Вы тут

Няма таго, што раней было...


Не ведаю, як у каго, а ў мяне традыцыйна аднолькава: мінімум першы тыдзень водпуску я — "на баявым пасту". Займаюся ўжо зусім іншымі, прыемнымі для сябе рэчамі, а мозг працягвае жыць сваім, яшчэ не адпускным жыццём. Машынальна адзначае, што зараз пачалася планёрка, што сёння дзяжурыць па нумары Ганна, а да суботы Алена павінна здаць матэрыял. Я ўпэўнены, што мае дзяўчаты, маладыя спецыялісты, зробяць усё як след. Проста так аўтаматычна неяк атрымліваецца. Таму і не люблю хадзіць у водпуск на два тыдні. Бо толькі недзе пад канец другога тыдня звяртаешся сам да сябе: сябра, а ты ўвогуле пра што думаеш, ты ж — у водпуску?!.

…Якія зараз "дачныя" клопаты?.. Пісаў ужо, што з тыдзень не было дажджоў, зямля стала, як той камень. А прагноз ці не штодня абяцаў: будуць ападкі, будуць ападкі… Калі чакаць ужо стала невыносна (ну расліны ж шкада), вырашылі ўвечары нарэшце паліць агарод. Я, праўда, папярэдзіў: як толькі зробім справу, пройдзе дождж. Гэта, ведаеце, прыкмета такая ёсць: калі ты памыў вокны ці аўтамабіль, абавязкова неўзабаве дождж пройдзе. Так і атрымалася. Ранкам ліло так, што з ліўнёўкі "Ніягара" назіралася, а ў барознах — "Ніл" падчас разліву. Ды й пахаладала. Праўда, нам на карысць: якраз тым часам рамонтнымі работамі ў доме займаліся. А мне прыгадалася, што ў далёкім дзяцінстве навальніцы ў ліпені былі ці не штодня. Але як было? Насунецца, паўгадзіны маланкі, гром і… адразу вясёлка на небе. У паветры пахне азонам, бурбалкі ў лужынах плаваюць, а хмара — вось яна, ужо за гарызонтам хаваецца. І мы зноў бяжым усе на вуліцу.

…А, дык пра агарод. Агурочкі пайшлі, маладзенькія кабачкі растуць як на дражджах, фасоляй спаржавай ласуемся. Рызыкнулі сёлета пайсці на эксперымент: высадзіць дыні і кавуны на градкі. Што сказаць, "завалілі"… Сеялі ў адкрыты грунт. Трэба, відаць, было расадай… Затое пасеялі чорную рэдзьку, дайкон, салату, кроп. Апошні ў нас пераважна "самасейка", але тут вырашылі яго "пастроіць па ранжыру".

Пайшлі чорныя і чырвоныя парэчкі. Дарэчы, па маіх назіраннях, апошнія сталі паспяваць на два-тры тыдні раней, чым колісь. Але самая смаката — гэта халодненькі кісленькі кампот з вішняў. Ага, атрымалася трохі адбіць ураджаю у шпакоў! Замарозілі, колькі змаглі. Дарэчы, гэтыя нахабныя птушкі ўжо паляцелі з агародаў (кружаць, праўда, у іншых месцах), таму прэтэнзій ад іх не будзе.

А вось наш кот Кузя моцна пакрыўдзіўся пасля мінулай публікацыі: чаму гэта замест яго партрэта надрукавалі фотаздымкі некага з суседскіх рудых катоў?!. Бо наш — чорны, як ночка без месяца. Дарэчы, зноў жа пра іх, пра катоў. Атрымалася на практыцы праверыць вынікі даследаванняў брытанскіх навукоўцаў. Тыя даказалі, што каты вельмі ўважліва ставяцца да ўмоў пражывання сваіх сабратаў, таму і ходзяць пад'есці з чужой міскі. Параўноўваюць, значыцца, умовы харчавання, догляду, стаўлення з боку гаспадароў. А паколькі ў нашага Кузі зараз — "курортны сезон", такой колькасці навакольных катоў, якія пажадалі б пераканацца, што гэтаму "пацану" нейкім чынам моцна пашчасціла, я яшчэ не бачыў. Сядзеш на лаўку пад дрэвам перакурыць, глядзіш — праз суседскі агарод у траве чарговы, новы, крадзецца… Мо таму, што часу раней не было? Дарэчы, нягледзячы на "барскія" ўмовы, наш таксама час ад часу знікае. Што зробіш, інстынкт — у чужую міску зазірнуць. Я звычайна кажу, што "на далёкі кардон пайшоў"…

1374656029184_20-12

…Скажу шчыра, пакупацца ў рацэ пакуль атрымалася толькі аднойчы. Якраз перад той навальніцай. І хаця, як казаў, дагэтуль дажджоў не было з тыдзень, узровень вады ў Волме быў даволі высокі. І сама яна — не "парное малако", як хацелася б. Але брат палез, давялося і мне за ім… Калі акунешся, прыемна, вядома, асвяжае, зноў жа — пыл агародны змыць. Але акунуўся і — на бераг.

…Магчыма, ужо расказваў… Там, куды мы ездзім калі-некалі пакупацца або юшку зварыць ці шашлык які падсмажыць, былі некалі торфараспрацоўкі. Цяпер пра тое амаль што нічога не нагадвае. А ў ліпені 1944‑га, літаральна перад самым вызваленнем Мінска, пасадзіўшы нашу матулю, зусім малую яшчэ дзяўчынку, верхам на рудую карову, сям'я ратавалася менавіта ў тым баку… Гарэлі хаты па вуліцы на шляху туды… Як сцвярджаюць мае родныя, шкоды ад немцаў практычна ўжо не было: наступалі нашы.

…Быў тут некалі і стары (гадоў трыццаць таму ці больш) драўляны мост. Я яго яшчэ памятаю. Паляўнічыя актыўна стралялі птушак па восені. Аднойчы (не памятаю ўжо, у якім класе — шостым, сёмым) пайшлі з хлопцамі з вуліцы ў лыжны паход да былога ўжо моста. Праз поле, па снежнай цаліне. Нехта заўважыў, што навідавоку круціцца нейкі даволі вялікі сабака. Думалі, з бліжэйшай вёскі. І толькі праз нейкі час прагучала чыясьці здагадка: воўк! Пушча была побач… Праўда, воўк гэта быў ці хлапчукам прымроілася, не магу сказаць. А потым пад палямі таго моста стомленыя, але шчаслівыя мы елі прыхопленыя некім з дому халодныя бліны са скваркамі, ляжалі пад яркім сонцам на лёдзе і разглядалі праз яго на дне невялікіх акунькоў.

…Гадоў колькі таму гэтае месца ўпадабала нейкая фірма, што вырошчвае рулонныя газоны. Гэта калі табе па замове прывозяць ужо гатовы газон у скрутку, разгортваюць, паліваюць і — калі ласка, ніякіх праблем. Напачатку кавалак поля, дзе некалі былі людскія "соткі", а побач пасвілі і калгасных, і пасялковых кароў (а мы, ідучы на рыбалку, не думалі пра чарвякоў: перавярнуў паўсухую "ляпёшку" — і гатова), потым другі… Зараз фірма перайшла ўжо на іншы бок, праз дарогу. Яшчэ летась-пазалетась тут калгасныя камбайны ўбіралі збажыну. Па полі зноў катаецца адмысловы трактарчык на шырокіх шынах. Летась за рулём сядзеў кіроўца ў каўбойскім капелюшы. Мы яго так і звалі паміж сабой — "каўбой". Сёлета трактарчык быў той жа, а кіроўца — чамусьці ў кепцы.

...Ад ракі, уздоўж дарогі, праз дарогу, праз поле ляжаць тоўстыя шлангі для паліву — ваду пампуюць з ракі. Непадалёку ад таго месца, дзе мы некалі рыбачылі з хлопцамі. Ужо неяк і не цягне туды… А шлангі нагадваюць вялікіх анакондаў, якія то паказваюцца навідавоку, то знікаюць у высокай траве…

Замест старога драўлянага моста шмат гадоў праз раку ляжала металічная апора ад лініі электраперадач. Па ёй (нават з веласіпедам) можна было перайсці на другі бераг. Можна, вядома, і ўброд — калі вада малая ці цёплая была. Звычайна ж — па апоры. На тым беразе некалі месціліся так званыя дачы. Даўно ўжо ні дамоў, ні іншых пабудоў. Хіба толькі часам у густой траве (а месцамі яна сапраўды была травой-муравой) можна натрапіць на рэшткі старога падмурка ці слупкі ад уваходнай брамкі. Але ад колішніх насельнікаў засталіся рэшткі здзічэлых садоў. Ажыны, маліны, чорныя парэчкі, куст агрэсту трапіцца… Даволі шмат было клубніц. Хто першы паспяваў схадзіць, няблага збіраў. Дзіўна, праўда?! Людзей тут ужо даўно няма, а нешта, вырашчанае іх рукамі, дагэтуль корміць іншых. Карміла… Некалькі гадоў таму ўвесну на нашых вачах трактар перацягнуў металічную апору на той бераг: зямля зараз ва ўласнасці фермера. Што ён там вырошчвае, дакладна не скажу. Проста так цяпер на "чужую тэрыторыю" не пойдзеш…

Водпуск дае магчымасць трохі збавіць хаду, азірнуцца. Заўважыць тыя змены, якія звычайна праходзяць міма нас у мітусні штодзённых клопатаў. Без змен у жыцці, напэўна, ніяк. Не буду казаць, што яны заўсёды выключна добрыя ці наадварот. Ёсць больш нейтральны выраз: няма таго, што раней было…

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».