Вы тут

Парадак на дарогах — праз канфіскацыю аўто?


З 24 кастрычніка кіраванне аўтамабілем "пад мухай" будзе мець вельмі дрэнныя наступствы. Самы гучны рэзананс у грамадстве выклікала ўвядзенне канфіскацыі "жалезных коней" у вадзіцеляў, якіх затрымаюць нецвярозымі двойчы на год. Астатнія ж змены ў заканадаўстве засталіся як быццам за кадрам. Так, кіраванне ў нецвярозым стане ў першы раз абыдзецца як мінімум у 50 базавых велічынь. А за "п'янае" ДТЗ, у якім загінулі два чалавекі, давядзецца разглядваць неба ў клетачку ад пяці да дзесяці гадоў. Альтэрнатыўных варыянтаў пакарання не будзе ў прынцыпе.

— На форумах у інтэрнэце часта можна сустрэць меркаванне аб тым, што канфіскацыя аўтамабіляў — гэта пасягальніцтва на прыватную ўласнасць. Але перш чым вылучыць прапанову адбіраць аўтамабіль у п'янага ліхача, мы дасканала вывучылі замежны вопыт. Таму гэта не наша вынаходніцтва, — сцвярджае старшы следчы галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Сяргей Заматаеў.

— Ужо даўно такім чынам абыходзяцца з п'янымі "рэцыдывістамі" ў Францыі, Люксембургу і Літве. Між іншым, у гэтай прыбалтыйскай краіне пасля ўводу практыкі канфіскацыі транспартных сродкаў колькасць "п'яных" дарожна-транспартных здарэнняў паменшылася ажно ўдвая. Ёсць над чым задумацца.

У 2007 годзе была ўведзена крымінальная адказнасць за паўторнае кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане на працягу года. Два гады таму зменшылася норма колькасці алкаголю ў крыві вадзіцеля да 0,3 праміле. Зараз жа праваахоўнікі разглядаюць змены ў заканадаўстве ў дачыненні да п'яных кіроўцаў як чарговы этап барацьбы за бяспеку на дарогах. Сёлета на рахунку нецвярозых ліхачоў ужо запісана 35 ахвяр. Штодня два чалавекі ў краіне з-за іх атрымліваюць траўмы. За гэтымі лічбамі — перарваныя жыцці і зламаныя лёсы ні ў чым не вінаватых людзей.

— Мы былі вымушаны пайсці на канфіскацыю аўтамабіляў і значнае павышэнне сум штрафаў, бо дзейныя санкцыі не вельмі адпужваюць людзей садзіцца за руль пасля ўжывання спіртнога, — гаворыць начальнік упраўлення па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах Генеральнай пракуратуры Уладзімір Турко. — Удумайцеся: штогод за краты трапляе каля 5 тысяч п'яных вадзіцеляў. Да таго ж дзевяць з дзесяці парушальнікаў, у якіх адабралі правы, пасля ўсё роўна кіруюць аўтамабілямі без неабходных дакументаў. І зусім іншая сітуацыя, калі п'янаму бяспраўніку сесці за руль элементарна няма магчымасці. Аднак трэба зазначыць, што адбірацца будзе толькі тое аўто, на якім было здзейснена злачынства, і ніяк інакш.

Між іншым, закон аб канфіскацыі будзе распаўсюджвацца і на кіроўцаў-замежнікаў. Але па словах начальніка аддзела навукова-метадычнага і прававога забеспячэння УДАІ МУС Барыса Налівайкі, гэтая праблема ў Беларусі зараз востра не стаіць. За год інспектары рэгіструюць прыкладна каля дзясятка такіх выпадкаў.

Праваахоўнікі нагадваюць, што канфіскацыя аўтамабіля не адбудзецца, калі машыну папросту ўкралі. Аднак тых, хто спачатку дабравольна перадаў ключы ад машыны нецвярозаму таварышу, а пасля заявіў у міліцыю пра ўгон, чакае расчараванне. Ніхто не адмяняў адказнасць па артыкуле 400, які прадугледжвае пакаранне за загадзя лжывы данос.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?