Вы тут

Ад акіяна да акіяна... за паўгадзіны


"Бліжэйшае мора — Мінскае мора...", — канстатуе ў сваёй песні "горкую праўду" беларускі гурт "BеZbіlеtа". Многія беларусы з прыходам сезона адпачынкаў пачынаюць марыць пра мора сапраўднае, да якога шмат соцень кіламетраў. І ўсё ж у сталіцы атмасфера марской рамантыкі бліжэй, чым здаецца. У невялічкім падвале аднаго з дамоў на вуліцы Брылеўскай месціцца Цэнтр акіянаграфіі "Адкрыты акіян".

...Падыходзім да будыначка, пафарбаванага пад абшыўку падводнай лодкі, і спускаемся па лесвіцы. Вочы намагаюцца прызвычаіцца да прыглушанага святла, а рукі — да прыемнай прахалоды. Мяркуючы па фільмах, уражанні ад сапраўднай падводнай лодкі прыблізна такія ж, а таму ў галаве адразу пачынаюць мільгаць думкі пра марскія падарожжы. Адзін з варыянтаў пайсці ў "кругасветку" з Беларусі па вадзе — гэта прайсці праз Сож, пасля — па Дняпры да Чорнага мора, затым — Міжземнамор'е , выхад у Атлантычны акіян і падарожжа па ўсіх астатніх. Акурат такі маршрут, са звесткамі пра гісторыю, рознымі прыладамі, што могуць спатрэбіцца ў моры і нават з марскімі жыхарамі, можна "пераадолець" у Цэнтры акіянаграфіі літаральна за паўгадзіны. Але, як правіла, калі чалавек зацікавіцца, часу спатрэбіцца значна больш.

— Марская гісторыя Беларусі вядзе свае карані са старажытнасці, чаму сведкі — акамянелыя марскія жыхары, знойдзеныя ў нетрах зямлі на беларускай тэрыторыі. А калі казаць пра больш блізкі нам час, то ў нашай краіне нарадзілася больш за 70 адміралаў, — расказвае дырэктар Цэнтра акіянаграфіі Аляксей АЗАРАЎ.

1375104929308_1

Пакуль мы размаўляем, у цэнтры чакаюць экскурсію. Калі наведнікі ўваходзяць у дзверы, першае, што яны робяць, — з цікавасцю прымерваюць марскія фуражкі. Прыходзяць у цэнтр акіянаграфіі пераважна дзеці, але часта "здараюцца" і іншыя госці. Напрыклад, заязджаў камандзір лодкі "Юрый Далгарукі" Уладзімір Шырын. Гэта адна з самых магутных сёння ў свеце падводных лодак, належыць Расіі. Самае цікавае, што яе камандзір родам з Мінска. Яшчэ прыязджала Кацярына Шыльдэр, нашчадак Карла Шыльдэра, чыё імя носіць Музей падводнага флоту, шматлікія экспанаты якога можна пабачыць у Цэнтры акіянаграфіі. У музеі маецца макет падводнай лодкі Карла Шыльдэра (ён, дарэчы, таксама нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, у Невельскім павеце Віцебскай губерні, гэтая тэрыторыя зараз адносіцца да Пскоўскай вобласці Расіі), першай металічнай лодкі, з якой фактычна пачаўся рускі падводны флот. Здаецца, сапраўды, мора-акіян — не такія ўжо нерэальныя паняцці для Беларусі. Галоўнае — марыць, цікавіцца і дзейнічаць.

1375104930821_2

І таму, каб зрабіць хоць адзін маленькі крок да таямніц марскога свету, мы бліжэй пазнаёміліся з жыхарамі Цэнтра акіянаграфіі. Вось акула-кошка па імі Кадэт — адзін з найбольш любімых наведнікамі жыхароў "Адкрытага акіяна". Жыве ў вялізным акварыуме, корміцца крэветкамі, мідыямі, рыбай. У акулы-"гурманкі" "беларускае грамадзянства", у цэнтры яна вывелася з яйка (маленькія акулы-кошкі з'яўляюцца на свет менавіта так), якое пэўны час грэлі спецыяльнымі лямпамі і вельмі хваляваліся за лёс будучага гадаванца. Побач з акварыумам, дзе жыве Кадэт, можна заўважыць шкарлупіну ад яйка, з якога ён нарадзіўся, а таксама "дзіцячыя" здымкі: вось яшчэ толькі зародак можна пабачыць, прасвяціўшы яйка, вось ён ужо значна большы, а вось, нарэшце, і на свет з'явіўся Кадэт.

Пакуль акула пільна разглядае нас праз шкло сваімі "кашэчымі" вачамі-рыскамі, Аляксей Азараў распавядае:

— Нарадзілася маленькай, усяго 10 сантыметраў, зараз яшчэ расце (на выгляд, Кадэт ужо вырас дзесьці да 25-30 сантыметраў. — Аўт.) і, здаецца, адчувае сябе няблага.

— Гэта мурэначкі, — знаёміць нас з жыхарамі высокага акварыума адміністратар цэнтра Марыя ГРЫБ. — У іх двайныя сківіцы, іх лічаць ядавітымі. Але гэта не так, — апраўдвае сваіх гадаванак Марыя.

Справа ў тым, што мурэны харчуюцца падлай, у выніку чаго на зубах збіраюцца бактэрыі, што пры ўкусе могуць выклікаць заражэнне крыві. Мурэнам жыццёва неабходна мець месца, у якім можна схавацца. Такім месцам у акварыуме з'яўляецца гліняны гаршчок, за жыхарства ў якім мурэны пастаянна змагаюцца.

1375104930887_3

Драпежныя піранні плаваюць у вялікім акварыуме, шкло якога зрокава павялічвае кожнага, хто апынецца ўнутры "пасудзіны". Рыбы, па праўдзе, здаюцца сапраўднымі веліканамі, нібыта памерам з двух вялізных карпаў. З піраннямі суседнічае драпежная рыба-папугай. Калі казаць пра харчаванне, то крэветкі, якіх так любіць акула Кадэт, піранняў не задавальняюць. Драпежнікі ядуць ялавічыну. А вось ігуана — выключная вегетарыянка. Як кажа пра яе Марыя, "не кусаецца, але хвосцікам карыстаецца, як бізуном". Жыве і размнажаецца ў цэнтры таксама і "драбяза", як, напрыклад, марскія зоркі і марскія агуркі, а яшчэ — каралы.

Кайманавая чарапаха з пяшчотным імем Пелагея спачатку зусім не звяртае на нас увагі. Імя, відаць, заклікана змякчыць драпежны нораў. Па моцы сціскання сківіц падчас укусу гэтая істота стаіць на другім месцы пасля кракадзіла.

— Вочы вельмі мілыя, нягледзячы на тое, што гэта драпежнік, — кажа Марыя.

Суседзі Пелагеі — пара мяккацелых чарапашак. Яны сядзяць у перагароджаным акварыуме, і самец час ад часу спрабуе перабрацца да самкі. Але гэтага яму не дазваляюць, бо знаходзіцца побач мяккацелым чарапахам дазволена толькі ў перыяд размнажэння, у любы іншы час хтосьці кагосьці лёгка можа пазбавіць жыцця. Вось такое "каханне".

Таксама можна паглядзець на рыб-клоўнаў, што з'яўляюцца на свет выключна "хлопчыкамі", а пасля некаторыя ператвараюцца ў "дзяўчынак", рыбу-жабу, блакітнага дэльфіна, скатаў і іншых марскіх жыхароў.

1375104930576_4

У адрозненне ад звычайнага музея, дзе нічога нельга кратаць рукамі, у Цэнтры акіянаграфіі можна залезці ў скафандр, "пакруціць" розныя рычажкі ў прыстасаваннях для сувязі, памераць фуражкі, а яшчэ — узяць шэфства над якім-небудзь з жыхароў цэнтра і карміць яго. Адзін маленькі хлопчык, які прыйшоў з мамай на экскурсію, настолькі ўпадабаў ідэю "пазнаёміцца бліжэй" з экспанатамі, што ўхапіў мяккае пухнатае чучала пінгвіна і, моцна абняўшы, насіў яго па залах, ажно пакуль матуля не паспяшалася выратаваць экспанат ад пагрозы "паламацца". Пакуль хлопчык, ад якога схавалі пухнатага "сябра", марыў пра яго вяртанне, гучна паведамляючы пра гэта ўсім прысутным, дырэктар Аляксей Азараў таксама вырашыў падзяліцца сваёй марай:

— Добра было б, каб беларускія дзеці, што цікавяцца акіянам, маглі не проста марыць пра яго. У Беларусі, зразумела, такіх магчымасцяў няма, але ў той жа Расіі зараз актыўна ўзнаўляюцца дзіцячыя марскія праграмы, чаму б дзецям і з нашай краіны не даць магчымасць у іх удзельнічаць? Вельмі хацелася б, каб у нашай дзяржаве больш актыўна падтрымлівалі дзіцячае захапленне морам.

...Зусім не абавязкова, што ў будучыні дзеці, якія зацікавяцца морам дзякуючы Цэнтру акіянаграфіі, стануць маракамі, але тая рамантыка і непаўторныя эмоцыі, якія дае захапленне гэтай стыхіяй, выхаваюць добрага і мастака, і інжынера, і настаўніка.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».