Вы тут

Дэмакратыі больш няма


Як паведамляе англамоўны тэлеканал "Russіа Tоdау" са спасылкай на нямецкі часопіс "Dеr Sріеgеl", былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр (знаходзіўся на гэтай пасадзе з 1977 па 1981 год) стаў аўтарам сенсацыйнага сцвярджэння: "Сёння Амерыка не мае функцыянуючай дэмакратыі". Гэтая заява была зроблена ім у мінулы аўторак падчас мерапрыемства ў Атланце (ЗША), на якім былі закрануты пытанні аб глабальнай праграме сачэння, разгорнутай Агенцтвам па нацыянальнай бяспецы па ўсім свеце. На яго думку, шпіёнскі скандал з выкрыццямі Эдварда Сноўдэна таксама падрывае дэмакратыю па ўсім свеце, паколькі людзі становяцца надта падазронымі да інтэрнэт-платформаў, якія базуюцца ў ЗША, да такіх, як Gооglе і Fасеbооk. А раней жа гэтыя платформы-пасрэднікі асацыяваліся са свабодай слова, і, паводле Картэра, сталі галоўным падмуркам новых дэмакратычных рухаў. Але ў выніку шпіёнскага скандалу іх аўтарытэт аказаўся падарваны. Былы прэзідэнт ЗША таксама заяўляў раней, што амерыканскае Агенцтва па нацыянальнай бяспецы са сваімі праграмамі кантролю за інфармацыяй неабходна крытыкаваць. Уцечка, што адбылася, сведчыць, што "ўварванне ў правы чалавека і асабістую прастору амерыканскіх грамадзян зайшло занадта далёка". Пры гэтым ён выказаўся і пра самога Эдварда Сноўдэна. Яго ацэнка наступная: хоць Сноўдэн парушыў амерыканскія законы, але тым самым зрабіў добрую справу для краіны. "Я думаю, што сакрэтнасць, якая акружала гэтае ўмяшанне ў асабістую сферу жыцця, была празмерная. Таму я лічу, што прыцягненне ўвагі грамадскасці да таго, што адбываецца, магчыма, было, у доўгатэрміновай перспектыве, дабратворным", — заявіў Картэр.

Цікавыя і каментарыі карыстальнікаў да артыкула. Адзін з іх напісаў: "Я ў маім жыцці ніколі не згаджаўся НІ З ЧЫМ, што казаў Джымі Картэр... да сённяшняга дня". Другі ў тон яму заяўляе: "Паглядзіце на мяне, які пагаджаецца з прэзідэнтам першы раз у жыцці!". Трэці лічыць: "Я не думаю, што мы сапраўды цанілі тое, які вялікі чалавек быў у нас у Белым доме". Чацвёрты піша: "Я не згодны з усімі палітычнымі заявамі Картэра, але лічу, што ён быў апошнім сумленным амерыканскім прэзідэнтам".

Выказаліся каментатары і з нагоды дэмакратыі ў ЗША. Адзін з іх заявіў: "Ні адна краіна не з'яўляецца дэмакратыяй. Любая дзяржава з'яўляецца апаратам гвалту меншасці над большасцю". Другі песімістычна адзначае: "Усе дэмакратычныя сістэмы церпяць крах у рэшце рэшт, і ЗША збіраецца даказаць гэта яшчэ раз". Трэці: "Дзякуй, Картэр! Добрая праца. Працягвай! Спадзяюся, яны не заб'юць цябе наступным!". Чацвёрты: "Брава, Джым! Тут няма рэальнай дэмакратыі. Усяго толькі спартанская алігархія ВАЕННЫХ ЛОРДАЎ, міньёнаў і рабоў". Пяты: "Джымі Картэр мае рацыю. Амерыка не з'яўляецца функцыянуючай дэмакратыяй, яна з'яўляецца "плутакратыяй". Шосты: "Вялікі дзякуй, паважаны Джымі Картэр. Гэта сапраўды так, што ніводная дзяржава, нацыя або краіна не хацела б быць працятай шпіёнамі. Акт сачэння — гэта тэндэнцыя, якая з'яўляецца недэмакратычнай і якая падрывае вяршэнства закона".

Шмат заўваг з'явілася ў адрас Абамы. Адзін з каментатараў лічыць: "Людзі думалі, што выбіраюць яшчэ аднаго Картэра, галасуючы за Абаму. Але атрымалі яшчэ аднаго Буша". На думку другога: "Прэзідэнт Картэр атрымаў Нобелеўскую прэмію свету. У адрозненне ад прэзідэнта Абамы ён сапраўды заслужыў яе. Усталяванне міру на Блізкім Усходзе стала адным з найбольш важных яго дасягненняў.
Ён дастойны чалавек".

Цікава таксама, што, нягледзячы на самую сур'ёзную крытыку з боку амерыканскай і сусветнай грамадскасці ў адрас урада ЗША, яно робіць крокі, накіраваныя на ўзмацненне жорсткасці мер па прадухіленні далейшых уцечак інфармацыі, якія вядуць краіну яшчэ далей ад сапраўднай дэмакратыі. У рамках рэалізуемай "праграмы па выяўленні ўнутранай пагрозы" дзяржаўных службоўцаў фактычна абавязваюць шпіёніць адзін за адным, прымушаючы звяртаць увагу на мову і паводзіны калег, якія могуць падацца нелаяльнымі да дзяржавы. Такім чынам, татальнае сачэнне за інфармацыяй у кіберпрасторы дапаўняецца сачэннем адзін за адным на працоўным месцы і ў месцах баўлення вольнага часу.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.