15 студзеня, пятніца

Вы тут

Не той рытм у сэрца


"Сёлета мне паставілі дыягназ: арытмія... Хацелася б больш даведацца пра гэта захворванне, як яго трэба лячыць...

З павагай,
Фёдар Мацвеевіч,
Бярозаўскі раён".

— У здаровага чалавека перабоі ў рабоце сэрца можа справакаваць фізічная нагрузка, эмацыянальнае ўзрушэнне, празмерная трапеза, цеснае адзенне, укусы насякомых, некаторыя лекі і стрэс, — тлумачыць урач-герыятр 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Уладзімір ЛАПІЦКІ. — Частата рытму ў большасці здаровых дарослых у спакоі складае 60-75 удараў у хвіліну, і парушэнне рытму ў такога чалавека мае, кажучы прафесійнай мовай спецыялістаў, дабраякасны характар. Правакуючым фактарам узнікнення арытмій з'яўляецца ўжыванне алкаголю, курэнне. Высокая рызыка арытмій і ў хворых на цукровы дыябет, асабліва ў спалучэнні з атлусценнем і павышаным артэрыяльным ціскам. Арытміі могуць узнікаць і з-за перадменструальнага сіндрому ў жанчын.

У той жа час парушэнне сардэчнага рытму — адно з найбольш частых і значных ускладненняў самых розных захворванняў. Арытміі — парушэнні частаты, рытмічнасці і паслядоўнасці скарачэнняў сэрца — узнікаюць як пры захворваннях сэрца, так і пры сардэчнай паталогіі, калі праводная сістэма сэрца падвяргаецца нервова-рэфлекторным уздзеянням, пры парушэнні ў арганізме водна-электралітнага і кіслотна-шчолачнага балансу, пры гарманальным дысбалансе. Тыя ці іншыя парушэнні сардэчнага рытму сустракаюцца ў кожнага трэцяга пацыента, які пакутуе на хваробы сэрца. Такія пацыенты пастаянна маюць патрэбу ў спецыялізаванай дапамозе кардыёлага. Статыстыка хвароб паказвае, што на долю арытмій прыпадае да 15 працэнтаў ад усіх хвароб сэрца.

1374656031960_20-29

Найбольш часта сустракаюцца наступныя віды арытміі:

Сінусовая тахікардыя — сінусовы рытм з частатой звыш 70 удараў за хвіліну. У здаровых людзей яна ўзнікае пры фізічнай нагрузцы і эмацыйным узрушэнні. Часта бывае праявай вегета-сасудзістай дыстаніі, у гэтым выпадку яна заўважна змяншаецца пры затрымцы дыхання. Больш стойкая сінусовая тахікардыя здараецца пры павышэнні тэмпературы цела, тырэатаксікозе, міякардытах, сардэчнай недастатковасці, анеміі. Хворыя пры гэтым могуць адчуваць сэрцабіццё.

Сінусовая брадыкардыя — сінусовы рытм з частатой менш за 55 удараў у хвіліну. Нярэдка адзначаецца ў здаровых, асабліва ў фізічна трэніраваных асоб (у спакоі, сне), можа быць праявай нейрацыркуляторнай дыстаніі, а таксама ўзнікаць пры інфаркце міякарда, сіндроме слабасці сінусовага вузла, пры павышэнні ўнутрычарапнога ціску, зніжэнні функцыі шчытападобнай залозы (гіпатырэёз), пры некаторых вірусных захворваннях, пад уплывам шэрагу лекаў. Брадыкардыя можа праяўляцца непрыемнымі адчуваннямі ў сэрцы.

Экстрасісталы — заўчасныя скарачэнні сэрца. Гэта самае частае парушэнне рытму, якое назіраецца больш чым у 60 працэнтаў практычна здаровых людзей паводле звестак сутачнай рэгістрацыі даных электракардыяграфіі. Могуць суправаджаць любое захворванне сэрца, а ў палове выпадкаў не звязаны з гэтым наогул, адлюстроўваюць уплыў на сэрца вегетатыўных і псіхаэмацыянальных парушэнняў, а таксама балансу электралітаў у арганізме, лекавага лячэння, алкаголю, тытуню, узбуджальных рэчываў. Рэфлекторна ўзнікаюць пры любой несардэчнай паталогіі.

Хворыя могуць і не адчуваць экстрасістал або адчуваць узмоцнены штуршок у сэрцы ці яго заміранне. Экстрасісталы, якія рэдка здараюцца пры здаровым сэрцы, не істотныя, але іх пачашчэнне часам указвае на абвастрэнне той жа ішэмічнай хваробы сэрца, міякардыту, або перадазіроўку сардэчных гліказідаў. Экстрасісталы могуць папярэднічаць больш сур'ёзным парушэнням рытму, у тым ліку параксізмальнай тахікардыі і мігальнай арытміі.

Параксізмальная тахікардыя — прыступы пачашчаных сэрцабіццяў з раптоўным пачаткам і раптоўным завяршэннем. Прычыны і механізмы развіцця — як пры экстрасісталіі. Параксізм тахікардыі адчуваецца як узмоцненае сэрцабіццё, працягваецца ад некалькіх секундаў да некалькіх дзён. Працяглыя прыступы могуць суправаджацца слабасцю, стратай прытомнасці, непрыемнымі адчуваннямі ў сэрцы, стэнакардыяй, нарастаннем сардэчнай недастатковасці. Характэрны правільны, але часты сардэчны рытм, які можа вагацца ад 140 да 240 удараў у хвіліну. Такі стан можа ўзнікаць раптоўна, хворы адчувае слабасць, павышанае потааддзяленне.

Мігальная арытмія — хаатычнае скарачэнне мышачных валокнаў, пры якім не адбываецца поўнага скарачэння перадсэрдзяў. Можа ўзнікаць у выніку парокаў сэрца, парушэння работы шчытападобнай залозы, пры алкагалізме. Хворы скардзіцца на трапятанні і боль у сэрцы, пакутуе ад задышкі. Міганне перадсэрдзяў могуць справакаваць цяжкія сардэчныя захворванні, электрычныя траўмы і перадазіроўкі лекамі. Пры гэтым можа ўзнікнуць і раптоўнае спыненне сэрца, адсутнасць прытомнасці і пульсу, расшырэнне зрэнак, хрыплае дыханне, сутаргі.

Блакады сэрца — гэта парушэнне правядзення імпульсу з-за анатамічнага або функцыянальнага пашкоджання праводных шляхоў сэрца. Самай частай прычынай блакад з'яўляецца ішэмічная хвароба сэрца, а наогул блакады могуць суправаджаць любыя сардэчныя захворванні: артэрыяльную гіпертанію, парокі сэрца, запаленчыя захворванні сардэчнай мышцы. Вылучаюць таксама парушэнні праводнасці пад уплывам лекаў. Парушэнне праводнасці функцыянальнага паходжання развіваецца пры захворваннях з павышэннем тонусу блукаючага нерва і ў спартсменаў.

Пры ІІІ ступені блакады ніводны імпульс з аднаго аддзела не пераводзіцца ў іншы. Гэта называецца поўнай блакадай сэрца. Сардэчны рытм — менш за 40 удараў у хвіліну, магчыма галавакружэнне, памутненне ў вачах, кароткачасовая страта прытомнасці. Блакады І ступені могуць суправаджацца кароткачасовым галавакружэннем, пачашчэннем пульсу, з'яўленнем экстрасісталы. Звычайна хворыя ні на што не скардзяцца.

Прыкметай захворвання з'яўляецца перыядычнае запавольванне або спыненне пульсу. Пры гэтым часта назіраюцца сутаргі і страта прытомнасці. Пры поўнай блакадзе сэрца можа развівацца сардэчная недастатковасць, якая можа скончыцца раптоўнай смерцю. Пры поўнай блакадзе сэрца адзінае выйсце — імплантацыя штучнага вадзіцеля рытму.

Дакладнае апісанне сімптомаў часта дапамагае паставіць папярэдні дыягназ і вызначыць цяжкасць арытміі. Пацыента, які скардзіцца на сэрцабіццё, урач просіць падрабязна расказаць пра сардэчныя скарачэнні: хуткія ці павольныя, рэгулярныя або няправільныя, кароткія ці працяглыя, ці адчуваецца пры гэтым галавакружэнне, страта прытомнасці, ці суправаджаецца сэрцабіццё болем у грудзях, задышкай. Урач павінен ведаць, сэрцабіццё ўзнікае ў спакоі ці толькі падчас напружанай або нязвыклай фізічнай нагрузкі, раптоўна ці паступова пачынаецца і заканчваецца такі стан.

Электракардыяграмы можа быць мала

Каб вызначыць дакладную прычыну стану, неабходна абследавацца. Асноўны метад — электракардыяграфія, якая забяспечвае графічны запіс электрычнай актыўнасці сэрца пры арытміі. Аднак электракардыяграма паказвае сардэчны рытм толькі за вельмі кароткі прамежак часу, а прыступы арытміі часта непрацяглыя. Больш інфармацыі можа забяспечыць пераносны манітор, які трэба насіць на працягу 24 гадзін. Ён рэгіструе арытміі, якія ўзнікаюць на працягу звычайнага дня. Таксама неабходна весці дзённік сімптомаў на працягу 24 гадзін. Пры падазрэнні на арытмію, якая можа пагражаць жыццю, для абследавання шпіталізуюць.

Супрацьарытмічныя прэпараты і не толькі

У большасці выпадкаў прызначаюцца супрацьарытмічныя прэпараты, адны з якіх павялічваюць сардэчную праводнасць, іншыя — змяншаюць. Для лячэння шырока выкарыстоўваюцца мінеральныя і вітамінныя комплексы, а таксама розныя рэфлекторныя ўздзеянні, якія змяншаюць узбуджальны ўплыў нервовай сістэмы на сэрца. Акрамя таго, для лячэння арытміі ўстанаўліваюцца кардыястымулятары, якія дапамагаюць міякарду аднавіць нармальны рытм. Часам прызначаюцца фізіятэрапеўтычныя працэдуры. Эфектыўнасць лячэння арытміі поўнасцю залежыць ад правільнай пастаноўкі дыягназу і своечасовага звароту да ўрача.

Эфектыўная прафілактыка сардэчна-сасудзістых захворванняў і іх ускладненняў

1. Кантралюйце артэрыяльны ціск. Норма — не вышэй за 140/90 мм рт. сл.

2. Кантралюйце ўзровень халестэрыну і глюкозы.

3. Харчуйцеся правільна.

4. Зніжайце лішнюю вагу.

5. Спіце не менш за 8 гадзін.

6. Займайцеся фізкультурай: нават крыху — лепш, чым нічога.

7. Не курыце.

8. Абмяжоўвайце алкаголь.

9. Захоўвайце псіхалагічную раўнавагу.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.

Грамадства

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

«Ахвотных настолькі многа, што скончыліся бланкі».