Вы тут

Будатрад: добрыя грошы і месца ў інтэрнаце


Гісторыя студэнцкіх атрадаў вядзе свой адлік з пачатку шасцідзясятых гадоў. У тыя далёкія (па мерках сучаснай моладзі) часы навучэнцы інстытутаў і ўніверсітэтаў дапамагалі асвойваць цаліну, выхоўвалі дзяцей у піянерскіх лагерах, будавалі Байкала-Амурскую магістраль... Перажыўшы заняпад у перабудовачную эпоху, гэты рух зноў набраў моц. Сучасныя студэнты працуюць улетку праваднікамі, выратавальнікамі, важатымі... А самыя дужыя запісваюцца на два месяцы ў будаўнічы атрад.

За дзень — месячная стыпендыя

— Ад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ў Мінску працуюць 19 будаўнічых атрадаў, у якіх уладкавана каля трохсот чалавек. Аднак выбар працы не абмяжоўваецца выключна будаўнічай сферай, — расказвае сакратар ячэйкі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі БДУІР Ганна УЛЬРЫХ. — Створаны і сэрвісныя атрады, і валанцёрскі атрад "Памяць", які дапамагае ветэранам вайны, прыбірае магілы невядомых салдат на вайсковых могілках... Акрамя таго, студэнтаў можна сустрэць і ў прыёмнай камісіі, дзе яны дапамагаюць абітурыентам афармляць неабходныя дакументы.

За працу, напрыклад, у будаўнічым атрадзе студэнтам абяцаюць шмат выгод. Па-першае, неблагія грошы — каля чатырох мільёнаў рублёў. Па-другое, удзельнікі атрадаў атрымаюць на дзесяць месяцаў жаданае месца ў інтэрнаце. Платнікі таксама могуць атрымаць своеасаблівы бонус у выглядзе зніжэння "цэнніку" на нятанную адукацыю. Але для гэтага ім яшчэ неабходна мець добры сярэдні бал на працягу навучальнага года.

1375104932783_25-15

"Удзельнiкi будаўнiчых атрадаў ужо другi год вызвалены ад выплаты падаходнага падатку. Гэта дадае ў iх кiшэнi некалькi соцень тысяч рублёў. Да таго ж яны маюць працоўную кнiжку, картку сацыяльнага страхавання i iм налiчваецца працоўны стаж.

Адметна, што ўдзельнікі будаўнічых атрадаў ужо другі год вызвалены ад выплаты падаходнага падатку. Гэта дадае ў іх кішэні некалькі соцень тысяч рублёў. Да таго ж яны маюць працоўную кніжку, картку сацыяльнага страхавання і ім налічваецца працоўны стаж. Асобным юнакам ужо прысвоілі кваліфікацыю плітачніка другога ці трэцяга разраду — дадатковая спецыяльнасць яшчэ не перашкодзіла ніводнаму чалавеку. Сёлета некаторыя будаўнічыя трэсты пайшлі яшчэ далей. Яны просяць студэнтаў выйсці на аб'ект у выхадныя, даплачваючы пры гэтым 430 тысяч рублёў за адзін працоўны дзень. А гэтая сума, між іншым, толькі крыху меншая за месячную стыпендыю...

Каму кельню ў рукі дадуць?

Узводзіць новы будынак музея Вялікай Айчыннай вайны, што хутка расчыніць дзверы каля стэлы "Мінск — горад-герой", дапамагаюць пераважна другакурснікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Вучацца яны на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання. Сорак чалавек падзелены на два атрады. Нягледзячы на спякотнае ліпеньскае сонца, якое неміласэрна распаляе бетонныя пліты даху, і на спакушальна прыгожыя краявіды парку Перамогі, якія рассцілаюцца з вышыні пятага паверха, работа кіпіць. Юнакі ўкладваюць на даху звычайную дробную тратуарную плітку.

Студэнтаў, якія скончылі першы курс, тут амаль не сустрэць. Многія з іх параз'язджаліся на два летнія месяцы хто ў адпачынак, хто да бацькоў... Ды і многія бацькі не асмельваюцца адпусціць першакурснікаў на "вольны хлеб". Лічаць, што іх сыны і дачкі яшчэ не зусім дарослыя, каб зарабляць самім.

Нячастыя "госці" ў атрадзе і студэнты старэйшых курсаў: падчас вучобы яны знаходзяць сабе працу па спецыяльнасці. Праграмістам заўсёды плацяць нядрэнна, ды і работа ў іх больш камфортная, чым на будоўлі.

— А ці можна і мне ўзяць у рукі кельню? — пытаюся ў камандзіра атрада імя Пятра Машэрава Рамана Богуша.

— На жаль, я вымушаны адмовіць, — усміхаецца Раман. — Вы ж павінны прайсці медыцынскую камісію, перш чым пачаць працаваць. І абавязкова праслухаць інструктаж па тэхніцы бяспекі, здаўшы пасля адпаведны залік па ахове працы.
У нас з гэтым вельмі строга. А можа, у вас алергія на будаўнічыя сумесі? Практыка паказвае, што тры з кожных дзесяці прэтэндэнтаў на месца ў атрадзе адсейваюцца менавіта на гэтым этапе.

Тэхналогія вытворчага працэсу, на першы погляд, зусім не складаная. Здавалася б, кладзі сабе плітку за пліткай ды сачы, каб яна ляжала роўна і не скасабочвалася. Аднак студэнты павінны самастойна пакласці будаўнічую сумесь, утрамбаваць яе і выраўняць. Будаўнічы атрад згорне працу толькі праз месяц, 25 жніўня. За гэты час студэнты павінны выкласці амаль шэсцьсот квадратных метраў пліткі.

Калі фізічная праца даспадобы...

— У любым выпадку гэта лепш, чым бавіць час, напрыклад, седзячы за камп'ютарам, — працягвае Раман. — З маёй групы першапачаткова ў атрад збіраліся працаўладкавацца тры чалавекі, аднак да "фінішу" дайшоў толькі я. Аднаго чалавека адгаварылі сябры: маўляў, працаваць на будоўлі для будучага праграміста — не камільфо. Другі ўладкаваўся грузчыкам у краму, але чамусьці праз два тыдні звольніўся і зараз бавіць вольны час дома. Але ж тут весялей, бо побач, як кажуць, усе свае.

Вядома, што падчас навучальнага года знайсці добра аплачваемую працу для студэнта дзённага аддзялення куды больш складана. Варыянтаў не густа, ды і з іх даводзіцца выбіраць з пастаяннай аглядкай на расклад заняткаў ва ўніверсітэце.
А пары могуць скончыцца як а гадзіне, так і а чацвёртай...

— У сакавіку, калі я вучыўся на другім курсе, стараста групы прапанаваў папрацаваць улетку ў Мінску. Ды і ехаць назад у родны Барысаў не вельмі хацелася, — разважае другакурснік Павел Лахцікаў.
— З досведу сваіх таварышаў ведаю, што ім удалося без асаблівых цяжкасцяў уладкавацца прадаўцамі ў крамы. Але, напрыклад, тлумачыць увесь дзень пакупнікам, як працуе мабільны тэлефон, — гэта дакладна не маё. Для мяне лепш некалькі месяцаў на год папрацаваць фізічна на адкрытым паветры.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.