Вы тут

Як з "вавёрчынага кола" трапіць у "грашовую плынь"?


Вы хацелі б мець столькі грошай, колькі патрэбна, каб не думаць пра арэнду кватэры (а мець уласную), пра адзенне (любое, якое захочацца), пра адпачынак (адпачываць дзе і колькі заўгодна)? Відаць, пра гэта марыць ці не большасць людзей, асабліва моладзь, бо ў дваццаць гадоў хочацца ўсяго і адразу. Але часта мары пра заможнае жыццё застаюцца, на жаль, толькі марамі. Чаму? Таму што ўсе грошы ідуць на абавязковыя плацяжы, на набыццё нечага, на першы погляд, вельмі неабходнага, і да наступнай зарплаты чалавек можа мець даволі сціплы бюджэт. Ежа—адзенне—кватэра—здароўе—адпачынак — вось звычайны цыкл грошай. У гульні "Грашовая плынь" ён называецца "вавёрчыным колам" — бо такое становішча рэчаў можа цягнуцца бясконца. Калі, вядома, не прыкласці намаганні, каб гэты круг разарваць. Менавіта ў гэтым і заключаецца сэнс "Грашовай плыні" — прымусіць "працаваць" уласныя грошы і перастаць быць залежным ад аднаго толькі заробку. На днях студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта вучыліся "выскокваць" з "вавёрчынага кола".

Плывіце, грошы, да мяне ў рукі

Што такое гульня "Грашовая плынь"? Вытокі свае яна бярэ з даволі вядомай у пэўных колах кнігі Роберта Кіясакі "Багаты тата, бедны тата", дзе расказваецца пра тое, як граматна атрымліваць так званы "пасіўны даход" ад акцый, здачы ў арэнду, грашовых дэпазітаў і інш. "Грашовая плынь" — адна з варыяцый "трэнажора" для павышэння фінансавай асветы, складзенага з улікам рэальных жыццёвых сітуацый. Яна ўяўляе сабой карту з пазіцыямі, дзе ў цэнтры знаходзіцца "вавёрчына кола". На працягу гульні задача кожнага ўдзельніка — вырвацца з "кола" на больш высокі ўзровень — так званую "хуткасную дарожку".

1375104933336_25-21

Перад пачаткам кожны гулец цягне картку, дзе ўказана яго прафесія (санітар, прадавец, юрыст, сантэхнік, службовец, прыбіральшчык і інш.) і даход (згодна з інфармацыяй на картках, ён будзе складаць ад двух да дзесяці і больш тысяч долараў) — такім чынам, у кожнага ўдзельніка свая фінансавая сітуацыя. Вы можаце быць санітарам з зарплатай у дзве тысячы долараў або лётчыкам з зарплатай у дзевяць тысяч долараў. Але калі прыкласці пэўныя намаганні, то санітар хутчэй пачне паляпшаць сваю фінансавую сітуацыю, чым чалавек з больш высокім даходам. У камплект гульні ўваходзіць таксама лісток з фінансавай справаздачай (кожны запаўняе яго для сябе індывідуальна) і карткі з рознымі сітуацыямі: рахункі, нерухомая маёмасць, спадчына, фінансавыя прапановы, інтэлектуальная ўласнасць і інш. У гульні больш за 200 сітуацый, што робіць яе кожны раз непаўторнай.

Сам камплект распрацавала адна з расійскіх кампаній. У Беларусь "Грашовая плынь" трапіла ўжо некалькі гадоў таму. Цікава, што яна ўхвалена Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь як гульня, якая ў стане палепшыць фінансавую асвету насельніцтва.

Пяць гадзін барацьбы

Калі я даведалася, колькі працягнецца гульня, то была здзіўлена: пяць, а можа, і больш гадзін?! Гэта ж вельмі доўга! Але ўдзельнікам — шасці студэнтам розных факультэтаў эканамічнага ўніверсітэта не было калі сумаваць. Яны вылічвалі працэнтныя стаўкі, выгаднасць той ці іншай прапановы, прадумвалі розныя магчымасці пакупкі новых катэджаў і кватэр.

"Мінулы раз я быў прыбіральшчыкам, было класна", — прыгадвае адзін з гульцоў, якому і зараз не вельмі "пашанцавала" з прафесіяй. Але важна памятаць: калі ў пачатку гульні вам выпала не вельмі перспектыўная ў плане даходаў праца, выдаткі, адпаведна, будуць не такімі высокімі, як у тых, хто атрымлівае большую зарплату. Часта так выходзіць, што ў "лётчыкаў" або "юрыстаў" бюджэт у канцы месяца складае прыкладна такую ж суму, як і ў "прыбіральшчыкаў".

Дзіма Тарасенка, студэнт фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, гуляе другі раз. Пра гульню даведаўся ад сяброў, вырашыў таксама ўзяць удзел. "У нас на факультэце эканоміка не выкладаецца, — расказвае Дзіма, — вось і вырашыў павысіць узровень сваёй фінансавай асветы. Зразумець, як можна "прымусіць" грошы працаваць, — лішнім не будзе". Хлопец знаёмы з гульнёй не так даўно, але ўжо мае ідэі па карэкцыі бюджэту ў сваёй сям'і. Дзіма нават лічыць, што "Грашовая плынь" можа параўнацца з сапраўднымі курсамі па эфектыўнасці.

Джульета Акара, студэнтка факультэта "Вышэйшая школа турызму" БДЭУ, таксама мае пакуль не вельмі вялікі "стаж" гульца "Плыні" — тры гульні. "Тым не менш я шмат чаму навучылася, — адзначае Джульета. — Цяпер я ўмею правільна назіраць за сваёй грашовай "плынню" — уласным бюджэтам — і асэнсавана ім кіраваць".

У фінальнай гульні перамог студэнт другога курса факультэта эканомікі і кіравання гандлем Улад Кучык. Але прызы — кнігі пра вядомых бізнесменаў, добры настрой і досвед — атрымалі ўсе.

Клуб для будучых мільянераў

Марыя Бародзіч, старшыня студэнцкай рады БДЭУ, стала ініцыятарам "Грашовай плыні" ў сваёй альма-матар. Дзяўчына даўно ўжо шукала магчымасць творчага прымянення тэарэтычных ведаў, што атрымліваюць студэнты на ўніверсітэцкіх лекцыях. Ідэю "Грашовай плыні" Марыя "пазычыла" ў Gоldеn Сlub — суполкі, якая аб'ядноўвае бізнесменаў: як пачаткоўцаў, так і даволі паспяховых. Бачым, гульня ў БДЭУ прыжылася.

Што цікава, арганізатар суполкі Gоldеn Сlub Вольга Нікіціна рэгулярна наведвала адборачныя гульні "Грашовай плыні" ў эканамічным універсітэце, а таксама яе фінал. Падчас гульні яна сочыць за стратэгіямі ўдзельнікаў, а затым разам з імі аналізуе сітуацыі, якія складваліся падчас гульні. Гэта называецца інтэлектуальным спонсарствам — Вольга дзеліцца сваім вопытам і ведамі, а ў будучыні гульцы змогуць пазбегнуць падобных фінансавых памылак не толькі ў гульні, але і ў жыцці.

"У нас пакуль не так шмат людзей могуць лічыць сябе адукаванымі ў фінансавай сферы, —
адзначае Вольга. — Як правіла,гэта вымагае шмат часу: трэба прачытаць вялікую колькасць кніг і артыкулаў, якія, як правіла, нельга назваць захапляльнымі. Зноў жа, некаторыя павышаюць сваю асвету ў гэтай сферы шляхам спроб і памылак. Іншая справа — гульня".

Паводле слоў Вольгі, "Грашовая плынь" мае дзве задачы. Першая — непасрэдна павышэнне фінансавай асветы і магчымасць "рэпетыцыі" пэўных жыццёвых сітуацый, якія аказваюць уплыў на фінансы. Другая — за гульнявым сталом сустракаюцца паспяховыя прадпрымальнікі і тыя, хто толькі спрабуе арганізаваць уласную справу. Таму ёсць магчымасць абмену вопытам і ведамі. Задачы даволі актуальныя, таму турніры "Грашовай плыні" будуць праводзіцца таксама і ў іншых універсітэтах.

Асабісты бюджэт — справа індывідуальная, у некага ён вялікі, а ў некага — не вельмі. Грошы патрэбны кожнаму чалавеку, але важна зрабіць так, каб не яны кіравалі ўчынкамі чалавека, а наадварот. І не трэба думаць, што разбірацца ў фінансах — прэрагатыва выключна тых людзей, што звязаны з імі прафесійна. Разбірацца ў грашах важна абсалютна кожнаму. Каб матэрыяльныя мары станавіліся рэчаіснасцю...

Надзея Юшкевіч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без панікі! Што рабіць калі вы заблукалі ў лесе? Парады МНС

Без панікі! Што рабіць калі вы заблукалі ў лесе? Парады МНС

Пажылым людзям лепш хадзіць у ягады і грыбы з дарослымі дзецьмі.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.