Вы тут

Жыццё шматграннае


"Вашаму дому ад нашага", — сказаў сваяк і працягнуў... шклянку — як на першы погляд дык самую звычайную: "маліноўскую", з паяском...

Адзінае... Донца яе "тапілася" ў адмысловай драўлянай падставачцы з надпісам: "Жыццё шматграннае".

...Хто б сумняваўся?!

Але ж нагадваць пра гэта, напэўна, трэба.

Рай

Анекдот — і нават з працягам: двоечнік адзін не мог на карце Італію знайсці.

— Уніз, уніз глядзі, — шаптаў-падказваў яму сябрук, — яна, як бот...

— Сам ты, як бот, — заступіўся за краіну настаўнік. — А Італія — як рай.

І сапраўды: сонца, мора...

Паўз бераг — некалькі вуліц: атэлі на іх, жылыя дамы.

— Во дзе жыць бы! — зайздросціць адзін з адпачывальнікаў з блізкага пляжа. — Дыхаць морам, слухаць шум...

— Ды калі з каханай жанчынай... — памарыў другі...

— ...Пры грашах, — перапыніў яго трэці.

— І маладым-здаровым...

А тады, можа, рай хоць дзе?

Змены

Што ні слуп — аб'явы. Рознага кшталту — ад звычных "Кладка печаў...", "Рамонт камп'ютараў...", "Згубіўся кот..." да досыць нечаканых: "Шукаем маладую жанчыну (сурагатную маці), якая вынасіць наша дзіцятка...", "Здам кватэру за інтым...", "Прыму ў дарунак ваш халадзільнік. Можна няспраўны. Вывезу сам...".

Пры кожнай з аб'яў — нумар тэлефона, месцамі — кошт паслуг...

Гэта — цяпер. А некалі...

Некалі знаёмы маляр і бацька чатырох дзяцей з рук фарбу не змываў, пакідаў — на ўсякі выпадак. "А раптам, — казаў, — нехта ў транспарце згледзіць? Папросіць рамонт у кватэры зрабіць".

Усё "пуцём"?

Лёс звёў (шкада, ненадоўга)...

Але ж жанчына пра сябе расказала шмат: і што вырасла ў добрай сям'і, у дастатку, што пасля школы адразу паступіла — і туды, куды хацела, што замуж выйшла за хлопца, якога пакахала і які пакахаў яе, што Бог (не аддзякаваць!) даў ім цудоўных дачушак, якія таксама добра вучыліся, таксама адразу паступілі і таксама замужам — за каханымі, гадуюць наступнікаў... Ды такіх жа пацешных!..

Усё "пуцём", карацей — ну хоць у некага!..

А можа...

Можа, часу вобмаль было, і мы з ёю проста... мала размаўлялі?

Не дома...

Ромік, дружбак, у Штатах даўно. Як пісаў — там гіблота наезджых. А хто і адкуль?..

— І'm frоm Bеlаrus, frоm Whіtе Russіа (я з Беларусі, з Белай Расіі), — сказаў свайму начальніку.

— А гэта дзе? — праявіў недасведчанасць той.

— Побач з проста Расіяй.

— А чаму ваша — белая? У вас што — чорных няма?

— Амаль...

— Я з такой краіны ніколі б не паехаў! — сказаў бос (у кожнага свае заганы — ну не любіць ён чарнаскурых).

Сярод людзей тутэйшых бялявых і напраўду шмат... Ва ўсім белым — летам — таксама. Безліч фасонаў, безліч аздоб — вочы разбягаюцца! І... "збягаюцца": спыняюцца раптам на светлай мужчынскай майцы з кідкім надпісам: "Беларусь перадусім".

...Тых, хто спавядае гэты прынцып (не толькі на словах), на жаль, няшмат.

Калі б больш — Рома жыў бы, напэўна, дома.

Каб не ежка...

Пытанні спрадвечныя: адкуль бярэцца пыл і куды знікаюць грошы?

— Ну з ранку ж былі! Немалыя... Дзе дзеліся? — адкрыўшы кашалёк, абураецца суседка ўвечары.

— "Дзе, дзе", — злуюць на яе сямейнікі, — у гастраном пасля працы заходзіла?

— Так.

— Дык чаму здзіўляешся?

...І сапраўды — чаму? "Каб не ежка, не адзежка, была б грошай поўна дзежка" — старая прымаўка.

З дзвюх бед

Продкі казалі, што грошы не неба — дастанеш, як трэба.

Магчымасці і напраўду, як быццам, ёсць: можна ж і (мяркуючы па рэкламе, прасцей простага) узяць крэдыт, улезці ў доўг (аддаваць, праўда, складаней), можна пашукаць іншыя заробкі ці нешта прадаць... Можна эканоміць, браць кватарантаў...

На знаёмым прадпрыемстве вырашылі палову пустуючай майстэрні пад офіс здаць, марафет у ёй навялі, пагалоску пусцілі, потым "кандыдатаў" сталі прымаць. Прычым не без поспеху: і адна фірмачка, як быццам, гатовая ўсяліцца ды грошы плаціць, і другая не супраць... Уваход бы толькі асобны...

Што за праблема, здавалася б: першы паверх (і іншых няма), дзевяць вокнаў. Вымай з праёма любое, разбірай пад ім два метры кладкі, устаўляй дзверы — і справе канец...

Але ж будынак не прыватны, не на сваім падворку стаіць, значыць, на любыя работы (што і зразумела!) дазвол патрэбен, потым праект... На яго распрацоўку, на шматлікія ўзгадненні час патраціцца, на ўсё разам — немалыя грошы. Адкуль?

І без гэтага ніяк, бо штраф.

Пасядзелі: прыкінулі выдаткі — спачатку на ўсё першае, потым — на другое. І... была ні была: разабралі кладку.

Тое! Ды... не тое!

"У шумнай зале рэстарана..."

Тры сталы там (рознай даўжыні), тры кампаніі — мы хораша сядзелі, бо за вочы было і напіткаў, і наедкаў, і жартаў, і тостаў...

Адзінае — за цэлы вечар! — ну ніводнай тутэйшай песні пад моднае цяпер караоке, ніводнага беларускага танца — апроч, можа, полькі, ніводнага слоўца...

Зрэшты, не — было: напрыканцы ўжо нейкая з маладзіц для "прамовы" ўстала... А голас — ну піскля пісклёй! Ці не ўсе на яе азірнуліся, ці не ўсе перасмыкнуліся. Нехта адзін сказаў:

— Вішчыць, як парася ў плоце.

Трэба разумець, у рускай мове больш трапнага параўнання не знайшлося?

Двое

Іванавіч другі раз жанаты: з дзеўкай сышоўся, па гадах — дачкой. Але ж жыве, не скардзіцца, прынамсі, пакуль. Ну, хіба самым блізкім і па драбязе:

— Цешча ў мяне — чалавек, — аднакласніку прызнаўся. — А вось цесць — скула яму ў бок... Па-людску ну ніколі не вітаецца: усё "Прывітанне, мой юны сябар!" А я яму і слова не скажы: на два гады за мяне старэйшы, але ж ён — цесць.

Папярэднікі. І наступнікі

Горад. Вакзал. Натоўп — відаць, з электрычкі, бо ў многіх аж рукі абрываюцца — сумкамі, вёдрамі.

— Вітамінаў на дачы наспела, малінак, — ставячы сваё ля ног, хваліцца пажылая жанчына. — І такая ж сёлета чыстая!.. Дык абабрала во, унучкам вязу. Хай частуюцца... Свежанькай. А астатнюю — на "пяцімінутку" пушчу. І зноў жа ім! Сабе хіба слоічак — на лякарства...

Што ёсць, тое ёсць: аніводзін унук яшчэ не пайшоў ад бабулі галодным, па азначэнні!

А вось бабулі потым ад іх...

Памежнае

Студэнт юрыдычнага факультэта на экзамене зрэзаўся, але ж фасону не страціў.

— Можна падумаць, — сказаў старому прафесару, — што вы ўсё ведаеце?

— Калі не ўсё, дык шмат, — пахваліўся той.

— А давайце тады я вам пытанне задам? Адкажаце — стаўце мне двойку, не адкажаце, — тады пяць...

— Ну давай...

— Скажыце, спадар прафесар, што такое законна, але нелагічна, і што такое лагічна, але не законна?

Пачухаў прафесар патыліцу, падумаў, потым узяў залікоўку, паставіў студэнту "пяць" і адпусціў.

Прыходзіць на экзамен другі студэнт — выдатнік. Прафесар да яго:

— Толькі адно пытанне: калі ведаеце, скажыце мне, што такое законна, але нелагічна, і што такое лагічна, але незаконна?

— Лёгка, — заявіў студэнт. — Вось вам, прафесар, 70 гадоў, а вашай жонцы няма 30. Гэта законна, але нелагічна. У вашай жонкі ёсць малады каханак. Што, вядома ж, незаконна, але лагічна... А вось тое, што вы папярэдняму студэнту-ёлупу паставілі пяць, — і незаконна, і нелагічна.

Гэта, як вы здагадаліся, анекдот. Зараз — чысцюткая праўда (з ліста): "Вайсковую службу я праходзіў у горадзе Тэрмезе. Туды, на граніцу з Афганістанам, мы з'ехаліся з ўсіх куткоў Савецкага Саюза і размаўлялі толькі па-руску. Мне стала страшна, што я забудуся сваю родную мову, таму я выпісаў беларускую газету..."

Не так дзіўна, згадзіцеся, што выпісаў. Не так дзіўна, што атрымліваў і чытаў — аж на той далёкай мяжы. І нават тое, што чытае дагэтуль!

Але ж ліст напісаны па-руску.

Значыць, мова ўсё ж забылася? Калі не там, дык тут — дома.

Па цяперашнім часе яно, зразумела ж, законна, але... Ці лагічна?

Гэта гучыць...

Сталіца, метро, схема ліній. Дзве з іх даўно працуюць, развозяць людзей, трэцяя — у праектах яшчэ...

Назвы станцый цікавыя: сярод старых — плошча Леніна, Кастрычніцкая, Пралетарская, Маладзёжная, Спартыўная...

Сярод новых (пачуйце!) — Слуцкі гасцінец, Немаршальскі сад, Кавальская слабада...

Гучыць! І будзе ж гучаць! Потым. Але мы ці пачуем?

Падзел

Вёска. Клады. Вузкая сцежка — паміж агароджаў, паміж магіл. Галасы — наперадзе. Спачатку — здзіўлены:

— А гэта што, Барысіха памерла?

— Ды гады са тры ўжо... Ты што — не ведала?.. Хоць яно і грэх пра нябожчыцу, але ж от паскудная баба была! З усім светам перагрызлася... Толькі сябе глядзела...

Ля магілкі яе (потым параўняліся) вецер паваляў вянкі; праз іх, у рост чалавека, падняўся быльнёг.

Але ўразіў не столькі ён: побач, у той жа агароджы, была яшчэ адна магіла — хай сціпла, але ж прыбраная: са сподачкам і чарачкай, з букецікам штучных кветак, са старым драўляным крыжам... Надпіс на ім сцёрся.

А памяць, выходзіць, жывая?

Спадчына

...Цётачка памерла ўвосень — пасля цяжкай, працяглай хваробы.

Хату і грошы яе падзялілі сыны, усё астатняе перабіралі нявесткі:

— Гэта будзе мне, — вырашала старэйшая, — гэта, калі трэба, табе, гэта спалім, гэта зноўку мне, гэта выкінем...

— А можа, і ты нешта возьмеш? — "убачылі" раптам пляменніцу.

— Не! — схлусіла дзеўчаня (а то ж падумаюць, што бедная, з беднай сям'і)...

А калі па праўдзе, то на адну рэч вочы гарэлі: у цётчын буфецік немаведама калі і адкуль трапіў, як цацачка маленечкі, пузаценькі, беленькі збаночак — для вяршкоў...

Пасаромелася тады, не папрасіла. Нейкая з нявестак, відаць, забрала.

Пляменніца праз колькі часу купіла іншы.

Але, што цікава, усё роўна "карыстаецца" тым, вельмі старым, цётчыным! Бо кожны раз узгадвае яго (і, адпаведна, цётку!), калі здымае з паліцы, калі налівае вяршкі, калі ставіць на стол, калі мые...

Спадчына...

Хоць і віртуальная.

Валянціна Доўнар.

Р.S. Кніжка абразкоў "Каб сказаць... І пачулі" ў кнігарнях (прынамсі, сталічных) пакуль прадаецца. Пытайцеся.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.