Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


Пагранкантроль для пасажыраў цягнікоў Мінск—Вільнюс будзе ўведзены на вакзале беларускай сталіцы

Беларускія пагранічнікі арганізуюць пашпартны кантроль пасажыраў, якія едуць са станцыі Мінск-Пасажырскі ў Вільнюс і назад, непасрэдна на чыгуначным вакзале беларускай сталіцы. Пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржпагранкамітэта, каментуючы змяненні, унесеныя ўказам Прэзідэнта Беларусі № 309 ад 15 ліпеня 2013 года ва ўказы № 313 ад 10 мая 2006 года і № 373 ад 7 жніўня 2007 года.

У прыватнасці, гэтыя змяненні прадугледжваюць адкрыццё на станцыі Мінск-Пасажырскі пункта пропуску і ўваходзяць у сілу з 1 студзеня 2015 года. Аднак пакуль у пагранічным ведамстве не называюць дакладных тэрмінаў адкрыцця пункта. "Гэта залежыць ад таго, калі будзе створана адпаведная інфраструктура. Неабходны цэлы комплекс мерапрыемстваў, у тым ліку многія пытанні адносяцца да кампетэнцыі Беларускай чыгункі", — патлумачылі ў пагранкамітэце.

Як паведамлялася, літоўскі бок ужо стварыў аналагічны тэрмінал на чыгуначным вакзале Вільнюса для пасажыраў, якія выязджаюць у Мінск або вяртаюцца назад. Такі парадак дзейнічае з мая 2013 года. Аднак у Літве вырашылі часова вярнуцца да ранейшага парадку агляду пасажыраў. Гэта звязана з праблемай чэргаў. У Літоўскай чыгунцы спасылаюцца на тое, што чэргі ўзнікаюць, бо ў пагранічнікаў Літвы не хапае персаналу.

Кар. БЕЛТА.

Жыхар Гродна зарабляў на візах, якія і не думаў афармляць

У дачыненні 24-гадовага гродзенца, які браў грошы на паслугі па афармленні шэнгенскіх віз у жыхароў Гродна і Мінска, заведзена крымінальная справа. Пацярпелымі па ёй прызнаны 16 чалавек.

Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргея ШЭРШАНЕВІЧА, малады чалавек, каб увайсці ў давер, прадстаўляўся супрацоўнікам турфірмы альбо спасылаўся на знаёмствы ў турыстычных колах. Затым браў у людзей пашпарты і грошы — у сярэднім па 150 долараў, але абавязацельствы выконваць не збіраўся.

Падчас следства высветлілася, што ён, акрамя таго, умудрыўся вымантачыць 7,3 млн рублёў (затым патрабаваў яшчэ 4 мільёны) у свайго "канкурэнта" — такога ж махляра, як і ён сам. Назваўся супрацоўнікам міліцыі і прыгразіў завесці ў дачыненні яго крымінальную справу. Таксама падчас працы на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў так званы "супрацоўнік турфірмы" скраў паўтары тоны бензіну і столькі ж дызельнага паліва. Тым самым нанёс урон на суму больш за 22 мільёны рублёў.

Надзея ДРЫЛА.

Абвінавачанне прад'яўлена суднаўладальніку па факце трагедыі на возеры Белае Жыткавіцкага раёна

Афіцыйнае абвінавачанне прад'яўлена суднаўладальніку ў парушэнні правіл бяспекі руху і эксплуатацыі маламернага судна, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці людзей на возеры Белае Жыткавіцкага раёна. Да яго прыменена мера стрымання — заключэнне пад варту, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гомельскай вобласці.

Як паведамлялася, трагедыя на возеры Белае адбылася 14 ліпеня. У час катання дзесяці чалавек, у тым ліку пяцярых дзяцей, перавярнулася маторная лодка "Прагрэс", якой кіраваў 40-гадовы жыхар Жыткавіч, што знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Паводле папярэдняй інфармацыі, пры ажыццяўленні павароту вадзіцель не справіўся з кіраваннем. У выніку здарэння загінулі жыхары Салігорска: трое хлопчыкаў ва ўзросце чатырох, пяці і сямі гадоў, маці старэйшага з іх, а таксама жыхарка горада Жыткавічы.

Пры правядзенні першапачатковых следчых дзеянняў быў выяўлены шэраг парушэнняў з боку вадзіцеля маламернага судна, у тым ліку: адсутнасць дакументаў аб праходжанні рэгістрацыі маторнай лодкі і істотнае змяненне яе канструкцыі. Акрамя таго, у час катання судна аказалася нагружана ў два разы больш чым належыць. Пры гэтым усе пасажыры знаходзіліся без выратавальных камізэлек. У працэсе разбору ўстаноўлена таксама, што мужчына прапанаваў адпачывальнікам катанне за плату, хоць не займаўся гэтым відам прадпрымальніцкай дзейнасці.

Цяпер абвінавачаны знаходзіцца ў ІЧУ Жыткавіцкага РАУС. Следчыя мерапрыемствы прадаўжаюцца.

Пяць пратаколаў на аднаго парушальніка

Адразу пяць пратаколаў склалі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў Гродне на кіроўцу аўтамабіля "Аўдзі".

Спачатку нарад ДАІ звярнуў увагу на тое, што кіроўца праігнараваў знак "Уезд забаронены" і, зразумела, вырашыў спыніць парушальніка. Аднак той не звярнуў увагі на праблісковыя маячкі патрульнага аўтамабіля, прамчаўся на чырвоны сігнал святлафора, парушыў правіла абгону. Пасля чаго кінуў машыну і паспрабаваў уцячы, аднак у двары дома яго дагналі. Колькасць алкаголю ў арганізме затрыманага больш чым утрая перавышала дапушчальны ўзровень. Прычым менавіта за гэта ён раней пазбавіўся права кіравання транспартным сродкам.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Святая манета

Нацыянальны банк Беларусі выпусціў у абарачэнне некалькі новых памятных манет.

Сярэбраная "Святитель Николай Мир Ликийских Чудотворец" з серыі "Житие святых православной церкви" мае намінал 500 рублёў, пробу сплаву 925, дыяметр 100,25 міліметра і масу 500 грам. Адчаканена на манетным двары ТАА "Б.Х. Маерс Кунстпрэгеанштальт" у Германіі якасцю "пруф" і тыражом да 777 штук.

З'явяцца тры манеты з назвай "БПС-Сбербанк. 90 гадоў": залатая — наміналам 50 рублёў, масай 7,78 грама, пробай сплаву 999, дыяметрам 21 міліметр, якасцю "пруф", тыражом 500 штук; сярэбраная — наміналам 20 рублёў, масай 28,28 грама, пробай сплаву 925, дыяметрам 38,61 міліметра, якасцю "пруф", тыражом 2000 штук; медна-нікелевая — наміналам 1 рубель, масай 13,16 грама, дыяметрам 32 міліметры, якасцю "пруф-лайк", тыражом 5000 штук. Усе тры манеты адчаканены на Манетным двары Польшчы.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Смерць па неасцярожнасці

Лёзненскі раённы аддзел Следчага камітэта Беларусі завёў крымінальную справу па факце гібелі паляўніцтвазнаўца ў лясным масіве каля вёскі Заборы Лёзненскага раёна. Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.

Трагедыя адбылася 12 ліпеня прыкладна ў 23.15, падчас калектыўнага палявання на дзікоў. Жыхар Аршанскага раёна 1981 года нараджэння па неасцярожнасці з зарэгістраванай паляўнічай стрэльбы "ІЖ-58" смяротна параніў паляўніцтвазнаўцу Бабінавіцкай паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі". Мужчына 1957 года нараджэння загінуў на месцы.

Іна Гарбачова падкрэсліла, што паляванне праводзілася ў вызначаным месцы і ў вызначаны час на падставе выдадзеных пуцёвак. І загінулы, і падазраваны мелі дазвол на захоўванне гладкаствольнай зброі.

БЕЛТА.

Штодня два разы — у Кіеў

З 27 ліпеня гэтага года Нацыянальная авіякампанія "Белавія" павялічвае частату палётаў у Кіеў да 2 рэйсаў штодня.

Дадатковыя рэйсы будуць ажыццяўляцца ў суботу і нядзелю ўвечары пераважна на самалётах СRJ-100/200. "Павелічэнне частаты выканання рэйсаў звязана з павышэннем попыту на авіяпералёты паміж Мінскам і Кіевам у людзей, якія аддаюць перавагу эканоміць час у дарозе, у тым ліку ў прадстаўнікоў бізнес-патоку Беларусі і Украіны. Акрамя таго, чакаецца рост колькасці пасажыраў, якія падарожнічаюць з Кіева праз Мінск па сетцы маршрутаў "Белавія". Таксама палепшацца стыкоўкі беларускіх рэйсаў у кіеўскім аэрапорце "Барыспаль" з украінскімі авіяперавозчыкамі, што дазволіць хутчэй дабрацца да любога аэрапорта Украіны", — каментуюць навіну ў авіякампаніі.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Кантрабандныя мабільнікі на 1,8 мільярда

У Лёзненскім раёне супрацоўнікі Віцебскай мытні ва ўзаемадзеянні з работнікамі аддзела ДАІ мясцовага раённага аддзела ўнутраных спраў затрымалі "Таёту" з вялікай колькасцю мабільных тэлефонаў без суправаджальных дакументаў.

— "Таёта Хайлендар" пад кіраўніцтвам грамадзяніна нашай краіны накіроўвалася ў напрамку Расійскай Федэрацыі і была спынена за гарадскім пасёлкам Лёзна. Падчас агляду багажнага аддзялення быў знойдзены тавар — мабільныя тэлефоны, больш за 270 штук без якіх-небудзь суправаджальных дакументаў і без беларускіх кантрольных знакаў, — паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай працы Віцебскай мытні. — Мабільнікі папярэднім коштам больш як 1,8 мільярда рублёў затрыманы. Праводзіцца праверка.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Пабілі ліхтары, узяліся за катамаран...

...Аднаму з дзецюкоў нехта расказаў пра "забаву": расхістваць асвятляльную мачту, каб з яе зваліўся ліхтар. І вось, "заклаўшы за каўнер", некалькі прыяцеляў пра яе прыгадалі.

Для сваіх "эксперыментаў" маладыя людзі выбралі ліхтар па сталічнай вуліцы Сталетава. Праз нейкі час дабіліся свайго: плафон упаў на зямлю і разбіўся. Гэтага падалося мала, і "ахвярамі" кампаніі сталі яшчэ некалькі ліхтароў. А потым прыяцелі спусціліся да водаканала і... сагналі катамаран. Праўда, паплаваць доўга ім не давялося, бо паводзіны маладых людзей прыцягнулі ўвагу міліцэйскага нарада. Па інфармацыі Партызанскага РУУС сталіцы, затрыманым па 19-20 гадоў. Шкода ад біцця ліхтароў склала каля 300 тысяч рублёў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Мытнікі "вылавілі" снасці

У пункце афармлення "Камарын" мытнікі папрасілі грамадзянку Беларусі, якая ехала ў аўтобусе па маршруце "Адэса-Мінск", задэклараваць свой груз.

Жанчына была супраць і зафіксавала адмову адпаведным запісам на бланку пасажырскай мытнай дэкларацыі. Яна паведаміла, што правозіць толькі асабістыя рэчы. Падчас агляду багажу ў грамадзянкі былі знойдзены рыбалоўныя снасці і прылады 19 найменняў, усяго 1622 штукі. Арыенціровачны кошт складае звыш Br33 млн рублёў. Як паведамілі ў прэс-групе Гомельскай мытні, было высветлена, што тавар прызначаны для продажу на тэрыторыі Мытнага саюза, а значыць, падлягаў мытнаму дэклараванню і афармленню. Прылады для рыбаловаў канфіскаваны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.