Вы тут

ТАНЕЦ ЖЫЦЦЯ


Танчыць перад камерай можна па-рознаму

"Танчы, або мы прапалі" — такі быў дэвіз вядомага нямецкага авангарднага харэографа і танцоўшчыцы Піны Баўш. Гераіні новага дакументальнага фільма Зоі Катовіч "Белы танец", зробленага на Беларускім відэацэнтры, хоць і не такія апантаныя эксперыментатары, але гэты прынцып ім таксама блізкі.

"Дзяўчаткі, будзем танчыць! Не забываем пра прыгажосць! Жывоцікі ў сябе!" — заклікае Валянціна Пятроўна, адна з гераінь фільма "Белы танец". Валянціна Пятроўна выкладае ўсходнія танцы ў сталічным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. На заняткі да яе ходзяць, як правіла, адзінокія жанчыны-пенсіянеркі стала ўзросту. Нехта шукае рух, нехта — душэўны спакой, нехта — кампанію і сяброў. І самае цікавае, што кожны знаходзіць тое, што шукае.

Фільм Зоі Катовіч — прыклад сучаснага мастацкага дакументальнага кіно, якое трымаецца на найлепшых традыцыях айчыннай арт-дакументалістыкі. Пранікнёнае, не пафаснае, вельмі простае, яно раскрывае лёсы і характары такіх розных гераінь, што становіцца рэфлексіяй пра лёс жанчыны ўвогуле. І развагамі пра справу, занятак, які ратуе ў крытычныя моманты і потым падтрымлівае на працягу жыцця. Напрыклад, адна з гераінь мае праблемы з нагамі, і толькі дзякуючы заняткам танцамі яна змагла паглядзець на свае праблемы іншымі вачыма. Іншая гераіня, Жанна, — жанчына вельмі актыўная. Былы прыватны прадпрымальнік на пенсіі, яна сама вывучыла англійскую мову і іўрыт, падпрацоўвае нянькай. Кажа, што зносіны з малымі дзецьмі — гэта таксама духоўнае насычэнне.

1374656032638_1

"Белы танец" — гэта галерэя вобразаў беларускіх жанчын, маці, бабуль. Лёгка ўявіць сваю маму або маму сяброўкі адной з гераінь гэтага фільма. Яны — само жыццё. І якраз у фільме вельмі трапна супрацьпастаўляюцца жыцці гераінь па-за танцамі і падчас іх. У іх як бы дзве рэальнасці. Два эга. Шчырыя і сапраўдныя яны паўсюль. Але танец дапамагае ім раскрыць сваю сутнасць.

"Танец абуджае ў жанчыне жанчыну! Нават у 70 гадоў!" — натхняе сваіх выхаванак Валянціна Пятроўна перад чарговым заняткам. І сапраўды, цяжка з гэтым не пагадзіцца, калі бачыш, з якім захапленнем і лагодасцю на тварах гэтыя жанчыны рухаюцца пад музыку. Як ім падабаецца абмяркоўваць сам танец, традыцыі, як падабаецца падбіраць сабе касцюмы. Гэта робіць іх жыццё поўным. І ў гэтым — галоўная філасофія.

1374656032132_2

— На "Белы танец" мы ўскладаем вельмі сур'ёзныя надзеі ў першую чаргу ў фестывальным паказе, — распавядае дырэктар Беларускага відэацэнтра Юрый ІГРУША, — Таму што гэта сапраўднае аўтарскае кіно пра сучаснікаў. Тут гераінямі з'яўляюцца 4 жанчыны, якія жывуць разам з намі, але дзякуючы аўтарам (сцэнарый разам з Зояй Катовіч пісала Алена Антанішына. — Аўт.) мы можам пагрузіцца ў іх свет, драматычныя лёсы. Прычым гэта на першы погляд абсалютна шараговыя жанчыны, але аўтар дазваляе паглядзець на іх зусім па-іншаму. Гэта абсалютна розныя жанчыны, але аб'ядноўвае іх адно. Першае — яны адзінокія, і ўсё роўна, дасягнуўшы нейкага ўзросту, яны шукаюць спадарожніка ў жыцці, нейкае апірышча для сябе, псіхалагічную падтрымку. Яны ўсе разам увечары сустракаюцца ў школе ўсходняга танцу. І з захапленнем гэтым займаюцца, але ўсё роўна ў іх ёсць надзея... Яны ходзяць на танцы, дзе прысутнічаюць кавалеры. Але ўся трагічнасць і глыбіня ў тым, што ў выніку ім усё роўна камфортней адна з адной, чым з нейкімі выпадковымі людзьмі.

Лепей разгледзець характары дапамагае аператарская праца. За камерай на гэтым фільме працаваў малады рэжысёр і аператар, студэнт Акадэміі мастацтваў Мікіта Пінігін, вядомы па фільме Белвідэацэнтра "Дзень трубача".

— Ён, у прынцыпе, рэжысёр і заканчвае Акадэмію мастацтваў як рэжысёр. Але ён вельмі моцна праявіў сябе і ў аператарскай працы, — гаворыць дырэктар Белвідэацэнтра. — У яго і ў аператарскай справе праяўляецца сваё аўтарскае бачанне. Таму ён знайшоў узаемапаразуменне з Зояй Катовіч адразу, і яна нават сказала, што хоча, каб ён прысутнічаў на мантажы. Таму што часам на пляцоўцы аператар заўважае тыя рэчы, якія рэжысёр нават не паспявае ўбачыць. Яны жывуць адну секунду.
І калі ты іх убачыў — ты іх зняў, а калі не — то не.

Ручная камера, шмат буйных планаў, шмат дэталяў, шмат здымак горада — вось што робіць візуальную атмасферу фільма насычанай рэальным жыццём. Фільм пра адзіноту і пошукі жанчын у вялікім горадзе, якія танчаць, каб не прапасці.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.