Вы тут

Быць тым, кім прызначана прыродай


...Адчуваю, пагаварыць на гэтую тэму трэба зараз, не адкладваючы на далёкае "потым". Бо з гэтым "потым" у грамадстве, магчыма, уступіць у сілу якая-небудзь "паліткарэктнасць" (шчыра спадзяюся, гэтага ў нас не будзе), калі тое, што сёння нельга, заўтра — будзе дазволена. Я пра простыя рэчы. Гэта калі чалавек, народжаны мужчынам, павінен адпавядаць свайму полу прынамсі знешне. Хто нарадзіўся прадстаўніцай прыгожай паловы чалавецтва, адпаведна, таксама. Не-не, я не пра "асаблівыя" "медыцынскія" выпадкі. Калі прырода памылілася, такім людзям трэба толькі паспачуваць, бо іх знешнасць і ўнутранае "я" не супадаюць. А вось калі дзяўчаты свядома (?) імкнуцца набыць нейкі брутальны мужчынскі вобраз... Але асабліва мяне яшчэ больш засмучае, калі хлопцы становяцца падобнымі на дзяўчат...

...Дагэтуль вельмі добра памятаю, як у восьмым класе тагачаснай савецкай школы на ўрок мог зайсці дырэктар і, падышоўшы да "камчадалаў" на апошняй парце, падняць іх за доўгія пасмы з пытаннем: "А гэта ў нас што за "Бітлз"? Вядома, гаворка была пра прычоску — пра доўгія валасы ў хлопцаў. Якія доўгія, так, да плячэй... У сёмым класе настаўнік матэматыкі мог выклікаць да дошкі падчас урока з паўтузіна хлопцаў, як правіла, з навакольных вёсак, і сваім трубным голасам на ўвесь клас спытаць: "Вам што, капеек даць і адправіць у цырульню?" Ну, крыху даўгаватыя валасы. Як той казаў, было прынята "стрыгчы" ўсіх пад адзін грабянец. Тут я апошняе слова ў двукоссе не паставіў свядома, бо ў нашым выпадку так і было: вылучацца нават знешнасцю не было прынята, усе павінны былі быць калі не аднолькавымі, дык падобнымі...

Што далёка хадзіць: ваш пакорны слуга некалі меў валасы даўжынёй да "пятай кропкі". Вылучыцца найперш менавіта за кошт сваёй знешнасці думак ніколі не было. Папросту так было камфортна.

Цалкам разумею, што ступіў на небяспечную "сцежку" размоў пра моду: што сто, што дзвесце гадоў таму старэйшае пакаленне гаварыла пра разбэшчанасць маладзейшага. Толькі тады цяжка было ўявіць, што хлопец выйдзе ў свет у жаночай сукенцы, праўда? А ў нас, пісалі, летась хлопец выйшаў атрымліваць дыплом па заканчэнні ВНУ менавіта ў ёй... Прыкол, вядома: мабыць, паспрачаўся... Цяпер у нас з'явіліся "моднікі", якія ўпадабалі насіць "жаночыя сумкі". Сам такіх некалькі разоў бачыў у вагонах метро. Стаяць двое, апранутыя аднолькава (у стылі "ўнісекс"), у абодвух у руках — практычна падобныя "тыя самыя" сумкі. Хлопца ад дзяўчыны можна адрозніць хіба толькі па барадзе... Тут, падаецца, дарэчы будзе прыгадаць "барадаты" анекдот часоў "хіпі". "Здароў, Міша. Нешта ты выглядаеш не вельмі... А як Маша?" — "Я — Маша"... Пра чырвоныя макасіны на мужчынах увогуле маўчу... Ведаеце пра гэта? Пачыналася ўсё, быццам як той жа прыкол, а зараз, глядзіш, новы трэнд атрымліваецца... Прычым, усё вышэйагучанае — на фоне вузкіх штонікаў-"дудачак", якія асабіста мне нагадваюць споднюю бялізну. Пабачыш такога, так і хочацца папрасіць: ты або штаны нармальныя апрані, або шчацінне пагалі.

1375104934385_25-25

Напэўна, гэтыя прадстаўнікі цяперашняй моладзі думаюць, як і мы некалі, што супраць чагосьці пратэстуюць..." Супраць "шэрай" большасці, кансерватызму ў поглядах. Магчыма, яно так і ёсць. Толькі мне чамусьці ў галаву з гэтай нагоды прыходзяць словы Уладзіміра Высоцкага: "Эх, ребята, всё не так, всё не так, ребята... Сённяшнія "пратэстанты" сталі закладнікамі моды: што заканадаўцы дыктуюць, тое яны і падтрымліваюць. І ў неўпрыкмет за гэтым замест стылю "ўнісекс" з'яўляецца чалавек "унісекс", калі не сказаць горш. Ведаеце, што мужчыны-мадэлі ўжо дэфілявалі ў... вясельных жаночых сукенках. З усёй сваёй брутальнасцю... Што з'явілася новая "мода": высокі абцас на мужчынскіх туфлях, якія ў маім разуменні можна толькі жаночымі назваць...

Што да дзяўчат... Вось што асабіста мяне найперш уражвае? Колькі часу таму з'явілася ў нашай прыгожай паловы чалавецтва мода на тату. Напачатку — нявінная. Ну, там матылька невялікага ці яшчарку-змейку на шчыкалатцы ці некалькі "ніжэй спіны" набіць, памятаеце? Да таго часу адносяцца анекдоты кшталту "Васьмікласніца Света Іванова, якая без дазволу бацькоў зрабіла татуіроўку, атрымала рэменем ніжэй матылька". Далей — болей. "Вы ўяўляеце, колькі гадоў праз сорак будзе вакол нас бабулек з татуіроўкамі?" А цяпер што? Раней па татуіроўках можна было беспамылкова вылічыць чалавека, які пабываў у "месцах не вельмі аддаленых". ...Ідзеш, напрыклад, па праспекце, а наперадзе цябе дзяўчына, у якой уся шыя ці рука, нага (гэта тое, што навідавоку) пакрыта тату. Ну, няхай, не ва ўсіх гэта сапраўдная татуіроўка (ёсць падабенства, што знікае праз пэўны час), не на ўсё жыццё малюнак, але ўражанне, што перад табой сапраўдная "зэка пятроўна", што толькі "адкінулася" з зоны. Хіба толькі без "купалоў". Якая ўжо там жаноцкасць...

...Можна было б і далей працягваць, толькі, мяркую, чытачы пазіцыю аўтара і так зразумелі. Папросту хацелася б аднаго: каб дзяўчына выглядала дзяўчынай, а хлопец — хлопцам. Таму што мы розныя, і гэта правільна. Так задумана прыродай. Калі ж будзе інакш... Закончу зноў жа словамі Уладзіміра Высоцкага: "Пусть впереди большие перемены, я это никогда не полюблю".

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.