторых рэгіёнах еўрапейскай часткі ўсходняга суседа пагоршацца ўмовы росту сярэдніх і позніх гатункаў бульбы, лёну і агародніны. Прагназуецца таксама, што ў бліжэйшыя два дзесяцігоддзі працягласць ацяпляльнага перыяду ў большай частцы абласцей, размешчаных у паўднёвых і цэнтральных раёнах Расіі і ў Беларусі, паменшыцца на 4-8 дзён.

Азонавыя дзіркі

Гэтая інфармацыя ў нас людзям дасведчаным вядомая. Менш ведаем пра тое, што здабыткам галоснасці ўжо сталі факты, якія істотна аспрэчваюць тэорыю пацяплення. Яшчэ ў 2009 годзе дзякуючы хакерам у інтэрнэце з'явіліся дакументы службовай перапіскі вядучых спецыялістаў кліматычнага даследчага цэнтра ўніверсітэта Усходняй Англіі, якія ўваходзяць у Міжурадавую групу па змяненні клімату пры ААН. Як высветлілася, вучоныя сур'ёзна распрацоўвалі методыкі абмежавання доступу да навуковых даных сваіх апанентаў, якія аспрэчваюць тэорыю пацяплення. У лістах нават дасканала апісваліся метады падтасоўкі фактаў для ўмацавання пазіцыі "цеплавікоў".

А як усё пачыналася? У 90-я ўсіх нас ужо палохалі азонавымі дзіркамі, і вінаватым быў прызнаны газ фрэон. І хоць яго нікчэмна мала ў атмасферы, амерыканскія вытворцы халадзільнікаў, што не выкарыстоўвалі фрэон, схапіліся за ідэю. У выніку еўрапейскія вытворцы фрэону прайгралі, бо пакупнікі сталі шукаць безфрэонавыя халадзільнікі і дэзадаранты. А хто выйграў, спытаеце вы? Выйграла, перш за ўсё, амерыканская кампанія "Дзюпон", а азонавыя дзіркі, аказалася, увесь час то растуць, то зацягваюцца незалежна ад наяўнасці ў халадзільніках таго ці іншага газу...

Глабальнае пацяпленне і Маргарэт Тэтчэр

Цяпер шырока вядомы і факт, як яшчэ ў 70-я гады шведскі вучоны Берг Боўлінг першым выказаў здагадку, што вуглякіслы газ, які выпрацоўваецца чалавецтвам, можа сагрэць планету. Тады большасці навукоўцаў гэта здалося дзікімі фантазіямі, але іх меркаванне змянілі дзве рэчы. Першая — тэмпература якраз стала расці (дарэчы, рост тэмпературы быў часова адзначаны і ў 1940 годзе, тады як наступны год быў анамальна халодным). Другім фактарам стала тое, што шахцёры Брытаніі пачалі страйкаваць, і для ўрада Маргарэт Тэтчэр энергетыка стала палітычнай праблемай. Па словах лорда Лоўсана Блэбскага, які займаў тады пасаду міністра энергетыкі, Тэтчэр "была заклапочана марудным прасоўваннем атамнай энергіі, яе турбавала энергетычная незалежнасць. Яна не верыла ні ў вугаль, ні ў нафту і лічыла, што трэба рухаць мірны атам. Тут Тэтчэр звярнула ўвагу на праблему глабальнага пацяплення і вырашыла, што гэта можа стаць важкім аргументам на карысць атамнай энергіі". Маргарэт Тэтчэр звярнулася да навукоўцаў, і ў выніку грошы ракой паліліся менавіта ў напрамку абгрунтавання доказаў залежнасці тэмпературы ад СО 2, гэта значыць, ад дзейнасці чалавека (сусветным акіянам выкідваецца ў атмасферу 80 гігатон вуглякіслага газу за год, з-за чалавечага фактару — 7).

Кампанія стала палітычнай, выклікала цікавасць прэсы і, зразумела, прыстойнае фінансаванне. Дарэчы, велізарная частка грошай пайшла на стварэнне камп'ютарных мадэляў для прагнозу змены клімату — менавіта яны з'яўляюцца важкім аргументам на карысць пацяплення. Аднак доктар Рой Спенсер, вучоны-кліматолаг цэнтра касмічных палётаў НАСА, сцвярджае, што "мадэлі не могуць фарміраваць даныя, не прадугледжаныя іх стваральнікамі, а такіх варыянтаў сотні і тысячы. Большасць мадэляў пабудавана вакол пастулату, што асноўнай прычынай змены надвор'я з'яўляецца СО 2, а не сонца і не аблокі". Прафесар універсітэта Атавы Ен Кларк, які працаваў з гэтымі мадэлямі, гэтаксама ўпэўнены, што, змяняючы ўводныя, можна атрымаць якія заўгодна вынікі: ад пацяплення да новага ледавіка.

Даўні апанент ідэі глабальнага пацяплення член-карэспандэнт РАН Андрэй Капіца ўспамінаў, што яго калега і былы кіраўнік нацыянальнай акадэміі навук ЗША прафесар Зейц пасля працы ў камітэце па змяненні клімату абвінаваціў гэты камітэт у цэнзуры і замоўчванні нязручных высноў: "гэтая справаздача зусім не з'яўляецца той версіяй, якую ўхвалілі навукоўцы, што напісалі арыгінал. Сама меней 15 ключавых момантаў было выкрэслена са справаздачы. У тым ліку выказванне аб тым, што няма ніякіх доказаў, што павышэнне ўзроўню парніковых газаў можа прывесці да змены клімату. Няма таксама аніякіх пацверджаных навуковых даных і аб тым, што змены клімату, якія фіксуюцца, звязаны з дзейнасцю чалавека".

"Зялёныя" не такія ўжо белыя і пушыстыя?

Усё больш навукоўцаў, палітыкаў і журналістаў кажуць цяпер, што рух у абарону навакольнага асяроддзя — гэта рух палітычны, які мае вялікі ўплыў на сусветным узроўні. Урады заходніх краін, за выключэннем галоўных забруджвальнікаў атмасферы — Кітая і ЗША — менавіта пад ціскам "зялёных" заключылі Кіёцкі пратакол з мэтай абмежавання вытворчасці ў краінах развітых і тых, якія развіваюцца. Але якая цана пратакола? Амаль траціна насельніцтва планеты не ведае электрычнасці, у Афрыцы ёсць вугаль, нафта, але абаронцы прыроды выступаюць супраць выкарыстання гэтых танных крыніц энергіі і агітуюць за энергію ветру і сонца.

У выніку экалагічны рух ператварыўся ў найбуйнейшую перашкоду прагрэсу.

Загадчык лабараторыі расійскага інстытута акіяналогіі прафесар Сяргей Гулеў сцвярджае, што Кіёцкі пратакол — "у першую чаргу эканамічны дакумент, а не кліматычны", за яго з'яўленнем стаяла "сукупнасць палітычных і эканамічных інтарэсаў". Пагадненне аб выкідах СО 2 было заключана палітыкамі. Калі гэта адбывалася, ніхто не прыслухаўся да вучоных, якія казалі, што выкананне гэтага пратакола ніяк не паўплывае на клімат. А ўласна кажучы, пра які клімат можа ісці гаворка, калі, па некаторых падліках, абарот сродкаў у сферы барацьбы з глабальным пацяпленнем неўзабаве дасягне 1 трлн долараў, што ў некалькі разоў больш за абарот у сферы энергетыкі ЗША...

Ці не адгэтуль папулярная сярод многіх думка: а можа, мы сталі ахвярамі чарговага антынавуковага ашуканства, заснаванага на вядомых прагнозах канца свету, зробленых тымі, хто змагаецца за ўвагу да сябе і фінансаванне і не хоча, каб краіны, якія развіваюцца, калі-небудзь дасягнулі індустрыяльнага поспеху? Ці такая адназначная і правільная тэорыя глабальнага пацяплення, калі яе даследаванні ўсё больш паглыбляюць два супрацьлеглыя пункты гледжання? Супакойвае толькі тое, што такія рэчы, як змены клімату і асабліва іх наступствы, цягнуцца сотнямі гадоў... А за гэты час якіх толькі новых тэорый не падкінуць нам яшчэ навукоўцы, палітыкі альбо вытворцы якіх-небудзь экалагічна бяспечных рэчаў...

Р.S. Літаральна колькі тыдняў таму адзін тэлеканал даводзіў вуснамі ўганараванага званнямі навукоўца, што праз 50 гадоў Масква апынецца ў зоне тундры...

Пятро Раманчук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»